§ 4. Рэальна-гістарычны каментарый
^ Вверх

§ 4. Рэальна-гістарычны каментарый

 

Правільна i глыбока зразумець мастацкі твор у цэлым можна толькі пры ўсведамленні кожнага яго адзіна мажлівага элемента, пры пільнай увазе як да зместу, так i да формы гэтага твора. «Вывучэнне мастацкага твора, яго мовы, зместу, — пісаў В.У.Вінаградаў, — павінна абапірацца на глыбокае разуменне грамадскага жыцця адпаведнага перыяду ў развіцці народа». I яшчэ: «Гістарызм — аснова правільнага, навуковага разумення з’яў» [14, с. 171, 182]. У найбольшай ступені гэта адносіцца да твораў, час напісання якіх аддалены ад нас многімі дзесяцігоддзямі.

У такіх творах нярэдка можа ўпамінацца якое-небудзь імя, факт, падзея. Для чытача, аўтаравага сучасніка, аднаго гэтага ўпамінання магло быць дастаткова, каб зразумець, што ці каго меў на ўвазе пісьменнік, на што намякаў. Праз некалькі дзесяцігоддзяў гэтыя імёны, факты, падзеі могуць аказацца забытымі, незразумелымі для чытачоў новага пакалення. А каб правільна асэнсаваць твор, патрэбна разумець усе дэталі яго зместу. Таму пры аналізе такix твораў яго істотным кампанентам павінен быць так званы рэальна-гістарычны каментарый[1], г.зн. тлумачэнне забытых імёнаў, фактаў, падзей, якія ўпамінаюцца ў творы, расшыфроўка магчымых аўтарскіх намёкаў, паказанне крыніц літа-ратурных i іншых яўных i прыхаваных цытат i г.д.

Трагікамедыя Я. Купалы «Тутэйшыя», напісаная ў 1922 г. i апублікаваная ў 1924 г., хутка была забароненая i толькі ў 1988 г. зноў вернутая да жыцця. У энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (1986. С. 598) беспадстаўна сцвярджаецца, што «ідэйна-мастацкая супярэчлівасць не дала п’есе мажлівасці заняць значнае месца ў беларускай савецкай драматургіі». Сапраўдная ж прычына замоўчвання гэтай трагікамедыі больш  за 60 гадоў зусім іншая. Не так даўно апублікаваныя дакументы з фондаў былога партыйнага архіва (ЛіМ. 1995. 10 лістап.) сведчаць, што 17 снежня 1926 г. на закрытым пасяджэнні ЦК КП(б)Б п’еса была забаронена па палітычных матывах. У сакрэтнай пастанове гаварылася: «Лічыць магчымым пастаноўку п’есы на сцэне пасля яе радыкальнай перапрацоўкі аўтарам i пасля таго, як перапрацаваная п’еса будзе прынята да пастаноўкі адпаведнымі органамі». Ды аўтар не пайшоў на ганебны гвалт над ягонай душой.

Пры чытанні трагікамедыі даволі часта сустракаемся з разнастайнымі моўнымі фактамі, якія патрабуюць абавязковага, хоць бы сціслага рэальна-гістарычнагa каменціравання. Вось адзін прыклад. Бачачы, як Мікіта Зносак перад прыходам «новых акупантаў» змяняе тое-сёе «ў xaтнix абставінах», «пераварочвае абразы», Янка Здольнік пытаецца: «Цікава толькі, як гэта вы з сваім апошнім саўбураўскім становішчам дапасуецеся да самай навейшай палітычнай сітуацыі, што круціцца ўжо каля Пярэспы?»

Што такое Пярэспа? I што абазначае саўбураўскі? Адказу на гэтыя пытанні не знойдзеш нi ў энцыклапедыях, нi ў тлумачальных слоўніках. У пачатку XX стагоддзя Пярэспай называлі паўночна-заходнюю ўскраіну Мінскa[2]. А яшчэ раней тут працякала невялікая рэчка Пярэспа, левы прыток Свіслачы, куды яна i ўпадала ў раёне Старавіленскага тракту. У выказванні «самай навейшай палітычнай сітуацыі, што круціцца ўжо каля Пярэспы» маюцца на ўвазе польскія войскі, якія ў ліпені 1919 г. былі ўжо недалёка ад Мінска, за Пярэспай. Зрэшты, у «Тутэйшых» ёсць i іншыя ўстарэлыя тапанімічныя назвы. Напрыклад, Трэк («Палез на Трэку недзе на вышкі») — ’месца для гуляння ў Mінскім гарадскім садзе’. Гэту назву знаходзім i ў вершы К. Крапівы «Што я бачыў на «Трэку» (1922).

Прыметнік саўбураўскі ўжываецца ў п’есе яшчэ тройчы, толькі ў крыху змененым афармленні — з іншым суфіксам i чамусьці неаднолькавым напісанні: «Бяда толькі, меджду протчым, што вось новая, па ліку трэцяя, палітычная сітуацыя, спыняе на няведамы час гэту маю рэгістратарска-совбурскую кар’еру»; «А цяпер далоў совбурскую форму!»; «А як зноў унеспадзеўскі тыцне ў Менск ваша совбурскае начальства?» Прыметнікі саўбураўскі i совбурскі ўтвораны ад назоўніка совбур, ужытага у рэпліцы Знос-ка, які расказвае пра свае шматлікія пасады рэгістратара ў розных савецкіx «аддзелах, пададдзелах i напаўпададдзелах»: «На маю пільную працу нават начальства, меджду протчым, звярнула увагу i да маёй рангі рэгістратара дабавіла ганаровую падрангу, якая па-нашаму завецца «Совбур». «Пане совбур» — так аднойчы i Здольнік з іроніяйзвяртаецца да Зноска.

Расшыфраваць гэта складанаскарочанае слова дапамагае яшчэ адно яго ўжыванне — у сатырычным вершы K. Kрапівы «Праборка музе» (1923): «А ты, — кажу, — муза-дура, не касіся на пуза саўбура...» У каментарыях да верша сказана, што саўбур — савецкі буржуй. Гэтак у першыя гады савецкай улады называлі не толькі сапраўдных буржуяў, але i гандляроў, чыноўнікаў i іншых людзей не з асяроддзя рабочага класа (гегемона рэвалюцыі). Ды i сам Зносак гаворыць пра сябе: «Выбачайце, я не таварыш, а, меджду протчым, буржуаз».

