§ 8. Абыгрыванне слоў
«Мастацкае маўленне — i вершаванае, i празаічнае — гэта, — піша В. Кожынаў, — сапраўды ўжо нешта іншае, чым проста чалавечае маўленне, бо ў «натуральным» маўленні няма i не можа быць такой сіметрычнай, чаканнай, завершанай пабудовы. Мастацкае маўленне адрозніваецца ад маўлення гэтак жа, як, напрыклад, прадуманыя, вывераныя рытмічныя жэсты акцёраў адрозніваюцца ад звычайных чалавечых рухаў» [40, с. 29].
Пры напісанні мастацкіх твораў ix аўтары абдумваюць кожнае слова, будову i гучанне кожнай фразы. Прыгадаем вядомае выказванне Л. Талстога аб ідэальным «адзіна магчымым парадку адзіна магчымых слоў» або такі ўрывак з аповесці І. Навуменкі «Замець жаўталісця»: «Не на сваім месцы слова ў сказе — i ад усяго сказа патыхае фальшам. У матэматыцы ад перастанoўкi складаемых сума не мяняецца, у літаратуры мяняецца».Мастакі слова па-майстэрску скарыстоўваюць экспрэсіўныя рэсурсы мовы, асабліва яе лексічнага складу. Так, Я. Купала, надзвычай чуйны да слова, з вялікай вынаходлівасцю выкарыстоўвае яго патэнцыяльныя магчымасці. У п’есе «Тутэйшыя» знаходзім нямала трапных досціпаў, заснаваных на мнагазначнасці, сугуччы слоў, пераасэнсаванні i інш. Розныя дасціпныя моўныя з’явы ствараюць жарт, кпіны, насмешку, «працуюць» на вобраз, на ідэю п’есы.
У трывожны час вайны i бязладдзя Зносак ладзіць гучны баль з нагоды свaix імянінаў i лічыць, што паступаць мeнавітa гэтак яго абавязвае чыноўніцкае становішча. Здольнік ipaнічна абыгрывае слова становішча, сутыкаючы яго спачатку з дзеясловам стаяць, а пасля — ляжаць: «Якое тут чорта чыноўніцкае становішча, каліяно ўжо не стаіць, а ляжыць, ды як яшчэ ляжыць — як трухлявая калода!»
Перад пачаткам імянінаў, пададзеных у гратэскавым плане, уваходзяць Усходні i Заходні вучоныя. Яны цікавяцца «беларускім пытаннем», шукаюць «праўдзівых тыпаў беларускіх». Пасля натуральна вынікае сатырычная сцэнка, пабудаваная на неадназначным разуменні слова інтэрмедыя, у якое Мікіта Зносак укладвае гастранамічны сэнс. Янка Здольнік на прыход «вучоных» рэагуе так: «У вас сягоння, пане рэгастратар, праўдзівы арыстакратычны баль, не забыліся нават i аб інтэрмедыі». I далей: «[Мікіта:] А гэта, меджду протчым, што за такая страва?» [Янка:] Не страва, мой пане, а такая маленькая камедыя ў вялікай трагікамедыі».
Прыслоўе дабравольна ў звычайным маўленні не можа ўступаць у кантакт з дзеясловам браць або адпраўляць, бо яны сэнсава, прадметна-лагічна неспалучальныя, несумяшчальныя. А ў «Тутэйшых» такія спалучэнні выконваюць функцыю ipoніi: «Пры новай палітычнай сітуацыі будуць дабравольна браць маладых мусьі i дабравольна адпраўляць ix на Урангелеўскі фронт». Заадно можна адзначыць несумяшчальнасць крыху iншагa, аксюмараннага характару ў байцы K. Kpaпівы «Ганарысты Парсюк»: «Ты мой свінячы гонар закрануў!» Згустак спецыяльна створаных алагізмаў сустракаем у «Смаргонскай акадэміі» Р. Барадуліна: «Як у сераду на масленіцу певень узляцеў на прасніцу. Яечка знёс, на паліцу ў куточак занёс, а сляпы падглядваў, a глуxi падслухваў, а бязрукі яечка ўкраў, а бязногі ўдагон паджгаў, а бязрукі ў бязногага яечка адабраў, галапузаму за пазуху паклаў...»
Трагікамічна гучыць нечаканы каламбур у апошняй рэпліцы п’есы – у галашэнні Ганулі Зношчыхі, калі чырвоныя арыштавалі яе сына: «Мае паночкі, мае галубочкі! Хаця не змікіцьце майго Miкіткi. Хаця не змікіцьце!» Тут дзеяслоў ужыты з неўласцівым яму значэннем ‘пагубіць, звесці са свету’.
Перад прыходам гасцей Зносак пpocіць, каб маці «меней ужывала простых выразаў» i называла гасцей «мадам-сіньёра», «мусье», «мамзэль», «айцец духоўны» iг.д. I вось маці звяртаецца да дамы: «Панечка... Мадам музей!», да папа: «Бацюшка духавы, святы ўгоднік!»
Часта ў п’есе з разлікам на пэўны стылістычны эфект сутыкаюцца два аднакаранёвыя словы кантрастнага зместу. Напрыклад, у рэпліцы Здольніка: «Вяселле, цётачка, адлажылі пакуль што да таго часу, калі апошні акупант ад нас выйдзе, бо пры ix нявесела на вяселлі». У таямнічай гісторыі з даведкай пра службу Зноска ў польскай паліцыі даносчыкам абыгрываюцца разносчык i даносчык. Зносак спрабуе апраўдацца: «Увесь Менск ведае, што я служыў разносчыкам, а не даносчыкам». Тут, між іншым, хочацца прыгадаць зусім другога даносчыка: «— Я не даносчык! — горда заявіў малодшы брат, калі яму прапанавалі данасіць паліто старэйшага брата» (В. Шаўчэнка. Мімаходзь).
Пра Насту Пабягунскую, «дзяўчыну няведамых заняткаў», якая любіць прыносіць свежыя навіны i заўсёды «з пэўных крыніц», аднойчы, калі яе чуткі не апраўдаліся i замест чаканых палякаў у горад увайшлі бальшавікі, Зносак мyciў сказаць: «Ой-ей, ой-ей!.. Мамзэль Наста, якія ж гэта няпэўныя вашы пэўныя крыніцы!»
