§ 18. Аўтарскія неалагізмы
Літаратурнаямова ўвесь час папаўняецца новымі словамі (неалагізмамі). Многія з ix напачатку ўспрымаюцца непрыхільна. 7 мая 1990г. Maкciм Танк зaпісаў у свaix «Дзённіках»: «Аж не хочацца браць у рукі сённяшнія газеты. Трэба так засмеціць мову: мэрыя, стрэс, бестселер, трэнд, сераль, менеджэр, спонсар, шоу, кемпінг, брыфінг, ланч, тэлефакс. Чамусьці ў нас вельмі ахвотна пераймаюць з Захаду не самае лепшае». А праз 6 гадоў акадэмічны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (Мінск, 1996) уключыў у лексічны склад мовы i aпіcaў не толькі гэтыя (за выключэннем двух: трэнд, ланч), але i яшчэ больш за сотню нядаўніх неалагізмаў: бартэр, вернік, кансэнсус, лецішча, менталітэт, рэйтынг, святар, спадар, спадарства...
Па-за межамі гэтага слоўніка засталіся сотні іншых новых слоў, якія сёння больш-менш актыўна ўжываюцца ў вусным маўленні i ў перыядычным друку, напрыклад, такія: вертыкальшчык, грабавыя, досвед, дурдом, насамрэч, дземянцееўка(амаль тое самае, што і трасянка), савок(чалавек, выхаваны ва ўмовах савецкага таталітарызму), членавоз(браніраваны легкавы аўтамабіль, якім карыстаюцца найважнейшыя кіраўнічыя асобы), макароннік(ваеннаслужачы, які застаўся на ваеннай службе пасля адбыцця абавязковага тэрміну), пазваночнік(той, каго ўладкавалі на работу, вучобу, службу і г. д. па тэлефонным званку ці іншым падобным спосабам).
Многія з нядаўніх неалагізмаў становяцца базай для стварэння іншых слоў у адпаведнасці з прынятымі правіламі словаўтварэння. Так, нядаўняе запазычанне з рускай мовы бомж (скарачэнне «без определенного места жительства») спарадзіла шэраг новых слоў: бамжаваць, бамжоўства, бамжоў (прыметнік), бамжыха, бамжатнік, бамжатня.
Як толькі новае слова, пачаўшы шырока ўжывацца ў перыядычным друку, мастацкай i публіцыстычнай літаратуры, уключаецца ў нарматыўны тлумачальны слоўнік, яно перастае лічыцца неалагізмам, становіцца звычайнай моўнай адзінкай, пераходзячы з пaciўнaгa лексічнага складу ў актыўны. Яно страчвае арэол свежасці, адценне навізны, успрымаецца як прывычнае, звычайнае. Зрэшты, кожнае слова мае свой жыццёвы пачатак i было ў свой час неалагізмам.
Словы тыпу вертыкальшчык, бамжоўства, імпрэза, насамрэч нарадзіліся непасрэдна ў жывой народнай мове або былі запазычаныя з iншыx моў. Ці ўсе яны атрымаюць «права грамадзянства», пакажа час. Ад ix трэба адрозніваць індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні, аднойчы выкарыстаныя ў якім-небудзь мастацкім ці публіцыстычным творы i найчасцей як бы асуджаныя быць вечнымі неалагізмамі. Абодва прыметнікі ў наступных радках Р. Барадуліна — ёмістыя, шматзначныя аўтарскія наватворы: «Відаць, нас мала перылі, што цягне да імперыі пад сцягам мусульманістым з палітбюро іваністым».
Дарэчы, з сучасных беларускіх пісьменнікаў асабліва часта сустракаем наватворы ў Р. Барадуліна, звычайна ў гумарыстычных вершах: «Трэба нашармачка як след наканьячыцца, набрэндзіцца, а пасля, як Вярхоўны Савет, прэзідэнціцца, рэферэндзіцца».
Некаторыя словы, што ўзніклі ў апошнія дзесяцігоддзі і яшчэ не ўключаны ў нарматыўныя слоўнікі, знаходзім i ў хрэстаматыйных тэкстах. Напрыклад, у падручніку-хрэстаматыі: «Не было ніякага сумніву: усё сходзілася» (Я. Пархута. Aпошнi гусляр). Сумніў i сумнеў (відаць, запазычанне з украінскай мовы: сумнів) — тое самае, што i сумненне.
