§ 7. Перыфразы, разгорнутыя метафары, параўнанні
^ Вверх

 § 7. Перыфразы, разгорнутыя метафары, параўнанні

 

Патрабуюць лінгвістычнага каменціравання і яшчэ шмат якія моўныя з’явы, звязаныя са спецыфікай мастацкіх тэкстаў, з эстэтычнай функцыяй слова як сродку ўздзеяння на чытача, з той «вобразнай энергіяй», што ствараецца ў сферы мастацтва самымі разнастайнымі спосабамі. Сюды адносяцца перыфразы, разгорнутыя метафары, параўнанні, незвычайна выкарыстаныя фразеалагізмы, прыказкі, розныя эфектыўныя ўжыванні полісеміі, аманіміі, сінаніміі і г. д.

У Я. Коласа чытаем: «Хоць мы, далёка пакінуўшы за сабою вясну свайго жыцця, часта сядзім каля гнілога карыта растрэсеных думак і зманлівых надзей, усё ж такі мы любоўна глядзім на нашу маладосць». Тут адно і тое паняцце адзін раз абазначана словам маладосць, а другі – перыфразай вясна жыцця. І зрабіў гэта пісьменнік не для таго толькі, каб пазбегнуць паўтарэння. Перыфразай не проста называюць прадмет, з’яву, дзеянне, а і даюць ім пэўную характарыстыку, падкрэсліваюць іх істотную прымету. Таму гэтым сродкам выразнасці шырока карыстаюцца ў мастацкай і публіцыстычнай літаратуры.

Аўтары мастацкіх твораў часта карыстаюцца разнастайнымі сінанімічнымі сродкамі выказвання: і агульнамоўнымі сінонімамі тыпу салдат – радавы, баец, воін, ваяка, і кантэкстуальнымі сінонімамі, г. зн. словамі, якія толькі ў пэўным кантэксце, толькі часова становяцца сінонімамі, другой назвай прадмета, дзеяння і інш. Калі ў якасці кантэкстуальнага сіноніма выступае не слова, а словазлучэнне, то перад намі перыфраза. У «Апавяданні пра смелае сэрца» У. Краўчанкі гераіня твора Аляксандра Дзямідчык у розных яго мясцінах называецца рознымі кантэкстуальнымі сінонімамі-словамі і перыфразамі-словазлучэннямі: жанчына, настаўніца, яна, Саша, незнаёмая, новая разведчыца, сапраўдная патрыётка, жанчына вялікага сэрца. Або: Каўпак і стары мудрэц, дзед. Адны з гэтых сінанімічных слоў і спалучэнняў ужыты, каб пазбегнуць паўтарэння, моўнай аднастайнасці, другія з’яўляюцца дадатковым ацэначным сродкам.

Кантэкстуальна-сінанімічныя словы і словазлучэнні выкарыстоўваюцца і для стварэння гумару, іроніі, камізму і інш. Гэта дасягаецца, напрыклад, уключэннем у аўтарскую мову слоў з папярэдняй рэплікі персанажа, прычым у маўленні персанажа гэтыя словы ўжыты для экспрэсіўна-вобразнай характарыстыкі таго, пра каго ідзе гаворка, а ў аўтарскай мове яны выкарыстоўваюцца ў якасці нібыта нейтральнага наймення, другой назвы асобы. Вось урывак з трылогіі Я. Коласа «На ростанях»:

 

— Гэта — свяцільнік Бабруйшчыны, — рэкамендаваў Тарас Іванавіч Садовіча.

Свяцільнік Бабруйшчыны кіўнуўся ўсёю фігураю і толькі кашлянуў басам.

— А гэта — прасвяціцель цёмнага Палесся, вялікі пустэльнік, — але не кладзіце яму пальца ў рот.

Тамара Аляксееўна падала руку «пустэльніку»…

 

Перыфразу варта адрозніваць ад разгорнутай метафары. Апошнім часам у паняцце «перыфраза» іншы раз укладваецца залішне шырокі сэнс. I ў «Лінгвістычным аналізе…»  [58, с. 29-32] нярэдка асобныя словазлучэнні разглядаюцца як перыфразы, хоць на самай спра­ве iмi не з’яўляюцца. Вось, напрыклад, радкі з паэмы Я. Купалы «Курган», у якіх грозны князь абяцае гусляру: «Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам — канапляную возьмеш заплату». У «Лінгвістычным аналізе…» [58, с. 30] словазлучэнне канапляную возьмеш заплату трактуецца як перыфраза са значэннем  ‘будзеш павешаны на вяроўцы, звітай з канапель’, у ліку перыфраз яна прыводзіцца i ў «Паэтычным слоўніку» В. П. Рагойшы (1987. С. 106). Але ў гэтым словазлучэнні заплата мае слоўнікавае значэнне ‘плата, заробак, узнагарода за працу’, возьмеш — ‘атрымаеш’, а канапляная — метанімічны эпітэт з падтэкстам, з намёкам на вяроўку, звітую з канапель.

