§ 21. Пра паўзроўневы від лінгвістычнага аналізу
^ Вверх

 § 21. Пра паўзроўневы від лінгвістычнага аналізу

 

Аўтар гэтых радкоў быў складальнікам першай праграмы курса «Лінгвістычны аналіз мастацкага тэксту» (Мінск, 1976) і ўжо больш як 30 гадоў выкладае яго на філалагічным факультэце –– спачатку як мовазнаўчую дысцыпліну, сумежную з літаратуразнаўчымі, а пасля як спецкурс. Таму, улічваючы свой выкладчыцкі вопыт, хацелася б выказаць некаторыя заўвагі наконт цяперашняй праграмы курса [57] са спадзяваннем, што, магчыма, яны будуць улічаны пры напісанні новай праграмы і выкладанні самога курса.

У § 1 гэтай кнігі ўжо адзначалася, што першым, хто падаў думку пра неабходнасць лінгвістычнага аналізу пры вывучэнні літаратурнага твора і абгрунтаваў яе яшчэ ў 1922 г., быў Л. У. Шчэрба. Лінгвістычнае вытлумачэнне тэксту праводзіцца, паводле Л. У. Шчэрбы, для таго, каб «чытаць твор з разуменнем яго», каб вучыць «чытаць, разумець і цаніць з мастацкага пункту гледжання» літаратуру, «даследаваць найтанчэйшыя сэнсавыя нюансы асобных выразных сродкаў мовы» [108, с. 26, 27].

Гэтак жа ўсведамляецца сутнасць лінгвістычнага аналізу сучаснымі вядомымі рускімі мовазнаўцамі –– аўтарамі грунтоўных адпаведных прац. Так, Л. А. Новікаў вызначае лінгвістычны аналіз як «раскрыццё значэнняў розных элементаў мовы з мэтай поўнага і яснага разумення тэксту» [77, с. 10]. М. М. Шанскі найважнейшай мэтай лінгвістычнага аналізу лічыць тлумачэнне сустрэтых у творы маўленчых фактаў у іх значэнні і ўжыванні, якія «можна ўмоўна назваць моўнымі цяжкасцямі мастацкага тэксту», «прычым толькі таму, што («постольку, поскольку») яны звязаны з разуменнем літаратурнага твора як такога» [103, с. 271; 104, с. 6].

Прыкладна такая ж задача называецца і ў сучаснай праграме курса [57, с. 23]: «вытлумачыць цяжкія для ўспрымання моўныя з’явы (гістарызмы, архаізмы, аказіяналізмы, дыялектызмы, перыфразы, фразеалагізмы, кантэкстуальныя сінонімы, пэўныя фанетычныя з’явы, граматычныя формы і інш.)». Але з гэтай задачай не надта стыкуецца так званы паўзроўневы аналіз (с. 25 –– 26) у такіх яго ўзроўнях, як лексічны, фанетычны, марфалагічны і сінтаксічны.

Марфалагічны ўзровень мае ў праграме такую «расшыфроўку»: «Частотнасць ужывання розных часцін мовы, варыянтнасць марфалагічных формаў. Залежнасць статычнасці або дынамізму мастацкага апісання ад канцэнтрацыі пэўных часцін мовы (назоўнікаў, дзеясловаў). Эстэтычная матываванасць іх ужывання ў мастацкім тэксце». Адзін са складальнікаў праграмы піша ў вучэбным дапаможніку: «Пры аналізе мовы мастацкага тэксту на марфалагічным узроўні звычайна спыняюць увагу на частотнасці ўжывання ў тэксце дзеясловаў, назоўнікаў, прыметнікаў і робяць вывад: дзеясловы надаюць апісанню дынамізм, назоўнікі і прыметнікі ствараюць статычны малюнак» [68, с. 58]. Амаль тое самае –– яшчэ ў адной працы [111, с. 21]. Але ж ці з’яўляецца гэта асаблівасцю толькі якога-небудзь пэўнага твора і ці мае яна хоць якое дачыненне да «поўнага і яснага разумення тэксту», ці належыць яна да «моўных цяжкасцей мастацкага тэксту»?

