Хадаркевіч Т.А. ПРАКТЫКАВАННІ ПА ВЫПРАЦОЎЦЫ СВЯДОМАСЦІ І ВЫРАЗНАСЦІ ЧЫТАННЯ ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ
^ Вверх

УДК 373.3.37.091.32:811.161.3


Т.А. Хадаркевіч

студэнтка 4 курса педагагічнага факультэта

навуковы кіраўнік - А.М. Лапкоўская, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

 

ПРАКТЫКАВАННІ ПА ВЫПРАЦОЎЦЫ СВЯДОМАСЦІ І ВЫРАЗНАСЦІ ЧЫТАННЯ ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ

 

В статье рассматриваются основные приёмы выработки таких качеств полноценного навыка чтения как осознанность и выразительность. Приводятся примеры упражнений, которые можно использовать на уроках литературного чтения при формировании полноценного навыка чтения.


Вядучае месца ў навыку чытання належыць свядомасці, разуменню таго, што чытаеш. Свядомасць, разуменне зместу прачытанага, не мае межаў і рубяжоў. «Гэты кампанент навыку чытання больш за ўсе абумоўлівае бесперапыннае ўдасканальванне ўсіх іншых кампанентаў, якія ў вядомым сэнсе абслугоўваюць яго і падцягваюцца да яго ўзроўню» [1, с. 49].

Каб вучань мог свядома чытаць, трэба сфарміраваць наступныя ўменні: выяўляць у тэксце словы і выразы, значэні якіх незразумелы; карыстацца зноскамі і школьным тлумачальным слоўнікам; адказваць на пытанні па змесце тэксту; вызначаць эмацыянальны характар тэксту; выдзяляць апорныя словы; абапірацца на аўтарскія рэмаркі для характарыстыкі герояў; вызначаць матывы паводзін герояў шляхам выбару правільнага адказу з шэрагу прапанаваных; умець рабіць прагноз па змесце чытаемага; умець фармуляваць тэму невялікага тэксту; працаваць з загалоўкам: выбар найбольш дакладнага; даць загаловак тэксту або малюнку; складваць выказванне па дадзенаму загалоўку; вызначаць ідэю твора шляхам выбару з шэрагу прыказак той, якая найбольш дакладна паказвае галоўную думку; знаходзіць галоўную думку, сфармуляваную ў тэксце; прагназіраваць характар кнігі.

Вялікае значэнне пры выпрацоўцы свядомасці чытання мае праца з тэкстам. Значную ролю пры разборы тэксту мае праца з планам, таму што ён садзейнічае глыбокаму засваенню твора, развівае мысленне.

Каб навучыцца чытаць, трэба перш за ўсё навучыцца слухаць чужое чытанне, успрымаць і разумець змест чытаемага тэксту іншымі людзьмі. Для сэнсавай перапрацоўкі зместу вельмі важны расказ пра прачытанае, пераказ.

Вялікую ролю пры разуменні тэксту адыгрываюць разнастайныя творчыя заданні. Іх існуе вялікая колькасць, таму кожны ўрок можна «разбавіць» такім заданнем. Творчыя заданні можна выкарыстоўваць таксама і як дамашняе заданне. Практыкаванні такога тыпу дапамагаюць праверыць, наколькі вучань засвоіў тэкст, як ён зразумеў яго, бо, каб намаляваць малюнак, яму трэба прыкласці максімум намаганняў, каб зрабіць яго на выдатна, пры гэтым ён некалькі разоў будзе звяртацца да тэксту, аналізаваць яго.

«Назаві адным словам». Дзецям прапануецца некалькі радкоў слоў і даецца тлумачэнне, што кожны рад можна замяніць адным словам, якое будзе называць усе пералічаныя прадметы: чыж, ластаўка, варона, салавей (птушкі); нажніцы, малаток, піла, рубанак (прылады працы); шалік, паліто, світар, рукавіцы (адзенне); зялёны, сіні, чырвоны, жоўты (колер); ліпа, бяроза, сасна, елка (дрэвы).

«Якая літара (склад, слова) лішняе». Вучні адшукваюць лішнія элементы па розных параметрах, але настаўнік пры гэтым «кіруе» іх увагай і логікай мыслення. Напрыклад: а, у, р, о, ы – лішняя сярод галосных літар зычная літара р; ма, ра, ла, ны, та – лішнім можа быць склад ны (таму што складаўтваральны гук ы, а ў астаніх а) і склад та (таму што ўсе зычныя ў складах санорныя, а ў дадзеным – шумны); рака рэчка ручай ручка ручаёк – лішняе слова ручка, бо не з’яўляецца аднакаранёвым да астатніх.

