§ 16. Спецыфіка мовы мастацкай літаратуры
Каб кваліфікавана, на належнай аснове аналізаваць мову мастацкага тэксту, трэба ведаць, у чым яе спецыфіка, чаму мова мастацкай літаратуры –– «з’ява іншага, больш складанага парадку» (В. У. Вінаградаў) у параўнанні з функцыянальнымі стылямі.
Толькі у мастацкай літаратуры слова служыць і сродкам выказвання думак, пачуццяў, і матэрыялам, з якога ствараецца мастацкі вобраз. Кажучы пра вялікае значэнне мовы драматычнага твора для яго мастацкай пераканаўчасці, К. Крапіва адзначае: «Дзеючыя асобы павінны гаварыць не тое, што яны наогул могуць гаварыць пры даных акалічнасцях, а толькі тое, што з’яўляецца неабходным для раскрыцця аўтарскага замыслу. У п’есе не павінна быць выпадковых рэплік. Кожная фраза павінна быць нечым абумоўленай і ў сваю чаргу нешта абумоўліваць у сэнсе развіцця драматургічнага дзеяння» [45, с. 218]. Не толькі ў драматычным, але і ў кожным добрым творы няма і не павінна быць нічога лішняга, не звязанага з задачай, якая пранізвае ўсю мастацкую задуму, –– «схіліць чытача на бок таго ці іншага разумення, той або іншай ацэнкі розных бакоў рэчаіснасці, уздзейнічаць на чытача і скіраваць яго пачуцці і сімпатыі ў адпаведнасці з ідэйнай канцэпцыяй пісьменніка» [14, с. 321]. Таму ў мастацкім творы кожнае слова адзінае і незаменнае.
Вядома, напрыклад, як даражыў Л. Талстой кожным словам у сваіх творах. Будучы яшчэ амаль нікому не вядомым пісьменнікам-пачаткоўцам, Л. Талстой, адпраўляючы ў часопіс сваё апавяданне «Набег», прасіў рэдактара, каб той, калі захоча надрукаваць твор, не выпускаў, не дадаваў, а галоўнае, не замяняў у ім нічога. Можна прывесці і такі прыклад: У. Караткевіч на рэдактарскія заўвагі да свайго рамана «Каласы пад сярпом тваім» безапеляцыйна заявіў: «І коскі з месца не зрушу» [90].
Кожны эпізод, дэталь, асобны штрых, пейзажны малюнак і інш. –– усё гэта неабходныя часткі твора. Такой патрэбнай, абавязковай выступае, напрыклад, у рамане А. I. Герцэна «Хто вінаваты?» чарада біяграфій. Нездарма аўтар перад пачаткам адной з такіх біяграфій, якія фактычна раскрываюць сацыяльны сэнс твора, насмешліва раіць чытачам –– аматарам эфектных сцэн: «Хто жадае, можа прапусціць гэтыя эпізоды, але з тым разам ён прапусціць і аповесць».
«Глыбокая своеасаблівасць мовы мастацкай літаратуры, якая адрознівае яе ад усіх стыляў мовы, –– піша В. Д. Левін, –– вызначаецца наяўнасцю дадатковай, эстэтычнай функцыі, што звязвае яе [мову] з такімі бакамі твора, як сістэма вобразаў, сюжэт, кампазіцыя, ставіць яе [мову] у рад з гэтымі эстэтычнымі катэгорыямі; у гэтых адносінах... мова мастацкай літаратуры можа быць супрацьпастаўлена ўсім іншым формам праяўлення мовы як «немастацкім», якія не валодаюць эстэтычнай функцыяй» [51, с. 97]. «Эстэтычную функцыю мовы ў мастацкім творы няправільна ўяўляць пры гэтым як асаблівасць толькі некаторых мясцін у творы, якія адрозніваюцца вобразнасцю, маляўнічасцю, вострай характэрнасцю і г. д. Эстэтычная функцыя –– гэта агульная ўласцівасць мовы мастацкага твора ў цэлым і асобных яго элементаў, паколькі яна [мова] заўсёды падпарадкавана агульнай ідэйна-мастацкай задачы твора, паколькі гэта агульная яе функцыя знаходзіць сваё канкрэтнае выяўленне ў падпарадкаваных ёй прыватных функцыях асобных частак, урыўкаў мастацкага твора. З гэтага пункту погляду ўсе элементы мовы твора нясуць пэўную стылістычную нагрузку, стылістычна значныя, выразныя, нават такія, якія ў «агульнай» мове выступаюць як стылістычна нейтральныя» [51, с. 78 –– 79].
Слова ў мастацкім творы звернута да свету мастацкай рэчаіснасці. Вось мы пачалі чытаць «Дрыгву» Я. Коласа і, дзякуючы эстэтычнай функцыі слова, адразу ж пераносімся ў гэты свет мастацкай рэчаіснасці: «Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат, можа, так трыццаць ці сорак. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая, старэйшая ці навейшая. Але хата дзеда Талаша ўсё ж такі зварачае на сябе ўвагу. Не так знадворным выглядам, як адзіноцтвам: стаіць яна наводшыбе і ў блізкім суседстве з хмызняком ускрай балота. Побач з хатай, прыкрываючы яе ад летняга сонца, красуецца высокая разложыстая груша. Вясною, усыпаная белым цветам, як маладая дзяўчына, яна проста аздабляе дзедаў двор, і не толькі дзед Талаш, а і бусел з гнязда, змайстраванага на дзедавай клуні, залюбуецца ёю».
