§ 9. Аманімія і сумежныя з ёю з’явы
^ Вверх

 § 9. Аманімія і сумежныя з ёю з’явы

 

Гаворачы пра амонімы i ix лінгвістычны аналіз, найперш трэба  запыніцца на двух пытаннях агульнага характару.

1. Амонімы досыць часта змешваюць з мнагазначнымі словамі. Гэтаму, магчыма, садзейнічае i тое, што ў навучальнай літаратуры для сярэдняй i вышэйшай школы амонімы звычайна атрымліваюць недакладнае азначэнне, найчасцей характарызуюцца як словы, якія аднолькава гучаць, але маюць рознае значэнне

Kaлi практычна карыстацца гэтым азначэннем, то пад яго фармальна падпадаюць не толькі аманімічныя, але i ўсе мнагазначныя словы, бо ў ix таксама кожнае значэнне адрозніваецца адно ад другога i абазначае зусім іншыя паняцці. Параўн., напрыклад, кантэксты полісемантычнага дзеяслова ісці, дзе рэалізуюцца, пры аднолькавым гучанні слова, зусім розныя значэнні:  1) Чалавек ідзе (‘рухаецца, ступаючы нагамі’); 2) Парах од ідзе марудна (‘плыве’); 3) Дождж ідзе (‘капае, падае’); 4) Гадзіннік ідзе (‘дзейнічае’); 5) Вясна ідзе (‘прыбліжаецца, надыходзіць’); 6) Пот ідзе (‘выдзяляецца, цячэ’); 7) Шахматыст ідзе канём (‘робіць ход’); 8)  Чутка ідзе (‘распаўсюджваецца’); 9) Дарога ідзе лесам (‘пралягае’); 10)  Бульба ідзе ў націну (‘расце пэўным чынам’). Праўда, усе гэтыя i іншыя значэнні дзеяслова ісці (а ён мае 28 значэнняў i 35 адценняў) аб’ядноўваюцца адной ідэяй руху, маюць агульны «элемент сэнсу», усведамляюцца як роднасныя, непасрэдна звязаныя адно з адным, тады як амонімы найчасцей узнікаюць у выніку выпадковага гукавога супадзення i сэнсава ніяк  не суадносяцца.

Таму амонімы неабходна вызначаць як словы, якія аднолькава гучаць i пішуцца, але не маюць нічога агульнага ў сэнсавых адносінах (ці: у свaix значэннях). Прычым у дэфініцыю абавязкова павінна ўключацца не толькі «аднолькава гучаць», але i «пішуцца», бо толькі ў такім разе пад гэтую дэфініцыю не будуць падыходзіць амафоны — словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму i не маюць нічога агульнага ў свaix значэннях: плот i плод, рот i род, мець i медзь, каска i казка, весці i везці, Колас і колас.

Адзначым, дарэчы, што ў некаторых дапаможніках як ама­фоны няправільна прыводзяцца прыклады тыпу: прасцяг пра сцяг, адкос ад кос, згары з гары, паднос пад нос, запалкі за палкі. У такіх выпадках змешваюцца адзінкі роз­ных моўных узроўняў — лексічнага i фанемнага: слова як факт лексічнай сістэмы i фанетычнае слова, адрэзак маўлення, якi ўзнікае толькі ў маўленчай плыні. У мастацкіх тэкстах, асабліва вершаваных, на гукавым супадзенні слова i спалучэння слоў нярэдка засноўваюцца каламбуры: 1) Прытомлены жыццёваю дарогай, сам у сябе заглядвай з асцярогай: а раптам раб там? (Р. Барадулін); 2) Мора так бушуе, аж ляцім на рыф мы. Вось тaкi пачатак толькі дзеля рыфмы (С. Шушкевіч); 3) Калі б гадоў да ста так даў бог дастатак... (Р. Барадулін).

