§ 17. Дыялектныя, прафесійныя, жаргонныя словы
Дыялектызмы як адна з пашыраных «моўных цяжкасцей» і адзін з пазалітаратурных моўных сродкаў даволі часта выкарыстоўваюцца ў мастацкіх творах. Звычайна іх ужыванне абумоўлена пэўнай стылістычнай мэтай: яны або выступаюць сродкам маўленчай характарыстыкі персанажаў, або служаць стварэнню мясцовага каларыту.
У рамане I. Мележа «Людзі на балоце» дыялектныя словы сустракаюцца найчасцей ў маўленні персанажаў, і толькі ў асобных выпадках найбольш яркія з іх або такія, якіх, на думку пісьменніка, не хапае ў літаратурнай мове для абазначэння пэўнага паняцця, уводзяцца ў аўтарскую мову. Пры гэтым яны ставяцца ў такое слоўнае акружэнне, што празрыстасць іх сэнсу не выклікае сумнення: «...расліннасць, што зелянела, буяла летам усюды на куп’істых куранёўскіх узболатках і балотах».
Чытаючы раман «Людзі на балоце», можна бачыць выпадкі, калі суседнічаюць дыялектнае слова –– у маўленні персанажаў і яго літаратурны адпаведнік –– у аўтарскай мове. Вось Ганна, здзіўленая, што Васіль так хутка кончыў вячэраць, пытаецца: «Нясмачная, можа, картопля?..» Васіль адказвае: «Картопля як картопля...» Далей ідзе аўтарская мова: «Ён сапраўды не заўважыў, смачная ці нясмачная была гэта бульба. Не да таго было».
Некалькі прыкладаў з ужыванннем фанетычных дыялектызмаў для маўленчай характарыстыкі персанажаў –– у тым жа рамане І. Мележа: «Ціхо ты, ціхо, Ганначко!»; «Корч ездзіў у мясцечко па дохтара»; «Прынясіце спадніцу, каторая ў клетку, кохту хвабрычную, чаравікі і хвартух белы». Або ў аповесці А. Карпюка «Вершалінскі рай»: «Вечарам набліжаюсо да поля – штось бомкае, а ветру няма! Ліхо на яго, чэрці звоняць, ці што?!»
Кажучы пра тое, што мова мастацкай літаратуры вызначаецца шырынёй ахопу лексічных і іншых сродкаў, у тым ліку пазалітаратурных, трэба, аднак, памятаць, што іх ужыванне павінна быць унутрана, эстэтычна апраўданае. Гэта адносіцца і да дыялектызмаў. Нічым не абумоўленае выкарыстанне дыялектных слоў лічыцца парушэннем лексічных нормаў сучаснай мовы. Як слушна адзначае К. Крапіва, «зусім няма патрэбы ўводзіць дыялектызм, калі ёсць адпаведныя агульнанародныя словы. Няма патрэбы пісаць, напрыклад, «махнытка», калі ёсць «галавешка». У некаторых мясцовасцях на Палессі пеўняў называюць кабанамі, дык не будзем жа мы пісаць «кабаны пяюць», хоць там іменна так і гавораць» [45, с 164].
Падобныя выпадкі сустракаюцца ў сучаснай літаратуры. Так, у аповесці А. Карпюка «Вершалінскі рай» без усякай матывацыі аддаецца перавага (у аўтарскай мове!) дыялектызму бытта. Тое самае і ў творах некаторых іншых пісьменнікаў –– і ў аўтарскай мове, і ў маўленні персанажаў: «Ён так прывабна, бытта ў рог, трубіў, калі туман блукаў па цёплым лесе»; «Ат, думаю, запішу ёй чалавекадзень –– быдта сена грабла»; «Было не было. Заўважыў ён гэта абыякава, бытта скрозь сон, бытта раніла каго іншага... З таго моманту тыдні на два ён бытта праваліўся ў нейкі кашмар»; «Ён ступіў бытта ўпэўнена, але лодка калыхнулася пад ім»; «Раблю выгляд, бытта нічога не здарылася». Дарэчы, напісанне дыялектнага слова быдта з падваеннем літары т пярэчыць нормам беларускай арфаграфіі: т на пісьме не падвойваецца; вымаўляем: натта, аттуль, але пішам: надта, адтуль.
