§ 12. Прыказкі
^ Вверх

§ 12. Прыказкі

 

Прыказкі на працягу доўгага перыяду вывучаліся толькі ў фальклоры, разглядаліся як адзін з жанраў вуснай народ­най творчасці. Зрэшты, i цяпер нярэдка бытуе аналагічны погляд на прыказкі як фальклорны жанр. Аднак ужо тое, што прыказка не складаецца ў маўленні, а ўзнаўляецца ў памяці ў якасці гатовага слоўнага комплексу, дазваляе ставіць яе ў адзін рад з такімі моўнымі адзінкамі, як слова, фразеалагізм, састаўны тэрмін, крылаты выраз. Прыказкі, у адрозненне ад іншых фальклорных жанраў, ніколі не выконваюцца, не спяваюцца, як, напрыклад, народныя песні ці прыпеўкі, не расказваюцца, як казкі ці анекдоты або гумарэскі, не прапануюцца для разгадвання, як загадкі, — словам, самастойна не бытуюць, а, выкліканыя канкрэтнай жыццёвай з’явай, у патрэбны момант устаўляюцца ў маўленне як афарыстычнае закончанае суджэнне, праверанае вопытам многіх пакаленняў.

Амаль усе прыказкі характарызуюцца «найбольшай канцэнтрацыяй думкі пры найменшай затраце слоўнага матэрыялу» [44, с.227] i вылучаюцца такімi асаблівасцямі, як сцісласць, выразнасць, вобразнасць, высокія мастацкія вартасці.

Школьнікі знаёмяцца з прыказкамі ў 5 класе на ўроках літаратуры — у раздзеле «Вусная народная творчасць». Зазначым, дарэчы, што ў падручніку-хрэстаматыі паралельна з прыказкамі разглядаюцца i прымаўкі. Яны ілюструюцца прыкладамі: сем пятніц на тыдні, жаба на языку не спячэцца, мякка сцеле ды мулка спаць i інш. Але ў сучаснай лінгвістыцы гэтыя i падобныя прыклады аднадушна называюць не прымаўкамі, а фразеалагізмамі.

Далейшае знаёмства з прыказкамі (фактычна ўжо як з моўнымі адзінкамі) i засваенне вучнямі прыказкавага багацця можа быць паспяховым толькі пры ўмове, каліва ўcix класах, пачынаючы з пятага, будзе праводзіцца адпаведная работа з прыказкамі, што сустракаюцца ў мастацкіх творах.

Аб’ектам лінгвістычнага аналізу з’яўляюцца не ўсе прыказкi, а толькі тыя, якія патрабуюць пэўных каментарыяў. Можна вылучыць некалькі груп.

1. Прыказкі, сэнсавы змест якіх наўрад ці зразумелы вучням. Ёсць такія рэдкаўжывальныя прыказкі, напрыклад, у п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія». А ўсяго ix тут аж 71.  Між іншым, Я. Ф. Карскі слушна зазначыў, што ў гэтай п’есе-оперы мова войта Навума,  «як у славутага збраяносца Дон Кіхота Санча Пансы, не ў меру перасыпана масай народных прыказак i прымавак» [37, с.50]. Некалькі прыказак з гэтай п’есы з тлумачэннем ix сэнсу: 1) Над сіратою Бог з калітою — Бог дапамагае cipoтам, пакрыўджаным, абяздоленым; часцей гаворыцца як спадзяванне на лепшую будучыню; 2) Калі важыў на рыбу, трэба важыць i на юшку — калі наважваешся на штосьці значнае, нельга адмаўляцца i ад чаго-небудзь дробязнага, ад якога залежыць поспех i ў дасягненні таго значнага; 3) Латва знойдзе, хто шукае — кажуць з упэўненасцю пра лёгкія i станоўчыя вынікі пошукаў каго- ці чаго-небудзь; прыслоўе латва ў «Слоўніку беларускай мовы» І. І. Насовіча тлумачыцца як ‘лёгка, без цяжкасцей’.

У «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча знаходзім прыказку, якой Куторга характарызуе «дзейнасць» асэсара: Чырвонае белае ўсё перадзелае. У ёй гаворка ідзе, відаць, пра тое, што з дапамогай чырвонцаў, грошай, хабару ўсё можна перарабіць.