2. Няма падстаў ахопліваць тэрмінам «амонімы» i такія гукавыя супадзенні слоў або формаў слоў, як амаформы, ама­фоны i інш. Параўн., аднак, у энцыклапедыі «Беларуская мова» (1994. С 30): «Усе амонімы-словы падзяляюцца на тыпы: лексічныя, фанетычныя, марфалагічныя i інш.»; або ў «Пачатковым курсе мовазнаўства» П. Сцяцко (Гродна, 1993. С. 27): «Амо­німы i ix тыпы (амаформы, амафоны, амографы, сінтаксічныя амонімы)». Як слушна пicaў В. У. Вінаградаў, «амафонія — паняцце куды больш шырэйшае, чым аманімія. Яно ахоплівае ўсе віды адзінагучча ці сугучча... З аманіміяй ва ўласным сэнсе гэтага слова нельга змешваць i нават збліжаць разнастай­ныя тыпы амафоніі...»[12, с. 4,6]. Амафонія i амаформія — гэта з’явы, сумежныя з аманіміяй, але не відавыя ў дачыненні да яе.

Яшчэ больш аддаленыя як ад амонімаў, так i ад амафонаў i амаформаў так званыя амографы — словы i словаформы, якія вымаўляюцца па-рознаму, а пішуцца аднолькава. Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго месцам націску i значэннем: мукá — мýка, мýзыка — музыка, касá — каса, сáмы – самы, яму ямý, сказáў — скáзаў.

Амаль ва ўcix дапаможніках па беларускай мове, калі гаворка заходзіць пра амаформы, у якасці прыкладаў прыводзяцца не толькі такія, як лячу (ад ляцець) i лячу (ад лячыць), піла (‘інструмент для разрэзвання дрэва, металу’) i піла (ад дзеяслова піць), але i вусны ‘губы’ (назоўнік) i вусны ‘не пісьмовы’ (прыметнік), вось (назоўнік) i вось (часціца), варта (назоўнік) i варта (прэдыкатыўнае слова). Калі ж звярнуцца да тлумачальных слоўнікаў або перакладных (напрыклад, беларуска-рускага), то адразу кідаецца ў вочы нічым не апраўданая разбежка, супярэчнасць паміж традыцыйнай, агульнапрынятай лексікаграфічнай практыкай апісання лексічных адзінак у слоўніках i тэарэтычным асэнсаваннем апісаных слоў у навуковай i навучальнай літаратуры.

У слоўніках нелагічна i немагчыма апісваць у адным слоўнікавым артыкуле, скажам, назоўнік вусны i прыметнік вусны або назоўнік справа i прыслоўе справа, назоўнік як ‘бык’ i злучнік як. Таму яны падаюцца асобна, як амонімы: вусны1, вусны2; справа1, справа2; як1, як2. У навучальных жа дапаможніках такія словы адносяць да амаформаў, зыходзячы з таго, што яны належаць не да адной i той жа часціны мовы i супадаюць толькі ў адной форме. Пры гэтым чамусьці не ўлічваецца, што перад намі не абы-якія формы слоў, а пачатковыя, асноўныя, зыходныя слоўнікавыя формы. Зразумела, што такія аманімічныя словы адрозніваюцца ад уласна лексічных амонімаў тыпу каса1, каса2, каса3, каса4, таму шмат якія лінгвісты (Р. Будагаў, В. Ахманава, Л. Увядзенская, А. Баханькоў, В. Старычонак i інш.) вылучаюць гэтыя амонімы ў асобны тып, называюць ix лексіка-граматычнымі амонімамі.

Такім чынам, ёсць лексічныя амонімы i лексіка-граматычныя. Што да амафонаў, амаформаў i амографаў, то яны толькі сумежныя з амонімамі, але не належаць да ix.

Амонімы, як лексічныя, так і лексіка-граматычныя, нярэдка абыгрываюцца ў маўленні, выступаючы яркім сродкам выразнасці. Багатыя магчымасці для стварэння каламбураў і іншых эфектаў закладзены ўжо ў самой прыродзе амонімаў, у іх супярэчнасці паміж формай і зместам: сваёй формай, гучаннем яны падобныя на якое-небудзь іншае слова, а значэннем рэзка разыходзяцца з ім. Таму яны прыцягваюць увагу мастакоў слова.

У аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз» вельмі часта суседнічаюць драматычныя і камічныя сітуацыі. Камічныя эфекты часам ствараюцца моўнымі сродкамі, у тым ліку амонімамі. Так, знарок сутыкаюцца два амонімы ў эпізодзе, калі Міколка паўзе да пакгауза, каб вызваліць арыштаваных бальшавікоў: «Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся, замёр на якую хвіліну-другую. Не з-за страху за свой жывот, — які там у яго жывот, — а баяўся за справу». Тут першае жывот —устарэлае слова са значэннем ‘жыццё’, а другое абазначае частку цела чалавека.

Супрацьстаўленне двух амонімаў у дыялогу, калі адзін з суразмоўнікаў падмяняе слова яго амонімам, звычайна дае значны эфект, паказваючы, напрыклад, вострую рэакцыю на рэпліку ці дзеянні другога суразмоўніка. Параўн. у рамане М. Лобана «На парозе будучыні» ўжыванне амонімаў хаваць — ‘прыбіраць, каб іншыя не знайшлі’ і ‘закопваць у зямлю (мёртвага)’: «Ян намацаў віламі Віктараў бок і добра парнуў. Віктар усхапіўся. — Куды пораш?! Я табе зараз парну! — Коні хаваць будзем? — Я табе так дам, што цябе будзем хаваць, а не ко

У 1986 г. выйшла ў свет невялікая кніжка К. Крапівы «За­гадкі дзеда Кандрата» (перавыдадзена ў 2002 г.). Іx тут 29. Амаль усе гэтыя вершаваныя загадкі будуюцца на дасціпным ужыванні амонімаў. У невялічкай прадмове, звяртаючыся да хлопчыкаў i дзяўчынак, «дзед Кандрат» прапануе iм загадкі «для гульні цікавай, новай — трэніроўкі разумовай». Пра амонімы сказана: «Як з людзьмі гамонім мы, чуюцца амонімы — словы двухаблічныя, не для ўcix прывычныя».

У адной з загадак лёгка адгадваецца аманімічная група з чатырох кос са значэннямі: ‘прылада для кашэння’, ‘селязёнка’, ‘доўгія заплеценыя валасы’, ‘доўгая вузкая мель’: «Я касой траву кашу ў зялёным лузе, а другую я нашу пастаянна ў пузе. Трэцюю, я вам скажу, носіць мая дочка, на чацвёртай я ляжу — грэюся ў пясочку».

А вось загадка «Два султаны»: «Сядзіць на дыване султан на султане, а што гэта значыць, прашу растлумачыць». Тут султан1 — ‘упрыгожанне з пёраў ці конскіх валасоў на галаўных уборах’, а султан2 — ‘тытул манарха i асоба з гэтым тытулам у некаторых мусульманскіх краінах’. Яшчэ адна загадка — пад назвай «Боты — два, але не пара»: «У ix розны нораў i розныя сцежкі: адзін любіць плаваць, другі ходзіць пешкi. Напэўна, вам будзе нямнога работы самім здагадацца, што гэта за боты». Гаворка ідзе пра бот1 ‘невялікае судна’ i бот2 ‘абутак’. А ў загалоўку абыгрываецца фразеалагізм два боты пара. Тры прыведзеныя тут загадакі засноўваюцца на ўласна амонімах, або лексічных амонімах.

У межах аднаго сказа ціў дзвюх суседніх рэпліках часта супастаўляюцца ці супрацьпастаўляюцца i лексіка-граматычныя амонімы. Напрыклад, у часопісе «Вожык» пад карыкатурай з сонным вартаўніком крамы даецца подпіс: «Такая варта нічога не варта». У п’есе К. Крапівы «Канец дружбы» чытаем дыялог паміж двума персанажамі: «—Раскажы, як у цябе там на вёсцы справа. — Як справа, так i злева — кругом кепска». Два апошнія амонімы (прыслоўе справа і назоўнік справа) абыгрываюцца і ў байцы К. Крапівы «Сава, Асёл ды Сонца», дзе яны, пастаўленыя ў канцы вершаваных радкоў, ствараюць абсалютна дакладную рыфму:

 

Ён – гоп у левы бок.

Пасля глядзіць – святло і справа;

Тады назад ён – скок.

Нарэшце бачыць – дрэнна справа...