Думаецца, залішняе ўжыванне вузкадыялектных слоў псуе добры раман В. Адамчыка «Чужая бацькаўшчына», асобныя старонкі якога цяжка чытаць без дыялектных слоўнікаў Гродзеншчыны: пало, хвічка, сукала з разбітаю к о т к а ю, рукаво, ценка, спопаразку, зраджайны, спомніцца, выслабадзіць, у адным п о ш а р к у і г. д.
«Густое ўжыванне дыялектызмаў, ды яшчэ ў мясцовым вымаўленні» М. Лужанін называе «крайнасцю»: «Тут патыхае небяспека –– аўтар будуе сцяну незразумеласці паміж сабою і чытачом. Адно-два толькі ёмкія слоўцы (булы і выпілы) даў Колас свайму дзядзьку Есыпу, і перад намі жывы паляшук з яго гаворкай. І не трэба бясконца паўтараць якое-небудзь «ета», «быдта» ці што-небудзь падобнае. Дарма думаюць, нібы такім спосабам можна перасягнуць Коласа, які, бачыце, апісваў Палессе з пазіцый «заезджага настаўніка Лабановіча». Класікі, уводзячы малазнаёмыя шырокаму чытачу словы, выходзілі пераможцамі ў абнаўленні і ўзбагачэнні лексікі, бо ведалі меру, мелі густ распазнаваць, што дае мове свежасці і сакавітасці, што губіць яе» [62, с. 313 – 314].
Пры лінгвістычным аналізе дыялектызмаў, як i некаторых іншых моўных з’яў, неабходна захоўваць прынцып гicтaрызму, улічваць гістарычную зменлівасць мовы, наяўнасць ці адсутнасць адпаведных кадыфікаваных нормаў на пэўным этапе развіцця літаратурнай мовы (на канкрэтным яе сінхронным зрэзе). Тыя ці іншыя моўныя факты можна i трэба лічыць дыялектнымі, калі ўзнікае магчымасць звяраць ix «з літаратурнаю нормаю як з’явай агульнапрынятай, суадпаведнай уяўленню «правільнасці» выказвання» [102, с. 247].
Так, назоўнік худоба са значэннем ‘жывёла’ і дзеяслоўная форма карміцьму, што значыць ‘буду карміць’, якія знаходзім у «Дрыгве» (1933) Я. Коласа, разглядаюцца як звычайныя дыялектызмы, вызначаецца іх сэнс і высвятляецца, што яны перадаюць асаблівасці маўлення персанажаў. У творах жа, напісаных у ХІХ –– пачатку ХХ ст., калі цвёрдых моўных нормаў яшчэ не было, падобныя словы толькі ўмоўна можна назваць дыялектызмамі, бо тады яны не выступалі як мясцовыя назвы з’яў, якія ў літаратурнай, нармалізаванай мове называюцца інакш. Скажам, для аўтара паэмы «Тарас на Парнасе» слова пастаялка было не дыялектным, а адзінай назвай для абазначэння салодкага пастаялага малака. Таму пры разглядзе такіх слоў адпадае пытанне іх стылістычнай матывацыі ў творы.
Такімі ж умоўнымі дыялектызмамі ў названай паэме варта лічыць і яшчэ шмат слоў, якіх нават няма ў сучасных дыялектных слоўніках і якія патрабуюць абавязковага тлумачэння. Так, чытаем: «Чырвоны краскі, мак і рожы, –– ну, як сукенку хто паслаў!» Тут рожа ––не назва хваробы і не русізм са значэннем ‘морда’, а фанетычны дыялектызм (зафіксаваны ў слоўніках I. Насовіча, П. Растаргуева, I. Бялькевіча), адпаведнік слова ружа. Яшчэ дыялектызмы: піпка –– ‘люлька’, келішак –– дыялектны варыянт літаратурнага кілішак, крупеня ––’крупяны суп’ (адпаведнік літаратурнага крупнік.; напрыклад, у Я. Коласа: «Еш, бо крупнік адубее», але параўн. у «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча: крупнік ––’пітво, прыгатаванае з гарэлкі і патакі’).