У трагікамедыі Я. Купалы «Тутэйшыя» ёсць такі дыялог: «[Гарошка:] Польскія лаюць рускіх, рускія лаюць польскіх, а як прыйдзе што да чаго, каб нашага простага чалавека пакрыўдзіць, дык i польскія, i рускія ў адну дудку граюць. [Гануля:] Ды яно ж гэтак, мой сваток. Каму па каму, а нам, казаў той, дык два камы». Прыказка Каму па каму, а каму (нам, мне) дык два камы гаворыцца неадабральна, калі неаднолькава адносяцца да каго-небудзь, несправядліва дзеляць што-небудзь i пад.

А вось урывак з трылогіі Я. Коласа «На ростанях»: «— Дык вось я надумаўся: давай махнём у Амерыку. Грошы ў мяне тpoxi ёсць, рахманага агента мы знойдзем... — Чорт яго, браце, ведае. Ніколі аб гэтым не думаў... — А ты падумай. Лепш ветру ў чыстым полі, чым за высокімі агароджамі... — Згодзен! Чым чорт не араў, тым i сеяцъ не стаў. Хоць свету пабачым». Выдзеленая тут прыказка ўжываецца як выказванне рашучасці перад прыняццем рашэння i абазначае ‘няхай так будзе; варта рызыкнуць’.

Аповесць Я. Брыля «Ciрочы хлеб» заканчваецца дзвюма прыказкамі, укладзенымі ў вусны дзеда Мікіты, жалейка яко­га спявае пра гаротную сялянскую долю:

 

— Тады, дзеду, іграйце адразу вясёлае. Добра?

Дзед Mікітa, трымаючы перад тварам сваю «пісклю», ycміхаецца, — ужо без хітрасці, а неяк крыва.

 — 3 песні, Даніла, слова не выкінеш, — сказаў ён, — а плачучы — рота ніхто не паправіць.

Над лугам загаласіла — той самай жніўнай песняй — жа­лейка. Сіратлівая, сумная песня!..

 

Прыказка 3 песні слова не выкінеш звычайна ўжываецца як апраўданне, калі даводзіцца гаварыць i што-небудзь не зусім прыемнае, i мае сэнс ‘прыходзіцца казаць усё, усю праўду’. У прыведзеным вышэй кантэксце яна дастасоўваецца i непасрэдна да песні, сіратлівай i сумнай. А Плачучы рота ніхто не паправіць абазначае ‘плач не дапаможа таму, у каго бяда, гора, маркота’.

2. Прыказкі, для якіх характэрна з’ява варыянтнасці. Пад варыянтамі ў галіне парэміялогіі (навукі аб прыказках) разумеюцца агульнаўжывальныя разнавіднасці прыказкі, якія адрозніваюцца пэўнай структурнай зменнасцю плана выражэння пры нязменнасці плана зместу. Напрыклад, прыказка Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш найчасцей ужываецца менавіта ў такім афармленні. Аднак, апрача гэтага, яна бытуе i ў іншых разнавіднасцях: Не кажы гоп, не пераскочыўшы; Не пераскочыўшы, не кажы гоп; Не пераскочыў, не кажы гоп; Калі не пераскочыў, не кажы гоп. Ва ўcix свaix варыянтах прыказка рэалізуе адно i тое ж значэнне ‘не лічы што-небудзь зробленым, пакуль не давядзеш яго да канца’ i непарушна захоўвае сваю непаўторную вобразную аснову. Гэтыя абавязковыя дзве ўмовы i вызначаюць мяжу вар’іравання той ці іншай прыказкі.

Часам можна напаткаць устарэлы варыянт прыказкі. Так, у п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» чытаем: Сам наварыў niвa, сам i naniвaй (параўн. у 4-м томе «Люду беларускага на Pyci Літоўскай» М. Федароўскага: Як наварыў niвa, так ni). Гэта ўстарэлыя варыянты сучаснай прыказкі Сам заварыў  кашу, сам i расхлёбвай.

Прыказка Пана клянуць, а пан тлусцее (таўсцее) ужыва­ецца i ў такой разнавіднасці: Кляні  пана пан сычае (таўс­цее). Прыклад з паэмы Я. Коласа «Новая зямля»: «I ёсць жа прыказка такая: «Кляні ты пана — пан сычае!»

