§ 15. Асаблівасці вершаванага маўлення
Усе функцыянальныя стылі літаратурнай мовы карыстаюцца толькі адной сістэмай арганізацыі маўлення –– празаічнай. Мова ж мастацкай літаратуры існуе ў дзвюх разнавіднасцях –– празаічнай і вершаванай.
Вершаванае маўленне адрозніваецца ад празаічнага наяўнасцю рытму, рыфмы і страфы, больш складанай арганізаванасцю, звычайна больш павышанай эмацыянальнасцю, лірычнасцю, «суб’ектыўнасцю». Яно дазваляе пранікаць, як пісаў У. Маякоўскі, «у той участак мозгу, сэрца, куды іншым шляхам не ўлезеш, а толькі паэзіяй».
Як слушна параўнаў В. Кожынаў, вершаванае маўленне «адрозніваецца ад звычайнага маўлення не менш, чым рух танцора ад натуральней паходкі», i «нi ў якім разе не можа быць прыраўнавана да іншых відаў маўлення, як танец ніколі не можа быць прыраўнаваны да кроку ці бегу» [40, с. 29].
Адна з асаблівасцей вершаванага маўлення –– яго мілагучнасць, музычнасць, гукавая зладжанасць слоў, што ствараецца не толькі рытмам і рыфмай, але ў многіх выпадках і гукавой арганізацыяй верша, паўторам аднолькавых гукаў. Гукавыя паўторы сустракаюцца і ў прозе, але вельмі рэдка. Напрыклад, у апавяданні З. Бядулі «У шалашы» неаднаразовае ўжыванне шыпячых ш, ж, дж выконвае гукапераймальную ролю: «Ад дажджу тады шуршаў шалаш, нібы мышы скраблі».
У паэтычным жа маўленні гукапіс –– частая з’ява. У паэме Я. Коласа «Новая зямля» алітэрацыя (паўтарэнне р) перадае раскацісты гул грому: «I гром-пярун сталёвым бічам... арэ, трасе, калоціць хмары...» Слыхавы вобраз ствараецца і ў вершы П. Панчанкі «У навальніцу»: «Перуны грукаталі ў прасторы пустым...».
Як у гэтых, так і ў шматлікіх іншых прыкладах «форма становіцца элементам зместу» (Д.М. Шмялёў).
Гукапіс у сукупнасці з іншымі сродкамі ўзмацняе выразнасць паэтычнага маўлення ў наступных радках з вершаА. Куляшова «Камсамольскі білет»:
–– Не, не спалю! – адказаў камсамолец. ––
Хай лепей сэрца мне спаліць свінец.
Тут паўтарэннем гука с нібы перадаецца посвіст куль, разам з тым алітэрацыйнай згушчанасцю гукаў акцэнтуецца непахіснасць волі героя, цвёрдасць яго апошняга рашэння. У гэтых жа радках бачым сутыкненне агульнанароднага значэння слова спаліць і індывідуальна-аўтарскага. Першае спаліць абазначае ‘знішчыць агнём’, а другое выступае ў складзе аўтарскай разгорнутай метафары сэрца спаліць свінец з яе агульным сэнсам ‘расстраляюць’.
П. Трус у паэме «Дзесяты падмурак», ствараючы вобразны малюнак спакою, сну, карыстаецца алітэрацыяй:
І застылі сцені
у маёй святліцы.
Засынаю... Сніцца
роднае сяло.
Гукапіс можа выступаць і як сродак эмацыянальнай выразнасці; напрыклад, у П. Панчанкі: «Вясной светлы сок прарывае бяросту...». Асабліва багаты на гукавыя паўторы верш М. Чарота «Шляхам зімнім»:
Сенажацямі, лясамі
За санямі сані самі
Сцелюць сцежку,
Сцелюць сцілем...
Заскрыпелі, зарыпелі
Палазы ў лазе, запелі...
Сіні снег
Сцяжынкі сее,
Усхадзілася завея ––
Вее, вее, вее...