 

Між іншым, абсалютная фанетычная дакладнасць дасягаецца і пры рыфмаванні фразеалагічнага кампанента і сугучнага з ім слова. Прыклад з паэмы «Сцяг брыгады» А. Куляшова:

 

Ферму я падпаліў?

Падпаліў. Прызнаюся вам, людзі.

Пеўні тыя, што з дымам пусціў,

Мяне вывелі ў людзі.

 

Або яшчэ прыклады: 1) Пабіцца мог ён з мухаю, Калі бываў пад мухаю (П. Шыбут); 2) А гром вераснёўскі ў бабіным леце – Як тры адгалоскі аб страчаным леце (В. Зуёнак).

Даволі часта абыгрываюцца не толькі лексічныя і лексіка-граматычныя амонімы, але і сумежныя з імі паняцці. Так, розныя стылістычныя эфекты ствараюцца сутыкненнем амафонаў-назоўнікаў, з якіх адзін агульны, а другі ўласны. Напрыклад, у рамане І.  Шамякіна «Вазьму твой боль»: «Урэшце Шышка — невялікая шышка». К. Крапіва ў камедыі «Мілы чалавек» абыгрывае амафоны вус ‘валасяное покрыва над верхняй губой (у мужчын)’ i ВУС ‘ваенна-ўліковая спецыяльнасць’. Клава, дастаўшы з печы ваенны білет, закінуты туды Жлуктам, які хаваецца ад франтавой службы, з недаўменнем гаворыць: «Дурны, у печ укінуў. Ён яму яшчэ спатрэбіцца можа. Вуса нейкага спужаўся... Што гэта за вус такi? А, вось ён: «ВУС» дваццаць восем. А што гэта азначае? Схаваю. Kaлі мой Жлукта пачне дурыць, дык я за гэты вус i ўчаплюся».

Ф. Багушэвіч у гумарыстычным апавяданні «Сведка» камічна супастаўляе ўласнае імя Лабок (тапанімічная назва сенажаці) і агульны назоўнік лабок (памяншальнае ад лоб): «Ідзі ж ты, — кажа, — касіць на Лабок. — А той Лабок, каб ваша ведалі, — дык чысты лабок. Як пойдзеш касіць, дык сцімбіркі толькі дзылінкаюць ля касы ды казельчыкі скачуць, а сена толькі, сколькі валасоў вунь на галаве ў пана суддзі (адзін лысы быў)».

Наўмыснае збліжэнне аналагічных амафонаў у пэўным кантэксце звычайна вядзе да каламбураў. Так, у «Трывожным шчасці» I. Шамякіна камандзір батарэі, знаёмячы Шапятовіча з артылерыйскім разлікам, характарызуе яфрэйтара Муху праз яго прозвішча, якое асэнсоўвае супастаўленнем агульных назоўнікаў муха і аса, але ўжытых метафарычна (як намёк на калючы язычок яфрэйтара): «А гэта ваш баявы намеснік — яфрэйтар Муха. Хоць падобны ён больш на асу, чым на муху».

К. Крапіва на каламбурным сутыкненні ўласнага і агульнага назоўніка будуе свой праграмны верш «Крапіва», дзе раскрываюцца спецыфічныя рысы творчасці сатырыка і сутнасць яго псеўданіма. Вось дзве першыя страфы верша:

 

Я ў мастацкім агародзе

Толькі марная трава.

А якая? Смех, дый годзе:

Я – пякучка-крапіва.

 

Я расту вось тут пад плотам

І не так даўно ўзышла,

А ўжо многім абармотам

Рукі-ногі папякла.

 

Адзначаючы трапнасць выказанай у псеўданіме ідэі, накірунку творчасці, А. А. Шчарбіна піша: псеўданім буйнейшага беларускага паэта К. Крапівы «так зросся, зрадніўся з паэтам, што рускімі чытачамі, якія не ведаюць падкладкі псеўданіма, ён успрымаецца ўжо як звычайнае ўласнае імя» [110, с. 54].