Перыфраза (ад грэч. paraphrasis — апісальны выраз) — гэта выражаны словазлучэннем кантэкстуальны сінонім, які ў пэўным кантэксце замяняе агульнапрынятую назву асобы, прадмета, з’явы i iнш. Сярод перыфраз, у адрозненне ад дзеяслоўна-апісальных зваротаў тыпу аддаваць загад (загадваць), мець жаданне (жадаць), icці на рызыку (рызыкаваць), пераважаюць назоўнікавыя словазлучэнні: край Купалы (Беларусь), вадкае паліва (нафта). Гэта часцей за ўсё індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні, таму для ix устойлівасць i ўзнаўляльнасць не характэрныя. Ужываюцца i традыцыйныя перыфразы: людзі ў белых халатах (медыкі), цар звяроў (леў), горад над Нёманам (Гродна). Як бачым, перыфраза ўяўляе сабой разгорнутую метанімію — словазлучэнне, якое замяняе назву прадмета ці з’явы апісаннем ix істотнай прыметы. Замена адной назвы на другую грунтуецца на рэальнай сувязі, на асацыяцыі па сумежнасці. Таму агульны сэнс перыфразы цесна звязаны са значэннямі яе састаўных частак — слоў, выкарыстаных у звычайных значэннях, i, як правіла, перадаецца адным словам, а не словазлучэннем: сынаў сын (унук), беларускі шоўк (лён). Іншы раз адно са слоў перыфразы мае пераноснае, але слоўнікавае значэнне. Напрыклад, у перыфразах цар ycix грыбоў (баравік), вясна жыцця (маладосць) слова цар (чаго) абазначае ‘той, хто ўзвышаецца над yciмi сабе падобнымі’, а вясна (чаго) — ‘радасная пара чаго-небудзь’. Зрэдку ў складзе перыфразы бывае i слова з індывідуальна-аўтарскім, фігуральным сэнсам; напрыклад, пан ‘валадар’ у перыфразе пан caxi i касы (селянін).

У слоўным акружэнні змест перыфразы звычайна лёгка раскрываецца. Каб асэнсаваць яе, наша свядомасць раскладвае словазлучэнне-перыфразу на яе састаўныя часткі: прадзедаў зямля (радзіма).

Калі словазлучэнне складаецца з некалькіх унутрана звязаных метафар, то перад намі разгорнутая метафара. Напрыклад, у вершаваных радках В. Зуёнка «Частуецца пойлам атрутным народ наш з катлоў тэлерадыё» выдзеленыя словы — разгорнутая метафара. Яе сэнс — ‘атрымлівае скажоную, аднабаковую, небяспечную інфармацыю’.

Шмат разгорнутых метафар знаходзім у «Новай зямлі» Я. Коласа. Напрыклад:

 

Час у Парэчча зноў вярнуцца

I ў іншых хвалях скупануцца.

 

Даўно пажалі тое жыта

І тыя межы зааралі,

Што дзядзькаў смутак калыхалі.

 

...I для каго ўвесь гэты свет

Ёсць аднае цялежкі след.

 

Я знаю: скончыцца дарога,

Бо ноч нябыту, ноч-аблога

Сачыць наш час ад нараджэння...

Ды покі круг мой не замкнёны...

 

Тут ў іншых хвалях скупануцца — ‘паназіраць за іншымі, лепшымі абставінамі’, пажалі тое жыта і тыя межы зааралі — ‘мінула, прайшло тое’, аднае цялежкі след — ‘адно і тое ж’, скончыцца дарога — ‘прыйдзе смерць’, ноч нябыту, ноч-аблога — ‘смерць’, круг мой не замкнёны — ‘я не памёр’.

У вершы П. Броўкі «Кастусь Каліноўскі» ёсць радкі:

 

Як хмары закрылі і сонца і зоры,

Пайшоў партызаніць да бору...

 

Разгорнутая метафара хмары закрылі і сонца і зоры абазначае ‘пачалася вайна, фашысцкі напад прыпыніў мірнае жыццё савецкіх людзей’. Своеасаблівую, цікавую метафару выкарыстоўвае Я. Брыль у апавяданні «Галя», калі піша, як «шпакі ўзняліся з голля і панеслі свой кірмаш у вёску». Спалучэнне панеслі свой кірмаш выклікае асацыяцыю са словам кірмаш у яго прамым значэнні і перадае сэнс ‘паляцелі гамузам, з крыкам, з гармідарам’.