Ёсць у п’есе i яшчэ адно ўтварэнне ад гэтага ж назоўніка — совбурства ў сэнсе ‘праца, занятак совбура’: «Не ўдасца вам гэта асэсарства, дадуць вам совбурства, а штосьці ды будзеце мець, бо ці ж вам не ўсё роўна?» Можна меркаваць, што совбурства, а таксама саўбураўскі, совбурскі не агульнанародныя (i недаўгавечныя) словы, а неалагізмы самога Я. Купалы. Несумненным наватворам на аснове таго самага совбура з’яўляецца дзеяслоў адсабураваць са значэннем ‘ачышчаць, вяртаць у ранейшы стан’: «А цяпер займемся адсабураваць сценкі».

У «Тутэйшых» больш як 20 дзейных асоб. Апрача гэтага, тут сустракаем 13 несцэнічных персанажаў, якія ўпамінаюцца толькі аднойчы. Амаль усе гэтыя прозвішчы нічога не гавораць сённяшняму чытачу ці гледачу Купалавай п’есы. А між тым многія з іх  не абы-якія постаці, вартыя народнай памяці.

Чэрвень 1920 года. Перад прыходам бальшавіцкага войска ў Мінск Мікіта Зносак, ужо гатовы прыстасавацца да новай «палітычнай сітуацыі», хваліцца Янку Здольніку, што ён  «не зусім такі ўжо несвядомы беларус ― нават з вашай літаратурай знаёмы», дэкламуе нейкі куплет:

 

Беларусь, мая старонка,

Куток цемнаты,

Жыве Шыла, Грыб, Мамонька, –

Будзеш жыць і ты. 

 

Хто такія Шыла, Грыб, Мамонька? Адказу на гэта пытанне не знойдзеш у нядаўна выдадзеным дзевяцітомным Поўным зборы твораў Я. Купалы, у прыватнасці, у 7 томе, дзе змешчана п’еса  «Тутэйшыя». Ніякага рэальна-гістарычнага каменціравання, думаецца, крайне неабходнага ў выданні такога тыпу, у гэтым томе няма. Да апошняга часу не ўпаміналіся гэтыя прозвішчы ні ў энцыклапедыях, ні ў вялікіх працах па гісторыі нашай краіны. Але цяпер у  «Беларускай Энцыклапедыі» і ў  «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі»  даюцца пэўныя звесткі пра Я. Мамоньку і Т. Грыба. А пра М. Шылу па-ранейшаму маўчок…

Язэп Мамонька (28.01.1889 ― 10.09.1937) ― відны беларускі палітычны дзеяч. Быў членам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Двойчы арыштоўваўся царскімі ўладамі і амаль тры гады сядзеў у турме. Адзін з арганізатараў і дэлегатаў 1-га Усебеларускага з’езда ў 1917 г. Пасля ― член Вялікай беларускай рады, член Рады БНР. У 1919 г. яго арыштоўвалі польскія ўлады, а ў 1918 і 1921 гадах ― савецкія ўлады. Да 1928 г. жыў, працягваючы займацца палітычнай дзейнасцю, у Празе, Коўне, Вільні, Рызе. У 1928 г. вярнуўся ў Менск, але хутка быў арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў, а ў 1937 г.  расстраляны. Як пазначана ў энцыклапедыі,  «рэабілітаваны ў 1989 і 1993 гг.»

Тамаш Грыб (7.03.1895 ― 21.01.1938) ― вядомы беларускі палітычны і культурны дзеяч. Удзельнік 1-га Усебеларускага  з’езда ў снежні 1917 г., член Рады БНР і яе Выканаўчага камітэта. Адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. З канца 1920 г.  жыве ў эміграцыі спачатку ў Коўне, а пасля ў Празе. Скончыў філасофскі факультэт Карлава універсітэта (1928), абараніў доктарскую дысертацыю. Працягваў актыўную палітычную і асветніцкую дзейнасць за мяжой. Супрацоўнічаў у розных газетах і часопісах. Апублікаваў шмат артыкулаў па гісторыі. Пахаваны ў Празе.

Мікола Шыла – актыўны ўдзельнік беларускага адраджэнскага руху, адзін з кіраўнікоў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Як ужо адзначалася, пра яго ў беларускіх энцыклапедыях ніякіх звестак не даюць. Мусіць, з той прычыны, што ён і ў перыяд Другой сусветнай вайны, і пасля яе працягваў актыўную барацьбу за самастойную, незалежную Беларусь. У часопісе «Крыніца» (1998. № 11. С. 69) быў змешчаны дакументальны матэрыял, як у 1948 г. у Германіі, у лагеры для перамешчаных асоб беларускай нацыянальнасці, адзначалі дзень 25-га сакавіка. Тут жа падаецца ліст Міколы Шылы, дасланы ўдзельнікам гэтай акцыі:

«Хваробаю цяжка прыкуты да ложка, у гэты Вялікі Урачысты Дзень не магу сам асабіста прыняць удзел у святкаванні. Дзеля гэтага, як удзельнік Акту 25 сакавіка 1918 года, ад усяго сэрца вітаю Вас з Вялікім Нацыянальным Святам і ад усяе душы зычу, каб у наступным годзе на Роднай Бацькаўшчыне, якая стогне пад чужацкім ярмом, мы ў сваіх родных хатах з сваім родным Урадам у вольнай Радзіме супольна святкавалі гэты Вялікі дзень і закончылі яго аднагалосным тостам: «Жыве Беларускі народ!», «Жыве вольная, незалежная, непадзельная Беларусь!»

На жаль, як сказана ў згаданым матэрыяле, у Міколы Шылы гэта быў  апошні Сакавік, бо вельмі хутка пасля гэтага ягонае вялікае сэрца перастала біцца.

Я. Купала, жывучы з 21 студзеня 1919 г. у Мінску, несумненна, ведаў асабіста Шылу, Грыба і Мамоньку. З Міколам Шылам быў знаёмы па працы ў «Нашай ніве», дзе Шыла час ад часу друкаваўся. Дарэчы, М. Шыла пакінуў вялікія ўспаміны пра Я. Купалу (яны не так даўно былі перадрукаваны ў перыядычных выданнях).

Хоць, як слушна гаворыцца ў навуковай літаратуры, несцэнічныя персанажы не ўплываюць на ход падзей у драматычным творы, але ўпамін гэтых трох прозвішчаў у трагікамедыі невыпадковы. Не мае значэння, што гэтыя прозвішчы чуем з вуснаў Зноска ― адмоўнага персанажа. У час, калі пісалася трагікамедыя, яны былі пад забаронай. Я. Купала знайшоў шлях неяк нагадаць пра гэтых нязломных барацьбітоў за незалежную Беларусь, тады ўжо выгнаннікаў.

