§ 5. Прынцып гістарызму пры ацэнцы моўных з’яў
^ Вверх

§ 5. Прынцып гістарызму пры ацэнцы моўных з’яў

 

Прынцып гістарызму пры разглядзе мастацкага тэксту з’яўляецца адным з найважнейшых прынцыпаў і патрабуе канкрэтна-гістарычнага падыходу да разнастайных моўных фактаў. Гэты прынцып трэба захоўваць пры лінгвістычным аналізе ўстарэлых слоў, дыялектызмаў i некаторых іншых лексічных, фразеалагічных і прыказкавых адзінак. Гістарызм, як пicaў В. У. Вінаградаў, — «аснова правільнага, навуковага разумення з’яў. Гістарычнымі павінны быць i адносіны да мовы мастацкага твора» [14, с. 182]. Асабліва гэта iстотна пры разглядзе твораў пра мінулыя эпoxi.

Пішучы твор пра мінулае, аўтар не павінен імітаваць мову пэўнага часу і захоўваць абсалютную гістарычную дакладнасць у маўленні сваіх персанажаў. Ствараючы раман, аповесць, п’есу на гістарычную тэму, пісьменнік арыентуецца на чытача-сучасніка і піша ў асноўным на мове сваёй эпохі, але, з пачуццём меры і мастацкай мэтазгоднасці, выкарыстоўвае і моўныя сродкі той эпохі, пра якую апавядае ў мастацкіх вобразах. У выніку ствараецца неабходны гістарычны каларыт. Так, Я. Купала ў гістарычных паэмах «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», маючы справу з апісаннем даўніх рэалій і паняццяў, «натуральна, ужывае пэўную колькасць слоў, якія ў кантэксце купалаўскіх твораў надаюць каларыт старажытнасці і стылізацыі пад адпаведную эпоху» [31, с. 57]; напрыклад, у паэме «Курган»: «Ты, дружына п’яце асалоду», «Князь у хораме жыў», «Глянь у лёхі свае, ў падзямеллі глянь, князь», «Поўны гуслі насыплю дукатаў».

Актуальнае і сёння выказванне А. Бястужава-Марлінскага: «Няхай старадаўнасць гаворыць мовай ёй прыстойнай, але не мёртвай. Гэтак жа смешна ўкладваць неалагізмы ў яе вусны, як і ранейшую гаворку, таму што першых не зразумелі б  т а д ы,  другую не зразумеюць  ц я п е р» (цыт. па: [88, с. 17]).

Твор гістарычнага плана не павінен перанасычацца apxaiчнымі, незразумелымі моўнымі сродкамі. Разам з тым у ім нельга ўжываць такія словы i фразеалагізмы, якія выразна ўспрымаюцца як храналагічна неадпаведныя пэўнай эпосе. Інакш кажучы, пісьменнік павінен «адчуваць узрост кожнага слова» (С. Я. Маршак) i фразеалагізма.

Вальтэр Скот, непераўзыдзены майстар гістарычнага рамана, слушна лічыў, што ў творы пра даўнейшую эпоху нельга дапускаць слоў i выразаў сучаснага паходжання. Ён пісаў, што «адна справа выкарыстоўваць мову i пачуцці, аднолькава ўласцівыя i нам, i нашым продкам, другая — навязваць ім перажыванні i мову, характэрныя толькі для ix нашчадкаў» (цыт. па: [19, с. 69]).

Парушэннем дарэчнасці маўлення, а таксама прынцыпу гістарычнай дакладнасці трэба лічыць выпадкі, калі аўтар занадта асучаснівае мову таго ці іншага персанажа, пераносіць словы, фразеалагізмы, прыказкі, якія ўзніклі параўнальна нядаўна і звязаныя ў свядомасці чытача з пэўнай часавай характарыстыкай, у другую, ранейшую эпоху.

Несумненным лексічным анахранізмам трэба лічыць, напрыклад, дзеяслоў рэабілітаваць (са значэннем ‘апраўдаць’), ужыты ў рамане З. Дудзюк «Велясіты», дзе персанаж Базілеус Візантыі (IX ст.) кажа: «Цяпер самы спрыяльны час для вайны супраць славян, дзякуючы якой мы рэабілітуем сябе перад народам». У гэтым жа творы чытаем: «Трэба ўзяць з сабой гвардзейцаў, на той выпадак, калі давядзецца сутыкнуцца з войскам». Але, як засведчана ў энцыклапедыях, упершыню гвардзейскія фарміраванні (для аховы галоўнай асобы ў дзяржаве) з’явіліся ў Італіі ў Х ст.; у славян жа людзей, якія непасрэдна ахоўвалі князя, называлі неяк інакш, але толькі не гвардзейцамі.