Карыстаючыся звычайнымі, але мэтанакіравана падабранымі і скамбінаванымі ў адпаведнасці з мастацкай задумай словамі, якія ў «творчым кантэксце» выконваюць эстэтычную функцыю, пісьменнік нібы зачароўвае нас, пераносіць у прыдуманы ім свет як у рэальны. Таму кожнае слова ў мастацкім творы вобразнае і адзіна магчымае, семантычна і стылістычна значнае, унутрана апраўданае і звязанае з кампазіцыяй цэлага. Прыгадаем у гэтай сувязі мініяцюру Я. Брыля (у цыкле «Пошукі слова» з кнігі «Вітраж»):
«Унять старую ведьму!» –– сказал Пугачев. Тут молодой казак ударил ее саблей по голове, и она, обливаясь кровью, упала на ступеньки крыльца».
У чым таямніцы, у чым законы майстэрства? Чаму казак малады?
Адно бясспрэчна: калі б яе, старую жанчыну, ударыў не малады – было б значна слабей. Можа, і не запомнілася б так –– з маленства. Бо і цытую па памяці.
Пры аналізе мастацкага тэксту трэба памятаць, што ўсе моўныя сродкі, выкарыстаныя ў творы, і іх адбор у шэрагу сінанімічных сродкаў выказвання залежаць ад зместу твора, ад мастацкай і ідэйнай пазіцыі аўтара, а таму павінны быць у полі ўвагі чытача.
Параўноўваючы раздзелы «Раніца ў нядзельку» і «Дзядзька ў Вільні» з паэмы Я. Коласа «Новая зямля», выразна бачым, як залежыць адбор мастацкіх сродкаў ад зместу, а таксама ад адносін паэта-рэаліста да таго, што адлюстроўваецца ў раздзелах. Лексічны склад раздзела «Дзядзька ў Вільні» багаты словамі, звязанымі з апісаннем горада, якіх, зразумела, не знойдзеш у іншых раздзелах: тратуар, конка, балагол, пасажыр, тунель, чамадан, банк, чыноўнік, гарадавы і г. д. Сатырычна паказваючы сацыяльную няроўнасць, паэт супрацьпастаўляе паноў і «сярмяжны народ» падборам адпаведных моўных сродкаў:
Паны складаюць чамаданы,
Лубкі-каробкі, дзе схаваны
Паненак розныя прыпасы
Для завівання, для падкрасы,
Каб трохі зменшыць перашкоды,
Пахібкі матухны-прыроды.
Срэдзь люду рознага і панства
І між усякага убранства
Відна і дзядзькава апратка,
Пільчак і шапачка-аладка.
Або параўн. яшчэ ўрывак, дзе, апрача ўсяго іншага, супастаўленыя дзеясловы ісці і садзіць нясуць важную эстэтычную нагрузку:
І вал сярмяжнага народу
Ідзе да правага праходу.
Паны налева важна садзяць,
Дзе ім сярмяжнікі не здрадзяць
Ні пахам дзёгцю, ні карчагі,
Ні відам латанай сярмягі.
Малюючы тагачасны горад з яго хабарнікамі-чыноўнікамі, «таўшчэразнымі, пузатымі» панамі, аўтар падае ўсё гэта праз успрыманне Антося –– вясковага, простага чалавека. Адсюль усе параўнанні носяць канкрэтны характар, маюць сялянска-бытавы каларыт і адпавядаюць сатырычным задачам паэта. Некалькі прыкладаў: «чыноўнік буркнуў штось сярдзіта, як той япрук каля карыта», «махнуў чыноўнік барадою, як саламянаю мятлою», «сядзяць пісцы, як гною кучкі, скрыпяць іх пёры, ходзяць ручкі, трашчаць, як конікі на сене ці тыя шашалі ў палене», пісарчук вынік «перад сябрамі, як тая порхаўка часамі па цёплым дожджыку з зямлі», гарадавы «стаіць, як той пастух над статкам, і наглядае за парадкам», у пана «як студзень, карк трасецца», адны з паноў «круглыя, як броўны», «другія выпетрылі ў палку». На іншых моўных сродках таксама адбітак сялянскага ўспрымання:
Ото паноў! о, божа мілы!
Якія гладкія іх рылы!
Якія вусы і бароды!
Паставіць бы іх у гароды –
Ні вераб’і і ні вароны
Не смелі б сесці на загоны!
Або пра паненак, «дачушак бруку»:
Растуць, як краскі, ў добрай долі,
Не трэба йсці з сярпом на поле,
Дзе праца ўсю красу знімае,
А ржышча ногі прабівае.
Ідэйна-мастацкай пазіцыяй Я. Коласа, які свайго героя часам апісвае з мяккім гумарам, з добразычлівай усмешкай, вытлумачваюцца кніжныя ўкрапванні ў асобныя сказы, што складаюцца з нейтральнай і гутарковай лексікі. Напрыклад, у аповесці «Дрыгва» пра дзеда Талаша гаворыцца: «Дзедава напружанасць і страх крыху ачахлі, але ўсё ж такі ён покі што і надалей захоўваў сваё інкогніта»; «...яго аўдыторыя складаецца з аднаго толькі слухача»; «Тады ўжо дзед Талаш зрабіў некалькі разоў экскурсію ў цёрла з мёдам»; «На гэтым і скончыў дзед Талаш сваю аўдыенцыю».