Прыказка Чакай Пятра сыр з’ясі нярэдка выкарыстоўваецца ў іншым афармленні. Напрыклад, у п’есе Я. Купалы «Раскіданае гняздо»: Чакай, баба, Пятра будзеш сыр есці; у трылогіі Я. Коласа «На ростанях»: Чакай, цётка, Пятра бу­дзеш сыр есці. Гэта ж прыказка, як i шмат якія іншыя, ужываец­ца i ў скарочаным варыянце, з недагаворваннем яе апошняй часткі: Чакай, бабка, Пятра!... (Я. Купала. Тутэйшыя). Персанаж ці аўтар разлічвае ў такіх выпадках, што суразмоўнік або чытач добра ведае прыказку ў яе нескарочаным лексічным складзе i ў думках дапоўніць яе. Параўн. выкарыстанне прыказкі Не мела баба клопату, <дык> купіла парася ў рэпліцы аднаго з персанажаў рамана І. Мележа «Людзі на балоце»: «Не мела, грэц яго, баба клопату!..» Непаўната прыказкі на пісьме абазначаецца шматкроп’ем, а вымаўленне такіх прыказак звычайна суправаджаецца інтанацыйнай незакончанасцю. Скарочанае выкарыстанне прыказак адлюстроўвае тыповую для вуснага маўлення з’яву i павінна кваліфікавацца як стылістычна не абумоўленае змяненне прыказак.

3. Індывідуальна-аўтарскія варыяцыі прыказак, даволі частыя ў вершаваным маўленні, што выклікаецца рытма-рыфмічнымі асаблівасцямі твора, яго непразаічнай формай. Вось як, напрыклад, выкарыстана прыказка У чужым воку саломку бачым, а ў cвaiм i бервяна не заўважаем у вершы Я. Купалы «На тэму крытыкі i самакрытыкі»: «Пылінку бачым у суседа, ды што? — у яго ix не адна! А ў сваім воку, даўнім следам, не заўважаем бервяна».

Праілюструем гэту з’яву на некалькіх прыкладах з паэмы Я. Коласа «Новая зямля».

Абавязковага каменціравання патрабуюць наступныя ўрыўкі з паэмы: «Вось паплавец мой. Сена — піва! Ядкое, брацікі, на дзіва: запраў, дык есці будзе поп»; «Памдзей» штурхнець пад бок Міхала: «Счуў, бестыя, чыё з’еў сала», на Арцюшка «Памдзей» ківае, а сам нявесела ўздыхае». У першым урыўку — версіфікацыйны варыянт прыказкі пра добрае, пажыўное, ядкое сена Добрае сена: каб пасаліў, то i поп з’еў бы, у другім — варыяцыя прыказкі Ведае кошка, чыё сала з’ела, якая гаворыцца пра таго, хто адчувае сваю віну i магчымасць адплаты, пакарання.

У наступных урыўках бачым версіфікацыйнае выкарыстанне прыказак Каторы конь цягне, таго i паганяюць i Язык без касцей (са значэннем ‘нагаварыць можна ўсяго, што хочаш’): «Не раз на жалабы Міхала ляснічы так казаў, бывала: — Што ж? Добры конь i цягне дужа! — i не пускаў Міхала з гужа»; «Людскі ж язык касцей не мае».

4. Прыказкі, абыграныя пісьменнікам, ужытыя ў тэксце са змяненнямі рознага характару. Стылістычная роля прыказак у такім разе нібы падвойваецца. Такое творчае, эфектыўнае выкарыстанне прыказак (i фразеалагізмаў) слушна называюць «артыстычным спосабам транспазіцыі народных выразаў у літаратурную мову»[50, с.158].

У адных выпадках мэтанакіравана змяняецца форма прыказкі i, як вынік гэтага, яе змест, у другіх — форма застаецца нязменнай, а абыгрываецца толькі змест. Першую групу прыёмаў можна назваць структурна-семантычнымі змяненнямі, другую — абыгрываннем традыцыйных па форме прыказак у далейшым пазапрыказкавым выказванні.