У апошнім прыкладзе супрацьпастаўляюцца два аднакаранёвыя антонімы з процілеглымі значэннямі ‘ненадзейны’ i ‘надзейны’. Гэтыя ж словы, але ўжо не з антанімічным сэнсам (абодва яны полісемантычныя) супрацьпастаўлены ў камедыі K. Kpaпівы «Брама неўміручасці», дзе пэўны абазначае ‘выразны, акрэслены, канчатковы’, а няпэўны — ‘ненадзейны’: «[Дабрыян:] Надышоў час. Просяць нас выказаць свае пэўныя думкі. Вы ведаеце, наконт чаго... [Варакса:] Пэўныя думкі аб няпэўнай справе. [Дабрыян:] Што вы маеце на ўвазе? [Варакса:] Я маю на ўвазе нязбытныя мары... Такія, як ваша неўміручасць, Барыс Пятровіч».
Такая ўяўная антанімічнасць робіць некаторыя выказванні асабліва выразнымі, экспрэсіўнымі. Напрыклад, у сказе «Кулеш добры густы, а госць — рэдкі» (ЛіM. 1978. 24 лістап.) густы абазначае ‘не вадкі, з вялікай канцэнтрацыяй’, а рэдкі — ‘які бывае не часта’. Параўн. таксама ў рамане І. Мележа «Завеі, снежань»: «—Будзе — важнае... Пачуеце скора, — [Башлыкоў] сказаў мякка, але цвёрда. З такім сэнсам, што прыйдзе пара i вам будзе вядома. Трэба чакаць». Toe, што тут супрацьпастаўлены несуадносныя значэнні (‘спагадліва’ i ‘непахісна’), узнікае ў нашай свядомасці як здагадка. «Незалежна ад яго менавіта гэтага ўжывання, слова, — пicaў B. У. Biнаградаў, — прысутнічае ў свядомасці з yciмi значэннямі, скрытымі i магчымымі, гатовымі па першай нагодзе ўсплыць на паверхню. Але, канешне, тое ці іншае значэнне слова рэалізуецца i вызначаецца кантэкстам яго ўжывання»[15, с. 14]. Працытуем яшчэ выказванне вядомага французскага лінгвіста Ж. Вандрыеса: «Слова ніколі не ўсплывае ў нашу свядомасць адзінока. Нават калі толькі адно слова ў адным значэнні прысутнічае ў нашай свядомасці, то іншыя, што засталіся ў цені, маса паняццяў i эмоцый, звязаных з iм найтанчэйшымі ніцямі, кожную хвіліну гатовыя ўварвацца ў нашу свядомасць» (цыт. па [91, с. 521]).
Розныя абыгрыванні слоў сустракаюцца ў камедыі А. Макаёнка «Выбачайце, калі ласка». Так, у рэпліцы Моцкіна збліжаюцца аднакаранёвыя дзеясловы круціцца ‘варочацца’ i выкруціцца ‘выйсці з непрыемнага становішча’: «Xiбa цяпер заснеш? Як цяпер заснеш? Толькі круцішся з боку на бок. Думаеш, думаеш i круцішся. Як тут выкруціцца?» Іншы раз абыгрываецца асабовае імя i генетычна звязаны з iм дзеяслоў: «[Печкуроў:] Э-э, дык Ягор Сяргеевіч можа нас аб’ягорыць. [Гарошка:] Што вы, Кузьма Прохаравіч? Каб вы мяне не падкузьмілі». Зрэшты, у нарматыўных беларускіх слоўніках аб’ягорыць не падаецца, а ў перакладных — рускае объегорить перакладаецца словам абдурыць. У п’есе К. Крапівы «Мілы чалавек» камічна супастаўляюцца як нібыта роднасныя прозвішчы Чарскі («псеўданім» Жлукты) i Луначарскі.
Каламбурнае сутыкненне аднакаранёвых слоў свіння i na-свінску ў апошняй карціне камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» носіць сатырычны характар, вызначаецца двухпланавасцю, садзейнічае стварэнню вобраза «свінтуса грандыёзуса». Гарлахвацкі, дакладваючы пра «адкрытую» iм велізарную дапатопную жывёліну, продка сучаснай свінні, гаворыць, што яна была ўсяеднай, ласавалася i жывымі істотамі. У дакладчыка запыталі: «Можа, яна i людзей ела?» Далей чытаем (звернем увагу на рэплікі Левановіча, двухпланавыя, з падтэкстам, з намёкамі, зразумелымі чытачу): «[Гарлахвацкі:] Калі яны былі не досыць пільныя... [Левановіч:] Тады яна абыходзілася з iмi па-свінску. [Гарлахвацкі:] Зyciм правільна. [Левановіч:] Так робяць, між іншым, не толькі дапатопныя свінні, але i некаторыя жывёліны пазнейшага перыяду. [Гарлахвацкі:] Гэта тэма для спецыяльных доследаў. [Левановіч:] Такія доследы дзе-нідзе вядуцца, наколькі мне вядома».
Вышэй гаварылася пра творчае выкарыстанне слоў, пераважна аднакаранёвых, ix збліжэнне, сутыкненне i супрацьпастаўленне. Далей размова пойдзе пра абыгрыванне мнагазначных слоў, эфектыўнае ўжыванне двух i болей значэнняў аднаго i таго ж слова ў межах аднаго сказа, дзвюх суседніх рэплік ці невялікага тэкставага адрэзка.
Іншы раз у мовазнаўчых працах падаюцца нічым не пацверджаныя звесткі, якія дэзінфармуюць чытача, уводзяць яго ў зман. Напрыклад, у навучальным дапаможніку чытаем: «Kaлi параўнаць у колькасных адносінах лексічную i фразеалагічную мнагазначнасць, то можна адзначыць, што большасць слоў з’яўляюцца мнагазначнымі, а большасць фразеалагізмаў мае па адным значэні» [78, с. 233]. Яшчэ ў адной працы сцвярджаецца, што каля 80% слоў любой мовы, пададзеных у вялікіх нацыянальных слоўніках, належыць да мнагазначных [8, с. 117]. Параўн. таксама: «Большасць слоў у лексіцы беларускай мовы складаюць мнагазначныя словы» [46, с. 14].
Прыведзеныя вышэй сцвярджэнні не адпавядаюць аб’ектыўнай icцінe. Па-першае, у любой мове мнагазначных слоў не больш, а куды менш, чым адназначных. Так, у 1-м томе «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» з 16354 слоў на долю мнагазначных прыпадае толькі 3908 слоў, у 2-м томе з 19269 слоў толькі 4222 мнагазначныя словы. Прыкладна такія колькасныя паказчыкі мнагазначнасці i адназначнасці выяўляюцца i ў іншых мовах (напрыклад, рускай i французскай): толькі чацвёртая частка слоў — мнагазначныя. Па-другое, мнагазначнасць у фразеалогіі не такая ўжо рэдкая i абмежаваная з’ява, як сцвярджаецца ў прыведзеных выказваннях. На долю мнагазначных фразеалагізмаў прыходзіцца каля 15% ад ix агульнай колькасці.