Відаць, невыпадковым трэба лічыць чатырохразовае паўтарэнне гука в у другім радку з байкі К. Крапівы «Вол і Авадзень»: Вол з ворыва вяртаўся.
Прывядзём яшчэ некалькі прыкладаў гукапісу. Найперш з твораў Рыгора Крушыны — выдатнага беларускага паэта-эмігранта. У даваенны час ён друкаваўся пад сваім прозвішчам — Рыгор Казак. У 1944 г. эміграваў, жыў у Германіі, ЗША, памёр у 1979 г. Выдаў шэсць кніжак паэзіі. Асноўныя тэмы яго зарубежнай ларыкі — Бацькаўшчына, каханне. Гэта паэт-віртуоз. Вось першыя дзве страфы з яго таўтаграмы — твора, у якім словы пачынаюцца з адной i той жа літары:
Смутак спякотны, Слухаю спевы сцяжынак. Стогне сухотны Сіплы суглінак. |
Сівер спакоем Сцішаны, сушыць смужынкі. Срэбным сувоем Сцеле сняжынкі. |
3 сучасных паэтаў асабліва часта скарыстоўвае алітэрацыі Р. Барадулін. Вось як у кнізе для дзяцей, побач са зрокавымі вобразамі, ствараецца слыхавы — паўтарэннем ш:
Штохвіліны на шашы
Шумна, як на кірмашы.
Шоргат, шорах, шум птушыны.
За машынаю машына.
Нешта шэпча шына шыне.
Ёсць у Р. Барадуліна верш «Матылёк». У ім 66 слоў (разам з 15-ю службовымі.). Гук л тут паўтораны 58 разоў: «Лілею млявы плёс люляе, 3-пад злежаных аблок здалёк Ляціць віхлясты i бялявы, Пялёстак лёгкі — матылёк. Ён кліча у блакіт лілею, Каб не любіла больш да слёз Бліскучы ад лускі i глею, Самлелы, абмялелы плёс, Дзе лашчыць цёплай ласкай хваля Лінёў — злянелых цельпукоў, Паблісквае няблізка далеч, Дзе ў іле не злічыць малькоў, Дзе глыб угнеўлена шыпела, Калі на хвалі лівень лёг... Засумавалы, белы, белы, Ляціць удалеч матылёк...»
Паэзія для Р. Барадуліна, як зазначыў В. Быкаў, — чароўная «стыхія, у якой ён нявольнік i ўладар адначасова. Віртуоз i майстра!» [9, с. 440 – 441]. У. Караткевіч ацэньваў барадулінскія радкі «Матылька» як «гарэзлівыя, свавольныя». I яшчэ: «Мабыць, ніхто з паэтаў не пайшоў бы на такое. Нехта казаў мне, што ў «гэтай вытанчанасці занадта вычварнай вытанчанасці» (стыль!), што ў гэтым ёсць «пэўны інфантылізм» [36, с. 211].
Р. Крушына ў прадмове да сваёй кнігі «Сны i мары» піcaў: «Паэзія спрадвеку прыхільніца прыгожага слова, прыбіраецца ў пышныя стpoi: метафары, алітэрацыі, багатыя рыфмы, арыгінальны рытм. Паэзія мае i класічныя формы — санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны. У беларускай літаратуры пачынальнікам гэтага жанру быў Максім Багдановіч» (цыт. па: [80, с.246]. Сам Р. Крушына таксама пакінуў узоры розных класічных формаў паэзіі. Напрыклад, ёсць у яго туюг — верш, у якім рыфмуюцца тры амонімы:
Мне не з гарматы ўпустую паліць,
А сэрцы людскія словам паліць.
Я адчуваю жыццё, разумею:
Каб кветкі не ссохлі — трэба паліць.