Багаццем разгорнутых метафар (ix яшчэ называюць i паслядоўнымі) вызначаюцца шмат якія творы Я. Купалы, у тым ліку і верш «Час!» (гл. пра гэта на с. 146-147). Метафарычныя словазлучэнні такога тыпу звычайна патрабуюць ix правільнага асэнсавання. Напрыклад, адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые ў перакладзе на паўсядзённую мову абазначае ‘смерць наступіць, пахаваюць каго-небудзь’; гэта з верша Р. Барадуліна «Наведвайце бацькоў...»: «Калі адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые, не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў».

Пададзім яшчэ некалькі прыкладаў з твораў Р. Барадуліна, мова якога вылучаецца выключнай метафарычнасцю. У вершы «Каптан» — скразная сувязь паміж шэрагам разгорнутых метафар, якія дапаўняюць адна другую, ствараючы сумешчанае бачанне дзвюх карцін: «Калючым дротам сшытая імперыя нядужа разыходзіцца па швах, бо навырост закройшчыкі адмервалі каптан, каб вольны ў ката быў размах. Зашпільвалі Валодзечкі ды Юзікі капкан-каптан, паганячы зямлю, i адрывалі з мясам тыя гузікі, якія не пралазілі ў пятлю». Валодзечкі ды Юзікі — гэта вядомыя нядобрай памяці бальша-віцкія фюрэры.

А вось непаўторны вобразны малюнак месяца ў адной з чатырох яго квадраў-фаз (маладзік, сход, поўня, ветах): «Поўня лье з даёнкі поўнай малако святла...» («Чуйна спіць наваколле»). З верша «Сямейна-касмічны дыялог»: «— Aпошнi раз спачування малю, у стане бязважкасці быў я ўчора. — Спускайся ўжо з космасу на зямлю, а то завяду дублёра». Пра аднаго вядомага пісьменніка, які пры жыцці апублікаваў мемуары-дзённікі: «Пакуль яшчэ Пегас траву скубе i не растрэслася заслуг паклажа, сам піша ўспаміны пра сябе — а раптам нехта іншы праўду скажа...» («На самаабслугоўванні»). Пра адчуванне старасці: «Нас кожны дзень, прызнаць мы мусім гэта, цясней абносіць  лютым дротам гета, якое сумна старасцю завецца» («Трыпутнік»).

Чытаючы такія i падобныя радкі, нельга не захапляцца майстэрствам таленавітага паэта i не любіць сапраўдную паэзію.

Некалькі слоў пра параўнанні. У структуры параўнання заўсёды ёсць тры лагічна неабходныя элементы: суб’ект параўнання (тое, што параўноўваецца), аб’ект параўнання (тое, з чым параўноўваецца) i аснова параўнання (агульная прымета дзвюх з’яў). Так, у сказе з «Новай зямлі» Я. Коласа «Уперавалку, як бы качка, у хату йдзе кума-сваячка» кума-сваячка — суб’ект параўнання, як бы качка — аб’ект параўнання, а асновай параўнання з’яўляецца прымета ўперавалку. Звычайна адны асобы, прадметы, з’явы супастаўляюцца з другімі, добра знаёмымі чытачу. У выніку тое, што параўноўваецца, становіцца відавочным i выразным, канкрэтызуецца. Сувязь паміж аб’ектам параўнання i асновай параўнання граматычна афармляецца найчасцей пры дапамозе злучніка як. Выкарыстоўваюцца i іншыя злучнікі.

Пры чытанні мастацкага твора ўвагу прыцягваюць не збітыя, банальныя параўнанні, а такія, у якіх ёсць элемент вынаходлівасці, навізны, нечаканасці. Напрыклад, у «Новай зямлі» Я. Коласа тоўстая, непаваротлівая i вельмі цяжкая «кадушка-Зося» параўноўваецца з глінай, а закінуты дзедаў човен супастаўляецца з сенатарам у адстаўцы: «Кадушка-Зося сонцам ззяе; Міхал ёй злазіць памагае. Яна ж, як гліна, надта цяжка, пад ёю ўкрэхча каламажка»; «Дзед Юрка быў рыбак скарбовы, скарбовай чайкай карыстаўся, а ўласны човен так валяўся, як бы ў адстаўцы той сенатар». Або: «Чыноўнік буркнуў штось сярдзіта, як той япрук каля карыта, але прашэнне ён прымае, насупіў бровы i чытае».