Кожнае слова i выраз нясе нейкую пэўную інфармацыю, таму чым радзей паўтараюцца аднолькавыя моўныя адзінкі, тым маўленне багацейшае. Мастакі слова імкнуцца аптымальна насычаць тэкст самымі неабходнымі i адзіна мажлівымі словамі i выразамі, не паўтараючы ix без пэўнай стылістычнай матывацыі. Так, у вершы Я. Купалы «I прыйдзе» 153 словы. Амаль усе яны ўжытыя па адным разе. Выключэнне складаюць службовыя словы (і, а, не i інш.), а таксама паўторна ўжытыя суд i гісторыя, якія выконваюць важную ідэйную i канструктыўную ролю.
Часам у мастацкім творы можна сустрэць неаднаразова паўторанае на адной-дзвюх старонках слова, i калі яно мнагазначнае ды кожны раз ужыта з іншым значэннем, то перад намі своеасаблівае абыгрыванне слова i сведчанне не беднасці маўлення, а яго багацця ў семантычным плане. Напрыклад, у байцы К. Крапівы «Мандат» пяць разоў выкарыстана слова галава. Яно рэалізуецца ў чатырох значэннях, прычым два значэнні, калі ix параўнаць з агульнамоўнымi, слоўнікавымі, атрымалі семантычны зрух. Адно са значэнняў гэтага слова, як засведчана ў ТСБМ, — ‘чалавек вялікага розуму’. Аднак яно ўжыта ў дачыненні не да чалавека, а да Асла, i гэтым дасягаецца камізм, ipaнічнасць: «— Ну й розум! Вось дык галава! — не раз гучалі хвалы словы...» Камізм яшчэ больш узмацняецца тым, што гэта слова з папярэдняй pэплікі персанажа, ужытае для экспрэсіўна-вобразнай характарыстыкі Асла, выкарыстоўваецца затым у аўтарскай мове нібыта ў якасці нейтральнага наймення, другой назвы таго ж Асла: «А «галава» з мандатам у паўметра стаіць над яслямі ў хляве: ніводнай думкі ў галаве...» Выдзеленае тут апошняе слова галава абазначае ‘пярэдняя частка цела жывёлы, якая заключае ў сабе мозг’. На незвычайнае выкарыстанне слова галава ў радку «А «галава» з мандатам у паўметра» паказвае i тое, што яно ўзята ў двукоссе. Байка заканчваецца мараллю, у якой зноў сустракаемся са словам галава, ужытым са значэннем ‘розум, свядомасць’: «Бывае іншы раз i з нашым братам, што галаву заменьваюць мандатам...» У тэксце байкі ёсць i яшчэ адна галава, але не як самастойнае слова, а як кампанент фразеалагізма галава кругом пайшла (у каго) з яго цэласным значэннем ‘хто-небудзь страціў здольнасць цвяроза разважаць’: «Ад шчасця гэтага ў Асла аж галава кругом пайшла i вылецеў з яе апошні розум...» Тут абыгрываецца фразеалагізм галава кругом пайшла апрадмечваннем яго назоўнікавага кампанента, замест якога ў радку «I вылецеў з яе апошні розум» у якасці «намесніка» заняў месца займеннік яе з кантэкстуальным значэннем ‘пярэдняй часткi цела жывёлы’.
Зазначым, дарэчы, што ў мастацкім творы неаднойчы паўторанае слова з аднолькавым значэннем таксама далёка не заўсёды з’яўляецца паказчыкам беднасці маўлення, неапраўданай таўталогіі. Паўтарэнне аднолькавых ці аднакаранёвых слоў, а то i цэлых радкоў нярэдка выкарыстоўваецца як стылістычны прыём. Прыгадаем у рамане Я. Гашака «Прыгоды бравага салдата Швейка» (пераклад К. Крапівы) адказ на пытанне следчага, ці няма пярэчанняў супраць запісанага ў пратаколе допыту: «Хай было, як было, бо як-небудзь ды было: ніколі ж не было, каб ніяк не было». Або ў вершы Я. Янішчыц: «Хоць лютуе люта люты — неба свеціцца вакол». У вершы Я. Купалы «Яшчэ прыйдзе вясна» пасля кожнай страфы iдзe рэфрэн, такі самы, як i загаловак. Купалаў верш «Пойдзем» складаецца з чатырох строфаў, у iм 8 разоў (праз радок) паўтараецца дзеяслоў пойдзем на пачатку радка, i гэта ўжо стылістычная фігура — анафара.
Сустракаюцца i выпадкi неапраўданай таўталогіі. Так, у рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» знаходзім незвычайную эксплуатацыю дзеяслова сказаў у наступным дыялогу:
— Казырны кароль, — сказаў ён.
— У мяне туз i дама, — сказаў Война. — Кідай карты.
— Я ведаю, — сказаў Мусатаў. — У цябе дзве біткі, у мяне — адна.
— На шчасце, — сказаў Война.
— На жаль, — сказаў Мусатаў.
— Кідай, — сказаў Война.
— Зараз, — сказаў Мусатаў».
Параўн. іншае — у аповесці В.Быкава «Пакахай мяне, салдацік». Тут толькі ў трэцяй частцы сказаў, што суправаджаюць простую мову, у ролі выказніка выступае дзеяслоў сказаў. У астатніх выпадках гэта або іншыя дзеясловы маўлення i думкі, або дзеясловы, якія характарызуюць манеру маўлення, мэтанакіраванасць выказвання ці абазначаюць пачуцці, міміку, pyxi, унутраны стан таго, хто гаворыць. Вось толькі некалькі прыкладаў: вымавіў, абвясціў, аб’явіў, зазначыў, прамычэў, бурчэў, адказаў, паўтарыў, скончыў, папярэдзіў, паклікаў, схлусіў, прапанаваў, папытаўся, пацвердзіў, ахаладзіў, згадзіўся, узрадаваўся, дзівіўся, сумеўся, жахнуўся, зазлаваў, вызверыўся, раз’юшыўся, засумняваўся.
Абыгрыванне мнагазначных слоў — даволі пашыраная з’ява ў творах шмат якіх пісьменнікаў. Можна вылучыць дзве разнавіднасці абыгрывання. Першая, найбольш пашыраная: слова ўжыта два разы ці болей у маўленні двух персанажаў або ў аўтарскай мове, але кожны раз з іншым значэннем. Найчасцей абыгрываюцца два значэнні.