Адбіраючы самыя неабходныя для пэўнай сітуацыі словы, падпарадкоўваючы іх пэўнаму рытмічнаму памеру, змацоўваючы радкі рыфмай, паэты імкнуцца пераадолець «супраціўленне» моўнага матэрыялу, а там, дзе гэта не зусім удаецца, карыстаюцца традыцыйнай «паэтычнай вольнасцю». Таму ў вершаваным маўленні часцей, чым у празаічным, сустракаюцца разнастайныя адхіленні ад нормы. У прозе яны звычайна абумоўлены пэўнай мэтай, у вершаваным жа маўленні, з яго патрабаваннямі рытму і рыфмы, гэта назіраецца далёка не заўсёды.
Як вядома, Л. Талстой не зусім прыхільна ставіўся да вершаванага маўлення, лічыў, што «паэты звязаны памерам і рыфмай і нярэдка падганяюць пад іх свае вобразы і выразы; яны не свабодныя ў выказванні сваіх думак». Называючы верш А. С. Пушкіна «Анчар» выдатным, цудоўным, Л. Талстой разам з тым паказваў, як паэт звязаны рыфмай: «Слова «лыки» спатрэбілася для рыфмы да «владыки», а якія лыкі могуць быць у пустыні?» [94, с. 81]. Меліся на ўвазе наступныя радкі з пушкінскага «Анчара»:
Принес –– и ослабел и лег
Под сводом шалаша на лыки,
И умер бедный раб у ног
Непобедимого владыки.
М. Лужанін у артыкуле «Гора перакладчыка» расказвае пра цяжкасці, з якімі ён сутыкнуўся пры перакладзе камедыі А. С. Грыбаедава «Гора ад розуму», і розныя непазбежныя хібы, калі «рукі звязаны вершам»: «Давялося таксама дапусціць некалькі нескладовых «і» і «у». Думаю, у пачатку радка і перад словам, якое пачынаецца з галоснай, з такой хібай можна мірыцца» [62, с. 310].
Пры лінгвістычным аналізе неабходна адзначаць розныя змяненні, выкліканыя самой прыродай верша, памятаючы, аднак, што ўкласці іх «у пракрустава ложа стылістычнай матывацыі –– без суб’ектывізму і нацяжак –– вельмі цяжка» [105, с. 117]. М. М. Шанскі папракае асобных даследчыкаў вершаванага маўлення, якія абавязкова імкнуцца розныя моўныя факты «вытлумачыць тымі ці іншымі стылістычнымі прычынамі, зусім амаль не ўлічваючы патрабаванняў верша. Між тым у вершаваным творы многае можа абумоўлівацца і яго непразаічнай формай, версіфікацыйнай традыцыяй, патрабаваннямі рыфмы і рытму, а таксама тым, што можна назваць неабходнасцю запаўнення вершаванай прасторы (пры страфічнай структуры тэксту)» [105, с. 119]. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што, разглядаючы, напрыклад, урывак[1]:
За него дрожу,
как за зеницу глаза,
чтоб конфетной
не был красотой оболган.
Голосует сердце
–– я писать обязан
по мандату долга,––
няма патрэбы шукаць якія-небудзь іншыя матывы змяненняў у фразеалагізме как зеницу ока, апрача патрабаванняў рыфмы, тым больш што сам паэт дапамагае раскрыць сакрэт такой замены: «Я заўсёды стаўлю самае характэрнае слова ў канец радка і дастаю да гэтага слова рыфму што б там ні было» [70 с. 482]. Такімі характэрнымі словамі ў гэтай страфе з’яўляюцца обязан і долга, а не наадварот.
Паўторым (гл. § 1) урывак з паэмы Я. Коласа «Новая зямля», дзе выкарыстана прыказка Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць (Міхал кажа Марціну):
І не сабака страшан воўку,
Калі прыйшлося сказаць к слоўку,
Мой пане-браце, мой Марцяга,
А непрыемна яго звяга.
І гэта, зразумела, не «творчая апрацоўка» прыказкі «з боку пісьменніка», як лічыць М. Суднік [92, с. 10], і не набыццё прыказкай «зусім іншага вобразна-семантычнага ўвасаблення» «пад пяром Я. Коласа –– таленавітага майстра пародыі», як сцвярджае С.К. Майхровіч [65, с. 114], а звычайная для вершаванага маўлення варыяцыя прыказкі, абумоўленая патрабаваннямі рытму і рыфмы.