На гэтым пытанні варта спыніцца больш падрабязна.

Як вядома, антычныя граматыкі напачатку вылучалі дзве часціны мовы: дзеяслоў і імя. Пасля катэгорыя імя падзялілася на назоўнікі і прыметнікі. У сучасных беларускай, рускай, украінскай мовах звычайна вылучаюцца дзесяць часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часціцы, выклічнік. Усё часцей асобнымі часцінамі мовы лічаць дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі. Напрыклад, у нядаўняй працы «Сучасная руская мова. Тэорыя, аналіз моўных адзінак» (М., 2001) яны выводзяцца за межы дзеяслова і разглядаюцца як самастойныя сінкрэтычныя часціны мовы.

Гартаючы навуковыя выданні, а таксама шматлікія падручнікі і навучальныя дапаможнікі па беларускай мове для вышэйшай і сярэдняй школы, толькі ў адным з іх можна знайсці сціслыя звесткі пра тое, што па колькасці слоў у лексічным складзе мовы назоўнік займае першае месца. Гэта можна пацвердзіць колькаснымі паказчыкамі, для чаго зусім неабавязкова пералічваць усе словы ў акадэмічным слоўніку, бо, як вядома, «існуе некаторая імаверная заканамернасць, якая кіруе частотнасцю кожнага элемента мовы» [22, с. 15]: тыповае праяўляецца рэгулярна і паслядоўна. Вось што паказваюць вынікі трох выбарак (па 500 слоў у кожнай), узятых са «Слоўніка беларускай мовы» (1987; с. 314 –– 317, 371 –– 373, 749 –– 752):

 

Часціны мовы

1-я выбарка

2-я выбарка

3-я выбарка

Назоўнікі

Прыметнікі

Лічэбнікі

Займеннікі

Дзеясловы

Дзеепрыметнікі

Дзеепрыслоўі

Прыслоўі

Злучнікі

Прыназоўнікі

Часціцы

Выклічнікі

311

129

40

9

8

1

2

267

172

2

35

8

15

1

274

128

2

70

25

1

 

Як бачым, больш за палову слоў прыпадае на назоўнікі. Аналагічныя вынікі трох выбарак з ТСБМ –– па 21 старонцы кожная (т. 1, с. 340 –– 360; т. 2, с. 10 –– 30; т. 3, с. 10   –– 30) [96, с. 35]: назоўнікаў аказалася 275 у першай выбарцы, 309 –– у другой, 267 –– у трэцяй; затым ідуць прыметнікі, адпаведна –– 130, 123, 131; трэцяе месца займае дзеяслоў: 47, 63, 58. Варта, аднак, агаварыцца, што дзеясловы пры падліку ва ўсіх шасці выбарках браліся ў адной трывальнай форме, хоць у слоўніках кожная з абедзвюх формаў (спавясціць –– спавяшчаць, спавіць –– спавіваць) займае сваё алфавітнае месца.

Пададзеныя вышэй лічбы –– гэта колькасныя паказчыкі слоў у мове (паводле слоўнікаў). Характэрна, што яны значна разыходзяцца з паказчыкамі слоў у маўленні. Як вядома, мова і маўленне суадносяцца паміж сабой як сутнасць і з’ява, як абстрактнае і канкрэтнае. Маўленне –– гэта мова ў дзеянні, працэс зносін, канкрэтнае функцыяніраванне таго, што даецца ў граматыцы і слоўніках, рэалізацыя закладзеных у мове магчымасцей.