Часта суразмоўнік свядома падмяняе пачутае значэнне слова другім. Два розныя значэнні слова соль (пераноснае ‘справа, асаблівы сэнс’ і прамое ‘рэчыва, прыправа да ежы’) каламбурна супастаўляюцца ў аповесці Я. Коласа «Дрыгва» — у гутарцы паміж Бруем і Саўкам Мільгуном: «— Ты не ведаеш, у чым тут соль. — Соль добра, калі ёсць што саліць, — заўважыў Саўка». Той жа Саўка, асуджаючы сябе за ролю правакатара і даносчыка, востра рэагуе на жартаўлівую рэпліку Бруя Самі ведаем, што хадзіў ты не галавою і абыгрывае слова галава (‘частка цела’ і ‘чалавек’), іранізуючы з войта і яго «мудрай» кампаніі: «А нашто Саўку галава?.. За Саўку мудрэйшыя галовы падумаюць. А Саўкава справа — нагамі папіхацца».
Сутыкненне двух значэнняў слова разумець у камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» выступае як сродак сатырычнага эфекту і паказчык іранічных адносін да суразмоўніка. Слухаючы «навуковы» даклад Гарлахвацкага і яго недарэчныя адказы на пытанні, прафесар Чарнавус рассмяяўся. Гарлахвацкі абураецца: «Што за смех! Я вас не разумею, Аляксандр Пятровіч!» Чарнавус адказвае: «А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам». Разумець у першай рэпліцы — ‘усведамляць штосьці’ (тут — прычыну смеху), другое разумець — ‘ацэньваць па заслугах, мець пэўную думку пра кагосьці’.
Іншы раз тройчы паўторанае слова выяўляе тры розныя значэнні; напрыклад, у трылогіі Я. Коласа «На ростанях»:
— А вы мне не адказалі, — стаяла на сваім Ядвіся. — Я ад вас не адступлюся, покі не адкажаце.
— Ну, то ў такім разе я ніколі не адкажу вам, бо мне вельмі будзе цяжка, калі вы адступіцеся ад мяне.
Ядвіся прыкінулася ўсерджанай і нецярпліва тупнула.
— З вамі ніяк нельга да праўды дайсці. А вось жа я адступлюся: хачу паглядзець, як вам будзе цяжка.
Панна Ядвіся адышлася і села на канапу.
Тут першае адступіцца сінанімічнае з адстаць, пакінуць назаляць; другое — з адцурацца, парваць сувязі, адносіны; сінонімам трэцяга з’яўляецца дзеяслоў адысці. Такім уменнем скарыстаць мнагазначнасць слова пісьменнік падкрэслівае дасціпнасць абодвух суразмоўнікаў — Лабановіча і Ядвісі. Дарэчы, падобныя слоўныя «паядынкі» паміж гэтымі персанажамі — нярэдкая з’ява. Так, Лабановіч нібы паварочвае слова паверыць яго рознымі сэнсавымі гранямі, ужываючы спачатку са значэннем ‘прыняць за ісціну’, а затым – ‘даверыцца, быць упэўненым’: «— Як бы я вам ні адказаў, усё роўна вы не паверыце.– А чаму вы думаеце, што я вам не паверу? — Каб вы мне паверылі, то, я думаю, вы не пыталіся б у мяне аб праўдзівасці». Слову думаць, ужытаму Ядвісяй са значэннем ‘меркаваць’, Лабановіч знарок надае іншы сэнс — ‘быць у стане роздуму пра кагосьці’: «— Мне проста хочацца ад вас пачуць, як вы думаеце пра сябе. — Значыць, вы самі пра мяне ўжо думалі? — усміхнуўшыся, запытаў настаўнік».
Тры значэнні слова сядзець (‘займацца чымсьці, працаваць’, ‘знаходзіцца дзе-небудзь, быць на адным месцы доўгі час’, ‘бяздзейнічаць’) сутыкаюцца ў камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім»: «Запхнулі мяне прыяцелі ў гэту дзіру...Гэта значыць, сядзі, Гарлахвацкі, і не рыпайся, а то можаш і нас аскандаліць... Сядзець-то тут зацішна... Але Гарлахвацкі сядзець не прывык — вось у чым уся бяда». Параўн. ужыванне слова дзед з трыма значэннямі (‘стары чалавек’, ‘зварот да старога’, ‘бацька мацеры ці бацькі’) у камедыі А. Макаёнка «Таблетку пад язык»: «С к а р о м н ы. Во гэты дзед — народ? Смеху варты такі народ. Падхалім ты, дзед. Д з е д Ц ы б у л ь к а. Які я табе дзед?! Унук мне знайшоўся! Шэры воўк табе дзед, а дзікая каза — бабка!»
У «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча сустракаемся, відаць, з рэдкім выпадкам рэалізацыі аж чатырох значэнняў дзеяслова драць: «Дзярэ каза ў лесе лозу, воўк дзярэ ў лесе козу, а ваўка – мужык Іван, а Івана – ясны пан». Тут першае дзярэ абазначае ‘адрываючы, аддзяляе’, другое – ‘разрывае на часткі’, трэцяе (апушчанае) – ‘здымае скуру’, чацвёртае (апушчанае) – ‘абірае, грабіць’. Магчыма, В. Дунін-Марцінкевіч перафразаваў народны афарызм (ён засведчаны М. Федароўскім у працы «Люд беларускі на Pyci Літоўскай»): «Каза лазу дзярэ, казу дзярэ пастух, пастуха дзярэ пан, а пана дзярэ юрыст, а юрыста чартоў трыста».
Яшчэ большую колькасць значэнняў слова час абыгрывае К. Крапіва ў апавяданні «Мой сусед»: «Ёсць наш час i час даўнейшы, час залаты i час пракляты, час доўгі i час кароткі. Адзін у свой час быў вялікім чалавекам, а ў нашы часы нічога не варт. Другі стаў бы вялікім чалавекам, але ён не мае часу, каб заняцца сваёю вялікаю справаю. Адзін не мае часу носа ўцерці, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Ёсць людзі, якія «ўбіваюць» час, скарыстоўваюць час, нават папярэджваюць час i проста марна трацяць час». Тут рэалізуюцца розныя значэнні: ‘перыяд, эпоха’, ‘больш-менш пэўны прамежак у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў’, ‘спрыяльная пара’, ‘паслядоўная змена мінут, гадзін i пад.’ i інш., а таксама ў складзе спалучэнняў у свой час ‘некалі, калісьці’, у нашы часы ‘цяпер’, не мае часу ‘не мае вольнай ад асноўнага занятку гадзіны, дня i пад.’.