У Купалавай трагікамедыі сустракаем нямала іншых несцэнічных персанажаў, якія толькі ўпамінаюцца той ці іншай дзейнай асобай. Так, у чацвёртай дзеі ёсць такі дыялог:

 

М і к і т а. Ужо нават едзе і старшыня Беларускага Рэўкому Чарвякоў – толькі затрымаўся недзе пад Менскам на папаску.

А л е н а. А я чула, што і цётка Бадунова таксама едзе на белай кабыле з Смаленска.

М і к і т а. Ну, яна, меджду протчым, эсэр-беларус і ў рахунак не йдзе: доўга тут не заседзіцца.

 

Зрэшты, тут Мікіта Зносак сапраўды як у ваду глядзеў.

Імя першага са згаданых дзеячаў, Аляксандра Рыгоравіча Чарвякова, сёння ў Беларусі ведаюць амаль усе. У 1920―1937 гадах ён быў старшынёй ЦВК БССР. Гэтага аднаго з найбольш аўтарытэтных кіраўнікоў Беларусі пачалі ў перыяд масавых сталінскіх  рэпрэсій усяляк шальмаваць, і 16 чэрвеня 1937 г. ён скончыў жыццё самагубствам. Да 1956 г. ягонае імя было ў забыцці. З вобразам Чарвякова сустракаемся ў аповесці В. Быкава «Знак бяды» і ў рамане  «Палеская хроніка» І. Мележа.

Што да Палуты Бадуновай, то пра яе пачалі згадваць толькі  нядаўна. А між тым гэта даволі значная дзяячка беларускага нацыянальна-палітычнага руху, адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Подпіс П. Бадуновай стаіць пад вядомымі Устаўнымі граматамі БНР. Падчас польскай акупацыі яе арыштоўвае дэфензіва, а ў 1921 г. яе абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці і восем месяцаў трымалі ў маскоўскай «Бутырцы». Пасля былі гады змагання за беларускую  справу ўжо за межамі рэспублікі ― у Заходняй Беларусі, у Празе. Цяжка захварэўшы, яна вяртаецца ў Мінск, адыходзіць ад палітычнай дзейнасці, пасля пераязджае ў родны Гомель, жыве ў цяжкай матэрыяльнай нястачы. У 1937 г. яе арыштавалі, а праз год расстралялі.

Можна здзіўляцца, чаму ў рэпліцы Спраўніка (дзея чацвёртая, чэрвень 1920 г.) ёсць упамінак пра Брусілава: «Кажуць, сам Брусілаў ідзе побач з нашымі новымі гаспадарамі, дык не павінен жа ён папусціць у крыўду такіх ветэранаў старой гвардыі, як я». А.А. Брусілаў – вядомы расійскі генерал, якога Спраўнік мог ведаць па тых часах, калі Брусілаў у 1912―1913 гг. камандаваў войскамі Варшаўскай акругі. З 1920 г. Брусілаў у Чырвонай арміі, у Наркамаце па ваенных справах.

А вось выказванне Зноска: «Вы, можа, параіце мне яшчэ і вашага  Тарашкевіча граматыку зубрыць?» Гаворка ідзе пра «Беларускую граматыку для школ» Б. Тарашкевіча, выдадзеную ў Вільні ў 1918 г.

З другога боку, у трагікамедыі ёсць несцэнічныя персанажы іншага кшталту.

Дарэшты зрусіфікаваны, Мікіта Зносак пагардліва ставіцца да ўсяго беларускага, лічыць сябе «істым рускім патрыётам», які тут, у Беларусі, «стаіць на варце сваіх рангавых і руска-ісцінных інтарэсаў», стойка выконвае «сваю місію». Ён кажа Здольніку:  «Меджду протчым, не забывайце, пане беларус, што я найздальнейшы вучань акадэмікаў Скрынчанкі і Саланевіча. Апрача таго, нас бацька Пурышкевіч, быўшы ў Менску тут, замеціў і, ад’язджаючы, на гэтую місію багаславіў».

Пра гэтых вялікадзяржаўнікаў і чарнасоценцаў Я. Купала пісаў у артыкуле «А ўсё ж такі мы жывём!..» (1914): «Калі Мураўёў гаспадарыў у Беларусі, то ў тым часе і паміну яшчэ не было аб тых патэнтаваных расійскіх нацыяналістах, створаных на абраз і падобіе саламевічаў, пурышкевічаў, замыслоўскіх і таму падобных. Іх, гэтых патэнтаваных «валяй-патрыётаў», вытварылі нашы апошнія часы: безупынная рэакцыя, наступіўшая пасля светлых проблескаў 1905 г.»

Л. Саланевіч (выхадзец з беларускай вёскі) і Д. Скрынчанка былі рэдактарамі шавіністычных выданняў, тапталі ў гразь усё беларускае, падрывалі нацыянальны рух, які ўзначальвала газета «Наша ніва». Л. Саланевіч у сваёй газеце адну нашаніўскую публікацыю Я. Купалы назваў «галиматьёй», вартай нецэнзурнай лаянкі. У раней названым артыкуле Я. Купала пісаў: «Панам Саланевічам усё будзе «галиматьёй», што толькі па-беларуску ні напішацца. Для перакінчыкаў законы жыцця і праўда-справядлівасць у рахунак не ідуць».  «Бацька» ж гэтых перакінчыкаў У. Пурышкевіч, бесарабскі памешчык, узначальваў чарнасоценныя арганізацыі Расіі «Саюз рускага народа» і «Саюз Міхаіла Архангела».

У ліку несцэнічных персанажаў сустракаем і такіх, як Азэф, Распуцін, Мураўёў. Прычым іх прозвішчы пададзены ў форме множнага ліку. Гэта ― у размове Зноска і Здольніка:

 

М і к і т а. Ха-ха-ха! Вось дык дадумаліся! Ха-ха-ха! Меджду протчым, пане беларус, мне ваш (з націскам) «дэмакратычны» язык непатрэбен, калі я маю свой, меджду протчым, мацярынскі рускі язык.