Ужо цытаваўся (§ 9) прыклад з трылогіі Я. Коласа «На ростанях», як на рэпліку пісара Дулебы Захар Лемеш адказвае: «Або мукá, або мýка». У тэксце знаходзім не адказвае, а ўздыхае старшыня. З дзесятка сінонімаў, у тым ліку і кантэкстуальных, якімі звычайна суправаджаецца простая мова, пісьменнік выбраў менавіта ўздыхае –– адзіна магчымае тут, вельмі змястоўнае слова: яно падкрэслівае, як Лемеш, напалоханы рэвалюцыйнымі падзеямі 1905 г., перажывае за лёс царскага рэжыму і за свой уласны лёс валаснога старшыні.
Вызначыць ідэйна-мастацкую мэтазгоднасць таго ці іншага моўнага сродку ў пэўным кантэксце дапамагае лінгвістычны эксперымент, сутнасць якога, паводле А. М. Пяшкоўскага, у «штучным прыдумванні стылістычных варыянтаў да тэксту». Некалькі прыкладаў.
Я. Колас у той жа трылогіі буславы гнёзды называе палацамі: «Сталыя і важныя буслы з незвычайнай сур’ёзнасцю хадзілі па краях балота або ляталі да гнёздаў на старых хвоях і папраўлялі свае апушчаныя за зіму палацы». Калі замяніць палацы, скажам, словам хаты, то адразу адчуваецца, што яно не кантактуе з іншымі мастацкімі сродкамі гумарыстычнага кантэксту, не намякае на тую вышыню, на якой знаходзяцца гэтыя гнёзды.
У аповесці К. Чорнага «Насцечка» буфетчыца, пакрыўджаная пяцікласнікам Сержам, кажа яму: «Чаго ты крычыш? Я старая жанчына. Бач, які герой знайшоўся. Сам кату па пяту, а распараджаецца». Фразеалагізм кату па пяту і словазлучэнне вельмі малога росту –– сінонімы. Аднак апошняе выконвала б толькі намінатыўную функцыю, яно пазбаўлена той вобразнасці, якую нясе з сабой фразеалагізм, і не паказвала б насмешлівых адносін буфетчыцы да ганарыстага і самаўпэўненага Сержа; таму пісьменнік і выкарыстаў фразеалагізм, а не блізкае значэннем спалучэнне слоў.
Чытаючы апавяданне Я. Коласа «Васіль Чурыла», сустракаемся са сказам: «Пры адной толькі думцы пабачыцца з ляснічым мароз прабягаў па скуры Васіля». Замена фразеалагізма мароз прабягаў па скуры, які выступае ў гэтым кантэксце з функцыяй вобразнага адлюстравання і эмацыянальнага ўздзеяння, семантычна блізкім спалучэннем станавілася вельмі страшна збедніла б сказ і ў сэнсавых адносінах: у ім не выражаўся б страх Васіля ў такой ступені, як гэта перададзена з дапамогай фразеалагізма.
Майстэрства ў адборы слоў і фразеалагізмаў добра відаць і пры лінгвістычным аналізе паэмы «Тарас на Парнасе». Фантастычнаму, казачнаму сюжэту паэмы адпавядаюць фальклорныя, пераважна казачныя элементы: «хадзіў ці доўга ён, ці мала», «ляцеў ці доўгая, ці мала», «пяром няможна апісаць». Лексіка і фразеалогія паэмы ў асноўным размоўна-бытавая, прастамоўная. На такім лексіка-фразеалагічным фоне некалькі дзесяткаў кніжных слоў (пераважна назвы багоў) выступаюць у камічным акружэнні, што адпавядае жанру парадыйна-сатырычнай паэмы: «Авохці мне! Ні даць ні ўзяць, як у казарме тут салдатаў –– багоў –– няможна пашчытаць!»; «Багіні ж у начоўках мыюць багам кашулі і парткі»; «А Зеўс тым часам насцябаўся, што носам чуць зямлю не рыў».
Як слушна зазначае М. А. Лазарук, «гэта пародыя накіравана не так супраць даўно памёршага класіцызму і ўвогуле супраць вытанчанай літаратуры, што адмяжоўвалася ад народа, як супраць той дваранскай літаратуры, якая прэтэндавала на народнасць і арыентавалася на патрыярхальны быт, на патрыярхальных тыпаў як на ўвасабленне народнага, нацыянальнага пачатку» [49, с. 171]. Паэт высмейвае псеўданароднасць дваранскай і афіцыйнай літаратуры і піша свой твор «мужыцкай» мовай. Таму ў паэме знаходзім нямала зніжаных моўных сродкаў, выкарыстаных не толькі ў дачыненні да многіх багоў ці «плюгавага» Булгарына. Галоўны герой парадыйна-сатырычнай паэмы палясоўшчык Тарас і пра сябе гаворыць па-сялянску самакрытычна: «Стаяў я доўга і дзівіўся, разявіў зяпу і глядзеў»; «Дабыў з табакай рагавень і храпы напіхаў цяртухай»; «зубом, як цюцька, лепячу»; «быў у гразі я, як свіння».