Адзін з пашыраных прыёмаў першай групы — замена кампанента іншым словам. Прыказка Сабака брэша — вецер носіць пагардліва асуджае каго-небудзь за недарэчныя словы, плёткі, за беспадстаўную, нявартую ўвагі балбатню. У адным з сатырычных вершаў ваеннага часу K. Kpaпівa замяняе першы кампанент гэтай прыказкі канкрэтным адрасатам — прозвішчам галоўнага гітлераўскага брахуна, міністра прапаганды Гебельса. З’яўленню абноўленай прыказкі ў тэксце папярэднічаюць параўнанні Гебельса з сабакам («Не збрахаць, як карлік, столькі дзесяці сабакам», «брэша з захапленнем»), а пасля гэтага ідзе: «Нам ужо абрыдлі досыць байкі прайдзісвета: — Гебельс брэша — вецер носіць, — кажам мы на гэта». Абнаўленне ўспрымаецца на фоне прывычнай прыказкі, i заменены кампанент так i праглядвае праз «намесніка», даючы яму сваёй назвай належную характарыстыку. Сатырычны эфект i дасціпнасць гэтага перафразавання становяцца яшчэ больш відавочнымі, калі прыняць пад увагу, што ў нямецкай мове прозвішча гітлераўскага доктара прапаганды супадае ў гукавых адносінах са словам Gebell (брэх, гаўканне); у родным склоне адзіночнага ліку — Gebells; параўн. прозвішча Гебельса ў нямецкай арфаграфіі: Goebbels.

У п’есе Я. Купалы «Тутэйшыя» выкарыстана 8 прыказак (дарэчы, палова з ix — у маўленні Янкі Здольніка). Некаторыя з ix абыгрываюцца. Так, прыказка Не дай бог свінні рог, а мужыку панства ў рэпліцы Здольніка, адрасаванай калежскаму рэгістратару Зноску, ужыта з заменай кампанентаў: «Бачыў бог, што не даў свінні рог, а рэгістратару панавання». Гэта ж прыказка абнаўляецца i ў аповесці М. Гарэцкага «Ціхая плынь» у такім урыўку: «I толькі дзядзька Тамаш... першы здагадаўся сказаць — ці то пра настаўніка, ці то пра яго навуку: «Ат! Не дай бог свінні рог, а хамуйле панства». Замяняюцца два кампаненты прыказкі Бог не выдасць, свіння не з’есць у рэпліцы Свіста з аповесці В. Быкава «Жураўліны крык»: «Нічога, чорт не здрадзіць — свіння не з’есць».

Наступны прыём — уключэнне ў прыказку iншых слоў, сэнсава i граматычна звязаных з яе кампанентам. У выніку адбываецца ажыўленне слоўных якасцей паяснёнага пераасэнсаванага кампанента, яго актуалізацыя, а разам з тым павышаецца экспрэсіўнасць усяго выказвання. Вось адзін прыклад.

Прыказка Сам заварыў кашу, сам i расхлёбвай абазначае ‘сам распачаў што-небудзь клапатлівае, непрыемнае, сам i выкручвайся’. Кампанент кашу тут не мае самастойнага лексічнага значэння i, здавалася б, не можа паясняцца якім-небудзь эпітэтам. Аднак у фантастычнай камедыі К. Крапівы «Брама неўміручасці» фізік Змітрук, звяртаючыся да акадэміка Дабрыяна, гаворыць: «Caмi заварылі неўміручую кашу, самі i pacхлёбвайце». Уключэнне прыметніка-эпітэта, які носіць удак-ладняльны характар, у склад прыказкі вытлумачваецца імкненнем лепш прыстасаваць гэты народны афарызм да кантэксту: у камедыі паказана, якія праблемы i вострыя сітуацыі ўзніклі пасля таго, як вучонаму Дабрыяну ўдалося адкрыць закон неўміручасці, i як у гэтай сувязі праяўляюцца розныя якасці людзей. Уведзены ў прыказку прыметнік неўміручую сваёй экспрэсіяй i прыналежнасцю да іншага, «высокага» стылю не кантактуе з экспрэсіўна-стылістычнымі якасцямі прыказкі, таму становіцца аб’ектам асаблівай yвагi, надае прыказцы экспрэсію іранічнасці, стварае камічнае ўражанне. Прыказка ўзбагацілася i семантычна: да яе звычайнага зместу прыплюсоўваецца значэнне слова неўміручы i тое сэнсавае прырашчэнне, якое атрымлівае назоўнік каша.