Супаставім з папярэднімі вынікі трох выбарак –– кожная па 500 паўназначных слоў   –– з мастацкіх тэкстаў. Першая выбарка –– з рамана К. Крапівы «Мядзведзічы» (Зб. тв.: у 4 т. Т. 2. Мінск, 1963. С. 185 –– 187), другая –– з лірычных нататак Я. Брыля «Жменя сонечных промняў» (Мінск, 1965. С. 6 –– 10), трэцяя –– з аповесці В. Быкава «Пакахай мяне, салдацік» (Сцяна. Мінск, 1997. С.  36 –– 39).

 

Паўназначныя часціны мовы

У творах

К. Крапівы

Я. Брыля

В. Быкава

Назоўнікі

Прыметнікі

Лічэбнікі

Займеннікі

Дзеясловы

Дзеепрыметнікі

Дзеепрыслоўі

Прыслоўі

185

35

8

67

144

2

2

57

172

67

8

67

94

6

8

78

178

55

6

65

103

11

8

74

У С Я Г О :

500

500

500

Службовыя словы і выклічнікі

 

 

 

Злучнікі

Прыназоўнікі

Часціцы

Выклічнікі

82

76

66

53

83

27

4

41

88

16

У С Я Г О :

224

167

145

 

З табліцы відаць, якую значную актыўнасць і высокую частотнасць набываюць у маўленні колькасна рэдкія ў слоўніку службовыя часціны мовы, а таксама займеннікі, лічэбнікі, прыслоўі. Назоўнікі ж і ў мове, і ў маўленні першынствуюць. Другое месца ў маўленні займаюць ужо дзесловы, а не прыметнікі, якія ў слоўніку саступаюць толькі назоўнікам, а ў маўленні аказваюцца на пятым месцы.

У гэтай сувязі варта звярнуць увагу на адно выказванне, змешчанае ў часопісе «Маладосць» (2001. №10. С. 198), дзе гаворыцца пра паэтычную мову Ніла Гілевіча. Тут як асаблівасць індывідуальна-аўтарскага стылю паэта і яго слоўніка падаецца наступнае: «Найшырэй [у слоўніку] прадстаўлены дзеяслоў, а найбольш ужывальны –– назоўнік. Наўрад ці выпадкова колькасць дзеясловаў і дзеяслоўных словазлучэнняў у мове Ніла Гілевіча большая за колькасць прыметнікаў. Гэта азначае, што паэта заўсёды цікавіць не толькі і не столькі сталае, устойлівае ў прадметах і з’явах, колькі часовае, зменлівае, што прымушае іх рухацца, станавіцца іншымі і ў больш шырокім сэнсе –– існаваць, жыць».

Са сказанага ж раней можна зрабіць выснову, што гэта не асаблівасць творчай манеры Н. Гілевіча, а тыповая з’ява ў маўленні любога аўтара-пісьменніка (з мажлівымі нязначнымі адхіленнямі).

Такім чынам, тыя заняткі, што праграма раіць праводзіць «на марфалагічным узроўні», бескарысныя, непатрэбныя, яны нічога не даюць, акрамя дарэмнай затраты часу і недарэчных вывадаў.

Відаць, тое самае трэба сказаць пра заняткі «на сінтаксічным узроўні». Праграма дае пералік пытанняў, якія вывучаюцца і на лекцыйных ці практычных занятках у раздзеле «Сінтаксіс» і ніяк не звязаны «з разуменнем літаратурнага твора як такога». Тут і аналіз прыназоўнікава-склонавых канструкцый, і простыя ды складаныя сказы, перыяд, парцэляцыя, няўласна-простая мова і нават «знакі прыпынку ў мастацкім тэксце». Вядома ж, што ў добрым мастацкім творы яго сінтаксічнае багацце выяўляецца ў выкарыстанні разнастайных сінтаксічных канструкцый –– словазлучэнняў рознай структуры, неаднатыпных простых, ускладненых і складаных сказаў. Гэта можна бачыць, скажам, у наступным урыўку з аповесці Я. Брыля «У Забалоцці днее»:

 

На лузе –– ні душы. Вунь далёка толькі вяртаецца з вёскі ліса. Рудая плямка сунецца па снежнай нерушы, нібы строчыць на кужалі ўзор сваіх дробных слядоў.