Складзі слова, пераставіўшы літары. Вучні з вялікім задавальненнем выконваюць такія практыкаванні. Заданне можна даваць для працы ў групах, або правесці спаборніцтва паміж радамі. Напрыклад: рёбба, ігакн, рчаук (бабёр, кніга, ручка).

«Знайдзі словы ў слове». Заданні можна даваць як для работы ў групах, так і для індывідуальнай работы. Напрыклад: карабель – раб, бар, кара, баль, рак, бель.

«Складзі тэкст». Вучням прапануецца якая-небудзь тэма, даецца прыкладны набор слоў, з якіх неабходна скласці тэкст з 3–4 сказаў на зададзеную тэму. Напрыклад, тэма «У школе»: словы – школа, клас, парты, дзяжурны, сшытак, урок, дзеці. Прыклад тэксту, які атрымаўся ў аднаго з вучняў класа: «Дзеці прыйшлі ў школу. Калі яны зайшлі ў клас, дзяжурны ўжо мыў дошку. Дзеці селі за парты і адкрылі сшыткі. Пачаўся ўрок».

«Закончы апавяданне». Вучням даецца пачатак тэксту, а яны павінны скласці працяг і заканчэнне. Такія заданні могуць быць прапанаваны дзецям у якасці творчых відаў самастойных работ. Напрыклад, назва «Клопат пра птушак»: Была марозная зіма. На дрэве сядзелі пушкі. Яны шукалі ежу…

«Намалюй аваламі». З дапамогай авалаў трэба адлюстраваць структуру тэксту. Кэжны авал адпавядае пэўнай частцы тэксту.

Першае паляванне.

Яшчарка сядзела на камні, вочкі заплюшчыла, грэлася пад сонейкам. Ціхенька да яе падкралася шчанё, скок — і ўхапіўся за хвост. А яшчарка ўвярнулася, хвост у зубах у яго заставіла, а сама пад камень.

Фыркнула шчанё, кінула хвост — і да яе. Ды куды там!

Яшчака даўно пад камнем сядзіць, новы хвост адрошчвае.


 

Можна прапанаваць дзецям намаляваць малюнак да зместу гэтага твора. Таксама дзеці могуць да твора падабраць прыказкі ці прымаўкі..

Пры выпрацоўцы свядомасці чытання трэба выкарыстоўваць элементы з іншых вучэбных праметаў. Напрыклад: падбяры сінонімы да слоў…; знайдзі арфаграмы…; знайдзі словы на пэўную арфаграму…; вызнач значэнне слова…

Вялікую ролю адыгрывае праца з прыказкамі і прымаўкамі. Вучням можна прапанаваць такія практыкаванні: 1) Узнаві прыказку па дадзеных словах і патлумач яе сэнс: Каша – масла (кашу маслам не сапсуеш) Дым – агонь (дыму без агню не бывае). Каса – камень (наскочыла каса на камень); 3) Складзі прыказкі па пытаннях: Ці сапсуеш кашу маслам? (кашу маслам не сапсуеш). Ці наносіць адна пчала мёду? (адна пчала мёду не наносіць). Ці чакаюць сямёра аднаго? (сямёра аднаго не чакаюць). Чаму нельга пляваць у крыніцу? (Не плюй у крыніцупрыйдзецца вады напіцца).

«Выразнаму чытанню як сродку творчага развіцця малодшых школьнікаў сёння ўдзяляецца вялікая ўвага, таму што выразнасць, якая заснавана на ўдумлівым аналізе тэксту і прымяненні асноўных палажэнняў мастацтва чытання, садзейнічае разумоваму, духоўнаму і эстэтычнаму развіццю іх мастацкіх здольнасцей» [2, с. 22–25].

Авалодаць мастацтвам выразнага чытання можна тады, калі выпрацаваны ўменні, звязаныя з правільным дыханнем і гучнасцю голасу, дыкцыяй і інтанацыяй. Работу над прыёмамі выразнага чытання неабходна пачынаць з навучання дзяцей правільна дыхаць. Рэкамендуецца выконваць спецыяльныя практыкаванні – своеасаблівую дыхальную гімнастыку. Выразнасць цесна звязана са свядомасцю чытання, таму што без разумення тэксту нельга яго прачытаць выразна.

«Цягнік». Зрабіць глыбокі ўдых цераз нос, а потым кароткімі штуршкамі цераз самкнутыя губы выдыхнуць паветра, вымаўляючы «Пффф», «пффф».

«Мы расцём». Практыкаванне выконваецца стоячы, ногі разам, рукі ўверх. На лік «раз» глыбока ўдыхнуць, пацягнуцца ўверх і ўстаць на наскі, на лік «два» – на выдысе павольна апусціць рукі, устаць на ступні і ўслых вымавіць: «У-х-х-х!» Практыкаванне выконваецца 4–5 разоў.