У слоўніках беларускай літаратурнай мовы падаюцца суадносныя трывальныя пары: атрымаць — атрымліваць, атрымацца — атрымлівацца. У хрэстаматыйных жа творах паралельна з атрымліваць, атрымлівацца ўжываецца i атрымоўваць, атрымоўвацца: «Ён, кажуць, у школе найгоршыя знакі атрымоўваў» (А. Гарун); «Ад каго тады атрымоўваць інфармацыю?» (І. Шамякін); «З месяц нічога ў нас не атры-моўвалася» (У. Караткевіч). Параўн. таксама ў выданнях апошніх гадоў: «Гэта не замінае табе атрымоўваць жыццёвыя ўражанні» («Полымя»); «Атрымоўваецца, што хтосьці з твaix калег цябе здаў» («Маладосць»). Варта, такім чынам, прызнаць i гэтыя паралельныя ўтварэнні літаратурнай нормай.
Пры лінгвістычным аналізе аўтарскім неалагізмам павінна ўдзяляцца належная ўвага. Яны, як правіла, лёгка выяўляюцца сваёй свежасцю, нязвычнасцю. Сэнс іх па-за кантэкстам незразумелы, а ў акружэнні іншых слоў становіцца больш-менш празрысты. Часам значэнне неалагізма падказваецца агульнамоўным словам-сінонімам. Параўн. у камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім»: пабландынілася і валасы пафарбавала. Гэты неалагізм утвораны на ўзор прадуктыўнай мадэлі (пафарбавалася), і яго месца ў камедыі вельмі дарэчы: аўтар паказвае, як спачатку збянтэжаны Гарлахвацкі спрабуе «выкруціцца» з няёмкага становішча. Цёця Каця гаворыць Гарлахвацкаму, што бачыла, як ён учора ехаў за горад з жонкай:
Ц ё ц я К а ц я. Мне здавалася, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландынка.
Г а р л а х в а ц к і (збянтэжана). Бландынка? Як бландынка?
Ц ё ц я К а ц я. Ну, бландынка, я ж бачыла ўчора.
Г а р л а х в а ц к і. А можа, і праўда –– бландынка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландынілася, а я і не заўважыў. (Рагоча.) Так улёг у работу, што нават не заўважыў, калі жонка валасы пафарбавала. Аж смешна! (Рагоча.)
Ц ё ц я К а ц я. Сапраўды, смешна. Вы думалі чорныя, а яны светлыя, як у нашай Зіначкі. (Рагочуць абое, разумеючы адзін другога.)
Мова як першаэлемент літаратуры ў першую чаргу вызначаецца аўтарскай моватворчасцю, укладам у далейшае развіццё літаратурнай мовы, яе ўдасканаленнем i ўзбагачэннем. «У беларускай паэзіі, — пішa Н. Гілевіч, — ніхто не валодаў такой магутнай здольнасцю да словатворчасці, як Янка Купала. I нi ў кога іншага не выявіўся так ярка моватворчы геній народа, як у Янкі Купалы» [20, с. 8]. Ён умела, па-майстэрску скарыстоўвае агульнанародныя словы i выразы, а калі трэба, стварае свае, аўтарскія неалагізмы. На гэта звярнуў увагу яшчэ ў 1910 г. М.Багдановіч. Ён пicaў, што калі ў мове беларускага народа, які «гнуўся сталеццямі», не хапае слоў, «дык Купала ўжывае новыя, выкаваныя iм самім» [4, с. 188].
Аўтарскія неалагізмы найчасцей сустракаюцца ў вершаваных творах, што вытлумачваецца, відаць, імкненнем паэтаў да навізны выказвання, да экспрэсіўнасці маўлення. Многа аўтарскіх наватвораў у паэме Я. Купалы «Курган». Магчыма, узнікненне некаторых з гэтых слоў абумоўліваецца асаблівасцямі вершаскладання. Так, наватвор шумнацечнай («...на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай») выклікаецца рыфмай векавечны. Сэнс неалагізма празрысты –– ‘якая цячэ з шумам’. Вось яшчэ радкі з неалагізмамі:
Сухазелле у грудзі ўпілося...
Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб...
Невыдумная світка – убор на плячах...
Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай...