Адбор моўных сродкаў залежыць і ад часу напісання твора, ад яго жанру. Так, у гутарцы «Дзядзька Антон» нямала такіх моўных фактаў, якія мы сёння разглядаем як дыялектызмы, архаізмы, гістарызмы, польскія або рускія словы. Жанравымі асаблівасцямі гутаркі абумоўліваецца спалучэнне ў ёй разнастайных элементаў мастацкай прозы, публіцыстыкі, нарыса. Пачатак гутаркі –– узор мастацкай прозы: «На самым канцы нашага сяла, аж пад лесам, стаіць, пакасіўшыся, старусенькая хатка...» Калі ж да свядомасці чытача неабходна данесці ідэі глыбокага сацыяльнага зместу, тады ў асноўную, гутарковую плынь твора натуральна ўваходзяць элементы публіцыстыкі: «...яны спазналі, што поп –– гэта найвярнейшы царскі слуга... Вучыць ён, што цар –– гэта бог земскі...» У гутарцы нярэдка выкарыстоўваюцца дакладныя лічбы, канцылярска-юрыдычныя і іншыя тэрміны, як у сацыяльна-эканамічным нарысе: «––А скажы ж ты нам: ці многа там грошай ідзе ў казну ў такі спосаб? –– А вы думаеце мала! 125 мільёнаў, во сколькі! А гэты падатак завецца простым, непасрэднім, звычайным». Ад ідэйнага зместу твора, ад жанру і часу напісання залежыць адбор і іншых моўных сродкаў; напрыклад: казна, фельдфебель, падаткі падушныя, падымныя, зямельныя, канцылярыя, з аднаго боку, і па свеце божым ходзім, святая зямелька носіць, на соненька светлае глядзім, хоць адзін загон узараў, выціскаюць астатнія сокі, як з сыру канаплянага, з другога боку.
Як ужо было паказана, мова мастацкай літаратуры адрозніваецца ад функцыянальных стыляў, па-першае, сваёй эстэтычнай функцыяй і ў гэтай сувязі своеасаблівым выкарыстаннем моўных сродкаў, па-другое, існаваннем у дзвюх разнавіднасцях –– празаічнай і вершаванай. Можна гаварыць, што мова мастацкай літаратуры мае і яшчэ адну, трэцюю сістэму арганізацыі маўлення, немагчымую і немэтазгодную ў функцыянальных стылях, –– драматычную, якая будуецца ў форме дыялогу і з’яўляецца адлюстраваннем, наўмыснай імітацыяй непасрэднага вуснага маўлення. Адрозніваецца мова мастацкай літаратуры і шырынёй ахопу моўных сродкаў, уласцівых нацыянальнай мове.
У паняцце «беларуская нацыянальная мова», як вядома, уваходзяць абсалютна ўсе словы і выразы, марфалагічныя формы і сінтаксічныя канструкцыі, якія бытуюць у асяроддзі яе носьбітаў. У нацыянальную мову, такім чынам, уключаюцца і словы літаратурнай мовы, і моўныя багацці беларускіх гаворак, дыялектаў, а таксама пазалітаратурныя прастамоўныя словы, жарганізмы, вульгарызмы, малавядомыя прафесіяналізмы.
Літаратурная мова, з’яўляючыся найвышэйшай формай нацыянальнай мовы, мовай кніг, газет, часопісаў, радыё, тэлебачання, школы, вылучаецца сваёй апрацаванасцю і ўнармаванасцю: яна мае адзіныя, замацаваныя даведнікамі і абавязковыя для ўсіх яе носьбітаў лексічныя, фразеалагічныя, граматычныя, арфаэпічныя, арфаграфічныя, пунктуацыйныя і стылістычныя нормы. Узяўшы з нацыянальнай мовы найбольш тыповыя словы і фразеалагізмы, марфалагічныя формы і сінтаксічныя канструкцыі, літаратурная мова стала дасканалым сродкам зносін. Яна існуе ў вуснай і пісьмовай форме і абслугоўвае самыя разнастайныя патрэбы жыцця і дзейнасці людзей. Гэтым абумоўліваецца існаванне ў літаратурнай мове такіх яе разнавіднасцей, або функцыянальных стыляў, як гутарковы, навуковы, публіцыстычны і афіцыйны (у школьных праграмах па беларускай мове менавіта так –– афіцыйны –– называецца апошні з гэтых стыляў). Стылі адрозніваюцца функцыямі: у гутарковым стылі –– функцыя зносін, паведамлення, у навуковым і афіцыйным –– паведамлення, у публіцыстычным –– паведамлення і ўздзеяння.
Аснову кожнага з гэтых стыляў складаюць агульналітаратурныя, стылістычна нейтральныя сродкі. Разам з тым кожнаму стылю ўласцівы свае, толькі для яго характэрныя словы, фразеалагізмы, формы і канструкцыі. Напрыклад, афіцыйны стыль вылучаецца такімі словамі і спалучэннямі, як дэкрэт, указ, пакт, пратакол, ультыматум, згодна з планам, лічыць несапраўдным, вынесці пастанову, а таксама выкарыстаннем штампаў тыпу ніжэйпамянёны, вышэйпададзены, захаваннем пэўнага шаблону, скажам, пры напісанні заявы, пратакола, указа, ужываннем слоў толькі з прамым значэннем. Афіцыйны стыль, як і кожны з іншых, не дапускае ўжывання ў ім моўных сродкаў, якія ўспрымаюцца як прыналежнасць іншага стылю. Нельга, напрыклад, у міжнародных дагаворах, законах ці заяве выкарыстоўваць назоўнікі і прыметнікі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі або гутарковыя словы і выразы[1].