У рамане Б. Сачанкі «Вялікі Лес» дзевяцікласніца Тася Несцяровіч піша ў сваім дзённіку (падзеі адбываюцца ў першы месяц Вялікай Айчыннай вайны): «Сын служыў у арміі недзе пад Мінскам, ён ― афіцэр. Як пачалася вайна, старыя, узяўшы ўнучку, кінуліся былі ў той вайсковы гарадок...». У гэтым кантэксце афіцэр ― лексічны анахранізм, бо вядома, што ў 1941 г. ніхто не называў камандзіраў Чырвонай Арміі афіцэрамі, а байцоў ― салдатамі. Нельга было так называць, за гэта каралі. В. Хомчанка ў апавяданні «Я іх ратавала» піша пра студэнтку Гендаль, якую ў 1937 г. «стараннямі Колі выключылі з тэхнікума і з камсамола за тое, што назвала чырвонаармейцаў салдатамі». Афіцэрскія і салдацкія чыны, скасаваныя ў першы год савецкай улады, былі адноўленыя, разам з увядзеннем пагонаў, толькі ў 1943 г. Дарэчы, Б. Сачанка, перавыдаючы раман, замяніў афіцэр іншым: камандзір.

У рамане Г. Далідовіча «Гаспадар-камень» (рэкамендуецца праграмай для пазакласнага чытання) стары селянін кажа (дзеянне адбываецца ў сакавіку ― чэрвені 1914 г.): «Цяпер жа страшнейшая вайна будзе, чым крымская ці японская. Усе кулямётаў, танкаў, аэрапланаў, падводных лодак, газу і яшчэ ўсякай халеры нарабілі ды назапасілі». Сярод слоў, укладзеных у вусны персанажа-селяніна, ёсць і такія, якіх у той час не было і не магло быць, як і не было яшчэ саміх рэалій, абазначаных гэтымі словамі. Кулямёты ўжо выкарыстоўваліся, пачынаючы з англа-бурскай вайны 1899―1902 гг. Былі падводныя лодкі, а таксама аэрапланы (напярэдадні вайны 1914―1918 гг. яны ляталі з хуткасцю каля сотні кіламетраў у гадзіну). А што да танкаў, дык яны ўпершыню выкарыстаны англічанамі ў 1916 г. Не мог персанаж-селянін нічога ведаць і пра газы (атрутныя рэчывы), якія ўпершыню былі ўжыты нямецкімі войскамі 22 красавіка 1916 г. каля бельгійскага горада Іпр (адсюль і назва атрутнай хімічнай зброі ― іпрыт).

Аналізуючы аповесць Ю. Станкевіча «Партрэт выпускніка на фоне “адлігі”», С. Грышкевіч зазначае: «Надта непраўдападобна падаецца, што ў 60-я гады ХХ стагоддзя ўжываліся словы «імбецыл», «гамон», «бамжыха». Здаецца, яны з другой оперы – прыўнесены аўтарам з пазнейшага часу»[1].

Пры чытанні гістарычных твораў У. Караткевіча можна бачыць, што аўтар, ужываючы пэўнае слова, якога не было ў тую эпоху, што апісваецца, іншы раз робіць агаворку; напрыклад, пры выкарыстанні ў аўтарскай мове назоўніка кіламетр (раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»): «Яны, адтупаўшы ў той дзень блізка сарака (нямераных, вядома, ані імі, ані кім яшчэ тады) кіламетраў, сталі начлегам ля нейкай невялікай вёскі». Аднак маўленне герояў гэтага рамана «часам празмерна (не ведаю: наўмысна ці міжвольна) асучасніваецца, і тады з’яўляюцца фразы накшталт: «Неадменна гэта яны раней часу ад тэорыі да практыкі перайшлі» [69, с. 239].

Янка Купала ў трагікамедыі «Тутэйшыя» нідзе не ўжывае слова белапалякі. Няма яго і ў 12-томнай «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» (у артыкулах, звязаных з Польшчай). А вось у падручніку для 10 класа «Беларуская літаратура» (пад рэд. В. Ляшук. Мінск, 1997, с. 285), калі размова ідзе пра п’есу «Тутэйшыя», выкарыстоўваецца гэтае слова, такое ж анахранічнае і недарэчнае, як і белафіны або душманы ў дачыненні да фінаў ці афганцаў, што грудзьмі стаялі за сваю радзіму ў барацьбе з няпрошанымі агрэсарамі. Адпаведную характарыстыку неабходна даваць гэтаму ж слову і ў сказе «Белапалякі адступалі» з аповесці М. Лынькова «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (вывучаецца ў 5 класе).

Анахранізмы рознага характару можна напаткаць і ў вучнёўскім вусным ці пісьмовым маўленні. Часопіс «Роднае слова» (1997. № 10. С. 211―213) змясціў падборку «Хоць смейся, хоць плач» ― урыўкі з пісьмовых прац абітурыентаў. Два прыклады з недарэчнасцямі: 1) Скарына ўвесь час вучыўся, вучыўся і вучыўся (як завяшчаў вялікі Ленін); 2) Янка Купала прысвяціў паэму «Тарасова доля» свайму сябру Тарасу Шаўчэнку ў сувязі са стагоддзем з дня нараджэння.