Я н к а.  О так, так! Для вашага гонару падавай вам мацярынскі язык цароў, Мураўёвых-вешацеляў, Распуцінаў, Азэфаў і ўсея кампаніі падобных ім, а на свой, папраўдзе для вас родны, як вы кажаце, язык вам напляваць. Эх, русацяп вы, русацяп! Але годзе аб гэтым! Калісь вы, пане рэгістратар, апомніцеся, але каб не было запозна.

 

Вось сціслы каментарый да гэтых несцэнічных персанажаў. Азэф… Гэта імя ўвайшло ў гісторыю як сінонім здрадніцтва, прадажніцтва. З’яўляючыся адным з лідэраў расійскай партыі эсэраў, Азэф на працягу многіх гадоў адначасова быў сакрэтным супрацоўнікам Дэпартамента паліцыі, выдаваў ахранцы сваіх калег, папярэджваў яе пра падрыхтаваныя эсэрамі тэрарыстычныя акцыі. Выкрыты, ён пазбег пакарання, уцёкшы за мяжу. Рыгор (Грышка) Распуцін быў фаварытам царскай сям’і Мікалая Другога, лічыўся «празорліўцам», «збавіцелем», выкарыстоўваў у агідных, распусных мэтах неабмежаваны ўплыў на царскую сям’ю. У 1916 г. быў забіты змоўшчыкамі-манархістамі.

Пра М.М. Мураўёва варта сказаць асобна.  Ён праславіўся як крывавы кат, як бязлітасны душыцель паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Народ ахрысціў яго мянушкай «Вешальнік». Ён, замольваючы «грахі маладосці» (сваю сувязь з дзекабрыстамі, у тым ліку з Мураўёвым-Апосталам), пахваляўся, што ён «не з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а з тых, якія вешаюць». Прыгадаем у дужках урывак з паэмы А. Куляшова «Хамуціус»: «Ніяк не могуць слоў забыць маіх: што я хоць Мураўёў, а толькі гонар выпаў мне належаць да Мураўёвых, не да тых, якіх калісьці вешалі, а да жывых, прыбыўшых з місіяй караць і вешаць». Яму ж належаць і словы, сказаныя пасля задушэння паўстання 1863 ― 1864 гг.: на Беларусі (у «Паўночна-Заходнім краі») «што не змог зрабіць рускі штык, даробіць руская школа». У «Нарысах гісторыі Беларусі» (1994, с. 334) чытаем: «Не давяраючы мясцовым настаўнікам і чыноўнікам, асабліва католікам, Мураўёў амаль цалкам замяніў іх выхадцамі з цэнтральных губерняў, прывабіўшы павышэннем акладаў на 50 працэнтаў і перспектывай хуткай кар’еры. Вядома, прыбывалі сюды не лепшыя кадры». І пачалося «даробліванне»…

Як бачым, несцэнічныя персанажы «Тутэйшых» значна пашыраюць наш далягляд на кола пастаўленых у п’есе праблем і яе цэнтральную праблему нацыянальнага самавызначэння. 

У некаторых мясцінах трагікамедыі выразна адчуваецца падтэкставая плынь, асобныя словы выклікаюць ланцужок сумежных асацыяцый. Паўторым прыведзенае вышэй выказванне Зноска пра Пурышкевіча: «Нас бацька Пурышкевіч, быўшы ў Менску тут, замеціў i, ад’язджаючы, на гэтую місію багаславіў». 3-пад фразы выглядаюць як іранічны падтэкст вядомыя пушкінскія радкі: «Старик Державин нас заметил и, в гроб сходя, благословил».

Ёсць у п’есе i яшчэ адна пераклічка з пушкінскімі радкамі. У паэме «Медный всадник» паказваецца, як на толькі што заваёваных землях Фінскага заліва стаіць Пётр Першы i думае: «Отсель грозить мы будем шведу, здесь будет город заложен назло надменному соседу. Природой здесь нам суждено в Европу прорубить окно, ногою твердой стать при море». Радок «в Европу прорубить окно» пасля стаў крылатым выразам, пачаў ужывацца са значэннем ‘устанавіць дзелавыя i культурныя сувязі з еўрапейскімі краінамі’. Гэты выраз сатырычна пераасэнсоўваецца ў трагікамедыі Я. Купалы. Усходні вучоны пытаецца ў Янкі Здольніка, ці не збіраюцца беларусы набыць сабе мора, «пробіть себе куда-нібудзь окошко — в Европу ілі Азію». Янка адказвае: «Нам i без мора, пане вучоны, хапае дзе тапіцца, як павее пошасцяй праз усходнія ці заходнія «окошкі». Услед «вучоныя» запісваюць, што пра пашырэнне cвaix межаў, пра Дарданелы, Індыйскія моры i якія-небудзь «окошкi» беларусы не думаюць i думаць не жадаюць. Тут вяртаецца гэтаму выразу яго першасны сэнс, звязаны з агрэсіяй, захопам чужых земляў.

Упамін пра Дарданелы таксама патрабуе каментарыя, бо выступае як намёк на тое, што царская Расія здаўна вастрыла зубы на гэты турэцкі праліў, валоданне якім дае мажлівасць бесперашкодна выходзіць у Міжземнае мора.

Сустракаецца ў п’есе i Пінскае мора. Здольнік гаворыць «вучоным»: «Маем поле i лес, горы i даліны, рэчкі i вазёры, нават мора мелі — называлася Пінскае...» Відаць, Здольнік (ён настаўнік) ведае, што даўным-даўно паўднёвая i заходняя часткі Беларуci былі марскім басейнам. Пра гэта i ў рамане П. Місько «Мора Герадота» чытаем: «На Беларусі мора калісь было... Герадот пра яго пicaў, старажытны грэчаскі гісторык. Мора Гера­дота... У Беларусі мора было некалькі разоў. Апошні раз — трыццаць мільёнаў гадоў назад...»

Усходні i Заходні вучоныя называюць Беларусь па-рознаму: першы — «Северо-Западным краем», другі — «Крэcaмi Всходнімі». Паўночна-Заходні край — афіцыйная назва беларускіх i літоўскіх губерняў, якая асабліва шырока пачала выкарыстоўвацца пасля паўстання 1863―1864 гг. Крэсы Ўсходне — так польскія ўлады называлі ў 1919―1939 гг. землі Заходняй Беларусі i Заходняй Украіны. Тут варта прыгадаць выказванне Я.Купалы з артыкула «Незалежнасць», нaпicaнага за тры гады да «Тутэйшых»: «Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак — Польшчы i Pacii, бо i адна, i другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці. Для адбудавання вялікай Польшчы «ад мора да мора» трэба пераступіць Беларусь; для адбудавання вялікай Pacii ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь»[47, с. 304-305].