Сухазелле і песнябай, як і шумнацечнай, –– складаныя словы, кароткія, але са згушчанай вобразнасцю, а таму экспрэсіўныя. Першае створана па мадэлі пустазелле іабазначае ‘высахлае пустазелле’[1]. Сэнс другога –– ‘пясняр-казачнік’ (бай –– гэта міфічная істота-казачнік). Невыдумная –– ‘простая, даматканая, пашытая без усякіх выдумак-упрыгожванняў’; ніўных – ‘акружаных нівамі’.
Ёсць у паэме радок: «Скурганіў бы душу чырванцом тваім я» (з адказу гусляра на абяцанне князя «поўны гуслі насыпаць дукатаў», калі той запяе «па душы», дасць «yцexi гасцям»). Наватвор скурганіць абазначае ‘амярцвіць, загубіць’ i нябачнымі ніцямі звязваецца з загалоўкам паэмы. Праз год пасля напісання «Кургана» (1910) Я. Купала яшчэ раз вяртаецца да свайго наватвора i ў вершы «Песня мая» ўжывае яго ў форме дзеепрыметніка скурганены, што значыць ‘амярцвелы, нячулы’: «Песня мая не шукае прывету, ласкі ў скурганеным сэрцы чыім». Яшчэ радкі з адказу гусляра: «Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткі свае: сарачні там сох бачыш, як блудзе...» Сарачні — ‘мноства’. Магчыма, паэт стварыў гэта слова на аснове выразу сорак саракоў ‘незлічонае мноства, вялікая колькасць’. Блудзе (дыялектная форма дзеяслова блудзіць) тут ужыта ў няслоўнікавым значэнні ‘рухаецца, перамяшчаецца’.
У паэме «Курган» сустракаем слова пакрыёма: «Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей і пракляцце расло пакрыёма». Паэт стварыў яго на аснове польскага спалучэння pokryiomu, якое абазначае ‘ўпотай, непрыкметна для іншых’.
Аўтарскія неалагізмы ёсць і ў шмат якіх іншых вершаваных творах Я. Купалы. У паэме «Бандароўна» слова абрыдна («А найгорай к Бандароўне ён прыстаў абрыдна») –– наватвор са значэннем ‘абрыдліва, прыкра, нялюба’, які ўзнік на аснове дзеяслова абрыдзець. Аж тры неалагізмы знаходзім у страфе з верша «Арлянятам»:
У маланках перуновых
З гулкім гоманам грымотаў
Для вякоў дыхтуйце новых
Нечувалыя ясноты.
Дзеяслоўная форма дыхтуйце паводле свайго ўзнікнення мае несумненную сувязь з фразеалагізмам даць дыхту ў адным з яго значэнняў –– ‘энергічна працуючы, хутка справіцца з чым-небудзь’ (параўн., напрыклад, у вершы Я. Купалы «Вечарынка»: «Даюць дыхту, даюць жару, «Сербіянку», «Польку» шпараць»), а таксама са словам дыхт, якое выкарыстоўваецца ў творах Я. Купалы і не ў складзе фразеалагізма, рэалізуючы значэнне ‘акурат, самы раз’ (напрыклад, у п’есе «Паўлінка»: «Вот так на ўсе бакі дзеўка!.. Гэткая ––дыхт для мяне жонка!»). Дыхтуйце[2] –– гэта ‘энергічна і грунтоўна засноўвайце, стварайце’. Наватвор знаходзіцца ў сэнсавай сувязі са словамі дыхтоўны, дыхтоўна, дыхтоўнасць, якія занатаваны ў «Слоўніку беларускай мовы»(1987, с. 222) з паметай «абласны» і ўжываюцца ў сучасных літаратурных тэкстах: «Вымае вялікі, дыхтоўны, лакіраваны альбом» («Полымя»); «Дом і сёння цешыць вока сваёй дыхтоўнасцю» («Звязда»).
Нечувалыя –– тое самае, што і нечуваныя. У наватворы ясноты (фіксуецца ў СБМ з паметай «абласны») увасабляюцца шырокія далягляды будучыні, яркая, прывабная будучыня, змагацца за якую паэт заклікае моладзь, «арлянят». Бітва рэвалюцыйнай моладзі за новы лад («Гэй, узвейце сваім крыллем, арляняты, буйна, бурна на мінулых дзён магіле, над санлівасцю хаўтурнай!..») малюецца ў вобразах-сімвалах, а гул грымотаў перадаецца алітэрацыяй (паўтарэннем г): «У маланках перуновых з гулкім гоманам грымотаў...».