Чытаючы паэму К. Крапівы «Біблія», можна заўважыць нямала лексічных анахранізмаў, але іх выкарыстанне наўмыснае, свядомае, абумоўленае творчай задачай сатырыка. Так, Адам і Ева, пакараныя і прагнаныя з Эдэмскага саду, упершыню зведалі сорам, «што абое галышы». І далей: «Чырванеючы суніцай, Ева тут сказала: ― Фэ! Шый, Адам, ты галіфэ, ну, а я сабе спадніцу гэтаксама буду шыць; дзеля гэтае прычыны купім швейную машыну». Або пра Ноя: «Пасля гэтага на свеце трыста год, да самай смерці, так бясклопатна жыў Ной, толькі гнаў ды піў віно, нібы мы цяпер вадзіцу; не было нідзе міліцый ― не было каму забраць самагонны апарат». Яшчэ ўрывак: «― А плаціць ёй аліменты я не буду ні працэнта, ― адказаў тады Абрам». Заўважым, дарэчы, што сама гэтая паэма К.Крапівы сёння стала анахранізмам. Але яна ― факт беларускай літаратуры, таму, як кажуць, з песні слова не выкінеш.

«Узрост» уласна беларускага фразеалагізма спаць у шапку параўнальна невялікі: яго першую лексікаграфічную фіксацыю знаходзім у «Беларуска-рускім слоўніку» (1962), а яго першае пісьмовае ўжыванне належыць Я. Коласу ― у вершы «Плытнікі» (1907): Варушыся! Мігам! Не спі ў шапку! Жыва! Гэты фразеалагізм мае ярка выражанае ацэначнае значэнне і пакуль што не можа ўспрымацца інакш, як тыповы размоўны выраз нашых дзён. Яго перанос у другую культурна-гістарычную эпоху ды яшчэ выкарыстанне як нейтральнага сродку ў дачыненні да князя ― у перакладзе Я. Семяжона паэмы М. Гусоўскага «Песня пра зубра», выдадзенай на лацінскай мове ў 1523 г. у Кракаве, ― неапраўданая мадэрнізацыя: «Ён [князь] паміж войнамі ў шапку не спаў і дружыны ў дзікіх аблавах на звера прывучваў змагацца так, як і ў бітвах з татарамі». Фразеалагізм спаць у шапку яшчэ больш непрыдатны, гістарычна і стылістычна чужародны ў аповесці Б. Сачанкі «Дыярыуш Мацея Белановіча», ад пачатку да канца стылізаванай пад мову XVII ст.: «Яшчэ пан харужы каронны повеў Яго Мосці, што ён не спіць у шапку, сочыць за Хмяльніцкім, пільна сочыць». Спаць у шапку ў гэтых тэкстах ― фразеалагічны анахранізм.

Дзеянне ў рамане Л. Дайнекі «Меч князя Вячкі» адбываецца ў ХІІ ст. У адным з эпізодаў расказваецца, як аднойчы «заўважыла княгіня, што маленькая князёўна і маленькі смерд Мірошка сябруюць між сабой...» І далей: «― Крапіўнае семя, ― аж задыхнулася Дабранега. ― Як смее гэты брудны смерд набліжацца да княжацкай дачкі?» У сучасных фразеалагічных слоўніках як рускай, так і беларускай моў выраз крапіўнае семя падаецца з паметай «устарэлы» як пагардлівае абазначэнне чыноўнікаў ― кручкатвораў і хабарнікаў. Таму здзіўляешся: няўжо ў ХІІ ст. гэты выраз абазначаў нешта іншае? І яшчэ: а ці існаваў ён наогул у тыя часы? У гэтым самым рамане сустракаемся і з такім дыялогам:

 

― Дабраслаўчык, ці не дасі мне трут? Я свой згубіў.

― Што я табе з калена выламлю? – вылаяўся Дабраслаў, і воі адышлі ад вазоў.

 

Тут з калена выламаць ― бясспрэчны фразеалагічны анахранізм.

У адным творы пра падзеі ХІІІ ст. знаходзім: «― Ну не цягні ката за хвост! ― паласкавела Раксана, аж гатовая нават прытуліцца. ― Скажы». Каламбурны выраз параўнальна нядаўняга паходжання цягнуць ката за хвост тут успрымаецца сучасным чытачом як відавочны, адчувальны анахранізм.

Гаворка ў п’есе А. Петрашкевіча «Напісанае застаецца» ідзе пра Ф. Скарыну, які, як вядома, жыў у 1490–1551 гг. Адзін з персанажаў п’есы, Адвернік, калі Скарына «ўдастоіўся аўдыенцыі самога вялікага рэфарматара Марціна Лютэра», кажа: «Не кожнаму ўдаецца на свае вочы такога чалавека ўбачыць, які на самога папу рымскага бочку коціць». Тут ужыванне фразеалагізма бочку каціць, несумненна, неапраўданае, памылковае. Гэта экспрэсіўны выраз з яркім адбіткам сучаснасці, з арэолам навізны. Ён трапіў у нашу мову, хутчэй за ўсё, з рускай мовы, дзе, відаць, яго першае друкаванае выкарыстанне знаходзім у газеце «Правда» (1972. 21 чэрв.): «На Алтае есть выражение «катить бочку», что значит «возвести напраслину на кого-нибудь».