Аналіз падобных моўных фактаў не толькі дазваляе правільна зразумець слова як пэўную інфармацыю, але выяўляе майстэрства пісьменніка, развівае чуткасць да хараства і выразнасці мастацкага маўлення, пашырае веды па мове, дапамагае пранікнуць у моўныя тонкасці. Паўтарэнне ў межах сказа ці суседніх сказаў таго самага слова, выкарыстанага з рознымі значэннямі, запыняе ўвагу чытача, выклікае пэўныя эмоцыі, эстэтычна ўздзейнічае на яго. Так, сродкамі выразнасці ў радках з паэмы Я. Купалы «Бандароўна» З плеч сплываюць яе косы, як бы сонца косы выступаюць не толькі метафара сплываюць, параўнанне як бы сонца косы, але і збліжаныя значэнні аднаго слова – ‘сплеценыя ў пасмы валасы’ і ‘праменне’.
Найчасцей супастаўляюцца, як ужо гаварылася, два значэнні слова. У многіх выпадках сутыкненне двух значэнняў полісемантычнай адзінкі з’яўляецца крыніцай каламбура. Вось як, напрыклад, выкарыстоўваюцца значэнні назоўніка крыж (‘надмагільны брус з папярочкамі’ і ‘ніжняя частка пазваночніка’), дзеяслова блудзіць (‘хадзіць у пошуках выйсця’ і ‘распуснічаць’) у драме Я. Купалы «Раскіданае гняздо»: «Нацешышся яшчэ, Зоська, з крыжа! Пачакай трохі. Мне ўжо крыж пачынае балець»; «Заблудзіць – не заблудзіць, калі сама гэтага не зажадае. Але яна ўжо сапраўды блудзіць ад першага дня бацькавай смерці». Два значэнні дзеяслова прадаць (‘здрадліва выдаць’ і ‘аддаць за пэўную плату’) рэалізуюцца ў аповесці Я. Коласа «Дрыгва»: «Куды ж ён, Саўка, ідзе? З чым ідзе? Што скажа? Скажа, дзе знаходзіцца дзед Талашзсынам і з Мартынам Рылем. Ён проста прадасць іх, як прадаваў калісь крадзеных коней». Яшчэ прыклады на каламбурнае выкарыстанне мнагазначнасці дзеяслова выйсці (‘паходзіць’ і ‘пакінуць межы чагосьці’), гарэць (‘перагравацца’ і ‘цярпець няўдачу’), часам (‘выпадкова’ і ‘калі-нікалі, іншы раз’): «Гаворыце, што выйшлі вы з народа? Куды? Чаму? Якой цяпер пароды? Я са свайго народа не выходзіў і жыць да скону буду у народзе» (П. Панчанка. Жыццё маё...); «Чаму гэта, калі гараць нейкія буксы, то павінен гарэць Сімон Гамрэкелі?» (Э. Самуйлёнак. Будучыня); «Ж л у к т а. Вы камедый, часам, не пішаце? Я з в а. Часам пішу» (К. Крапіва. Мілы чалавек).
Два значэнні дзеяслова забіраць (‘заваёўваць’ i ‘арыштоўваць’) трагікамічна абыгрываюцца ў п’есе Я. Купалы «Тутэйшыя»: «Пайду памагаць вам забіраць Варшаву, толькі не забірайце мяне!» Гл. больш падрабязна пра гэта ў параграфе «Рэальна-гістарычны каментарый».
Я. Брыль у «Жмені сонечных промняў» так паварочвае рознымі гранямі дзеясловы рэзаць (зарэзаць), скубці, сутыкаючы ix прамыя значэнні (‘забіваць чым-небудзь вострым’, ‘вырываць, выскубваць’) i пераносныя (‘загубіць’, ‘непакоіць, патрабуючы чаго-небудзь’): «Пеўня спачатку рэжуць, а потым скубуць. А аўтара на кінастудыі спачатку доўга i калектыўна скубуць, а нарэшце хто-небудзь зарэжа. Што выгадней — варта спытацца ў пеўня».
Прыкладна шостая частка слоў літаратурнай мовы мае канструктыўна абмежаванае значэнне. Яно рэалізуецца толькі ў строга акрэсленай канструкцыі пры абавязковай інфармацыйнай падтрымцы з боку залежнага слова. Дзеяслоў думаць мае чатыры значэнні з рознымі формамі спалучальнасці: 1-е — пра каго-што, аб кім-чым, 2-е — з даданым сказам, 3-е — з інфінітывам, 4-е — пра каго-што, аб кім-чым. Вось як суты-каюцца 3-е i 1-е значэнні (‘мець намер’ i ‘аддавацца роздуму’) у вершы Р. Барадуліна «Марнае старанне»: «Я думаю ўвесь час не думаць пра цябе. Лаўлю сябе якраз на думцы, што ў журбе я думаю ўвесь час не думаць пра цябе».
Вельмі часта абыгрывае два значэнні слова К. Крапіва. У камедыі «Хто смяецца aпошнім» Зёлкін гаворыць па тэлефоне: «Пеця?.. У нас хутка даклад цікавы... Пра новы від выкапня-жывёліны. Наш дырэктар Гарлахвацкі... Не ведаю добра... Нешта цікавае выкапаў. Чалавек ён салідны, ужо калі выкапае, дык выкапае...» Тут сутыкненне i аднакаранёвых слоў (выкапень, выкапаў), i двух значэнняў дзеяслова выкапацъ (‘капаючы, дастаць з нетраў зямлі’ i ‘знайсці што-небудзь малавядомае, рэдкае, нечаканае’). Як мнагазначны i з падтэкстам успрымаецца дзеяслоў бачыць у рэпліцы страшэнна пакрыўджанага Нічыпара, якога Гарлахвацкі абазваў п’яным: «Хто, я п’яны?.. Таварыш дырэктар! Каб я так заўтра вас бачыў, як бачыў сягоння паўлітра».
Ёсць эфектыўнае выкарыстанне мнагазначнасці слоў у камедыях «Брама неўміручасці» i «Мілы чалавек». Напрыклад, вечна — гэта ‘вельмі доўга, на працягу вякоў’ i ‘заўсёды’ («— Мяне турбуе. Мяне вечна... Страшна падумаць, якое значэнне мае цяпер гэта слова... Мяне вечна будзе мучыць сумленне. — Ты вечна выдумваеш сабе невырашалъную праблему»); база — ‘аснова, на чым грунтуецца што-небудзь’ і ‘склад тавараў, матэрыялаў’ («— Будзе неўміручасць, дык будзе i матэрыяльная база. — Дык я ж i ёсць база. — Не разумею. — Я загадчык базы. I я ix павінен карміць»); элементарныя — у фізіцы ‘найменшыя з тых, што ёсць’ i ‘прасцейшыя, нескладаныя’ («— Мне свае [праблемы] спакою не даюць. — Элементарныя часцінкі турбуюць? — Элементарныя. А я вось i з элементарнымі не магу ўправіцца»); стары — ‘які даўно ўзнік’ i ‘былы, які быў раней’ («— Ды што гэта ты: «вы, вас, вам». Мы ж, можна сказаць, старыя сябры. — Відаць, занадта ўжо старыя»); апошні — ‘канчатковы, заключны’ i ‘які знаходзіцца на самым канцы’ («Разумею: вы хочаце свае апошняе слова сказаць у апошнім акце. Што ж, няхай будзе i так»).