Пакажам на прыкладах з «Новай зямлі» Я. Коласа некаторыя варыяцыі, выкліканыя версіфікацыйнай мэтай. Праўда, варта агаварыцца, што асобныя з гэтых варыяцый (сцягнутыя формы прыметнікаў, зваротныя дзеясловы на сь, інфінітывы на ці замест ць і наадварот, й замест і), несумненна, можна вытлумачыць і тым, што паэма «Новая зямля» пісалася ў 1911––1923 гг., калі беларуская літаратурная мова, кажучы словамі М. Лужаніна, яшчэ «шукала нормаў». Характэрна, што ў вершаваных творах Я. Коласа, напісаных пазней, варыянтаў, абумоўленых версіфікацыяй, значна менш. Так, у паэме «Адплата» (1943––1944) яны адзінкавыя (галоўным чынам ў замест у пасля зычных ці знакаў прыпынку).
Асабліва цяжка ўключыць у тканіну паэтычных твораў прыказку ці іншае ўстойлівае шматслоўнае спалучэнне, не падпарадкаваўшы іх адпаведным рытма-рыфмічным асаблівасцям вершаванага маўлення. Гэта выклікае і змяненні інверсійнага парадку, і іншыя дэфармацыі, і ўключэнне слоў, узятых «збоку», каб запоўніць «вершаваную прастору». Напрыклад, у «Зборніку беларускіх прыказак» I. Насовіча (СПб., 1874, с. 127) падаецца выслоўе Пірог з’ясі, пакуль кругом абыдзеш, якім насмешліва характарызуюць тоўстага чалавека. У Я. Коласа яно атрымала іншую рэдакцыю і ўжываецца пры абмалёўцы «паноў, чыноўнікаў багатых, такіх таўшчэразных, пузатых, што можна смела з’есці булку, каб абысці гэту качулку».
Прыказка Добрае сена: каб пасаліў, то і поп з’еў бы[2](яна ёсць у IV томе «Люду беларускага на Русі Літоўскай» М. Федароўскага, № 7292) выкарыстана ў наступных радках паэмы:
Вось паплавец мой. Сена –– піва!
Ядкое, брацікі, на дзіва:
Запраў, дык есці будзе поп.
Падпаў пад істотныя змяненні і фразеалагізм язык праглынеш (‘вельмі смачны’), які адчуваецца ў радках пра квас:
Цыбуля, перчык, ліст бабковы ––
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!
Пільнуй –– цішком скажу між намі, ––
Каб і язык не ўцёк часамі.
Паэт часта скарыстоўвае варыянты слоў, у тым ліку і не засведчаныя слоўнікамі. Так, у «Беларуска-рускім слоўніку» (1962) і «Слоўніку беларускай мовы» (1987) даюцца вакол і вокал; навокал, навакол, навокала, наўкол і наўкола; у Я. Коласа ёсць яшчэ і вакола:
Вакол усюды цьма густая...
Устае Міхал, глядзіць вакола...
I тут навокал тваё поле...
А хлапчукі сядзяць маўкліва
І навакол глядзяць пужліва.
Наўкол пляменнікі сядзелі...
А навакола маладыя
Дзярэўцы пышна красавалі...
І іх пучочкі-златаблёсткі
Наўкола кідаюць пялёсткі.
Зваротныя дзеясловы ў паэме заканчваюцца то на ся, то на сь: «і песні зараз панясліся», «няслось вячэрняе маленне». Назоўнік жыццё выкарыстоўваецца з перастаноўкай націску: «і жыцце пэўнаю ступою ідзе, не ведае спакою» і «жыццё жаночае такое».
Пераважаюць змяненні, звязаныя з захаваннем р ы т м у[3]. Неабходнасцю мець яшчэ адзін склад, каб захаваць чатырохстопны ямб, выклікаецца ўжыванне у (складовага) замест ў (нескладовага).І наадварот: каб пазбыцца лішняга склада, замест нарматыўнага у скарыстоўваецца ў. Параўн.:
То –– наймацнейшая аснова
І жыцця першая умова.