Кніжным стылям (публіцыстычнаму, навуковаму, афіцыйнаму), якія бытуюць, як правіла, у пісьмовай форме, супрацьпастаўляецца гутарковы стыль, які звычайна выступае ў вуснай форме. Ён, у адрозненне ад кніжных стыляў, характарызуецца менш строгай унармаванасцю, большай непасрэднасцю, вольнасцю, эмацыянальнасцю. Гутарковы стыль мае шэраг іншых асаблівасцей, некаторыя з якіх можна бачыць пры аналізе наступнага ўрыўка з апавядання М. Лынькова «Андрэй Лятун»:
Семафор адкрыты, а я на поўным разгоне адкрыў гудок, закаціў трывогу на ўсе застаўкі. Пасля расказвалі на станцыі, перапалохаліся там усе –– начальства, варта: чаго там шалее –– семафор адкрыты, а ён у трывогу кінуўся.
Пакуль яшчэ пад’ехаў, пазбягаліся ўсе. Пад’язджаю, трублю і крычу ўжо на станцыі: браткі, бандытаў хутчэй хапайце! І што ж вы думалі –– усіх пабралі, як міленькіх. Адзін толькі саскочыў, дый той, небарака, аб сотнік чарапянку зламаў. Бач, калі таргануў гэта я паравозам, ашаламуціліся яны ўсе. Некаторыя лататы хацелі даць, ды пасажыры скемілі, у чым справа, ды за каўнер, ды за зброю.
І пацехі ж было пасля, бо я обера лаяў, чаму за білеты не ўзяў з безбілетнікаў гэтых самых... А ён мяне крыў:
–– Не меў, кажа, ты аніякага поўнага права без майго свістка шалёны ход пачынаць...
–– А навошта ж згубіў ты, кажу, свісток гэты, пад лаўку хаваючыся...
Смяхоцце, браткі, было... Ну, а пасля праз некалькі месяцаў мне і ордэн гэты чырвоны.
Ва ўрыўку нямала слоў і фразеалагізмаў, якія ў даведніках літаратурнай мовы падаюцца з паметкай «размоўнае» (закаціць, кінуцца, хапаць, крыць[2], дый, небарака, обер –– замест обер-кандуктар, аніякі, смяхоцце, на ўсе застаўкі, як міленькіх, лататы даць, у чым справа); ёсць прастамоўныя словы (чарапянка, ашаламуціцца), прафесіяналізмы (сотнік). Выкарыстоўваюцца ўзмацняльныя часціцы (чаго там шалее, і пацехі ж было пасля). Ужываюцца звароткі, пабочныя словы і іншыя эмацыянальна-экспрэсіўныя сродкі (браткі, бач, і што ж вы думалі). Натуральнасць і прастата выказвання падкрэсліваюцца інверсіяй (з безбілетнікаў гэтых самых), паўторамі і няпоўнымі сказамі, непаўната якіх можа дапаўняцца ў маўленні інтанацыяй, жэстам, мімікай (ды за каўнер, ды за зброю; Ну, а пасля праз некалькі месяцаў мне і ордэн гэты чырвоны).
Вернемся цяпер да мовы мастацкай літаратуры. Ужо гаварылася пра некаторыя яе адрозненні ад функцыянальных стыляў. Яшчэ некалькі адрозненняў.
Па-першае, кожны з чатырох стыляў мае спецыфічныя моўныя сродкі (у лексіцы, сінтаксісе). У мове мастацкай літаратуры такіх агульных, уласцівых ёй рыс няма. Больш таго, мова мастацкай літаратуры баіцца гэтага агульнага, яна не дапускае яго. Кожны пісьменнік імкнецца выявіць сваю індывідуальнасць і ў мове, таму ён не паўтарае ні каго-небудзь іншага, ні самога сябе. Аднойчы знойдзеная ім метафара так і застаецца метафарай толькі дадзенага, пэўнага тэксту. Пісьменнік не паўторыць яе ў другім творы, і які-небудзь іншы аўтар не пасмее запазычыць гэту знаходку.
Па-другое, кожны з чатырох стыляў звязаны толькі з пэўнай галіной чалавечай дзейнасці і характарызуецца стылістычнай замкнёнасцю, недапушчальнасцю ўжывання іншародных элементаў. Мова мастацкай літаратуры адлюстроўвае ўсе сферы жыцця і дзейнасці людзей і не мае абмежаванняў у выкарыстанні моўных сродкаў. У мастацкіх тэкстах, у залежнасці ад таго, пра што расказваецца ў тым ці іншым творы, якія сацыяльныя групы дзейнічаюць у ім, якая гістарычная эпоха адлюстроўваецца, у якой сітуацыі адбываецца маўленне, могуць ужывацца і агульналітаратурныя словы, фразеалагізмы, і моўныя сродкі з усіх іншых стыляў.