Акрэсленую часавую характарыстыку, відавочны след сучаснасці і абмежаваную геаграфію пашырэння мае фразеалагізм пярэдні край. Ён ужываецца са значэннем ‘найважнейшы, самы адказны ўчастак чаго-небудзь’ (напрыклад, крытыка пярэдні край літаратуры) толькі ва ўсходнеславянскіх мовах і склаўся параўнальна нядаўна ― пасля Вялікай Айчыннай вайны, узнікшы ў выніку метафарызацыі ваеннага тэрміна пярэдні край ‘пярэдняя лінія ў раёне баявых дзеянняў’. Зразумела, ні гэтага ваеннага тэрміна, ні тым больш аманімічнага з ім фразеалагізма не ведалі і не маглі ведаць у эпоху Адраджэння, калі жыў беларускі паэт-лацініст М. Гусоўскі. Аднак Я. Семяжон, перакладчык паэмы «Песня пра зубра», піша:

 

Мы на пярэднім краі хрысціянства заставай

Орды варожыя грудзі на грудзі прымаем.

 

Прастамоўны выраз адкуль ногі растуць склаўся зусім нядаўна ― у апошнія 10–15 гадоў. Ён ужываецца пры дзеясловах ведаць, высвятляць і пад. і абазначае ‘ў чым сутнасць справы, з-за чаго пачалося што-небудзь’. У рамане ж А. Наварыча «Літоўскі воўк» (дзеянне адбываецца ў 1863 г.) гэты выраз укладваецца ў вусны персанажа і, дарэчы, надзяляецца нейкім іншым, не надта зразумелым сэнсам: «Аканом прыслухаўся... «Пойдуць з торбамі, але гонару не страцяць... Гэта як у Дастаеўскага... Во адкуль ногі растуць у маскоўскага гардзякі... Ад тутэйшай шляхты...» 

Фразеалагізм лапшу на вушы вешаць таксама нядаўняга паходжання. Таму яго выкарыстанне ў рамане-хроніцы У. Гніламёдава «Усход», у эпізодзе з часоў адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., недарэчнае, анахранічнае: «― Трэба цярпліва чакаць Устаноўчага сходу. Цярпліва! Куды вы спяшаецеся? Будзе закон – возьмеце сваё... ― Ды што ён лапшу на вушы вешае! ― у голасе Мішы чулася абурэнне». Ёсць у гэтым рамане і такая недарэчнасць. На адной старонцы чытаем дыялог персанажаў: «― Чуў? Мікалашку ― каленкам пад зад? ― Чуў. Керанскі цяпер заместа цара». А на папярэдняй старонцы сказана, што пасажырам «на дарогу выдалі адпаведнае пасведчанне, складзенае па-новаму, без цвёрдага знака». Але ж пры Керанскім не маглі выдаваць дакументы «без цвёрдага знака». Арфаграфічная рэформа ў Расіі была праведзена на год пазней: у 1918 г. спецыяльным дэкрэтам бальшавікі адмянілі напісанне цвёрдага знака на канцы слоў, выключылі з алфавіта яць, фіту, унеслі многія іншыя змены.

Раман Г. Далідовіча «Свой дом» храналагічна ахоплівае падзеі 1918 г. у Беларусі. Тут выкарыстаны фразеалагізм зорны час, якога тады яшчэ не было на свеце: «Пасярод, на самым ганаровым месцы, селі генерал Фінкельштэйн і Скураны, які за апошнія дні ажывіўся, нават заззяў, адчуваючы свой зорны час». У беларускай мове гэты фразеалагізм ужываецца ў форме зорная часіна (гадзіна), зорны час, а этымалагічна гэта крылаты выраз аўстрыйскага пісьменніка С. Цвэйга ― з прадмовы да яго зборніка гістарычных навел «Зорныя гадзіны чалавецтва» (1927). Гэты зборнік перакладзены на рускую мову ўпершыню толькі ў 1956 г., пасля чаго выраз замацаваўся ў рускай мове (звёздный час) і, як калька, у беларускай.

Наўрад ці апраўдана выкарыстанне ў рамане У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (падзеі адбываюцца ў далёкім XVI ст,), у маўленні галоўнага персанажа Хрыстоса-Братчыка, фразеалагізма вежа з слановай косці: «― Не хавайся ў вежу з слановай косці, ― сказаў Хрыстос. ― Хутчэй знойдуць». Гэты фразеалагізм паводле паходжання ― калька з французскай мовы (tourdivoire), крылаты выраз, упершыню ўжыты ў 1837 г. французскім паэтам і крытыкам Сент-Бёвам. Да таго ж гэты кніжны фразеалагізм стылістычна не кантактуе з нейтральнымі словамі ў выказванні Братчыка.

Звернемся цяпер да прыказкавых анахранізмаў.