Каля 50 умоўных дыялектызмаў ёсць у гутарцы «Дзядзька Антон». Пры гэтым сустракаюцца ўсе віды дыялектызмаў: семантычныя, лексічныя, фанетычныя, словаўтваральныя, марфалагічныя і сінтаксічныя. З іх толькі семантычныя і лексічныя патрабуюць абавязковага вытлумачэння сэнсу: быць («Прынамсі, не б’юць чалавека, не абыходзяцца з табой, быць з якой быдляцінай») –– ’нібы’, стыдацца ––’саромецца’, скарыставаць– ‘пажывіцца’ і г. д. Лексічнае значэнне іншых відаў дыялектызмаў (напрыклад, словаўтваральны крадкай, марфалагічны ў вачох, сінтаксічны горш ад усякага канавода) добра зразумелае сучаснаму чытачу, аднак і на гэтыя словы трэба звяртаць увагу, але толькі з боку іх формы, іх неадпаведнасці сучасным літаратурным нормам.
Шмат слоў, якія ў далейшым не сталі нормай літаратурнай мовы, ёсць у паэме Ф. Багушэвіча «Кепска будзе!»: наперш –– ‘спачатку’, было –– ‘бывала’, тарочыць –– ‘балбатаць’, лайка –– ‘лаянка’, адчунеўшы– – ‘ачуняўшы’ і інш. У гэтай паэме сустракаем:
Бог мой бацька, зямля матка;
Знаць не знаю! – уся гадка!
Што гэта за гадка? У беларускіх слоўніках, у тым ліку і ў дыялектных, гэта слова падаецца толькі як прыслоўе –– з рознымі значэннямі. У Ф. Багушэвіча ж гэта назоўнік з семантыкай ‘размова, гутарка’ –– дыялектнае слова ў гаворках Ашмяншчыны (параўн. у польскай мове: gadka –– ‘погалас’). Як бачым, згаданае слова пры няправільным яго ўспрыманні дэзінфармуе чытача.
У апавяданні Цёткі «Прысяга над крывавымі разорамі» чытаем: «Бедната, адзіноцтва, сілы ўжо не тыя, –– а рабі і рабі, працуй без канца... Мардасовічу –– за лён, Бізуноўскаму –– за пашу, а там і за бульбу плужы і плужы штодзень на адработках, так што сваё, хоць і вузка, але і то лында, і то няхват часу ўпору засеяць». Тут Цётка выкарыстала дыялектныя словы лында і плýжыць, якія і цяпер ужываюцца на радзіме пісьменніцы: першае –– са значэннем ‘палоска зямлі, загон’ [34, с. 45], другое абазначае ‘выконваць цяжкую працу, рабіць да знямогі (неабавязкова з плугам)’.
Дарэчы, дзеяслоў плужыць (толькі з націскам на другім складзе) знаходзім у «Матэрыялах да слоўніка Гродзенскай вобласці» (93, с. 376): плужыць –– ‘абганяць бульбу’. Пра гэта слова А.Вярцінскі ў артыкуле «Абнаўленне вырашае многа...» піша, што «Я. Сіпакоў, шукаючы свежага, найбольш адпаведнага для дадзенага выпадку слова, рызыкнуў утварыць ад слова «плуг» дзеяслоў «плужыць» і ўжыў яго ў кнізе «Веча славянскіх балад»: «Вось плужыць на валах шматок зямлі на дзіва супакоены араты...» [60]. Аднак, як бачым, гэта слова было ў мове і раней: яго яшчэ ў 1906 г. выкарыстала Цётка; ёсць яно і ў аповесці Я. Брыля «На Быстранцы» (1955); «Плужыць пад самы дышаль».
З двума дыялектызмамі сустракаемся ў двух суседніх сказах пры чытанні апавядання Я. Коласа «Нёманаў дар»: «Пазнаўшы ў гэтай фігуры Васіля Падбярознага, маладога станавітага дзецюка, ляснік схамянуўся і хацеў ісці. Але гэты стрынгаль яшчэ гатоў падумаць, што ён, ляснік, яго збаяўся». Станавіты абазначае ‘стройны’, а ўжытае ў няўласна-простай мове стрынгаль выкарыстана з пагардлівай афарбоўкай у значэнні ‘бамбіза, чалавек высокага росту’. Зазначым, зрэшты, што прыметнік станавіты з паметай «абласное» падаецца ў ТСБМ (т. 5, кн. 1, с. 303) са значэннем ‘паважны, самавіты’ і аддценнямі ‘спакойны, ураўнаважаны’ і ‘гаспадарлівы, заможны’.
