1.1. Змест і задачы методыкі выкладання беларускай літаратуры
^ Вверх

1.1. Змест і задачы методыкі выкладання беларускай літаратуры

 

Методыка выкладання беларускай літаратуры – навука педагагічнага цыклу, якая дае магчымасць рацыянальна арганізаваць вывучэнне літаратуры як вучэбнага прадмета, паспяхова вырашыць развіваючыя і выхаваўчыя задачы. 

    

 

Як і кожная навучальная дысцыпліна, методыка выкладання беларускай літаратуры мае свае задачы:

1) пазнаёміць вучняў з тэарэтычнымі асновамі выкладання літаратуры;

2) выпрацаваць першапачатковыя практычныя ўменні і навыкі для падрыхтоўкі да ўрока роднай літаратуры;

3) даць накірункі да самаадукацыі і творчага пошуку;

4) дапамагчы настаўніку адказаць на асноўныя прынцыповыя пытанні, што ўзнікаюць у час падрыхтоўкі да заняткаў, у працэсе выкладання, пасля аналізу праведзенага ўрока.

Методыка павінна даць настаўніку вычарпальныя адказы на пытанні: Што? Для чаго? Як?

Методыка выкладання беларускай літаратуры цесна звязана з іншымі навукамі.

 

 

Вельмі цесна методыка літаратуры звязана з літаратуразнаўчай метадалогіяй, тэорыяй літаратуры. Гэта сувязь выяўляецца перш за ўсё ў вызначэнні мэты, зместу і структуры курса літаратуры. Метадалогія літаратуразнаўства аказвае ўплыў і на метады навучання.  Літаратуразнаўства дапамагае адказаць на першае пытанне методыкі — Што вывучаць?

Методыка выкладання беларускай літаратуры звязана з педагогікай і псіхалогіяй. Псіхалогія  дае настаўніку веды аб узроставых адметнасцях дзяцей, садзейнічае наладжванню цеснага кантакту з вучнямі, выяўленню іх духоўнага свету, характару ўспрымання, асаблівасцей памяці.

Дзякуючы педагогіцы, настаўнік мае магчымасць даведацца пра агульнадыдактычныя прынцыпы, метады і прыёмы выкладання, тыпы і віды ўрокаў, грунтуючыся на якія, методыка выпрацоўвае свае спецыфічныя крытэрыі.

Педагогіка з псіхалогіяй даюць настаўніку адказ на другое пытанне методыкі: Як вывучаць?

Нельга вывучаць беларускую літаратуру, не звяртаючы ўвагі на маральна-этычны бок пэўнага твора. Адсюль вынікае, што методыка выкладання беларускай літаратуры мае самыя цесныя сувязі з эстэтыкай — навукай аб прыгожым  і этыкай — навукай аб маралі.

Немагчыма вывучэнне беларускай літаратуры адасоблена ад гісторыі, паколькі кожны творца — гэта прадстаўнік пэўнага гістарычнага працэсу. Акрамя таго, вельмі часта пісьменнік звяртаецца да гістарычных крыніц: летапісаў, дакументаў, ліставання і г.д. «Гістарычны аспект у дачыненні да аналізуемага твора методыка літаратуры рэкамендуе выкарыстоўваць з улікам трох патрабаванняў: часу напісання твора, часу, які адлюстраваны ў творы, і сённяшняга часу»[1].

Вывучэнне літаратуры ў школе не можа разглядацца ў адрыве ад мовы.



[1] Методыка выкладання беларускай літаратуры / пад рэд. В.Я. Ляшук. – Мінск, 1999. – С. 8.