У памянёным ужо рамане З. Дудзюк «Велясіты» падзеі адбываюцца ў 805―807 гг., а можа, і раней, бо перад пачаткам рамана даецца ўрывак з гістарычнага даследавання: «Улада славян над Грэцыяй доўжылася, згодна са звесткамі патрыярха Мікалая ІІІ, 218 гадоў, да перамогі грэкаў у Патрасе (805―807 гады)». У рамане, як ужо гаварылася, сустракаюцца анахранізмы лексічныя, а таксама фразеалагічныя: забіць двух зайцаў, весці рэй, з агню ды ў полымя, толькі за смерцю пасылаць, цягнуць ката за хвост і інш. Ёсць тут і прыказкавыя анахранізмы, напрыклад: «Вокамір, у сваю чаргу гатовы да самых страшных пакут, стараўся трымацца як мага спакойным. Ён разумеў, што крумкач крумкачу вока не выдзеўбе ― рамеяў, напэўна, пашкадуюць». Выдзеленая прыказка – калька з лацінскай мовы, і ў VIII  ці IX ст. нашы далёкія продкі не маглі яе ўжываць. Яшчэ ў адным урыўку персанаж кажа: «Народ убачыць, што недарма даверыў нам кіраваць сабою, а заадно ўзбагацім казну нарабаваным. Разумею, што будуць і сіраты, але ж пераможцаў не судзяць». Выдзеленая тут прыказка ― паўкалька з рускай мовы і склалася толькі пры імператрыцы Кацярыне ІІ, якая нібыта гэтак сказала пра Суворава, калі той самавольна павёў войскі на штурм Туртукая і авалодаў ім.

Празмернае асучасніванне маўлення персанажаў адчуваецца і ў некаторых творах Л. Дайнекі. Ва ўжо згаданым рамане «Меч князя Вячкі» сустракаем: «Ды рана радавалася Гарэлая Весь... Толькі паменела снегу ў пушчы і на рэках, як прыйшла ў Свіслацкае княства дружына друцкіх князёў. Кажуць жа людзі: куды конь з капытом, туды і рак з клюшняй... Дручане палезлі на вал, але сустрэў іх Рагвалод стрэламі калёнымі, каменнямі-галышамі з камнястрэльнай машыны, смалой і агнём». Выкарыстаная тут прыказка ― парэміялагічны анахранізм. Да таго ж ужыта яна не з тым значэннем, якое замацавалася за ёй у народнай мове. Яе звычайны сталы сэнс ― ‘за старэйшым і больш вопытным, пераймаючы яго, цягнецца і маладзейшы, нявопытны’.

У другім рамане Л. Дайнекі ― «След ваўкалака» ― дзеянне адбываецца ў ХІ ст. Вось урывак з рамана: «Праўду кажуць: у голад намруцца, у вайну налгуцца. Калі вялікі князь салгаў, падмануў, не будзе яму даравання ні на гэтым свеце, ні на тым». Ніяк не верыцца, што ў тыя далёкія часы людзі ведалі выдзеленую прыказку і што наогул яна існавала тады. Тое самае варта сказаць і пра яшчэ адну прыказку ў эпізодзе бітвы паміж русічамі і полаўцамі: «Усяго некалькі імгненняў валтузіліся яны, а здавалася, прайшла вечнасць. Лют у адзін скок развярнуўся, ляснуў цяжкой дубінай па загрыўку полаўца, крыкнуўшы: ― Не лезь, жаба, дзе коні куюць!» Гэта прыказка нарматыўна выкарыстоўваецца зусім у іншай сітуацыі, тут яна ўжыта з парушэннем семантычнага характару, яе традыцыйны сэнс ― ‘не ўмешвайся ў справы, якія не маюць дачынення да цябе’.

Пяройдзем цяпер да ўстарэлых слоў. Яны пры ўспрыманні мастацкага тэксту ствараюць значную перашкоду. Сэнс пераважнай большасці ўстарэлых слоў незразумелы без адпаведнага каментарыя. Асабліва многа такіх слоў у творах ХІХ ― пач. ХХ ст.. Вось адна рэпліка з п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»: «На пасаг дам два гарцы грошай і шляхецкую худобу». Тут з сямі паўназначных слоў чатыры патрабуюць лінгвістычнага каменціравання: пасаг ―гістарызм са значэннем ‘маёмасць ці грошы, што даваліся нявесце бацькамі’; гарцы (адзіночны лік ― гарнец) ― гістарызм, якім называлася мера сыпкіх цел, а таксама пасудзіна ёмістасцю 3,28 літра; шляхецкі – гістарызм са значэннем ‘які належыць шляхціцу ― дробнапамеснаму двараніну’, тут абазначае ‘які варты шляхціца’; худоба – архаізм, сэнс якога ‘хатняя маёмасць’.