Аб’ектам рэальна-гістарычнага каментарыя з’яўляюцца i ўпамінанні пра разнастайныя падзеі, якія адбываюцца ці адбываліся па-за сцэнай.

У рэпліцы Зноска, які насміхаецца з Янкі Здольніка i яго аднадумцаў, называючы ix «новаспечанымі рэспубліканцамі», «беларусамі», у якіх «нічога не выходзіць», «сходкі ці там з’езды» якix «раскідаюцца», адчуваецца выразны намёк на 1-ы Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.), разагнаны бальшавіцкімі ўладамі. (Гл. пра гэта больш падрабязна — у каментарыях да верша Я. Купалы «Час!».)

Пад канец другой дзеі (з’ява X) Наста Пабягунская гаворыць пра немца, якога «ахвяравалася правесці да Брахалаўкі»: «Як мне напэўна вядома з пэўных крыніц, то гэта апошні з роду Магіканаў, які, згодна з Берасцейскай умовай, пакідае сягоння нашы Менскія палестыны i махае свае кpoкi туды, адкуль прыйшоў». Тут «aпошні з роду Магіканаў» — варыяцыя фразеалагізма апошні з магікан, а што да «згодна з Берасцейскай умовай», то Насціны звесткі, як i амаль заўсёды, няпэўныя, недакладныя. Крах германскай інтэрвенцыі, адыход нямецкіх акупантаў з Беларусі ў лістападзе ― снежні 1918 г. абумоўлены лістападаўскай рэвалюцыяй у Гepмaнii i ніякай сувязі не мае з Брэсцкім (Берасцейскім) мірным дагаворам паміж Савецкай Расіяй i Германіяй, падпісаным у сакавіку 1918 г. Гэты дагавор 13 лістапада 1918 г. быў ануляваны, пра што Наста, відаць, i чула, але недакладна выказалася.

Трэцяя дзея, як пазначана на пачатку трагікамедыі, адбываецца ў ліпені 1919 г. Зносак, дастаўшы са сваёй каламажкі адзін з партфеляў, расказвае, што ў iм «усялякія дэкрэты, законы, пастановы, загады, рэзалюцыі, інструкцыі аб paўнaпpaўi ўcix pacaў i падрасаў, ycix нацый i паднацый, ycix народаў i паднародаў, ycix моваў i падмоваў — у нашай ядынай i непадзельнай Літбеларускай рэспубліцы». Гучыць гэта трагікамічна не толькі з-за розных «падрасаў», «паднацый», «паднародаў», «падмоваў», a i таму, што ў той час ужо не было ніякай «ядынай i непадзельнай Літбеларускай рэспублікі».

Як вядома, у ноч з 1 на 2 студзеня 1919 г. быў абнародаваны ў Смаленску Маніфест пра абвяшчэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). Часовы ўрад на чале з З. Жылуновічам (Цішкам Гартным) i кipaўнiкi бальшавіцкай партыі пераехалі ў Мінск. Праз паўтара месяца Віцебская, Смаленская i Магілёўская губерні рашэннем расійскага партыйнага кіраўніцтва перадаюцца ў склад РСФСР, а ў канцы лютага астатняя частка рэспублікі была аб’яднана з Літвой. Новае ўтварэнне стала называцца Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Літвы i Беларусі. Урад узначальваў В.С. Міцкявічус-Капсукас (беларусаў ва ўрадзе не было). Сталіцай стала  Вільня. Праз чатыры месяцы амаль усю тэрыторыю рэспублікі захапілі польскія інтэрвенты, 16 ліпеня 1919 г. яе ўрад спыніў сваю дзейнасць.

На пачатку п’есы пазначана, што чацвёртая дзея адбываецца ў чэрвені 1920 г., але, мяркуючы па падзеях, гэта не чэрвень, а ліпень, бо вызваленне Мінска ад палякаў чырвоным войскам было 11 ліпеня. Перад уваходам чырвоных у горад адзін з персанажаў кажа, што чуў, быццам тут «заводзіцца нейкая Беларуская Рэспубліка». Сапраўды, 31 ліпеня была адноўлена Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь.

Дарэчы, калі Я. Купала піcaў у 1922 г. «Тутэйшых», яму, несумненна, было балюча бачыць хоць нібыта i самастойную, але абрэзаную з ycix бакоў сваю «Бацькаўшчыну-маці». Заходняя Беларусь, паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 г., адышла да Польшчы, а ўсходняя мяжа праходзіла за Барысавам, ля Бабруйска i Мазыра. Рэспубліка налічвала паўтара мільёна жыхароў i складалася з шасці паветаў былой Мінскай губерні. Горкая іронія чуецца ў тагачасных Купалавых радках з верша «Не плюй у карытца...»:

 

Бач, нашу Айчыну

Без нашае волі

Як тую аўчыну

Ў шматкі папаролі.

А нам чужы статут

Паднёс пяць паветаў, —

Жыві і ўладай тут!

Ну, дзякуй за гэта!..

 

У 1924 г. Беларусі былі вернуты 15 паветаў Віцебскай, Смаленскай i Гомельскай губерняў, а ў 1926 г. — Гомельскі i Рэчыцкі паветы.

У «Тутэйшых» ёсць упамінанне пра Урангелеўскі фронт. Летам 1920 г. савецкія войскі былі вымушаны адначасова весці вайну на захадзе з Польшчай, а на поўдні з генералам Урангелем — галоўнакамандуючым так званай рускай арміяй у Крыме. Miкiтa Зносак адгадаваў бараду, каб яго не забралі ў чырвонае войска, бо чуў, што «пры новай палітычнай сітуацыі будуць дабравольна браць маладых мусьі i дабравольна адпраўляць ix на Урангелеўскі фронт».

Kaлі ў самым канцы п’есы чырвонаармейскі начальнік патруля арыштоўвае Зноска, той просіцца напрамілы бог: «Пайду памагаць вам забіраць Варшаву, толькі не забірайце мяне!» Тут, пa-пeршae, як дадатковы сродак стварэння трагікамічнага эфекту абыгрываюцца два значэнні дзеяслова забіраць (‘захопліваць, заваёўваць’ i ‘арыштоўваць, затрымліваць’), па-другое, адчуваецца прыхаваны непрыемны для бальшавікоў намёк-напамін пра ўсё ж не «забраную» Варшаву, славуты «цуд над Віслай» i, магчыма, дарэмнае непрыняцце iмi Зноскавых паслуг наконт польскай сталіцы.