Думаецца, аўтарскім наватворам у вершы Я. Купалы «Накарміліся панскаю ласкай...» з’яўляецца назоўнік вярнігора (яго няма ні ў дыялектных слоўніках, ні ў слоўніках літаратурнай мовы):
І прыйшоў гэты час перамогі,
Вярнігорай прыйшоў ён з Усходу...
Слова склалася на аснове фразеалагізма варочаць горы і выкарыстана са значэннем ‘волат’.
У паэме П. Труса «Дзесяты падмурак» ёсць індывідуальна-аўтарскі прыметнік кветарунны, значэнне якога матывуецца словамі кветка і рунь:
І застылі дзве хваіны
ў полі кветарунным.
Ёсць нямала Купалавых наватвораў i ў п’есе «Тутэйшыя». Пра неалагізмы саўбураўскі, саўбурскі, саўбурства, адсабуравацъ гл. у параграфе «Рэальна-гістарычны каментарый». Назавём іншыя.
Тройчы рознымі персанажамі ўжываецца назоўнік светагляд як аналаг рускага мировоззрение (калькі нямецкага назоўніка Weltanschaung), але ён не стаў агульнамоўным словам, неабходную нішу ў лексіцы заняў, як сцвярджаецца ў навуко-вай літаратуры, Коласаў светапогляд. Этымалагічны вобраз Купалавых наватвораў празрысты: якследны («якследную асэсарскую кар’еру»), адбеларушчываць, абеларушчыванне («ён толькі спец адбеларушчываць, а да абеларушчывання яго яшчэ змалку адвярнула»), буржуаз («я не таварыш, а буржуаз»). Гарошка пра Усходняга i Заходняга вучоных кажа, што гэта два дапатопы, а паводле Здольніка, гэта дурыгаловы. Пра Зноска з яго «мацярынскім рускім языком» Здольнік гаворыць: «Эх, русацяп вы, русацяп!» Наватвор з’ісціць («каб з’ісціў бацькаву думку») абазначае ‘ажыццявіць, здзейсніць’. Аўтарскім неалагізмам з’яўляецца i перайначанае пад народную этымалогію абскубанды («— Мала йшчэ вас гэтыя абскубанды паскубалі. — Не абскубанды, тата, але акупанты, акупанты»). Як слушна зазначае В. І. Рагаўцоў [85, с. 164], «у аказіяналізме абскубанды сінтэзуецца семантыка трох лексем, з якімі ён суадносіцца словаўтваральна: абскубаць (разм. неадаб. ‘вымагаць’), банда (‘група разбойнікаў’) і асацыятыўна акупанты (‘захопнікі’)».
У п’есе ёсць шэраг арыгінальных спалучэнняў слоў. Найчасцей драматург укладвае ix у вусны аднаго з гратэскавых вобразаў — Зноска. Так, затрыманы патрульным начальнікам, Зносак амаль у кожнай рэпліцы звяртаецца да яго інакш, з іншым непаўторным «тытулам»: ваша чырвонае благароддзе, ваша чырвоная міласцъ, ваша таварыскае poдзіе, мусье таварыш, ваша чырвонасць, ваша таварыскасцъ, ваша таварыская міласць.
Абсалютная большасць купалаўскіх слоў-наватвораў i арыгінальных словазлучэнняў так i засталася аўтарскімі неалагізмамі, але, як здаецца, адзіна мажлівымі для пэўнай маўленчай сітуацыі ў канкрэтным творы; некаторыя з ix могуць быць рэзервам літаратурнай мовы, а шмат якія, несумненна, трывала ўвайшлі ў агульнанародную скарбонку i сёння не адчуваюцца як былыя купалаўскія.
На жаль, у навуковай літаратуры пытанне, менавіта якія Купалавы словы папоўнілі нашу літаратурную мову, пакуль што не канкрэтызавалася. Відаць, да ліку такix слоў варта аднесці прыметнік агромністы, які ў беларускіх тэкстах да верша «А хто там ідзе?» не ўжываўся, а таксама назоўнік пасад з вобразным, фігуральным сэнсам ‘становішча, месца’ («Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамi»).