Нярэдка ў прыказцы замяняюцца амаль усе кампаненты, у выніку ўзнікае дасціпны індывідуальна-аўтарскі наватвор, у падтэксце якога адчуваецца прыказка-прататып. Так, В. Блакіт у аповесцях «Усмешка Фартуны» i «Вырай» на ўзор прыказкі На бязгрыб’і i рак рыба стварае мадэліраваныя выразы На бясптушшы i варона салавей i На бязгрыб’і  i свінушка грыб. Струк­турная мадэль прыказкі З мipy па нітцы — голаму сарочка стала асновай для наватвора З люду па капейцы жабраку падштанікі — у аповесці Г. Марчука «Паляшук».

Мадэль той жа прыказкі ў эпіграме К. Крапівы «Чыжык» запаўняецца зусім іншым матэрыялам: З людзей па радку, а мне эпіграма. Хоць тут усе словы ўжытыя з прамым значэннем, непасрэдна накіраваным на канкрэтныя рэаліі, але сваім комплексам яны ствараюць выразны намёк на прыказку-мадэль. Майстэрства сатырыка нельга поўнасцю ацаніць, калі не бачыць перад сабой усёй гэтай арыгінальнай сваім мастацкім выкананнем эпіграмы-літмантажу, змешчанай у часопісе «Заклік» (1933. №1. С. 51). У эпіграме знайшоў увасабленне адзін з тыповых эпізодаў тагачаснай жорсткай рэчаіснасці, бесчалавечнай барацьбы, крыжовага паходу ў пошуках «ворагаў народа». Вось гэты твор.

 

Чыжык

(Эпіграма-літмантаж1)

На дэбют крытыка Аркадзя Куляшова

—  Чыжык, чыжык, дзе ты быў?

—  За гарой Максіма бiў.

«Дзюбаў, дзюбаў, аслабеў,

Толькі збрудзіў, а не з’еў».

___________________________ 

1 3 людзей па радку, а мне эпіграма: 

у гэтым вершы толькі адзін  радок мой.

 

Сапраўды, «у гэтым вершы толькі адзін радок» крапівоўскі: За гарой Максіма бiў (маецца на ўвазе выступленне ў друку маладога, 19-гадовага паэта А. Куляшова ў нязвычнай для яго ролі дэбютанта — крытыка твораў Максіма Гарэцкага). Першы радок эпіграмы ўзяты з вядомай жартоўнай песенькі такой самай назвы, а два апошнія — з верша А. Александровіча «Хлопчык i певень»: «Ку-ку-рэку! Ку-ку-рэку! Вось i певень тут аднекуль, крадучыся, неўзаметку падляцеў, xaпiў катлетку. Дзюбаў, дзюбаў — аслабеў, толькі збрудзіў, а не з’еў». Ды i другі  радок не зусім крапівоўскі, гэта — перафразаванне з той жа песенькі «За гарой гарэлку пiў». Варта таксама зазначыць, што ў кантэксце гэтай эпіграмы адбыліся семантычныя зpyxi ў словах, дастасаваных да крытыка-дэбютанта: чыжык, дзюбаў, збрудзіў, з’еў. Яны атрымалі сэнсавае прырашчэнне, падвойны змест.

Яшчэ адзін прыём — выкарыстанне вобразнай асновы прыказкі. Тут ужо традыцыйная структура прыказкі разбураецца. Ад прыказкі бярэцца толькі частка яе кампанентаў, якія даюць больш-менш яркае ўяўленне пра яе вобразную аснову, вы-клікаюць асацыяцыю з пэўнай прыказкай.

Я. Купала ў вершы «Час!» піша: «Ўсходзе сонца залатое роўна ўсім свяціць». I яшчэ праз тры радкі: «Дык i нам цапы i косы час браць з вышак, покi росы воч не згрызлі ў нас». За метафарычнымі прэдыкатыўнымі словазлучэннямі «ўсходзе сонца» i «покі росы воч не згрызлі» адчуваюцца творча выкарыстаныя элементы прыказкі Покі  сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.

На вобразнай аснове прыказкі з выкарыстаннем яе элементаў іншы раз будуецца сюжэт невялікіх твораў, асабліва баек.