М. Лужанін у артыкуле «Як Міцкевіч стаў Коласам» піша: «Сын палясоўшчыка Міцкевіча, не паквапіўшыся на гучнасць і вядомасць гэтага прозвішча, прыняў сціплейшае і непрыкметнейшае — Колас. I стаў ім, і не стаптаў яго ў руні жорсткі капыт часу, не падцяла нявыкалашаную сцябліну каса забыцця, не пабіў град знявагі, не зламаў віхор падзей. Колас выспеў, выдужаў, вырас у з’яву, куды зазірнулі і засталіся ў адбітку аж дзве эпохі: ад тысяча дзевяцьсот пятага да Кастрычніка і ад Кастрычніка да нашых дзён...» У гэтым метафарычным кантэксце ажыўляецца этымалогія псеўданіма, ставіцца ў сувязь з назоўнікам колас, які выкарыстоўваецца тут адначасова са значэннямі ўласнага і агульнага імя.

У апавяданні Я. Брыля «Галя» двойчы абыгрываюцца словы чорная галка, дастасоўваючыся да гераіні з яе «чорнымі бровамі», «карымі вачамі», «чорнымі густымі валасамі». Гэтыя словы з песні арганічна ўваходзяць у апавяданне-песню, напісанае ў лірычнай манеры. Галя ўспамінае пра «першую радасць сваю», пра тое, як пачыналася яе з Сярожам першае і адзінае каханне, як Сярожа, выйшаўшы ў круг з Галяй, заспяваў: «Чорна галка, чорна галка, — ты мая, ты мая!» «На гэтым песню яго абарвалі. — Правільна, Юрачка! Правільна! — загула, нібы ўздыхнула з палёгкаю, хата». Прайшло шмат гадоў, а Галя ўсё яшчэ хоча вярнуць украдзенае жорсткім лёсам шчасце. Гледзячы ўслед Сяргею, яе былому Сярожу, Галя нібы шэпча сваё патаемнае: «Вярніся ты хоць як-небудзь назад, мая харошая, мая загубленая маладосць! Вярніся, заспявай мне вясёлую песню пра чорную галку, якая яшчэ ўсё твая, зірні мне ў вочы, і я сама падпалю гэты хутар, вазьму дзяцей, пайду за табой усюды, куды скажаш!..».

Своеасабліва абыгрываецца прозвішча Шырокі ў трылогіі Я. Коласа «На ростанях». Яно ставіцца ў сэнсавую сувязь з рознымі значэннямі прыметніка шырокі (‘каржакаваты, плячысты’, ‘шчодры’, ‘бязмежны, які не лічыцца са стратамі’), і гэтым пісьменнік гумарыстычна падкрэслівае здзіўляючую гармонію прозвішча і яго носьбіта, знешнасці і некаторых унутраных якасцей: «Шырокі — тутэйшы настаўнік, загадчык двухкласнай школы, быў шырокім не толькі па прозвішчу, але і па сваёй фігуры, і па сваёй натуры, і нават па размаху гульні ў карты».

Параўн. сутыкненне амафонаў, адзін з іх назоўнік, а другі — дзеяслоў, у вершы Р. Барадуліна «Спрадвеку»: «I моляцца хто каму, адзін — іконе, другі — Мамоне, хто Хрысту, хто Будзе.Так было, так будзе».

Два прыклады на абыгрыванне амаформаў. Р. Барадулін у «Радках на юбілей [часопіса «Полымя»]» піша: «Як графамана нi калі, не вылечыш уколамі. Твор з знакам якасці, калі надрукаваны ў «Полымі». Мініяцюра братоў Бароўкаў у «Літаратуры i мастацтве»: «У той сталоўцы на рагу вам ветліва дадуць рагу. Шкада, што мяса ў тым рагу, як у каровы на рагу».Як і ў папярэдніх прыкладах, у вершы П. Глебкі «Пасылка» пры дапамлзе амаформаў ствараецца абсалютна дакладная рыфма:

 

Вышываны там, дзе горы,

На святой зямлі грузін,

Каб ты ведаў, што і ў горы

Ты на свеце не адзін.