Тым часам ў хаце ўсё гатова,
Цяпер за бацькам толькі слова.
Гэта ж самае трэба сказаць і адноснаі, й, варыянтных канчаткаў назоўнікаў і прыметнікаў жаночага роду адзіночнага ліку ў форме творнага склону –– -ай (-аю), -ой (-ою), дзеясловаў-інфінітываў на -ць і на -ці. Параўн.:
Міхал ідзе ды йдзе ў абходы...
Жывеш, ліпіш, як на калу ты,
І ногі й рукі ўдзеты ў путы.
А над уласнай гаспадаркай
Варонай чорнаю закаркай...
Быў смешны дзядзька той часінай
З пустою лыжкаю, з тычынай...
–– Не руш! не руш, пан! о, крый божа:
Пан сапсаваці справу можа!
І ўсе спяшаюцца, бягуць,
Каб рот свой скорамам заткнуць.
Прыметнікі жаночага і ніякага роду ў назоўным і вінавальным склонах адзіночнага ліку выкарыстоўваюцца ў сцягнутай форме. Параўн.:
Агонь блішчыць, як воўча вока.
Тут грошай трэба поўна жменя ––
Не наша голая кішэня...
Рытма-сілабічнымі асаблівасцямі абумоўліваецца і ўжыванне дзеяслова ліецца нараўні з льецца:
І доўга льецца гэта песня...
І гэта смутнае бляянне...
На сэрцы жалем аддаецца
І ў душу журбаю ліецца.
Нямала змяненняў звязана з патрабаваннямі р ы ф м ы. Тут можна назіраць змяненні:
а) марфалагічныя (сцягнутая форма прыметнікаў):
Ці прапіваў дабро скарбова?
Не будзе гнаць цябе за слова;
б) словаўтваральныя (выкарыстанне ўласнага імя Антоні пры рыфме тоні і, каб зрыфмаваць слова восі, –– Антося):
Бо ўдзень на рэчку і на тоні
Схадзіць збіраецца Антоні.
Грабільны, коссі, клёпкі, восі...
Няма трайні –– йдзі да Антося;
в) акцэнтныя (перанос націску на іншы склад; прыклад з паэмы Я. Коласа «Адплата»):
Ці мала шалаецца зброду?..
Забіў –– і канцы-сляды ў воду.
Некаторыя фразеалагізмы, якія ў маўленні маюць зафіксаваны, сталы парадак кампанентаў, ужываюцца з інверсіяй, каб выкарыстаць неабходную рыфму:
Няма зямлі свае і хаты,
І мусіш гнуцца, як пракляты,
Бо ты ні мяса і ні рыба.
Ідзе Міхал, прад ім сяліба...
Змяненні фразеалагізмаў, абумоўленыя версіфікацыяй, самыя разнастайныя і нечаканыя. Фразеалагізм, ужываючыся як простая мова, у вершаваных радках можа нават раздзяляцца словамі аўтара, чаго ў прозе не бывае. Прыклад з байкі К. Крапівы «Ганарысты Парсюк»:
Парсюк наш лаецца, не дараваць клянецца:
–– І месца мокрага,– крычыць,– не застанецца!
У вершаваных творах, напісаных да 1933 г., можна сустрэць нярэдкія выпадкі, калі назоўнікі мужчынскага і ніякага роду множнага ліку маюць націскны канчатак -ом (-ём) у давальным склоне і -ох (-ёх) у месным склоне; напрыклад, у творах Я. Коласа, у прыватнасці ў «Новай зямлі»:
Мёд разліваюць тыя гмахі,
Віно найлепшае і ром,
Як плата шчырая касцом.
Або ў вершы «Песні вясны»:
Гэй, сябры, гэй, ручаёчкі!
Дружна разам пабягом.
Гайда, гайда ў свет, браточкі,
К тым шырокім берагом!