А вось і лес. Цёпла пад снегам маленькім елачкам, яны быццам ватай абкладзеныя. Многа снегу на лапках ялін. Дуга чапляецца за голле, і на конскую спіну церушыцца белы іскрысты пыл. Я прыгінаюся, заплюшчваю вочы і радасна ўспамінаю словы майго сваяка...

 

Калі ж у творы якога-небудзь аўтара значна часцей выкарыстоўваюцца, напрыклад, дзеепрыслоўныя словазлучэнні, а не суадносныя з імі сінанімічныя даданыя часткі часу, умовы, прычыны, уступкі, то назіранні за такімі сінтаксічнымі канструкцыямі і адпаведныя вывады не адносяцца да лінгвістычнага аналізу. Гэта ўжо стылістычны аналіз мастацкага твора.

У праграме курса (с. 23) слушна сказана, што «адзінай, усеагульнай схемы лінгвістычнага аналізу тэксту не існуе». А на с. 24 рэкамендуецца студэнтам на практычных занятках пры паўзроўневым аналізе «назіраць, якія моўныя сродкі кожнага ўзроўню (лексічнага, фанетычнага, марфалагічнага, сінтаксічнага) выбраў аўтар з агульнамоўнага фонду». У такім разе, па-першае, перад намі ўжо, несумненна, «адзіная, усеагульная схема». А па-другое, уся бяда ў тым, што у мове наогул няма і не можа быць ні марфалагічнага ўзроўню, ні фанетычнага. Агульнапрынята, што ў нашай мове, як і ў іншых, ёсць 4 узроўні. Яны пералічваюцца і сцісла апісваюцца, напрыклад, у «Лінгвістычным энцыклапедычным слоўніку» (М., 1990. С. 539): фанемны, марфемны, лексічны і сінтаксічны.

Нагадаем, што «моўны ўзровень –– гэта сукупнасць адносна аднародных адзінак мовы і правіл іх функцыяніравання. Кожны ўзровень мае сваю адзінку: фанемны –– фанему, марфемны –– марфему, лексічны –– слова (лексему), сінтаксічны –– сказ. Адзінкі аднаго ўзроўню спалучаюцца паміж сабой (фанемы –– з фанемамі, марфемы –– з марфемамі, словы –– са словамі), а розных –– звязваюцца іерархічнай сувяззю тыпу «складаецца з ...», «уваходзіць у ...»: з фанем складаецца марфема, з марфем –– слова, са слоў –– сказ» [86, с. 38].

Немагчыма ўявіць, як пры вывучэнні твора празаічнага (напрыклад, трылогіі Я. Коласа «На ростанях») ці драматычнага (скажам, камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім») студэнты будуць рабіць лінгвістычны аналіз на фанетычным (дакладней, фанемным) узроўні, шукаць у гэтых творах (як пералічваецца ў праграме) асанансы, алітэрацыі, анафару, эпіфару, стык, кальцо. Гукавыя паўторы, фігуры маўлення і пад. –– з’явы, характэрныя для вершаванага маўлення. У невершаваным жа маўленні яны, а таксама рытмічнасць або выпадковая рыфма ўскладняюць успрыманне зместу, лічацца парушэннем гукавой арганізацыі тэксту. Праўда, часам яны, калі толькі сустракаюцца ў празаічным творы, выконваюць пэўную стылістычную функцыю, служаць, напрыклад, стварэнню гумару ці сатыры. Так, у «Дрыгве» Я. Коласа: «–– Няхай дзед Талаш будзе атаман наш! –– сказаў хтось нават у рыфму». Або ў апавяданні Я. Коласа «Соцкі падвёў»: «І пайшоў наш ураднік угору, як цыган па драбінах на неба» (тут трохстопны анапест у 1-й і 2-й частках). У § 3 прыводзіліся прыклады рытмічнай прозы –– у апавяданні М. Лынькова «Андрэй Лятун» –– як асаблівасць рамантычнага стылю пісьменніка.