У хрэстаматыйных творах пераважаюць такія ўстарэлыя словы, якія для аўтараў гэтых твораў былі не архаізмамі ці гістарызмамі, а жывымі словамі актыўнай лексікі. Устарэлымі яны сталі пасля, галоўным чынам у савецкі час. Такія словы называюць архаізмамі і гістарызмамі часу ў адрозненне ад архаізмаў і гістарызмаў стылістычнага ўжывання, якія з’яўляюцца ўстарэлымі і для чытача, і для аўтара твора, які свядома, з пэўнай стылістычнай мэтай, выкарыстаў іх у пэўным творы. Значыць, пры аналізе мастацкіх тэкстаў трэба мець на ўвазе гістарычную зменлівасць мовы. Напрыклад, няправільна будзе, калі мы скажам, што аўтар п’есы «Пінская шляхта» выкарыстоўвае архаізмы ці гістарызмы. А ў аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз» выраз ва фрунт, што значыць ‘навыцяжку’, ― сапраўды архаізм стылістычнага ўжывання, і выкарыстаны ён з гумарыстычнай функцыяй у дачыненні да дзеда Астапа, які меў два «срэбныя медалі за турэцкую вайну» і любіў хваліцца: «А то яшчэ генерал мне насустрач... старэнькі такі... Ну, я пад казырок яму, а ён, не разгледзеўшы добра, сляпы, як відаць, стаў ва фрунт...» Шматлікія ўстарэлыя словы ў аповесці З. Бядулі «Салавей» ― таксама гістарызмы ці архаізмы, толькі ўжытыя ўжо для стварэння каларыту эпохі: гістарызм тлумач – ‘перакладчык’, цівун ― ‘панскі прыганяты’, архаізм атрамант ― ‘чарніла’ і інш.

Слова рабфак для нас сёння ― гістарызм, а для Я. Коласа, калі ён пісаў аповесць «На прасторах жыцця», і для яго герояў гэта быў неалагізм (прыгадаем, як бацька Сцёпкі «ніяк не мог зразумець гэтага слова» і нават правільна вымавіць).

Слова войт у паэме «Тарас на Парнасе» ― гістарызм часу са значэннем ‘стараста ў часы прыгону’, а ў аповесці Я. Коласа «Дрыгва» ― гістарызм стылістычнага ўжывання і абазначае ‘прызначаны палякамі кіраўнік воласці’.

Вернемся да слова худоба. Яно ўжыта і ў аповесці Я. Коласа «Дрыгва». Але тут яно — дыялектызм са значэннем ‘свойская жывёла’, які выступае сродкам маўленчай характарыстыкі персанажа-палешука: «Паночкі, што вы робіце?.. Нашто забіраеце сена?.. Апошняе сена!.. Чым жа я худобу карміцьму?» Зазначым у дужках, што ў «Слоўніку беларускай мовы» (1987. С. 857) худоба мае памету «абласное», а ў «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» (Т. 5, кн. 2. С. 221) прыводзіцца з паметай «размоўнае» i ілюструецца прыкладам з «Дрыгвы», толькі іншым, чым пададзены вышэй, i яшчэ адной цытатай — з твора А. Кулакоўскага.

Як адзначалася вышэй, у «Пінскай шляхце» слова худоба мае значэнне ‘хатняя маёмасць’ i не павінна кваліфікавацца як дыялектнае, бо ў пазамінулым стагоддзі, у часы В. Дуніна-Марцінкевіча, гэта было жывое слова народнай мовы. Са значэннем ‘хатняя маёмасць’ яно занатавана ў слоўніку І. Насовіча, з двума значэннямі (‘маёмасць’ i ‘жывёла’) яно жыве i сёння ў польскай i ўкраінскай мовах. Тое самае бачым i ў вершы Ф. Багушэвіча «Балада», дзе слова худоба выяўляе сваё ранейшае значэнне ‘хатняя маёмасць’: «У гаспадарцы ж — страта на страце: зараза на быдла, пажар i злодзей... Скаціна пала, гумно згарэла, коні пакралі ў час рабочы, а тут i плата на выкуп паспела, зборшчык, як дым той, лезе ў вочы. Прадаў Ануфры ўсю худобу, выплаціў выкуп, падаткі i збор». Параўн. таксама ў вершы таго жаўтара «У судзе»; i тут худоба — ‘маёмасць’, бо ўслед за радком, у якім гаворыцца пра рашэнне суда («I начынне забраць, i худобу прадаць»), ідзе: «Дзве казы прадала, ды сярмягу, ды воз». У гутарцы «Дзядзька Антон» гэта слова ўжыта з двума значэннямі (‘маёмасць’ i ‘жывёла’): «А не аддасі астатняга граша, прададуць усю тваю худобу, а багачы... i купляюць за нішто наш дабытак»; «...прададуць худобу, а прыйдзіць вясна — няма на чым зямлі араць».