Гэты «цуд над Віслай» — напаўзабытая старонка з гicторыі грамадзянскай вайны i няўдалай бальшавіцкай спробы распаліць «на гора ўсім буржуям сусветны пажар у крыві» (А. Блок). Вызваліўшы Беларусь ад польскіх акупантаў, Чырвоная Армія ў жніўні 1920 г. рушыла на Варшаву з несумненным далейшым намерам не спыняцца толькі на адной Польшчы. Камандаваў Заходнім фронтам М. Тухачэўскі, а адным з членаў Рэвалюцыйна-ваеннага савета быў Ф. Дзяржынскі (ён жа — старшыня Польскага бюро ЦК РКП(б) i, само сабой, старшыня ВЧК). У абозе наступаўшага войска ехаў будучы ўрад — Польскі рэвалюцыйны камітэт на чале з камуністамі Ю. Мархлеўскім i Ф. Дзяржынскім. Апошні, між іншым, спыняўся 1-2 жніўня ў Гродне па дарозе ў Беласток, пра што i сёння сведчыць мемарыяльная дошка на адным з будынкаў горада. Як слушна гаворыцца ў «Нарысах гicтopыi Беларусі», «з пераносам баявых дзеянняў на тэрыторыю Польшчы выразна праступілі палітычныя матывы i мэты вайны з боку Савецкага ўрада. 3 абараняльнай яна ператварылася ў сродак экспарту рэвалюцыі, спробу ўздыму сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі... Разлік на падтрымку польскага пралетарыяту, на ўздым рэвалюцыйнай хвалі ў Польшчы не апраўдаўся. Наадварот, адказам на наступ Чырвонай Apміі быў магутны нацыянальна-патрыятычны ўздым польскага народа ў абарону сваёй радзімы, сваёй незалежнасці» [76, с. 48-49]. Толькі адных добраахвотнікаў улілося ў польскую армію больш за 160 тысяч. 3yciм нечакана для чырвонага войска, што стаяла ля сцен Варшавы, здарыўся «цуд над Віслай»: 16 жніўня палякі перайшлі ў контрнаступленне i праз некалькі дзён амаль поўнасцю разграмілі тых, хто хацеў зноў загнаць польскі народ у няволю, адкуль ён толькі што вырваўся. Пра гэты бясслаўны паход на польскую сталіцу (з крыкамі: «Даёшь Варша­ву!») ёсць у паэме К. Крапівы «Шкірута» такія радкі:

 

З палякáмі меў я справу

I ў адным паходзе слаўным

Чуць не ўзяў у ix Варшаву

I чуць Мінска не аддаў iм.

 

Назіранні за мовай «Тутэйшых» даюць магчымасць унесці некаторыя папраўкі ў асобныя, не зусім дакладныя сцвярджэнні. Так, К. Чорны ў свой час у артыкуле «Небеларуская мова ў беларускай літаратуры» (1928) лічыў некаторыя выразы, у тым ліку ў чым справа, неўласцівымі беларускай мове. Нярэдка i ў сучасных працах цытуюць гэта ўстарэлае выказванне як актуальнае i сёння. Гэты фразеалагізм, аднак, шырока ўжывалі i ў 20-я гады (М. Гарэцкі, Ц. Гартны, К. Крапіва i інш.), i пасля, i ў нашы дні. Двойчы ён выкарыстаны ў «Тутэйшых», адзін раз у аўтарскай мове — у рэмарцы, другі — у маўленні Здольніка.

Яшчэ адно ўдакладненне датычыцца спалучэння дзве вялікія розніцы. Па маскоўскім тэлебачанні ў неаднойчы паўторанай праграме з удзелам артыста М. Жванецкага гэта спалучэнне прагучала з дадаткам «як кажуць у нас у Адэсе». Сказанае прынялі за чыстую манету, i цяпер у друку ўжыванне гэтага спалучэння абавязкова суправаджаюць дадаткам пра Адэсу. Напрыклад, у аповесці І. Навуменкі «Bip» чытаем: «Яго завуць Аляксандрам (а не Грышам), i гэта, як гавораць у Адэсе, дзве вялікія розніцы». Або ў «Зацемках...» Л. Галубовіча: «Гэта ж дзве вялікія розніцы, як баюць у Адэсе». У іншых аўтараў: «Расія і Беларусь ― гэта дзве вялікія розніцы, як кажуць у Адэсе» (Л. Гразнова); «У Еўропе ўведзена прынцыпова новая валюта ― еўра. У нас жа не ўводзіцца нейкая агульная валюта саюзнай дзяржавы, а расійскі рубель у Беларусі. А гэта, як сказалі б у Адэсе, дзве вялікія розніцы» (А. Драбчук). Але так гаварылі i гавораць не толькі ў Адэсе. Так казаў у 1918 г. i Мікіта Зносак: «Меджду протчым, не раздаю, а прадаю, а гэта вялікія дзве розніцы».

Спынімся яшчэ толькі на некалькіх прыкладах з твораў, што вывучаюцца ў школе або рэкамендуюцца для самастойнага чытання.

«Я зноў заснуўшую было жалейку бяру i пробую ў ёй галасоў» — такімi радкамі пачынаецца санет Я. Купалы «Для Бацькаўшчыны», напісаны 29 кастрычніка 1918 г. У гэты ж дзень (а можа, ноч) паэт стварыў яшчэ аж чатыры вершы: «У дарозе», «Песня», «Свайму народу», «На сход!». 30 кастрычніка — зноў верш, славуты «Час!» А перад гэтым было больш як двухгадовае маўчанне паэта. Заснуўшая было жалейка — так паэт вобразна называе сваё працяглае маўчанне.

Нямала маўленчых фактаў, якія патрабуюць аналагічнага каменціравання, знаходзім у паэме Я. Коласа «Новая зямля». У раздзеле «Дарэктар» чытаем пра Уладзіка: «З навукай хлопец штось не ладзіў, а Еўтушэўскі яго гадзіў, ярэмцам клаўся ён на карку». Тут метанімічны перанос імя аўтара на яго твор. Еўтушэўскі — тагачасны складальнік падручніка па арыфметыцы для пачатковых класаў.

Яшчэ прыклад — з лірычнага адступлення ў апошнім раздзеле той самай паэмы: «Дрыжалі струны гаваркія, у агуль­ны тон суладдзя гралі i на нявідныя скрыжалі трох неажыццеўленых слоў пісалі напісы вякоў...» Тры неажыццеўленыя словы — свабода, роўнасць, брацтва. А напіс — паланізм, тое самае, што i надпіс.