У паэме «Сымон-музыка»:
Так і жыў ён, гадаваўся,
Бы пры сцежцы той гарох:
Сам з сабою забаўляўся,
Бегаў, бавіўся ў палёх...
Аналізуючы гэтыя і падобныя прыклады, нельга, аднак, бачыць у іх адступленні ад нормы, выкліканыя неабходнасцю зрыфмаваць словы (ром –– касцом, дыялектная форма пабягом і берагом, гарох –– у палёх). Тут трэба ўлічваць гістарычную зменлівасць мовы: доўгі час такія канчаткі былі нормай беларускай літаратурнай мовы, у 1933 г. пастановай Савета Народных Камісараў БССР «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» афіцыйна ўзаконены шмат якія новыя нормы, у тым ліку ўжыванне канчатка -ам (а не -ом) у давальным склоне і -ах (а не -ох) у месным склоне множнага ліку назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду.
Зразумела, што Я. Колас, як і іншыя пісьменнікі, пры перавыданні сваіх напісаных да 1933 г. твораў унёс, калі гэта не было звязана з рыфмай, адпаведныя змены, як таго патрабавала новая норма. Параўн., напрыклад, сучасную назву апавядання Я. Коласа «У старых дубах» і першапачатковую –– «У старых дубох» («Наша ніва», 1912, № 32).
Чытаючы i аналізуючы вершаваныя творы, трэба бачыць не толькі розныя «паэтычныя вольнасці», фанетычныя сродкі выразнасці, але i асобныя прыёмы пабудовы тэксту — сінтаксічныя фігуры. Да ix адносяцца: інверсія, анафара, сінтаксічны паралелізм, адмоўны паралелізм, градацыя i інш. Інверсійны парадак слоў у вершаваных радках звычайна абумоўлены версіфікацыяй, патрабаваннямі рыфмы ці рытму. Нездарма ў штотыднёвіку «Літа-ратура i мастацтва» аднойчы быў змешчаны так іранічны закід:
«На жалезе я сяджу» —
Так у прозе я скажу.
«На сяджу жалезе я» —
Гэта ўжо паэзія.
Нярэдка, аднак, інверсія выступае сродкам узмацнення выразнасці. Найбольш важнае ў ідэйна-мастацкіх адносінах слова знарок ставіцца не на сваё звычайнае месца, атрымлівае адметную інтанацыю, лагічны націск. Прыклады iнвepcii: «Час бег... Апошняя стухла зара» (Я. Купала. У піліпаўкy); «У душу летам патыхала. А з iм i вобразы другія Ўставалі, сэрцу дарагія» (Я. Колас. Новая зямля).
У паэме Я. Коласа «Сымон-музыка» ёсць, напрыклад, стылістычны прыём анафары (паўтор пэўнага слова на пачатку некалькіх радкоў):
Восень шла ў сырым тумане,
Восень клыгала ў гары,
Восень песні пела зрана,
Восень ныла ў вечары.
Прыклад сінтаксічнага паралелізму — з верша М. Багдановіча «3імой»: «Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег!»; з верша Я. Купалы «За ўсё»: «Зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла».
Паэма Я. Купалы «Бандароўна» пачынаецца адмоўным паралелізмам (у iм перад першай часткай параўнання ёсць часціца не): «Не вixop калыша лесам, не ваўкі заводзяць, не разбойнікі талпою за здабычай ходзяць, — на Ўкраіне пан Патоцкі, пан з Канёва родам, з сваёй хеўрай гаспадарыць над бедным народам».
Сінтаксічную фігуру градацыі (у групе аднародных членаў кожнае наступнае слова ўзмацняе сэнс папярэдняга) знаходзім, напрыклад, у вершы «Час!» Я. Купалы: «Доўга людзі ўдзень блудзілі, крыўду, слёзы, кроў пладзілі...» Зрэшты, градацыя сустракаецца i ў прозе, у драматычных творах; напрыклад, у п’есе К. Крапівы «Брама неўміручасці»: «Вы так мяне ашаламілі, ашарашылі, агарошылі, што я сёння нічога больш разумнага сказаць вам не магу».