Такім чынам, назоўнік худоба ў гутарцы «Дзядзька Антон», у творах В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча — архаізм

Тлумачачы ўстарэлыя словы, патрэбна даваць ім дакладную лінгвістычную характарыстыку. Як вядома, устарэлыя словы ў залежнасці ад прычыны, па якой яны выйшлі з актыўнага ўжытку і сталі фактамі пасіўнага слоўнікавага складу, падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмы называюць прадмет ці з’яву, якія ўжо зніклі, і не маюць у сучаснай мове сінонімаў. Таму іх значэнне можа быць растлумачана толькі апісальным зваротам: карчма ― ‘заезны дом з начлегам і рэстаранам самага нізкага разраду’, падымны (падатак) ― ‘які спаганяўся з кожнага жылля, дыму’, аканом ― ‘чалавек, які кіраваў маёнткам’. Гістарызмы (зразумела, гістарызмы часу) ― нярэдкая з’ява ў шмат якіх творах. Напрыклад, у апавяданні Я. Коласа «Соцкі падвёў»: ураднік, крамола, стражнік, акалодачны, прыстаў, соцкі, дзесяцкі, чарнасоценец; у паэме Ф. Багушэвіча «Кепска будзе!»: цівун, асэсар, залатоўка, халодная (памяшканне для арыштантаў), фальварк, сказка (спіс асоб, абкладзеных падаткам); у гутарцы «Дзядзька Антон» і ў п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»: падымны, падушны, іспраўнік, аканом, грош, прыгон, адробак, карчма, шляхціц, грыўна і г. д.

Архаізмы абавязкова маюць у сучаснай мове сінонімы, якія замянілі даўнейшыя назвы прадметаў, з’яў: вакацыі (Я. Колас. На прасторах жыцця) ― канікулы. Сярод архаізмаў вылучаюцца дзве групы. Устарэласць адных слоў выяўляецца досыць выразна, бо яны, як гаворыцца, выдаюць сябе з галавой. Так, ні ў сучаснай літаратурнай, ні ў дыялектнай мове не ўжываецца назоўнік здзерца, які знаходзім, чытаючы гутарку «Дзядзька Антон»: «...і хочуць яны выгнаць... усялякіх здзерцаў». Цяпер замест слова здзерца мы кажам абдзірала, у пазамінулым жа стагоддзі яно не было архаізмам і занатавана ў слоўніку I. Насовіча з такім тлумачэннем і ілюстрацыяй: «Грабежнік, хабарнік. Пападзіся гэтаму здзерцу ў рукі, ён, як ліпку, аблупіць». Адбітак устарэласці ляжыць і на слове казна, якое таксама перастала ўжывацца ва ўсіх сваіх трох значэннях. У гутарцы «Дзядзька Антон» яно выкарыстана са значэннем ‘дзяржава’: «...яны там у сябе з казной і панамі ваююць».

Другую групу складаюць семантычныя архаізмы ― устарэлыя значэнні мнагазначных слоў, якія ў сваіх іншых значэннях і сёння з’яўляюцца звычайнымі моўнымі адзінкамі. Калі такія архаізмы, знешне падобныя на адпаведныя сучасныя словы, трапляюцца ў тэксце, то могуць дэзінфармаваць чытача, а таму патрабуюць асаблівай пільнасці. Слова галасаваць у сучаснай мове абазначае ‘ўдзельнічаць у галасаванні’, ‘ставіць на галасаванне’, а таксама ў прастамоўі – ‘падняццем рукі прасіць шафёра, стоячы ля дарогі, падвезці’ (напрыклад, у «Трывожным шчасці» I. Шамякіна: «Пятро «прагаласаваў». Машына не спынілася»). У час напісання паэмы «Тарас на Парнасе» слова мела іншае значэнне – ‘шумець, крычаць’: «Усе лезуць на гару яны і, як у школе, галасуюць...» З такім значэннем яно падаецца ў слоўніку I. Насовіча і, між іншым, ужываецца ў сучаснай польскай (halasowac) і ўкраінскай (галасувати) мовах.

Слова скарб мае пяць значэнняў, адно з іх устарэлае, незразумелае для сённяшніх носьбітаў мовы ― ‘дзяржава, казна’. Менавіта з гэтым значэннем слова скарб выкарыстоўваецца ў «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча і ў апавяданні Я. Коласа «Нёманаў дар». Параўн. таксама скарбовы― ’казённы’ ў тым жа апавяданні Я. Коласа.

Сучасныя беларускія слоўнікі вылучаюць пяць значэнняў у прыметніку крывы; шостае, устарэлае ‘непраўдзівы, фальшывы’ ўжо не падаецца. З гэтым значэннем сустракаемся ў п’есе «Пінская шляхта»; «...а табе за крывое паказанне дасць харошую гонку». Прыметнік крывы выкарыстоўваецца і са значэннем ‘насмешлівы’; напрыклад, у вершы Ф. Багушэвіча «Не цурайся»: «На кашулю глядзіш крывым вокам...»