Так, у аснову байкі К. Крапівы «Дзед i Баба» пакладзена прыказка Баба з воза каню лягчэй, якая ўжываецца i ў такіх варыянтах: Баба з калёс калёсам лягчэй; Баба з калёс калёсы як чорт панёс. М. І. Міхельсон падае прыказку з дадаткам-этымалогіяй: «Баба з воза, кабыле лягчэй (сказаў мужык, калі баба, раззлаваўшыся, што ёй няёмка сядзець,  злезла з воза)» [71, с.37]. Прыкладна ў такім плане i распрацоўваецца сюжэт байкі, толькі матывы спрэчкі паміж героямі іншыя, i гэта адпавядае ідэйнай задуме аўтара: байка пра Бабу, што стала памагаць каню, «седзячы на возе», накіравана супраць такіх «баб» ва ўстановах, якія, «здэцца, й робяць... штось, але справы слабы». У асобных радках байкі захоўваюцца элементы прыказкі, пры гэтым з абодвух варыянтаў:

 

Потым — гоп яна з калёс,

Села ля дарогі,

А каня як чорт панёс,—

Дзе ўзяліся й ногі!

 

Выдзеленыя словы амаль дакладна паўтараюць загаловак байкі пры яе першай публікацыі: «Баба з калёс, дык каня як чорт панёс» (Беларуская вёска. 1925. 29 верас.).

Звернемся цяпер да другой групы прыёмаў, калі прыказ­ка, не змяняючы сваёй формы, абыгрываецца ў далейшым выказванні (найчасцей у рэпліцы суразмоўніка).

Адзін з найбольш пашыраных прыёмаў — выкарыстанне на фоне прыказкі яе кампанентаў. Паўтораны следам за пры­казкай яе кампанент часцей за ўсё атрымлівае аказіянальнае значэнне, не заўсёды звязанае з агульным зместам прыказкі.

Прыказка Перамелецца — мука будзе абазначае ‘ўсё дрэннае, непрыемнае з часам пройдзе, забудзецца’ i гаворыцца, каб суцешыць каго-небудзь. У трылогіі Я. Коласа гэта прыказка двойчы i амаль аднатыпна абыгрываецца сутыкненнем паўторанага кампанента мукá з амографам мýка, у выніку чаго ствараецца каламбур: «Ён [пicap] не парушыўся ў cвaix перакананнях, нават пабачыўшы бурлівы вip маніфестантаў на вуліцах Пінска, калі паліцыя баязліва пахавалася. А старшыні сказаў: — Нічога, Захар: перамелецца — мука будзе. — Або мукá, або мýка, — уздыхае старшыня»; «Лабановіч спыніўся ў дзвярах бакавушкі i сказаў: — Перамелецца — мука будзе. — Можа, мукá, а можа i мýка, — заўважыў Турсевіч». Дарэчы, гэта ж прыказка ў п’есе Я. Купалы «Тутэйшыя» ўжыта з далучэннем слова ліха: Jlixa перамелецца мука будзе.

Прыказка Будзе табе (нам) дудка, будзе i cвicmoк ужываецца як пагроза пакараць каго-небудзь ці як чаканне пакарання. У п’есе А. Макаёнка «Выбачайце, калі ласка» на фоне гэтай прыказкі яе назоўнікавыя кампаненты напаўняюцца кантэкстуальным сэнсам, не парываючы, аднак, сувязі з яе агульным зместам: «[Гарошка:] Дачуецца Калібераў — будзе нам i дудка, будзе i свісток. Не? [Моцкін:] Навошта табе свісток?.. Хопіць з цябе i дудкі... А паслязаўтра на пасяджэнні ад Каліберава не толькі дудка, труба табе будзе».

У «Тутэйшых» Я. Купалы Гануля Зношчыха прыказкай Маладое niвa заўсёды шуміць ацэньвае дзейнасць Здольніка i Аленкі, якія носяцца «з усялякімі мудрымі думкамі». Гарошка, Аленчын бацька, занепакоена адказвае: «Так яно, так. Але найчасцей ад гэтага шуму нам, бацьком, галава баліць». Як бачым, слова шум, выкарыстанае на фоне папярэдняй прыказкі i пастаўленае ў сувязь з кампанентам шуміць, атрымлівае спецыфічнае значэнне ‘кіпучая дзейнасць’.