У мастацкім творы адны часткі тэксту можна кваліфікаваць як гутарковы стыль, другія –– як публіцыстычны, трэція –– як афіцыйны, чацвёртыя –– як навуковы. Прыклад гутарковага стылю (з апавядання М. Лынькова «Андрэй Лятун») ужо даваўся. Прывядзём іншыя прыклады.
У наступным урыўку з трылогіі Я. Коласа «На ростанях» (выступае Лабановіч) — публіцыстычны стыль:«Кадэцкая дума — тормаз народнага паўстання супраць каранованага пудзіла на троне. А таму кожнаму, хто любіць народ, ідзе за народам, трэба стаць на шлях бязлітаснай, разумнай барацьбы па адзінаму плану, у імя звяржэння ідала на троне i яго памагатых, паслугачоў i падбрэхічаў».
У гэтай жа трылогіі знаходзім рэзалюцыю суда — узор афіцыйнага стылю:«Па ўказу яго імператарскай вялікасці Віленская судовая палата, па крымінальнаму дэпартаменту, у публічным пасяджэнні ў складзе..., выслухаўшы справу аб сялянах..., прыгаварыла сялян Лабановіча, Лявоніка i Тургая заключыць у крэпасць на тры гады кожнага».
А гэта прыклад навуковага стылю— з рамана І. Шамякіна «Атланты i карыятыды»: «Яшчэ Карбюзье сказаў, што, нягледзячы на ўсе размовы аб функцыянальнасці, метады дзейнасці архітэктараў не так ужо адрозніваюцца ад метадаў іншых прадстаўнікоў мастацтва. У нас усё яшчэ на першым плане — эстэтыка, хоць у эпоху індустрыяльнага будаўніцтва функцыя стала рашаючай. Яна дыктуе i закон эканоміі».
У мастацкім маўленні нярэдка выкарыстоўваюцца, пры адпаведнай эстэтычнай матываванасці, разнастайныя пазалітаратурныя элементы –– дыялектызмы, жарганізмы і г.д. Інакш кажучы, у мастацкай літаратуры можна сустрэць моўныя сродкі з абедзвюх разнавіднасцей нацыянальнай мовы –– літаратурнай і народна-дыялектнай. Акрамя таго, у мастацкіх творах могуць быць і словы, якіх не ведае нацыянальная мова,–– індывідуальна-аўтарскія наватворы, словы з чужых моў.
Аднак гэта не значыць, што «мова мастацкай літаратуры» як паняцце шырэйшая за «літаратурную мову»[3]. Каб пераканацца ў гэтым, варта звярнуцца да колькасных паказчыкаў. У найбольш поўных слоўніках беларускай літаратурнай мовы падаецца каля 100 тысяч слоў. Мова ж мастацкай літаратуры далёка не ахоплівае ўсяго, што ёсць у літаратурнай мове; у мастацкіх тэкстах амаль не выкарыстоўваюцца тысячы тэрмінаў з розных навук, некаторыя іншыя семантыка-граматычныя з’явы. Як сведчаць частотныя слоўнікі (хоць яны і робяцца на аснове абмежаваных выбарак), у мове мастацкай літаратуры ўжываецца каля 30 тысяч слоў. У беларускай мастацкай прозе, напрыклад, выкарыстана 21754 словы [64]. Параўн. таксама: у слоўніку мовы А. С. Пушкіна 21 197 слоў. Абсалютная большасць слоў, што выкарыстоўваюцца ў мастацкіх тэкстах, –– гэта словы літаратурнай мовы, а сярод іх пераважна міжстылёвыя, нейтральныя. На долю пазалітаратурных моўных элементаў звычайна прыпадае невялікі працэнт. Таму больш дакладным трэба прызнаць сцвярджэнне: «паняцце літаратурнай мовы з’яўляецца адначасова і больш шырокім, і больш вузкім, чым паняцце мовы мастацкай літаратуры» [107, с. 77].
Сувязь мовы мастацкай літаратуры з функцыянальнымі стылямі і дыялектнай мовай, прастамоўем і інш. можна перадаць схематычна:
У мастацкіх тэкстах могуць суседнічаць, несучы пэўную стылістычную нагрузку, словы з розных стыляў і пазалітаратурныя словы. Так, у рэпліцы пані Яндрыхоўскай (К. Крапіва. Партызаны) побач з нейтральнымі сродкамі знаходзім кніжныя, а таксама польскае слова айчызна, а ў насмешлівым адказе дзеда Бадыля –– нейтральныя словы, дыялектную форму патаўком і наватвор мысія (ад прастамоўнага мыса):
П а н і Я н д р ы х о ў с к а я. Мой сын выконвае тую місію, якую ўсклала на яго айчызна.
Д з е д Б а д ы л ь. Пачакай, мы яшчэ патаўком яму гэту мысію.