Семантычных архаізмаў у творах XIX ст. трапляецца нямала. У гутарцы «Дзядзька Антон» ёсць, напрыклад, пенсія («Вот, хоць бы ксёндз: бярэць ён такую пенсію...») ―’заробак’ (параўн. у аповесці Я. Коласа «На прасторах жыцця», дзе пенсія ― ‘стыпендыя’: «Нам даюць пенсію ― 12 рублёў у месяц»); картачка― ’пісьмо, запіска’ («Прыйдзіць стараста з картачкай канцылярыі»); правіць («Колькі разоў ксёндз з амбоны правіць нам...») ― ‘прапаведуе, казань кажа’. Зазначым, што, як сведчыць апошні прыклад, назоўнік амбон раней належаў да жаночага роду, слова Сібір у «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча ― назоўнік мужчынскага роду[2]: «А знаеш, чым гэта пахне?.. Сібірам пахне. Сібір, Сібір, галубчык!» У «Пінскай шляхце» чытаем: «Я ёй сама ладам напілую вушы»; «Здуру хочаш крыва прысягаць». Тут ладам – ‘добра’, крыва – ‘непраўдзіва’.

Як семантычны архаізм часу можна ацэньваць слова таварыш, ужытае ў паэме «Тарас на Парнасе»: «Таварыш поплеч з iм ідзеi несці кніжкі пасабляе, а сам граматыку нясе, што ў семінар’ях вывучаюць». Тут таварыш рэалізуе ўстарэлае значэнне гэтага полісемантычнага слова — ‘кампаньён’. Між iншым, гэта i першапачатковае значэнне назоўніка та­варыш — ‘кампаньён (у гандлі)’. Г. Кісялёў піша, што «Булгарын i Грэч сапраўды любілі ўжываць гэта параўнальна рэдкае тады слова (у сэнсе: кампаньён) для вызначэння свaix адносін»[39, с. 86-87], i прыводзіць вытрымкі з пісьмовых выказванняў Булгарына пра Грэча: «сябра i таварыш на літаратурнай ніве», «я, сябра твой i таварыш на працягу васемнаццацігадовага літаратурнага жыцця».

Радзей сустракаюцца семантычныя гістарызмы. Так, у гутарцы «Дзядзька Антон»; локаць («...хоць локаць палатна выткаў») ― даўнейшая мера даўжыні, «аршын без паўтара вяршка», як тлумачыць I. Насовіч (цяпер само гэта тлумачэнне патрабуе каментарыяў: аршын ― 0,71 м, вяршок― 4,4 см). Слова гутарка як ‘папулярны жанр ананімнай літаратуры, твор, пабудаваны ў форме дыялогу’ ― таксама семантычны гістарызм. Гэтак жа трэба кваліфікаваць і слова мёд са значэннем, характэрным для даўнейшых эпох, ― ‘хмельны напітак, прыгатаваны з мёду’; напрыклад, у паэме Я. Купалы «Бандароўна»: «Банкятуе з казакамі, мёд, віно п’е квартай». У драме Я. Купалы «Раскіданае гняздо» ёсць семантычны гістарызм двор― ‘памесце, маёнтак’: «Тата пайшоў у двор прасіцца, каб яшчэ трохі пачакалі і не выкідалі нас адгэтуль». Стан у апавяданні Я. Коласа «Соцкі падвёў» ― семантычны гістарызм са значэннем ‘адміністрацыйна-паліцэйскае падраздзяленне павета’.

Чытаючы трагікамедыю Я. Купалы «Тутэйшыя», шмат разоў сустракаемся з устарэлымі тэрмінамі — аднаслоўнымі i састаўнымі: рангі, класы, калежскі рэгістратар, калежскі асэсар. У царскай Pacii icнавaў «Табель аб рангах», дзе слова ранг абазначала ‘чын, спецыяльнае званне, ступень адрознення аднаго вайскоўца-афіцэра ці чыноўніка ад другога’. У гэтым табелі было 14 класаў, або падраздзяленняў, кожнае з якіх адпавядала пэўнаму чыну. Самы нізкі клас — 14-ы, яму адпавядаў чын калежскага рэгістратара, Mікіта Зносак — калежскі pэгicтpaтар. Але ён увесь час марыў даслужыцца да звання калежскага асэсара, чыноўніка 8 класа, што сярод ваенных афіцэрскіх чыноў суадносіцца са званнем капітан-ротмістра.

Ужо гаварылася, што родавае паняцце «ўстарэлыя словы» ўключае ў сябе два відавыя паняцці ― «гістарызмы» і «архаізмы». Адпаведна гэтаму яны павінны пазначацца ў тлумачальных слоўніках паметамі «гіст.» і «арх.». Аднак у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» гістарызмы маюць памету «гіст.», а архаізмы пазначаны паметай «уст.», што нельга прызнаць лагічным. Гэта варта ўлічваць пры звароце да пяцітомнага ТСБМ. Зрэшты, у ТСБМ не так ужо і рэдка можна сустрэць памету «уст.» пры словах, якія з’яўляюцца не архаізмамі, а гістарызмамі, напрыклад: ладунка, ламбард (у 2 знач.), неадменны (у 2 знач.), плакальшчык (у 1 знач.), падкулачнік, манаполька.



[1] Дзеяслоў. ― 2007. ― №28. ― С. 294.

[2] Тое самае знаходзім і ў вершы Я. Купалы «Песенька для некаторых маладых людзей» (1906): «...нявольных судзіці ён будзе, караці Сібірам марозным».