Амаль усе прыклады, якія далей будуць разглядацца, павінны кваліфікавацца як умоўныя дыялектызмы, ужытыя тым ці іншым пісьменнікам у творы, напісаным у часы, калі яшчэ не было нарматыўных слоўнікаў i нормы літаратурнай мовы толькі ўсталёўваліся.
Так, у вершы Ф. Багушэвіча «У астрозе» чытаем: «На полі слупкі — i да ix яму нáўда». Як адзначаецца ў «Этымалагічным слоўніку беларускай мовы» (Т. 7. 1991. С. 267), гэта слова са значэннем ‘патрэба, справа’ ўпершыню выкарыстана менавіта Ф. Багушэвічам, ужывалася ў мастацкіх творах 20-х гадоў, а затым перайшло ў пасіўны склад, сучаснымі нарматыўнымі слоўнікамі не падаецца.
Ёсць у гэтага слова літарны двайнік — амограф наўдá, таксама ўмоўны дыялектызм са значэннем ‘навіна, дзіва’. Ён выкарыстаны ў байцы К. Крапівы «Мандат», напісанай у 1925 г., калі яшчэ наша літаратурная мова «шукала нормаў» (М.Лужанін). Байка змешчана ў хрэстаматыі для 9 класа. Вось яе пачатак: «Аслу раз выдалі мандат, — няйначай, памылкова. Такія i ў людзей памылкі — не наўда, але аб ix пасля размова».
Несумненна, у абодвух прыведзеных прыкладах нáўда i наўдá найперш патрабуюць тлумачэння ix сэнсу, каб лепш уразумець тэкст, а затым i сціслага лінгвістычнага каментарыя.
Шэраг умоўных дыялектызмаў сустракаецца i ў камедыі Я. Купалы «Паўлінка» (1912). Як вядома, дыялектызмы бываюць лексічныя, семантычныя, фанетычныя, граматычныя i інш. У «Паўлінцы» ёсць лексічныя i граматычныя дыялектызмы.
Быкоўскі хваліцца, што яго каровы «як загілююць, дык i на добрым кані ix не дагоніш». Пра авечак гаворыцца, што яны зыгуюць. Загіляваць — тое самае, што i літаратурнае слова загізаваць ‘пачаць гізаваць, імкліва бегаць, ратуючыся ад укусаў насякомых, пераважна гіза — вялікай мyxi-caмкi, якая жывіцца кроўю жывёлы’. Зыгаваць — амаль тое самае, што i папярэдняе слова, але яно дастасоўваецца звычайна да авечак, якія, шукаючы паратунку ад насякомых, збіваюцца ў кучу. Першы дзеяслоў зафіксаваны ў «Матэрыялах да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Сцяшковіч, другі — у «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі i яе пагранічча».
Выходзе («якая [песня] лепей у пана Адольфа выходзе»), луча («а то яшчэ ў дзверы не луча») — граматычныя дыялектызмы, асаблівасць гаворак, родных Я. Купалу.
У «Паўлінцы» знаходзім i такое адлюстраванне граматычнай дыялектнай асаблівасці, як ужыванне назоўнікаў жаночага роду 3-га скланення ў творным склоне адзіночнага ліку з канчаткам -ай (-яй): з усялякай далікатнасцяй, з гэтай дрэняй. Аналагічнае ёсць у п’есе «Тутэйшыя» («як павее пошасцяй»), паэме «Безназоўнае» («дагадзіць i соляй, i хлебам»), вершы «За ўсё» («змагаўшыся з напасцяй»). Гэта дыялектная рыса, як засведчана ў «Дыялекталагічным атласе беларускай мовы» (карты №№ 82, 83), бытуе на параўнальна невялікай тэрыторыі паўднёва-заходняга дыялекту. Дарэчы, у «Беларускай граматыцы для школ» Б. Тарашкевіча падаваліся як аднолькава дапушчальныя дзве варыянтныя формы для падобных назоўнікаў у творным склоне: рэчай (рэччу), касьцёю (косьцю). Да арфаграфічнай рэформы 1933г. адны аўтары аддавалі перавагу канчатку -ай (-яй), другія — -у (-ю). Напрыклад, у зборніку апавяданняў К. Крапівы «Людзі-суседзі» выдання 1928 г. знаходзім: з гэткаю шпаркасцю; ды i ў Я. Купалы ў публіцыстычных артыкулах бачым: з пэўнасцю не можам цвердзіць, соллю ўваччу. Пасля рэформы 1933г. стала замацоўвацца адзіная норма -у (-ю).