Яшчэ адзін прыклад, цікавы тым, што ў iм не толькі сутыкаюцца два значэнні дзеяслова брахаць (‘хлусіць’ i ‘гаўкаць’), але i ў маўленні жонкі-суразмоўніцы адбываецца падмена паняццяў: «Жонка расказвае мужу нейкую гісторыю, а той, каб не слухаць, вазьмі i скажы: «Ой, не брашы». — Што, я брашу? — адразу ўзвілася жонка. — Я брашу, значыць, я для цябе сабака? Мама, ён мяне сучкай абазваў!» (А. Варановіч. Бульба).
Іншы раз другое значэнне абыгранага слова не агульнавядомае, а аказіянальнае, якое ўзнікла ў выніку камічнага асэнсавання першапачатковай вобразнасці гэтага слова. Звычайна ў такіх выпадках эфектыўнасць ад збліжэння двух гэтых значэнняў нібы падвойваецца. Вось прыклад з камедыі А. Макаёнка «Таблетку пад язык». Раённы нарыхтоўшчык-махляр Скаромны не хоча вярнуць калгасу дагавор і заяўляе: «У судзе аддам. Пасля таго, як няўстойку адсуджу». Дзед Цыбулька, які даражыць кожнай калгаснай капейкай, не можа стрымаць гневу: «Вось як шарахну між вачэй — тут табе і будзе няўстойка твая!» Другая няўстойка —не ‘штраф за невыкананне дагавора’, у ёй выразны намёк на ‘не ўстаяць на нагах’.
Слова падацца мнагазначнае. І калі не ўлічваць гэтага, то, прачытаўшы сказ Міколка падаўся ўбок і, трымаючыся за сцяну, ціха падаўся да дзеда, можна папракнуць аўтара аповесці «Міколка-паравоз» у неапраўданай таўталогіі. Уважлівы ж чытач таксама запыніць увагу на гэтым слове, але ўбачыць тут не таўталогію, а выкарыстанне двух розных значэнняў аднаго слова. Першае падаўся мае значэнне ‘адхіліўся’ (перад гэтым у тэксце гаворыцца, што «лязо штыка прасунулася ў акенца, пагрозліва бразнуўшы аб краты»). Другое падаўся — ‘пайшоў, пасунуўся’. Паўтораны прыметнік ранні ў аповесці Я. Брыля «Сірочы хлеб» таксама рэалізуе розныя значэнні (‘які рана ўстае’ і ‘які ўсходзіць ці паспявае раней за іншых’); «А там, на полі мужыцкім, стане на сцежцы і загледзіцца, з рукой, настаўленай ад сонца, дзяўчына — ранняя работніца, што ідзе палоць свой ранні лянок».
Ва ўсіх прыведзеных прыкладах слова, ужытае ў двух ці больш сваіх значэннях, паўтараецца ў тэксце. Гэта найбольш пашыраны прыём эфектыўнага выкарыстання полісеміі. Сустракаюцца выпадкі, калі мнагазначнае слова не паўторана, апушчана, але яго прысутнасць у кантэксце выразна адчуваецца па залежных ад яго кампанентах: «Гуляючы, я дапоўз да сякеры і закрануў яе сваімі малымі рукамі. Сякера звалілася, а за ёй і я. Падаючы, яна сваім носам секанула па маім. Палілася кроў» (У. Дубоўка).
Яшчэ больш тонкі мастацкі эфект атрымліваецца, калі слова ўжыта адзін раз, але адначасова ў двух значэннях. Гэта другая разнавіднасць абыгрывання мнагазначных слоў дасягаецца рознымі стылістычнымі прыёмамі.
Мнагазначным, як пішa А. М. Бабкін, слова бывае толькі ў слоўніку. У маўленні «кожны раз яно адпавядае аднаму акту думкі, г. зн. усякі раз, як слова ўжываецца, яно мае не больш чым адно значэнне» [3, с. 3]. Праўда, такое пашыранае сцвярджэнне патрабуе агаворкі: яно распаўсюджваецца галоўным чынам на афіцыйнае, навуковае i публіцыстычнае маўленне. У мове ж мастацкай літаратуры, а таксама размоўным стылі назіраюцца шматлікія выпадкі адначасовай рэалізацыі розных значэнняў аднаго i таго ж слова, г. зн. кантэкст не ліквідуе мнагазначнасці, а, наадварот, стварае яе.
Сэнсавая двухпланавасць мнагазначнага слова дасягаецца чатырма наступнымі творчымі прыёмамі.
1. Слова атрымлівае падвойны змест у выніку далучэння параўнальнага звароту да гэтага слова. На першае значэнне слова, рэалізаванае пачаткам кантэксту, нібы наслойваецца другое, якое ўзнікае ў свядомасці чытача як здагадка. Пісьменнікі часам на гэтай сэнсавай двухпланавасці, разлічанай на нечаканасць успрымання, ствараюць камічнае ўражанне. У аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз» пра начальніка дэпо, «тоўстага-тоўстага», з блішчастымі гузікамі «на пузе», расказваецца, як ён, зайшоўшы аднойчы ў вагон, дзе жыў Міколка, «усё поркаў нешта сваім бліскучым кіёчкам, поркаў, носам вадзіў з боку ў бок ды моршчыўся, як той грыб-смарчок, што расце пад штабелямі старых шпал». Пачатак кантэксту выяўляе значэнне дзеяслова моршчыцца ‘грымаснічаць ад нездаволенасці’, на якое параўнальным зваротам (як той грыб-смарчок) накладваецца яшчэ адно – ‘пакрывацца маршчынамі, складкамі’. Падвойнай семантыкай, праз параўнанне ўсё роўна як бульба, вызначаюцца дзеясловы з’есці і пасадзіць у камедыі А. Макаёнка «Каб людзі не журыліся» — у рэпліцы старшыні калгаса Самасеева, які, адчуваючы, што яго хутка знімуць з пасады, а можа, і пасадзяць у турму, спрабуе зваліць віну на іншых: «Тут жа такія людзі, што... За тры гады чатырох старшынь з’елі... Старшыня тут адчувае сябе ўсё роўна як бульба... Калі за зіму не з’ядуць, дык вясной пасадзяць».