Разнастайныя і нярэдка пазалітаратурныя моўныя сродкі найчасцей бачым у маўленні персанажаў. Напрыклад, у камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» (выступленне Зёлкіна): «Якое смелае пранікненне ў глыбіню сівых вякоў праз алювіі, дылювіі, пліяцэны, міяцэны і ўсякія іншыя напластаванні». Або ў рамане I. Мележа «Людзі на балоце»: «–– Було... вашае... –– Було?! –– Було... Цяпер –– наш-шае...» I. Мележ у рамане «Завеі, снежань» з насмешкай і непрыхільнасцю малюе вобраз Дубадзела, зазначаючы, што для гэтага «гарачага прамоўцы» «не так важныя самі словы, думкі, якія ішлі часта без ладу, паўтараліся, –– колькі тон прамовы, той запал, якім ён не даваў прытухаць ні на секунду»: «Бо сваім паступкам... вы паказалі ўсяму народу, якое ў вас яшчэ мужыцкае, некалхознае нутро. Якое думае толькі пра сваю выгаду і якому напляваць на тое, што робіцца ў перадавом нашым раёне і ў нашым окрузе, а такжа ў нашым Савецкім Саюзе, які ў даны мамент акружаны з усіх бакоў рознай буржуазіяй, якая з усіх сіл стараецца задушыць наш Савецкі Саюз, а іменно –– стараецца, штоб сарваць нашу пяцілетку, нашу індустрылізацыю і калекцівізацыю, якія наносяць ёй смярцельны ўдар!» У гэтым урыўку бачым нямала неўласцівых беларускай літаратурнай мове слоў, а таксама стылістычна заганнае нанізванне, з дапамогай неаднаразова паўторанага злучальнага слова які, аднатыпных даданых частак у сказах з паслядоўным падпарадкаваннем.
У мастацкіх творах і аўтарская мова не аднародная, яна «насычаецца» галасамі герояў. Вось як, напрыклад, голас аўтара сплятаецца з голасам персанажа ў апавяданні Я. Брыля «Галя»:
Цяпер над полем ціхі поўны месяц. Галіны ногі ў халоднай расе. Плечы стынуць пад тонкай сукенкай... А трактар гудзе і гудзе... Не пакінеш яго, не забудзеш, што гэта –– Сярожа, яе Сярожа... Божа мой, як гэта горка, балюча ад думкі такой!.. А ён жа быў яе, яна была –– яго, яны так хораша, так многа цалаваліся. Ды не многа, а тыдзень адзін, а ў тыдні ж толькі сем начэй.
Спецыфіку мастацкага маўлення i яго адрозненні ад функцыянальных стыляў схематычна можна паказаць наступным чынам:
Непадабенства, розніца |
Функцыянальныя стылі літаратурнай мовы |
Мова мастацкай літаратуры |
1) у функцыях |
камунікатыўная |
эстэтычная i камунікатыўная |
2) у сістэме apгaнізацыі маўлення |
празаічная |
празаічная i вершаваная |
3) у спецыфічных моўных сродках |
ёсць у лексіцы i сінтаксісе |
няма агульных рыс |
4) у шырыні ахопу моўных сродкаў |
стылістычная замкнёнасць |
не мае абмежаванняў |
Са сказанага відаць, што калі пад стылем разумець адносна замкнёную сістэму, якая характарызуецца спецыфічнымі моўнымі сродкамі выказвання, то мова мастацкай літаратуры, гаворачы словамі В.У.Вінаградава, «не зусім суадносная з iншымi стылямі, тыпамі або разнавіднасцямі кніжна-літаратурнага i народна-гутарковага маўлення. Яна выкарыстоўвае ix, уключае ix у сябе, але ў своеасаблівых камбінацыях i ў функцыянальна пераўтвораным выглядзе» [10, с. 85]. Але з гэтага ніяк не павінна вынікаць, што мастацкае маўленне выключаецца з паняцця «літаратурная мова». Мова мастацкай літаратуры — гэта спецыфічная з’ява, своеасаблівая праява літаратурнай мовы, звязаная з функцыянальнымі стылямі i пазалітаратурнымі моўнымі сродкамі. Больш таго, мова мастацкай літаратуры стала ўзорам сучаснай беларускай літаратурнай мовы на пачатку яе фармавання, дзякуючы творчай дзейнасці спярша ананімных аўтараў, а потым В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа i iншыx літаратараў. «Літаратурная мова — гэта мова пісьменства (само слова «літаратурная» ад лац. littera — знак пісьма» [101, с. 147]. Яна таму і называецца літаратурнай, што ўзнікае ў пісьмова-кніжнай форме, пачынае сваё жыццё ў літаратуры, найперш мастацкай, а пасля становіцца агульнанародным здабыткам. Мастацкае маўленне i напачатку, i цяпер выконвала i выконвае вядучую ролю ў стылістычнай сістэме беларускай літаратурнай мовы.
Гэтак жа, як беларуская мастацкая літаратура з’яўляецца апірышчам усяго нацыянальнага, асабліва цяпер, калі «амаль усе сферы нашага нацыянальнага духоўнага жыцця апынуліся ледзь не на самай апошняй мяжы асіміляцыі» [63, с. 225], так i мастацкае маўленне выступае заканадаўцам літаратурных нормаў, якія затым становяцца абавязковымі для ўcix стыляў мовы. На ўзоры, назапашаныя мастацкім маўленнем, арыентуюцца ўсе іншыя стылі. Таму «зусім правамерна сцвярджаюць пра выключна важнае грамадскае значэнне мовы мастацкай літаратуры, а адсюль — i пра яе вялікую ролю ў развіцці выяўленчых сродкаў беларускай літаратурнай мовы. Найперш праз знаёмства з мовай мастацкай літаратуры ствараецца ўяўленне аб беларускай літаратурнай мове наогул; яна, гаворачы словамі аднаго з даследчыкаў, — «найлепшы настаўнік мовы як такой» [100, с. 12].