Як граматычныя дыялектызмы (з сучаснага пункту гледжання) павінны кваліфікавацца назоўнікі мужчынскага i ніякага роду з канчаткам -ом (-ём) у давальным склоне i -ox (-ёх) у месным склоне множнага ліку. Прыклады з «Тутэйшых» Я. Купалы: нам, бацьком, галава баліць; не заміналі важным гасцём; у іншых мясцох, пры бацькох, аб гасцёх, пры людзёх, у вачох. Toe самае i ў паэме Я. Коласа «Сымон-музыка»: «Цэрквы, стромкія касцёлы вежы ўзносяць к небясом». Або у «Ціхай плыні» М. Гарэцкага: «Бацька яе пры панох часта бывае». Зрэдку гэта з’ява сустракаецца i ў сучасных творах; напрыклад, у аповесці В. Быкава «Аблава»: «...у рабочы час разгульвае адзін па палёх». Да памянёнай рэформы 1933г. такія канчаткі былі нормай беларускай літаратурнай мовы. У 1933 г. афіцыйна ўзаконена ўжыванне іншых канчаткаў (-ам, -ах).
У творах М. Гарэцкага, што вывучаюцца ў школе («Ціхая плынь», «У чым яго крыўда?», «На этапе»), таксама ёсць словы, якія не замацаваліся ў літаратурнай мове. Сярод ix — лексічныя дыялектызмы (фіксуюцца ў слоўніках І. Бялькевіча, М. Байкова i С. Некрашэвіча): зюкаць (‘гаварыць’), зюклівы (‘гаваркі’), адылі (‘аднак’), фанетычныя: набгом (‘нагбом’), акцэнтна-фанетычныя: натаўп (‘натоўп’). Некалькі разоў сустракаем а ў якасці злучальнага злучніка: возяць а возяць, едуць а едуць, шырокая а далёкая; i ў фразеалагізме там i там, пададзеным у хрэстаматыі для 9 класа так: там-а-там.
Ёсць семантычны дыялектызм у байцы K. Kpaпівы «Дзед i Баба» (1925). Л. Арабей, зямлячка K. Kpaпівы, піша ў мініяцюры «Дарма» (Полымя. 1998. №10. С. 150): «У нашай мясцовасці слова «дарма» ўжываецца ў сэнсе — хораша, прыстойна, някепска. Вось у Кандрата Крапівы ў яго вядомай байцы «Дзед i Баба»:
Конік з выгляду –– дарма,
Ды цягнуў ён слаба...
А некаторыя артысты, чытаючы байку, слова «дарма» ужываюць у сэнсе — кепска. Ведай слова!»
Аднак прыведзенае тлумачэнне не зусім дакладнае. Тут слова дарма абазначае ‘неблагі, нядрэнны’. Менавіта з такім значэннем (чацвёртым па парадку) i граматычнай паметай «у значэнні выказніка» гэта слова пададзена ў «Слоўніку гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі» (1990. Т. 1. С. 111).