 

У мастацкіх творах icкpa паэзіі выкрасаецца i наўмысным збліжэннем амографаў: «Іграйце гучна музыку, геройскія музыкі, каб слухаў i дрыжэў ад музыкі ўвесь свет!» (Я. Купала); «За тую працу, тую долю хапала мукі, не мукі: кiёў на спіны мелі ўволю i жалудоў на праснакі» (М. Лужанін); «Дзе пара,там неразбярыха, засвоіць ісціну пара: хаця кусае камарыха,  абэлка ўся на камара!» (Р. Барадулін). Дарэчы, у апошнім пры кладзе (з «антыбайкі», якая называецца «Ён i яна») камар i  камарыха атрымалі сэнсавае прырашчэнне, дваякае значэнне. Нагадаем, што сапраўды «кусае», жывячыся кроўю, толькі  камарыха, а не камар (у прамым значэнні гэтых слоў). Абэлка — дыялектызм са значэннем ‘нагавор, абвінавачванне’.

Сутыкненнем амографаў мукá і мýка нявесела каламбурыць валасны старшыня Захар Лемеш (Я. Колас. На ростанях), пачуўшы пра «бурлівы вір маніфестантаў на вуліцах Пінска, калі паліцыя баязліва пахавалася»: «—Нічога, Захар: перамелецца — мука будзе. — Або мукá, або мýка, — уздыхае старшыня».

Аналізуючы моўныя факты, нельга змешваць знешне падобныя, але ўсе ж розныя з’явы. Так, у п’есе К. Крапівы «Партызаны» знаходзім збліжэнне слоў місія і мысія. Пані Яндрыхоўская, прыведзеная ў партызанскі лагер, гаворыць, што яе сын «выконвае тую місію, якую ўсклала на яго айчызна». Дзед Бадыль адказвае ёй: «Пачакай, мы яшчэ патаўком яму гэту мысію». Перад намі не аманімія, як сцвярджаецца ў адной працы [97, с. 71], а так званая паранамазія, г. зн. знарочыстае камічнае збліжэнне, сутыкненне розных слоў, блізкіх, але не аднолькавых сваім гучаннем. У дадзеным выпадку збліжаюцца кніжнае слова місія і мысія—сітуацыйнае, кантэкстуальнае ўтварэнне ад прастамоўнага слова мыса—‘морда’.

Са з’явай паранамазіі сутыкаемся і ў «Трывожным шчасці» I. Шамякіна: «—Сам радавы, — пажартаваў санінструктар Спірын, якога мы перахрысцілі ў «Аспірын» і любім за грубаваты гумар і своеасаблівае лекарскае мастацтва — усіх лячыць аднымі лекамі...».

Тая самая з’ява ёсць у апавяданні Э. Самуйлёнка «Паляўнічае шчасце», дзе збліжэнне падобных гучаннем слоў радыё і радый (хімічны элемент) стварае мяккі гумар. Дзед Лаўрэн, заначаваўшы ў Доме калгасніка, упершыню пачуў, як іграе радыё, і, жадаючы набыць некалі для калгаса такі ж дзівосны апарат, запытаў у маладога хлопца: «А колькі, галубок, радый каштуе?» Той адказвае: «Адзін грам радыю — мільярд рублёў... А... а гэты апарат з усім абарудаваннем — сто сорак рублёў».

У апавяданні Я. Брыля «Mеmento mori» перакладчыца неаднаразова ўжывае слова спадар. Вось гэта «істота ў скураным паліто» апошні раз перакладае печніку: «Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду». Стары пячнік, ідучы насустрач смерці, адказвае, са з’едлівай іроніяй супастаўляючы словы спадар і гаспадар: «А ён што думаў? І ўсіх! Усіх добрых людзей!.. Можа, ён ім раўня — гэты твой гаспадар? Або ты, можа?.. Тфу!..».

Збліжаючы словы Лапата і Лапато, К. Крапіва ўкладвае ў вусны калгасніцы Алены Максімаўны («Брама неўміручасці») іранічны закід у адрас тых, хто перайначвае, прыхарошвае сваё прозвішча, якое нібыта не зусім далікатнае. Так «палепшылі» і прозвішча Алены Максімаўны. На пытанне Дабрыяна А як вас зваць? яна адказвае: «Прозвішча — Лапата. Ну, пішуць — Лапато. Гэта як бы далікатней. А завуць — Алена. Алена Максімаўна». 

І ў гэтым прыкладзе, як і ў чатырох папярэдніх, справу маем з паранамазіяй.