Гульня-эцюд «Пакажы, як». Пакажыце, як можна: акуратна здзьмухнуць пылінку са свайго рукава, а таксама акуратна здзьмухнуць яе з кончыкаў пальцаў выцягнутай рукі; дзьмухнуць уяўляемы паветраны шарык так, каб ён не лопнуў; падуць на гарачае малако; сарваць уяўляемы дзьмухавец і акуратна падзьмуць на яго так, каб усе парашуцікі разляцеліся ў розныя бакі і г.д.

«Гадзіннік». Зыходнае становішча: стаць, трохі раставіўшы ногі і апусціўшы рукі ўніз. Размахваючы рукамі ўперад і назад, дзеці вымаўляюць словы: «Цік-так, цік-так», засяроджваючы ўвагу на сваім дыханні. Практыкаванне паўтараецца 10–12 разоў.

«Торт імянінніка». Уявіце сабе, што на Дзень нараджэння вам спяклі вялікі торт і паднеслі яго вам з запаленымі свечкамі. Набярыце як мага больш паветра і задзьмухніце свечкі па адной або ўсе адначасова.

«Надаедлівы камар». Выцягніце рукі перад сабой далонямі адна да адной. На лік «раз» разам з глыбокім бясшумным удыхам праз нос хутка развядзіце іх у бакі да адказу. На лік «два» (на выдысе) вымавіць гук «з-з-з», павольна і акуратна злучыць рукі, каб «забіць камара», які звініць перад вамі. Рухі на выдысе рабіць павольна і спакойна, каб «не спужаць камара».

«Гуканне». Паставіўшы рукі рупарам да рота, дзеці перагукваюцца – «ау», затым паўтараўць гуканне, імітуючы рэха. Можна падзяліць клас на групы, адна з якіх будзе рэха.

«Гук за мячом». Гэта практыкаванне выконваецца ў парах. Дзеці перадаюць адзін аднаму мяч, дасылаючы разам з мячом гук.

Чытанне хорам зычных. Настаўнік чытае разам з вучнямі (для ўзору): БМНТВ ГДКЦЧ.

Чытанне спалучэнняў зычных і галосных. Пры чытанні выкарыстоўваецца табліца зычных з дабаўленнем галосных. Напрыклад: першы рад чытае з галоснай [а]. Другі рад – з галоснай [о], трэці рад – з галоснай [у].

Вынікі эксперыментальнага даследавання па апрабаванні распрацаванага комлексу практыкаванняў, якое праходзіла ў 3 «А» (эксперыментальным) і 3 «Б» (кантрольным) класах СШ №32 г.Гродна, паказалі наступнае:

  • асноўным спосабам чытання стала чытанне цэлымі словамі, толькі два чалавекі з класа працягваюць чытаць простыя і знаёмыя словы цэласна, а словы малазнаёмыя і цяжкія па сваім гука-складовым саставе яны чытаюць яшчэ па складах;
  • тэмп чытання стаў вар’іраваць ад 71 да 148 слоў у хвіліну (павелічэнне адбылося ў сярэнім на 10 слоў, у той час як у кантрольным класе тэмп чытання павялічыўся на 6 слоў);
  • выразнасць чытання ў вучняў абодвух класаў знаходзіцца на даволі высокім узроўні;
  • у 3 «А» класе сярэдні бал па выніках кантрольнага эксперыменту павялічыўся на 0,7 бала ў параўнанні з вынікамі канстатавальнага эксперыменту. У той час, як у кантрольным класе павеліченне сярэдняга бала адбылося на 0,5 бала;
  • у 3 «А» класе высокі ўзровень пасля праведзеных урокаў павялічыўся на 11,5 %, сярэдні ўзровень змяніўся ў бок павелічэння на 3,9 %, а нізкі паменшыўся на 15,4 %, а ў 3 «Б» класе высокі павялічыўся на 7,7 %, сярэдні — на 3,8 %, нізкі паменшыўся на 11,6 %.

Такім чынам, распрацаваны комплекс практыкаванняў з’яўляецца эфектыўным пры выпрацоўцы як выразнасці і свядомасці чытання, так і паўнацэннага навыку ў цэлым.

 

The article presents the basic techniques of production such reading skills as awareness and expressiveness. There are presented examples of exercises that one can use on the lessons of reading.

 

Спіс літаратуры

 

1. Горецкий, В.Г. О проверке навыка чтения / В.Г. Горецкий // Начальная школа. – 2001. – № 8. С. 49.

2. Гуро-Фролова, В.Г. Работа над выразительными средствами речи/ В.Г. Гуро-Фролова // Начальная школа. – 1998. – № 8. – С. 22–25.