Завяршаючы размову пра спецыфіку мастацкага маўлення, варта зазначыць, што ў рэцэнзіі (ЛіМ, 1982, 30 крас.) на кнігу «Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора» [52] прыводзіцца цытата з гэтай кнігі («Кожны пісьменнік імкнецца выявіць сваю індывідуальнасць і ў мове, таму не паўтарае ні каго-небудзь іншага, ні самога сябе»), пасля чаго рэцэнзент піша, што хоць гэта думка i правільная, «але заліше катэгарычная: каб гэтак было, не існавала б праблемы традыцый, а моўнае наватарства мастакоў слова перарасло б у негатыўную з’яву». Гэты тэзіc у рэцэнзіі, аднак, нічым не ілюструецца.
Канешне, можна прывесці прыклады, калі аднойчы знойдзеная аўтарам метафара ці створанае iм арыгінальнае словазлучэнне або афарыстычны сказ з цягам часу становяцца агульнамоўным здабыткам (такія прыклады прыводзяцца ў параграфе «Аўтарскія неалагізмы»), але звычайна першае выкарыстанне «чужых» слоў або словазлучэнняў суправаджаецца спасылкай на аўтара-крыніцу. А часта i не першае. Так, у Я. Брыля чытаем: «На ўрачыстым прыёме кожнаму з гасцей з розных рэспублік было прапанавана прывесці ў тосце нейкую мудрасць з роднага фальклору. Я з ходу нічога іншага не прыдумаў, як працытаваць Крапіву: «Каб сонца засланіць — вушэй асліных мала».
Можна прывесці факты іншага характару. B. Bіткa прыгадвае, як аднойчы да яго падыходзіць П. Глебка «i з нейкай вінаватасцю ў голасе пытаецца: «Ты не пакрыўдзішся, калі я назаву кнігу «Пад небам бацькаўшчыны»?» I далей B. Bіткa піша: «Я здзівіўся. Тады ён сказаў: «Памятаеш, у цябе ёсць радок: «Xiбa ёсць на свеце шчасце лепшае, як пад небам бацькаўшчыны жыць?». Працягнем цытаваць B. Biткy: «Глебку... чамусьці зда-валася, што я маю на гэтыя словы нейкае манапольнае права. Прызнаны майстар пытаўся, па сутнасці, у вучня, у свайго, так сказаць, чалядніка дазволу... Цяпер некаторыя паэты бяруць адзін у аднаго не толькі назвы i зусім не бянтэжацца»[17, с. 152 –– 153].
Бывае такое не толькі ў паэтаў, але i ў празаікаў. М. Капыловіч аднойчы апублікаваў у газеце «Звязда» абразкі пад назвай «Нявыдуманыя гісторыі». Прыказка вучыць: «Колькі вяровачцы нi віцца, а канцу быць». Прайшоў нейкі час, i выявілася, што гэта «адчайны i нахабны плагіят». М. Капыловіч слова ў слова «перадраў» абразкі з цыкла рускага пісьменніка Фёдара Абрамава «Трава-мурава». У рэпліцы пра гэты выкрыты плагіят С. Шаўцоў піша: «Узяў кніжку, перапісаў, атрымаў ганарар. I ніякіх пакут сумлення». Рэпліка заканчваецца так: «Прыносім прабачэнне чытачам нашай газеты за гэты няшчасны выпадак. Па-іншаму, відаць, яго не назавеш»[106].
Далей у асобных параграфах разглядаюцца розныя пазалітаратурныя моўныя сродкі, якія таксама павінны быць аб’ектам лінгвістычнага аналізу, бо без вытлумачэння яны могуць застацца незразуметымі або няправільна зразуметымі.
[1] Параўн. урывак з рамана К. Крапівы «Мядзведзічы» –– заява Рыгора Варанца: «Прашу прыняць мяне ў камунісцічаскую парцію, як я ёсць мядзведзіцкі бядняк і акціўны алямент. Гады і кулакі паламалі мне ногі, а я хачу зламаць ім карак. Дык няхай мяне камунісцічаская парція навучыць, як ямчэй гэта зрабіць. Адзін гад споўз, не дапоўз, куды хацеў, ды здох. Але ў нас у Мядзведзічах і навокал яшчэ ёсць такія гады, што мяне і савецкую ўладу хацелі б на ражне бачыць. Парцейнаму не дазволена ў бога верыць і папоў слухаць, дык я з папом даўно ўжо гішэфту не маю, а пра бога як мае быць яшчэ не думаў, гэтымі днямі падумаю, у чым і распісваюся».
[2] Словы закаціць, кінуцца, хапаць, крыць мнагазначныя; у адных сваіх значэннях яны нейтральныя, міжстылёвыя, а ў другіх, менавіта ў тых, у якіх выкарыстаў іх М. Лынькоў, –– размоўныя.
[3] Параўн. супрацьлеглыя сцвярджэнні: «Паняцце «мова мастацкай літаратуры» шырэйшае, чым паняцце «літаратурная мова» (Калинин А. В. Лексика русского языка.–М., 1971, с. 14); «Паняцце «літаратурная мова» шырэй, чым паняцце «мова мастацкай літаратуры» (Шакун Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы.–– Мінск, 1963, с. 12).