Адно з лірычных адступленняў у паэме Я. Коласа «Новая зямля» (раздзел «Леснікова пасада») уключае ў сябе такія радкі:

 

Хоць я няволяй цяжка змучан

І з родным берагам разлучан,

Ды я душою ажываю,

Як вокам мыслі азіраю

Цябе, мой луг і бераг родны.

 

Пра якую няволю і разлуку «з родным берагам» гаворыць паэт? Каб адказаць на пытанне, трэба прыгадаць, што раздзел «Леснікова пасада» Я. Колас пісаў у мінскім астрозе, у турэмным зняволенні.

Яшчэ ў адным лірычным адступленні (раздзел «Вечарамі») паэт піша, што зараслі пуцявіны ў яго «мілы куточак»:

 

І зараслі не палынамі,

Не крапівой, не драсянамі,

Не чаратом, не лебядою,–

А беларускаю бядою.

Ды покі будзе сэрца біцца,

Яно не можа пагадзіцца

Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою

Над нашай роднаю зямлёю...

 

Што гэта за «беларуская бяда», гвалт «над нашай роднаю зямлёю»? Раздзел «Вечарамі» напісаны ў хуткім часе пасля таго, як, паводле Рыжскага дагавора 1921 г., Заходняя Беларусь, дзе знаходзілася і родная вёска Я. Коласа, трапіла пад уладу панскай Польшчы. Паэт не мог не адклікнуцца на гэту падзею-гвалт балючымі радкамі.

«Дыміліся сямі франтоў дарогі за мной, як дынамітныя шнуры», ― чытаем у вершы А. Куляшова «Я хаце абавязаны прапіскаю...». Чаму  с я м і  франтоў? На заключным этапе Вялікай Айчыннай вайны наступленне супраць нямецка-фашысцкіх войск вялі сем франтоў Чырвонай Арміі: 1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы, 2-і, 3-і, 4-ы Украінскія.

Хрэстаматыя для 9 класа падае верш К. Крапівы «Едзе кры­тык малады». Пад назвай твора — падзагаловак: «Да 23 красавіка 1932 г.» Гэта дата сённяшняму чытачу нi пра што не гаворыць. А калі пісаўся верш, пра яе ведалі ўсе, асабліва ў асяроддзі пісьменнікаў. Гэты твор — водгук на партыйную пастанову «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый», паводле якой літаратурныя згуртаванні  распускаліся, а ўсе пісьменнікі аб’ядноўваліся ў адзіны саюз (своеасаблівая «калектывізацыя» ў сфе­ры літаратуры). У папярэднія гады, да з’яўлення пастановы, верхаводзілі ў літаратуры пралетарскія пісьменнікі ды крытыкі-вульгарызатары. Пісьменнікаў непралетарскага паходжання за-лічвалі ў папутнікі, дзейнічалі адміністрацыйным умяшаннем у творчыя справы, крытычнай дубінай ці, як піша К. Крапіва, «пу­гай дратаванай»: «На замораных гнядых, сам непадкаваны, едзе крытык малады з пугай дратаванай». У вобразнай сістэме гэтага сатырычнага твора — сумешчанае бачанне дзвюх карцін. Слова непадкаваны на «конскім фоне» ўспрымаецца двухпланава. У радках «На пятнаццатай вярсце не сцярпеў пакутнік» першыя тры словы асэнсоўваюцца як «на пятнаццатым годзе савецкай улады» (1917—1932).

У гутарцы «Дзядзька Антон» галоўны персанаж гаворыць: «Ой, штось мне здаецца, што скора выб’е астатняя гадзінка царскіх парадкаў. Гляньце, людзі! То ж таго цара забілі на вуліцы, як мы калісь каламі сабаку шалёнага». Тут маецца на ўвазе рускі цар Аляксандр II, якога 1 сакавіка 1881 г. забілі рэвалюцыянеры-нарадавольцы. Або: «13 гадоў таму назад адзін мужык навучыўся сталяркі, пайшоў да палацу на работу і падлажыў такога пораху, што як узарвала, то чуць самога цара і яго чыноўнікаў не забіла». У аснове гэтага ― гістарычны факт: у 1880 г. Сцяпан Мікалаевіч Халтурын, рускі рабочы-рэвалюцыянер, з сялян, зрабіў выбух у Зімнім палацы, пад царскай сталовай, разлічваючы забіць цара, але выбух адбыўся раней, чым цар увайшоў у сталовую. Ёсць у гутарцы ўпамінанне пра вайну з туркамі, з якой «больш як трыста тысяч дамоў не вярнуліся. Палова бедных салдатаў згінула ад кулі, а янаралы так кралі, так голадам усіх чыста марылі, што другая палова з голаду вымерла». Тут гаворка ідзе пра руска-турэцкую вайну 1877―1878 гг. Страты рускай арміі ў гэтай вайне сапраўды склалі толькі забітымі і раненымі больш як 200 тысяч чалавек.

У той жа гутарцы пасля загалоўка, перад пачаткам тэксту, ідзе ў выглядзе эпіграфа: «Загляне сонца і ў наша аконца». Звычайна састаўной часткай пры афармленні эпіграфа з’яўляецца паказчык на яго крыніцу. Тут жа крыніца не даецца. «Загляне сонца і ў наша аконца» – гэта беларуская прыказка. У дарэвалюцыйны час яна была актыўным моўным сродкам. Яе падае ў «Зборніку беларускіх прыказак» (СПб., 1874, с. 45) I. Насовіч, вылучаючы два значэнні: «надзея на будучы дабрабыт, дастатак, на шчаслівы ход справы» і «пагроза знайсці сродак помсты за крыўду». Як паказвае змест гутаркі «Дзядзька Антон», прыказка тут выкарыстана адначасова ў двух сваіх значэннях. Гэта выяўляецца, напрыклад, у такіх словах апавядальніка: «...вечна так не будзе, прыйдзе час, народ наш прабудзіцца, скіне з плеч гэтыя піяўкі, што нашу кроў ссуць, і зачнем жыць шчасліва». Другое значэнне прыказкі («пагроза знайсці сродак помсты за крыўду») асабліва выразна гучыць у канцоўцы твора: «А цяпер – проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!»