Двухсэнсавасць слова выкарыстоўваецца не толькі для стварэння камізму. Часам гэта яркі сродак вобразнасці, які дае магчымасць чытачу па-новаму адчуць тыя сувязі, што існуюць паміж рознымі значэннямі слова. Напрыклад, з пераносным і прамым значэннямі ўжыта слова пасівелы ў аповесці Я. Коласа «Дрыгва»: «Наабапал іх дарогі стаіць лес, пасівелы ад інею, як і дзед Талаш ад старасці». Падобная з’ява назіраецца і ў такім прыкладзе з аповесці С. Грахоўскага «Ранні снег», дзе на раптоўны, нечаканы сэнсавы зрух у слове паказвае і шматкроп’е пасля прыметніка адкрыты: «Хатка гэта ўсіх і нічыя... У завіруху ці ў такую непагадзь тут і ратуюцца падарожнікі, як мы з вамі... Такі закон тайгі... І людзі тут суровыя і адкрытыя... як гэтая хатка». У дачыненні да людзей слова адкрытыя абазначае ‘шчырыя’, у дачыненні да хаткі – ‘незачыненая, даступная для ўваходу кожнаму’. Дарэчы, на названым прыёме пабудаваны многія народныя параўнанні. Напрыклад, першае слова ў параўнанні прыстаў, як смала да падэшвы выступае адначасова з двума значэннямі: ‘неадступна прывязаўся да кагосьці’ і ‘прыліп’. Або: ляпнуў, як лапцем па цымбалах; цягаецца, як хвост за лісою; распусціўся, як старая панчоха.
2. Суіснаванне двух значэнняў у слове ўзнікае ў выніку далучэння да яго сінтаксічна аднародных, але далёкіх па семантыцы слоў. Вось, напрыклад, звычайнае, нарматыўнае ўжыванне слова пахнуць са значэннем ‘вылучаць пах’ у апавяданні М. Лынькова «Андрэй Лятун»: «I пахне яшчэ перагарам вугалю і газавым куравам». Тут у сувязь з дзеясловам пахнуць уступілі і сінтаксічна, і лагічна аднародныя словы перагар, курава. Калі ж пры мнагазначным слове аб’ядноўваюцца злучальнымі ці супраціўнымі злучнікамі словы, якія абазначаюць лагічна неспалучальныя паняцці, то ў граматычна галоўным слове перакрыжоўваюцца два значэнні. На гэтым звычайна засноўваецца каламбур. У аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз» расказваецца, як Міколка прапаноўвае рабочым свае паслугі, каб вызваліць арыштаваных: «— А пакгауз я ведаю, як свой вагон, мы вунь колькі разоў туды лазілі галубоў ганяць... — Галубоў, галубоў... —перадражніў яго адзін з рабочых. — Тут, бачыш, не галубамі пахне, а куляй...» Пахне тут і ‘вылучае пах’, і ‘пагражае, сведчыць аб магчымасці чагосьці’.
З двума значэннямі адначасова выкарыстаны дзеяслоў варыць у сказе: «За некалькі дзён у нас з’явілася многа добрых сяброў, што ўмеюць варыць сталь і рыбацкую юшку, хораша спяваць і шчыра сябраваць» (С. Грахоўскі). У спалучэнні са словам сталь дзеяслоў варыць абазначае ‘вырабляць плаўленнем’, а ў дачыненні да слова юшка — ‘гатаваць кіпячэннем’. Параўн. таксама ў аповесці I. Шамякіна «Гандлярка і паэт»: «Аднак увесь той дзень на душы было пагана ад гэтай першай сустрэчы з акупантамі, ад свайго, здавалася б, удалага гандлю, быццам прадала не цыбулю, а сумленне».
Такі стылістычны прыём называюць зеўгма (ці «аднародная неаднароднасць»). Гэта — «выкарыстанне слова ў аднолькавых граматычных, але розных семантычных адносінах да двух суседніх слоў у кантэксце» [116, с. 145]. Паводле структуры гэта найчасцей дзеяслоўнае словазлучэнне, у якім ад мнагазначнага граматычна галоўнага слова-дзеяслова залежаць два назоўнікі, фармальна аднародныя, але лагічна разнародныя, далёкія па семантыцы. Адзін назоўнік лагічна, семантычна кантактуе з адным значэннем дзеяслова, а другі — з другім. Толькі ў рэдкіх выпадках зеўгма мае канструкцыю прэдыкатыўнага словазлучэння. Напрыклад, у вершы Р. Барадуліна «Карысная парада» рэалізуецца вытворна-прамое значэнне дзеяслова-выказніка падымацца ‘павялічвацца’ i сэнсавае адценне ‘станавіцца больш за норму’: «Калі падымаецца дзе ў калегі аклад iціск — адпаведна — у вас, не забірайце з аптэкі лекі, пакіньце іншым на чорны час».
У п’есе К. Крапівы «Брама неўміручасці» дзеяслоў страціць у спалучэнні са словам неўміручасць абазначае ‘перастаць мець прывілеі, правы’, а ў дачыненні да назоўніка су мачка — ‘згубіць па няўважлівасці’: «[Дабрыян:] Я пра ваша здароўе пытаюся. Вы былі так усхваляваны. [Наташа:] Было ад чаго. Страціць неўміручасць — гэта не сумачку з грашыма».
Прыклад з п’есы «Мілы чалавек». Праменны, «былы драматург i будучы паэт», заляцаецца да Клавы, Жлуктавай жонкі, чытае ёй у гарадскім садзе вершы i раптам бачыць, што прыбліжаецца Жлукта: «Я бачу мілы вобраз твой у промнях славы баявой. Я бачу... (Змяніўшы тон.) Я бачу капялюш Дзям’яна Дзям’янавіча. (Хавае рукапіс.) Хавайся, паэзія, проза ідзе». Тут у дзеяслове бачу — суіснаванне двух значэнняў (‘уяўляць у думках’ i ‘ўспрымаць зрокам’).
Дзеяслоў касіць мае канструктыўна абмежаваныя значэнні: касіць што ‘зразаць касой’ i касіць каго ‘знішчаць, забіваць’. Параўн. яго выкарыстанне ў зеўгматычнай канструкцыі: «Kocaмi да цвёрдых мазалёў i мурог, i сівец касілі, i няпрошаных маскалёў, бо чужой не кленчылі сіле» (Р. Барадулін. Здаралася).