Іншы раз параўнанне не проста стварае вобразнасць у ме­жах аднаго вершаванага радка, а распаўсюджвае моцную «радыяцыю» на далейшы тэкст, дзе таксама выразна адчуваецца як бы працяг таго самага вобраза. Так, Я. Колас параўноўвае шулы з салдатамі, а затым ужывае ў дачыненні да тых жа шул «намагнічаныя» параўнаннем словы з незвычайнай семантыкай зухаваты, башлык, шапкі:«Ў парканах шулы, як салдаты, стаяць у струнку, зухаваты, башлык высокі, шапкі  новы, «Ура!» гукнуць табе гатовы».

Шмат цікавых i нечаканых параўнальных зваротаў ёсць у творах Р. Барадуліна. «Загартаваны працаўнік» у аднайменным вершы «прывык да загадаў, як лозунг да клічнікаў, i да вымоў, як спіна да гарчычнікаў: астыне стары гарачэйшы новы, ад скразнякоў саграваюць вымовы». Або: «З пустым рукавом сын вярнуўся дамоў, а маці, як яблыня, белая з гора...» («Па­лата мінёраў»); «Беларусь, як палатніну, кроілі на мундзіры ды на каптаны» («Да беларусаў свету»).

Часта Р. Барадулін бярэ для асновы параўнання мнагазначнае слова i нібы паварочвае яго сваімі сэнсавымі гранямі то да суб’екта параўнання, то да аб’екта параўнання. Два значэнні адначасова рэалізуе прыметнік голая ў сказе «Бяроза голая, як ісціна» («Прадчуванне вясны»). Тут голая ў дачыненні да бярозы абазначае ‘бязлістая’, а да icціны — ‘абсалютная, чыстая’. Падвойны змест атрымлівае дзеяслоў асушылі (‘зpaбiлi cyxiмi, адвёўшы лішак вады’ i ‘выпілі’) у вершы «Балаты на хаду асу-шылі....»: «Балаты на хаду асушылі, як вітальную чашу, да дна. Перацялі лясам сухажыллі — перспектыва далёка відна». Гэтак жа чытач павінен адчуць двухсэнсавасць дзеяслова парадзець (‘стаць менш частым’ i ‘паменшыцца колькасна’) у вер­шы «Сельскія інтэлігенты»: «Парадзелі, як i лясы, сельскія інтэлігенты».

Асобна трэба спыніцца на разгорнутых параўнаннях. Яны складаюцца з аднаго ці некалькіх сказаў. Taкix параўнанняў вельмі многа ў Коласавай «Новай зямлі». Аўтар, напрыклад, параўноўвае хату, якая сярод запушчанай будовы выглядала зухавата, з засцянковай шляхцянкай i дае падрабязнае апісанне гэтай шляхцянкі — аб’екта параўнання: «У глыбі двара ста­яла хата i выглядала зухавата паміж запушчанай будовы, як бы шляхцянка засцянкова, што ў дзень святы каля касцёла, чуць-чуць падняўшы край падола, так важна ходзіцъ з парасонам, спадніцай верціць, як агонам, з дарожак пыл, пясок зганяе i ў вочы хлопцам заглядае». Як бачым, унутры гэтага разгорнутага параўнання ўжыта яшчэ адно параўнанне — як агонам, дзе польскае слова оган (ogon), што значыць ‘хвост’, вельмі дарэчнае да засцянковай шляхцянкі.

Многія разгорнутыя параўнанні па сваей структуры з’яўляюцца развітымі параўнальнымі часткамі: «I покі дзядзька распісаўся, на лбе буйны пот паказаўся, бы дзядзька летняю парою прайшоў па купінах з касою». Шмат якія параўнанні структурна арганізаваныя як складаныя сказы: «Ўпярод не ступіш ані кроку — прапала вуліца ды годзе! Таўчэцца дзядзь­ка, як у бродзе той сом, прыціснуты плытамі, што ў букце жыў век пад карчамі». Ёсць i іншыя разгорнутыя параўнанні,  цікавыя ў структурных адносінах. У адрозненне ад папярэднах, дзе аб’ект параўнання стаіць услед за суб’ектам параўнання, тут спачатку ідзе разгорнутае параўнанне, а затым гаворыцца пра суб’ект параўнання; другая частка параўнання пачынаецца сло­вам так: «Як у калысачцы дзіцятка, калі ўжо трошкі акрыяе, сваю галоўку падымае i навакол глядзіць здзіўлёна, — так гэта збожжайка зялёна да сонца цягнецца лісткамі, бы к матцы дзіцят­ка рукамі». У канцы ўрыўка — яшчэ адно параўнанне.