Незвычайны эпіграф даецца і да аповесці Я. Коласа «На прасторах жыцця» ― эпіграф-дыялог і таксама без паказчыка на крыніцу: «― Вы павінны прабіць сабе дарогу і выйсці на шырокія прасторы жыцця. ― А дзе такія шырокія прасторы? ― У шырокіх размахах грамадскай работы». Гэта дыялог з самой аповесці, з XIII раздзела другой часткі. У ім расказваецца, як у Заборцы прыехаў з Мінска «па справах камсамольскай ячэйкі» рабфакавец Шулевіч. Эпіграф-дыялог ― урывак з размовы паміж Шулевічам і Аленкай.

У камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» ёсць такі эпізод. Чарнавус і Вера чытаюць свежы нумар газеты «Правда». Да іх нячутна, каб што-небудзь падслухаць, падыходзіць Зёлкін. Вера, заўважыўшы яго, кажа: «Не турбуйцеся, таварыш Зёлкін, у нас ніякіх сакрэтаў няма... Ідзіце лепш пачытайце, што тут пра вас пішуць». І далей:

 

З ё л к і н (прачытаўшы, зморшчыўся). Жарты жартамі, а ў нас таксама ёсць паклёпнікі.

В е р а. Вы кажаце шчырую праўду.

З ё л к і н. Напрыклад, цёця Каця вельмі любіць языком патрапаць.

В е р а. «А он украдкою кивает на Петра».

 

Узятая ў двукоссе рэпліка Веры ― словы з байкі I. А. Крылова «Люстэрка і Малпа», у маралі якой гаворыцца:

 

Что Климыч на руку нечист, все это знают;

Про взятки Климычу читают,

А он украдкою кивает на Петра.

 

Дарэчы, на аснове заключнага радка гэтай маралі развілася прыказка Іван ківае на Пятра са значэннем ‘адзін звальвае віну на другога’, а таксама фразеалагізм ківаць на Пятра, г. зн. ‘звальваць віну на іншага’: «А там адмаўляюцца: маўляў, да нас бальшак не мае ніякага дачынення. Райвыканком таксама захоўвае поўнае маўчанне. Вось і атрымліваецца, што Іван ківае на Пятра, а дарога як ляжала ў калдобінах, так і ляжыць» («Звязда»); «Ім добра гаварыць, таварыш Варонін, калі ў іх станцыя пад бокам!.. А табе... Што? Ды хто з вамі тыкаецца? Гэта я сам сабе... Я не ківаю на Пятра, а толькі гавару, што і мы не ў бога цялятка ўкралі...» (Я. Брыль).

Часам у мастацкіх творах сустракаюцца цытаты без паказчыка на ix крыніцу. Вось думкі Глечыка з аповесці В. Быкава «Жураўліны крык», пададзеныя ў форме няўласна-простай мовы: «Эх, каб можна было спыніць час, перайначыць жыццё спачатку, «сабраць з дарог каменні тыя, што губяць сілымаладыя»!». Апошняя частка выказвання, узятая ў двукоссе, — цытата з «Новай зямлі» Я. Коласа.

Паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады» пачынаецца радкамі: «Як ад роднай галінкі дубовы лicтoк адарваны, родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны». Першы радок паэмы амаль літаральна паўтарае першы ж радок з верша «Ли­сток» М. Ю. Лермантава: «Дубовый листок оторвался от вет­ки родимой и в степь укатился, жестокою бурей гонимый». У артыкуле «Тры сустрэчы з Лермантавым» А. Куляшоў піша, як ён, перакладаючы творы гэтага паэта, звярнуў увагу на своеасаблівы рытм верша «Листок» i падумаў: «А што калі гэты радок павялічыць на адзін склад? I запісаў для сябе: «Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны...» Праз год пачалася Айчынная вайна, а яшчэ праз год, калі поўнасцю выспела задума паэмы «Сцяг брыгады», я так i пачаў яе гэтым радком. Рытм, як выявілася, быў на дзіва рухомы, ёмісты...»

Каб правільна асэнсаваць асобныя радкі з верша П. Панчанкі «Беларуская мова», неабходна бачыць асацыятыўную сувязь паміж iмi i вобразамі ці выказваннямі пэўных іншых аўтараў. У сказе «Пра цябе, як сонечнае дзіва, i Купала, ды i ўсе мы снілі сны...» выразны намёк на крылатыя словы Я. Купалы «Мне сняцца сны аб Беларусі» (з верша «...О так! Я —пралетар!»). Радок «Старажытная. Ты самая славянская», хутчэй за ўсё, спароджаны пад уплывам Адама Міцкевіча, які беларускую мову называў «самай гарманічнай з ycix славянскіх моў i найменш змененай».

Усе багі ў паэме «Тарас на Парнасе» маюць свае імёны. Толькі адзін бог безыменны. Гэта Купідон ― бог кахання ў рымскай міфалогіі. На малюнках і ў скульптуры яго заўсёды падавалі як юнака з залатымі крыльцамі, лукам, стрэламі і калчанам. На гэтыя атрыбуты, па якіх і расшыфроўваецца імя бога, намякае аўтар паэмы:

 

Хлапчына нейкі круглалікі,

Увесь кудравы, як баран,

І за плячмі ў яго вялікі

Прычэплен лук быў і каўчан...

На скрыдлах шпарка паляцеў...

 

У паэме А. Куляшова «Сцяг брыгады» Мядзведскі, «прыслугач нямецкі», выхваляецца: «Салаўкі... Салаўкі мяне вывелі ў людзі!» Салаўкі― гэта неафіцыйная назва Салавецкіх астравоў, што знаходзяцца ў Белым моры. Там Мядзведскі «за падпал птушкаводчае фермы» адбываў пакаранне. Салаўкі ўпамінаюцца і ў паэме К. Крапівы «Хвядос ― Чырвоны нос», у эпізодзе пра «аднаго галавацяпа», які насільна запісваў у калгасы, прапаноўваючы альтэрнатыву: «Ці калгас, ці Салаўкі». Параўн. таксама ў «Трывожным шчасці» I. Шамякіна: «...кулак, на Салаўкі яго...»



[1]  У некаторых працах (і ў праграме курса) такі каментарый называюць экстралінгвістычным.

[2] Слова Пярэспа сустрэлася і ў рамане М. Зарэцкага «Крывічы»: «17 жніўня 192... года ў невялічкім, па-мяшчанску прытульным доміку на Пярэспе памёр галоўны герой гэтага рамана Андрэй Іванавіч Беразоўскі».