Асобна трэба сказаць некалькі слоў пра маўленне дзеда Цыбулькі з камедыі А. Макаёнка «Таблетку пад язык». Усе персанажы п’есы, у тым ліку i ўнук Цыбулькі, студэнт-завочнік Юрка, гавораць на літаратурнай мове. Драматург, як i трэба, iмiтye ix непасрэднае вуснае маўленне. А вось дзед Цыбулька, які, па яго словах, «са сваім завочнікам, з Юркам, усю палітэканомію асіліў, за гістмат узяўся», надзелены нейкім незвычайным i нічым не апраўданым жаргонам. Ёсць у маўленні Цыбулькі i дыялектныя словы, але яны не адлюстроўваюць якія-небудзь асаблівасці пэўнага дыялекту ці групы гаворак. Гэта нейкая дзівацкая сумесь з розных гаворак. Напрыклад, дзеясловы другога спражэння ў форме 3-й асобы адзіночнага ліку ўжываюцца то з -ць (на канцы), то без -ць: ён перайначыць, меціць, але: бача, уключа. Чуем з вуснаў дзеда то ета («Што ета за машына?»), етакае («такое-етакае»), то гэта («Гэта як назваць? Што гэта?»), то ў адным выказванні i тое, i другое («Гэта ж трэба, каб етак?»). Д i тусловах неславянскага паходжання то цвёрдыя (бактэрыі, дыстанцыя, перспектыва), то змякчаюцца (апеціт, целевізар). Ёсць i такія перлы (яны, аднак, выклікаюць у гледача i чытача не смех, а нешта іншае): «Я, можа, вока народнае... Глаз прыжмураны»; «Калі хочаш у сутнасці разабрацца, дык не таму бывала ад таго, a зусім наадварот — ад таго i бывала, таму, што вабчэ i ў часнасці... Паняў? Не-е, не раскумекаць табе ета». Дзед Цыбулька, па задуме драматурга, — станоўчы, перадавы чалавек. Але паслухаем iнакшую рэакцыю гледача, выказаную ў вершаваным рамане Н. Гілевіча «Родныя дзеці»: «Вось быў я неяк у тэатры — глядзеў камедыю адну. Дык там якісь артыст на сцэне iгpaў старога цурбяля i ўсё крычаў, аж пырскаў пенай: «За што любіць цябе, зямля?!» I што жылі мы небагата, i пухлі з голаду парой — зямля была ў тым вінавата, — даводзіў бравы дзед-герой. Я слухаў гэта — i, не блазан, а ўсё ж патомны хлебароб, адчуў, што ён мяне aбpaзiў, i рушыў з залы ў гардэроб».
Своеасаблівымі дыялектызмамі, толькі абмежаванымі не пэўнай тэрыторыяй, а якой-небудзь прафесіяй, аднолькавым родам заняткаў, з’яўляюцца словы прафесійнага дыялекту, ці прафесіяналізмы. Гэта таксама пазалітаратурныя сродкі. Некаторыя з іх разглядаліся пры аналізе апавядання М. Лынькова «Андрэй Лятун». Шмат прафесіяналізмаў у вершы Я. Коласа «Плытнікі»; напрыклад, заднік –– ‘апошні, задні плытнік’, галаўнік –– ‘старшы плытнік, які ідзе ўперадзе’:
А заднік без толку
Бусаком махае.
Галаўнік Міколка
Бэсціць яго, лае.
У мастацкіх тэкстах пры апісанні вузкіх сацыяльных груп грамадства выкарыстоўваюцца жарганізмы – сацыяльна абмежаваныя словы і выразы. Ёсць такія моўныя сродкі з жаргону зладзеяў, напрыклад, у апавяданнях М. Лынькова «Над Бугам», «Баян», «На вялікай хвалі», у аповесці В. Быкава «Жураўліны крык»: шкет – ‘падлетак’, замухрыжаны – ‘непрыглядны’, філон – ‘лодар’, сціркі – ‘карты’, стырыць – ‘украсці’, блямба – ‘пляма’, касая–’сто рублёў’, туфту заражаць – ‘падманваць’ і інш.
Сярод пералічаных вышэй слоў ёсць і філон. Калі М. Лынькоў пісаў апавяданне «Баян» (1933), гэта слова сапраўды было жаргонным. А ў сённяшніх нарматыўных слоўніках яно фіксуецца з паметай «размоўнае». Гэта адно са шматлікіх сведчанняў, што мяжа паміж дыялектнай, прафесійнай, жаргоннай і агульнанароднай, літаратурнай лексікай рухомая, што многія словы абмежаванага ўжывання з цягам часу пераходзяць у лексічны склад літаратурнай мовы.
Адзначым, дарэчы, што ў навучальных дапаможніках для студэнтаў-філолагаў у якасці прыкладаў жаргоннай лексікі прыводзяцца такія: абаранак, засыпацца, зрэзацца, зубрыць, зубрылка, кол, плаваць, хвост, філон. Але ўсе гэтыя словы пададзены ў ТСБМ, «Слоўніку беларускай мовы» (1987), «Беларуска-рускім слоўніку», адны з паметкай «размоўнае», другія (абаранак ‘рулявок кола’) без паметы і, такім чынам, прызнаюцца як звычайныя лексічныя адзінкі літаратурнай мовы ці як асобныя значэнні пэўных слоў.
Сказанае варта прымаць пад увагу як пры чытанні адпаведных старонак згаданых навучальных дапаможнікаў, так і пры лінгвістычным аналізе мастацкіх тэкстаў, дзе сустракаюцца названыя словы.