Іншы раз суразмоўнік знарок пераасэнсоўвае прыказку, робіць выгляд, нібыта ён успрымае яе літаральна. Гэтак абыгрываецца ў камедыі K. Kpaпівы «Мілы чалавек» прыказка Зняўшы галаву, па валасах не плачуць, што значыць ‘страціўшы важнае, вялікае, няма чаго шкадаваць малое, дробязі’. Стылістычны прыём пераасэнсавання прыказкі дапамагае стварэнню вобраза Жлукты — махінатара i блатмайстра: «[Жлукта:] Ну, як табе падабаецца пакой? [Клава, абыякава:] А, ужо які ёсць. Зняўшы галаву, па валасах не плачуць. [Жлукта:] Вось гэта ты дарэмна. Галаву маглі зняць, гэта праўда, але мы своечасова паклапаціліся, каб захаваць яе... Нават з валасамі. (Пагладжвае яе па галаве.) А калі ёсць галава на плячах, дык усё будзе». У выказванні Жлукты выкарыстоўваюцца амаль усе кампаненты прыказкі, пры гэтым каламбурна перакрыжоўваюцца, па-першае, слова валасы ў першасным значэнні i сугучны пры-казкавы кампанент, па-другое, прамое значэнне слова галава i цэласныя значэнні фразеалагізмаў галаву зняць, ёсць галава на плячах, у складзе якіх маецца кампанент галава.

Можна адзначыць i такі прыём, як сутыкненне прыказкі i сугучнага з яе кампанентам слова. А. Макаёнак у п’есе «Выбачайце, калі ласка» каламбурна сутыкае дзеяслоў пляваць на каго (‘пагардліва адносіцца да каго-небудзь’) i суадносны дзея-слоўны кампанент прыказкі Не плюй у калодзеж, прыйдзецца вады напіцца (ужыта з недагаворваннем яе другой часткі): «[Калібераў:] Што мне народ? Я сам разбяруся! [Міхальчук:] I вер­на, што яму народ, плюе ён на народ. [Калібераў:] Што? [Міхальчук:] Не плюй у калодзеж». Гэта ж прыказка ўжываецца ў такой разнавіднасці: Не плюй у карытца, мо прыйдзецца на­піцца. Параўн. у «Тутэйшых» Я. Купалы: «[Янка:] Ці не паспяшаліся, пане рэгістратар, пляваць у карытца — каб не прыйшлося напіцца».

Зразумела, што разнастайныя індывідуальна-аўтарскія варыяцыі прыказак, апраўданыя, матываваныя ідэйна-мастацкімі мэтамі i прыдатныя, эфектыўныя ў пэўным творы, ні ў якім  разе нельга прызнаваць за агульнанародныя, агульнамоўныя прыказкі. А між тым тлумачальныя слоўнікі прыказак («Крынічнае слова» I. i Р.  Шкрабаў, «Слоўнік беларускіх прыказак, прымавак i кры­латых выразаў» С. i Я. Івановых) памылкова падаюць у якасці загаловачных у слоўнікавых артыкулах многія аўтарскія варыяцыі прыказак. Так, ёсць агульнанародная прыказка Блізка відаць, ды далёка дыбаць. А ў абодвух памянёных слоўніках знаходзім: Лёгка сказаць, ды далёка дыбаць. Гэта — з рамана І. Мележа «Людзі на балоце», з выказвання Сарокі, якая амаль заўсёды гаворыць у рыфму, часам перайначваючы прыказку.

Каменціруючы выкарыстанне прыказак у мастацкіх творах, нельга не закранаць і пытання пра мастацкія асаблівасці той ці іншай прыказкі. Калі разглядаць шырокаўжывальныя прыказкі, змешчаныя ў СПБ [55], то амаль усе яны з’яўляюцца паэтычнымі мініяцюрамі, маюць у сваім значэнні і афармленні спецыфічныя прыметы мастацкага характару. Можна вылучыць 10 груп парэмійных паэтычных мініяцюр.

1. Алегарычныя, вобразныя прыказкі, у якіх усе ці амаль усе кампаненты пераасэнсаваныя. Пэўнае абстрактнае суджэнне, увасобленае ў такіх прыказках, перадаецца праз канкрэтны вобраз жывёльнага, птушынага, расліннага і іншага паходжання, напрыклад: Колькі ваўка ні кармі, а ён усё ў лес глядзіць; Старога вераб’я на мякіне не правядзеш; Яблык ад яблыні недалёка падае.