Часам пры зеўгме на агульнанароднае значэнне слова накладваецца індывідуальна-аўтарскае, кантэкстуальнае. Так, у паэме А. Куляшова «Сцяг брыгады», у эпізодзе сустрэчы Алеся Рыбкі з галодным сынам-бежанцам, знаходзім: «Босы, бег ён праз ямы, па халоднай зямлі, па лістах і па сэрцы маім таксама». Прамое значэнне дзеяслова бег — ‘імчаўся’, а кантэкстуальнае, якое выяўляецца ў выніку незвычайнага спалучэння дзеяслова бег са словамі і па сэрцы маім таксама, — ‘выклікаў глыбокае перажыванне, пачуццё душэўнага болю, спагады’. У той жа паэме чытаем: «Слёзы сыплюцца... пацяклі, пакаціліся самі па сухой траве, па зямлі і па сэрцы маім таксама». Параўн. у паэме Р. Барадуліна «Балада Брэсцкай крэпасці»: «Без вады захлынаюцца, без вады канаюць дзеці, параненыя, кулямёты». Або ў вершы Н. Гілевіча «Сцежкі да родных магіл»: «Над гэтым салдацкім капцом дарагім прашу аднагодкаў, праверце, ці не зараслі дзе да родных магіл сцяжынкі — у полі і ў сэрцы!»
3. Сэнсавая двухпланавасць атрымліваецца ў выніку таго, што моўнік не ведае пераноснага значэння таго ці іншага слова. Гэта часцей за ўсё назіраецца ў маўленні дзяцей. Чатырнаццацігадовы Данілка з драмы Я. Купалы «Раскіданае гняздо» не разумее, што значыць світанне ў метафарычнай рэпліцы рэвалюцыянера-агітатара Незнаёмага («Кончылася чалавечае вечнае начаванне, і світанне агністае пачынаецца на зямлі ад краю да краю, ад мора да мора!»). Хлопчык дзівіцца: «Што ён чаўпе? Па-мойму — вечарэе, а па-ягонаму — світае. Ці сляпы, ці ён не бачыць?» Яшчэ прыклады — з часопіса «Вожык»: «— Хлопчык! Калі ты будзеш дарослы, кім ты станеш? — Пажарнікам. — А што ты будзеш рабіць? — Тату тушыць. Ён учора трэці раз пагарэў на базе»; «Тата такі хітрун! Калі мама спытала, чаму позна з работы прыйшоў, ён адказаў, што замочваў з сябрамі сваё новае паліто. Я памацала паліто, а яно сухенькае».
4. Двухсэнсавасць з’яўляецца вынікам непаразумення паміж суразмоўнікамі. Так, суіснаваннем двух значэнняў слова гарачая (‘нагрэтая да высокай тэмпературы’ і ‘палкая, страсная’) ствараецца камічны эфект у п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта», дзе адзін персанаж дастасоўвае гэта слова да міскі з крупнікам, а другі мяркуе, што гаворка вядзецца пра дзяўчыну Марысю. Розны сэнс укладваюць у слова цудоўны Чарнавус і Туляга (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім): для Чарнавуса Гарлахвацкі —«цудоўны чалавек» з прамым значэннем гэтых слоў, а для Тулягі гэты «цудоўны чалавек» — прайдзісвет («Свет прайдзіце, другога такога не знойдзеце»). Па-рознаму разумеюць, што такое генеральная рэпетыцыя, стары селянін Каспар і кіраўнік паўстанцаў Язэп (З. Бядуля. Салавей), калі глядзяць, як гарыць панскі маёнтак. Для Каспара гэта забаўнае вогненнае відовішча, а для Язэпа гэта добрае прадвесце: «Можа, некалі ўсе маёнткі лютых паноў засвецяцца. А пакуль што няхай гэта будзе нашай генеральнай рэпетыцыяй».
У некаторых выпадках другое значэнне слова адчуваецца як падтэкст. Напрыклад, у камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» цёця Каця гаворыць пра Гарлахвацкага, што ён «з’есць і Чарнавуса», а Нічыпар пярэчыць: «Глядзі, каб не ўдавіўся». Слова з’есці ў рэпліцы цёці Каці абазначае ‘не даць магчымасці дзейнічаць, працаваць’, а другое, прамое значэнне ‘прыняць якую-небудзь ежу’ ўзнікае ў свядомасці пад уплывам слова ўдавіцца — ‘задыхнуцца ад засеўшага ў горле кавалка’.
Як бачым, каб слова адначасова рэалізавала розныя значэнні, нібы іграючы сваімі сэнсавымі гранямі, патрэбен спецыяльна створаны кантэкст.
Падвойны, а то і патройны змест слова іншы раз можа быць выяўлены толькі на шырокім фоне тэксту. У апавяданні Я. Коласа «Соцкі падвёў» дзеянне адбываецца ў вёсцы Галадранцы. Туды ўраднік пасылае стражніка, каб навесці «дакладныя спраўкі» аб «падазрыцельным чалавеку», і наказвае: «Зайдзі да соцкага Рамана Камлюка. Але не надта выкладай яму ўсё на талерку: трэба помніць, што ён — галадранец, забастоўшчык». Слова галадранец тут абазначае і ‘жыхар вёскі Галадранцы’, і ‘абадранец, бядняк’, і ‘ненадзейны чалавек’.
Апрача апісаных тут прыёмаў, якімі ствараецца двухпланавасць, сустракаюцца i менш пашыраныя. У некаторых выпадках гэта як бы камічная расшыфроўка сэнсу пэўнага слова, разлічаная на эфект «падманутага чакання». Пачатак кантэксту рэалізуе нібыта адно значэнне, а канец — другое. Некалькі прыкладаў: 1) Аўтар прыкметна вырас: мінулагодні касцюм стаў яму малы (П. Шыбут); 2) Хваліўся сваім сябрукам графаман, пыхкаючы цыгарэтай: — У выдавецтве ў мяне раман... з перспектыўнай кабетай (П. Сушко); 3) Меліяратары з вялікай ахвотай асушылі... кілішкі (В. Шаўчэнка). Параўн. таксама ў вершы Р. Барадуліна «Лазня блакаднага горада»: «Анекдот смяецца з глухога: як варам лінулі — пачуў!»
Разнастайныя прыёмы абыгрывання слоў ствараюць каламбур, ipoнію, камізм, выступаюць сродкам выразнасці i г.д.
Адзначым, дарэчы, што з полісеміяй вучні знаёмяцца ў 5 класе. Але вывучэнне мнагазначнасці слова, як і іншых пытанняў лексікі і фразеалогіі, на гэтым не заканчваецца, а толькі пачынаецца. Каб вучні атрымалі грунтоўныя веды (у межах школьнай праграмы) і трывалыя навыкі па гэтых пытаннях, вельмі важных для добрага авалодання літаратурнай мовай, неабходна сістэматычная работа над словам на ўроках мовы і літаратуры ва ўсіх класах. Вялікія магчымасці для пашырэння ведаў пра мнагазначнасць слова дае лінгвістычны аналіз. На шматлікіх прыкладах з мастацкіх твораў вучні пераконваюцца, што полісемія — адзін з невычэрпных рэзерваў моўнай выразнасці.