Што да лексічнага ўзроўню, то тут праграмай (с. 25) пералічваюцца мнагазначныя словы, стылістычна маркіраваныя лексемы, словы з сэнсавым прырашчэннем і г. д. Аднак сюды трапілі і адзінкі, далёка не лексічнага ўзроўню: фразеалагізмы, перыфразы, нетрадыцыйныя спалучэнні лексем. Напрыклад, фразеалагізмы наогул не могуць класіфікавацца паводле ўзроўняў мовы. Фразеалагізм –– гібрыдная адзінка мовы. «Фразеалагізмы маюць фармальныя і зместавыя прыметы адразу двух узроўняў –– лексічнага і сінтаксічнага, у поўнай меры не належачы ні да аднаго з іх» [30, с. 26].

Як вынік усяго сказанага вышэй, сам сабой напрошваецца вывад аб немэтазгоднасці ў праграме нават упамінання пра паўзроўневы аналіз.

Заадно варта адзначыць, што ў праграме сярод розных аб’ектаў, якія падпадаюць пад лінгвістычны аналіз, чамусьці не называюцца прыказкі. А яны ж, як паказана ў § 12, таксама павінны быць у полі ўвагі. Аб’ектам лінгвістычнага аналізу могуць і павінны быць не толькі шматлікія лексічныя, але і многія фразеалагічныя, прыказкавыя, а ў некаторых выпадках граматычныя, фанетычныя і іншыя моўныя з’явы, калі гэта звязана з уразуменнем літаратурнага твора ці яго часткі або з раскрыццём мастацкага майстэрства пісьменніка. Прыгадаем, напрыклад, мініяцюру Я. Брыля са «Жмені сонечных промняў»: «Талстоўскі Познышаў сказаў калісьці: «Цяпер я на поўдзень. У мяне там домік і садок». Якая дакладнасць і што яна азначае ў вялікім майстэрстве!.. Скажы ён «дом і сад» –– нічога не было б».

У мовазнаўстве за тэрмінам «лінгвістычны аналіз тэксту» ў апошнія больш як тры дзесяцігоддзі, пасля таго як у педагагічных інстытутах Беларусі стаў выкладацца аднайменны курс, замацавалася сталае, акрэсленае значэнне. Як ужо гаварылася, пры правядзенні такога аналізу няма і не можа быць нейкай адзінай схемы. Яна кожны раз вар’іруецца, што абумоўліваецца спецыфікай таго ці іншага мастацкага твора.

Таму даводзіцца здзіўляцца, калі чытаеш кнігу «Зборнік тэкстаў для лінгвістычнага аналізу» (2005) [33]. Тут у паняцце «лінгвістычны аналіз тэксту» ўкладваецца зусім іншы сэнс. На с. 242 –– 249 даецца схема аналізу і ўзор аналізу двух тэкстаў. Схема складаецца з 8 пунктаў: тэма (мікратэма), асноўная думка тэксту; структура тэксту (колькасць звышфразавых адзінстваў); функцыянальна-сэнсавая тыпалогія тэксту і элементы кампазіцыі тэксту; сувязь у межах звышфразавых адзінстваў, сродкі выражэння; праяўленне асноўных тэкставых катэгорый: кагезіі, праспекцыі, рэтраспекцыі, аўтасемантыі, мадальнасці, інтэграцыі; і г. д.

Відаць, такі, філалагічнага характару, аналіз можна і трэба праводзіць і, мабыць, па прапанаванай схеме, але, думаецца, ён ні ў якім разе не павінен называцца лінгвістычным аналізам тэксту.