2. Прыказкі з нерэальным вобразам у іх аснове. Іх узнікненне – плён народнай фантазіі: Кінь за сабою –– знойдзеш перад сабою; Адальюцца ваўку авечыя слёзы; На кірмашы і бык цельны.

3. Прыказкі з сюжэтным патэнцыялам. У іх пэўныя дзеянні, адлюстраваныя ў іх зыходным, дапрыказкавым значэнні, падаюцца ў цеснай сувязі паміж сабой, як у сюжэце якога-небудзь апавядання: Выпрамлялі быку рогі, ды скруцілі шыю; Авечку стрыгуць, а баран дрыжыць; Жыве кот і жыве сабака.

4.  Прыказкі-каламбуры. У іх знарок сутыкаюцца розныя значэнні полісемантычнага слова ці абыгрываюцца амонімы або сумежныя з імі паняцці; напрыклад: Зранку і коні не п’юць; Не падмажаш –– не паедзеш; Бог тройцу любіць.

5. Рытмічныя прыказкі. Іх больш як 270 з ліку 1500 змешчаных у СБП [55]. Да прыкладу, у прыказцы Каб ведаў, дзе павалішся, саломкі падаслаў бы –– сямістопны ямб; Шэпты хату зводзяць –– трохстопны харэй; Капейка рубель беражэ –– трохстопны амфібрахій.

6. Рыфмаваныя прыказкі (630 сярод 1500). Схема рыфмоўкі ў іх самая разнастайная, напрыклад: Спроба не хвароба; Зяць любіць узяць; Бадлівай карове Бог рог не дае; Дома і салома ядома; На чужой старонцы рад сваёй варонцы.

7. Прыказкі з фанетычнымі сродкамі выразнасці. Ёсць дзесяткі прыказак, кампаненты якіх пачынаюцца аднолькавым зычным гукам (Воран ворану вока не выклюе) або для якіх характэрна алітэрацыя (Скрыпучае дрэва доўга скрыпіць) ці асананс (Забаронены плод салодкі).

8. Таўталагічныя прыказкі (іх больш за 50). Таўталогія ў прыказках гэтай групы выступае не як нешта заганнае, а як своеасаблівы стылістычны прыём, што склаўся гістарычна і замацаваўся ў маўленні: Новая мятла па-новаму мяце; Дасць бог дзень, дасць і полудзень; Кума куме, а кума па ўсім сяле.

9. Прыказкі з антытэзным супрацьпастаўленнем. Ёсць каля сотні прыказак, пабудаваных на сэнсавым супрацьпастаўленні кампанентаў, якія на ўзроўні слоў з’яўляюцца моўнымі або кантэкстуальнымі антонімамі: Меней гавары –– болей пачуеш; Начная зязюля дзённую перакукуе; За пчолкаю –– у мёд, за жуком –– у гной.

10. Прыказкі з сінтаксічным паралелізмам (іх больш як 200): Воўк не пастух, а казёл не агароднік; На каго бог, на таго і людзі; Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі і сын.

Можна прывесці сотні прыкладаў, калі высокая мастацкасць прыказак дасягаецца сукупнасцю некалькіх стылістычных прыёмаў. Так, прыказка Блізка відаць, ды далёка дыбаць (‘не так лёгка дасягнуць таго, пра што марыць хто-небудзь’) склалася ў выніку пераасэнсавання яе кампанентаў, грунтуецца на прыёмах сінтаксічнага паралелізму і антытэзнага супрацьпастаўлення; апрача таго, у ёй ёсць рыфма, рытм (чатырохстопны дактыль), гукапіс (да –– ды –– да –– ды). Каму па каму, а каму два камы (гаворыцца неадабральна, калі неаднолькава адносяцца да каго-небудзь, несправядліва дзеляць што-небудзь) –– прыказка, па-першае, вобразная, алегарычная, па-другое, каламбурнага характару (абыгрываюцца амаформы каму –– ад займенніка хто і каму –– ад назоўніка ком); да таго ж у ёй ёсць рыфма ў першай частцы, рытм (амфібрахій у 1-й частцы і анапест у 2-й), антытэза, гукапіс, эфектыўная таўталагічнасць аднолькавага, аднакаранёвага і сугучнага слоў.