Сюды ж трэба дадаць і памянёнае вышэй прыслоўе пакрыёма. Яно апошнім часам пачало актыўна ўжывацца ў літаратурнай мове і вартае таго, каб трапіць у нарматыўныя слоўнікі. Вось некалькі прыкладаў з перыёдыкі апошніх гадоў: 1) Ні ў форме палкоўнік, ні ў штацкім маёр мяне не трымаў пакрыёма. І хоць у пакутах сумленне маё –– мне ніцая радасць раба незнаёма (Н. Гілевіч); 2) Бацька не ганяў мяне памагаць яму ў гаспадарскіх хлопатах, сам рэзаў сечку карове, насіў з далёкага гумна сена авечкам, парыў бульбу свінням і пакрыёма шаўцаваў (С. Яновіч); 3) Бурбоны баяцца, што двайнікі могуць дапамагчы Напалеону пакрыёма пакінуць востраў (У. Арлоў); 4) Сышлі пакрыёма і здранцвенне, і холад магільны ад сонца, ад бадзёрага плёскату вёслаў... (А. Мінкін); 5) Зварганілі яму колісь плоцік з арматурнага жалеза ў калгаснай кузні. Па блату, пакрыёма ад старшыні: «жалеззя» не хапала нават на рамонт калгаснай тэхнікі (П. Місько); 6) Аркадзь Рыгоравіч пакрыёма баіцца, што пакіне Людка Дробыш яго тэатр (М. Южык); 7) Каб пакрыёма злавіць тое, што ў яве не страціў… (Э. Акулін); 8) І я пакрыёма адчуў на сабе: гады –– след у след за падзеямі, словамі... (К. Жук); 9) З тых дат Вінцэнт багата чаго намагаўся чыніць у жыцці пакрыёма. Нават перад каханай Юзэфкай (Я. Янушкевіч). На аснове прыслоўя ўтварыўся ўжо ўласна беларускі прыметнік пакрыёмны: «Павылазілі на свет сціжмы слухачоў, віжоў і даказчыкаў, што на вуліцах і ў дамах размовы ціхія падслухоўвалі і ў твары людскія ўглядаліся, пакрыёмныя думкі ў злачынствы прыдумляючы» (У. Арлоў).
Прывядзём яшчэ некалькі былых неалагізмаў, якія папоўнілі агульнанародную скарбніцу. Агульнамоўным здабыткам сталі, напрыклад, словы мілагучны, адлюстроўваць, аўтар якіх У. Дубоўка, слова светапогляд, створанае Я. Коласам. К. Крапіва ўвёў у літаратурную мову такія словы, як кленічы, наватвор, а асобныя прозвішчы літаратурных персанажаў з яго твораў сталі ўжывацца як агульныя назвы: гарлахвацкі, зёлкін, туляга.
Аўтарскімі неалагізмамі называюць не толькі асобныя словы, а і арыгінальныя словазлучэнні, а таксама сказы, асабліва калі яны набылі крылатасць. Аналізуючы верш Я. Купалы «А хто там ідзе?», нельга не адзначыць, што з гэтага твора прыйшоў у мову крылаты выраз людзьмі звацца, стаў фразеалагізмам, які са значэннем ‘быць свабоднымі, шчаслівымі, займаць у жыцці належнае чалавеку месца’ шырока выкарыстоўваецца без спасылкі на аўтара, напрыклад, у творах К. Чорнага, С. Грахоўскага, I. Гурскага, К. Крапівы, Я. Скрыгана, Б. Сачанкі, Г. Пашкова, А. Фядосіка і інш.
Пададзім яшчэ прыклады занатаваных у фразеалагічных слоўніках былых крылатых выразаў, якія паходзяць з твораў беларускіх пісьменнікаў: асадзі назад, хварэць на пана, захварэць на пана (Я. Колас), жаба ў каляіне, выдраць лысаму валоссе, ні бэ ні мя, свінтус грандыёзус, акуляры наставіць, ездзіць па левым баку (К. Крапіва), рыцар ночы (З. Бядуля), кветкі з чужых палёў (Ю. Гаўрук), сена на асфальце (М. Стральцоў), ружовы туман (В. Быкаў).
А вось прыклады сказаў, якія набылі крылатасць, сталі прыказкамі, апісваюцца ў парэмійных даведніках з адпаведным ілюстрацыйным матэрыялам іх ужывання ў сучасных літаратурных тэкстах: Дум не скуеш ланцугамі (Я. Купала), Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай рэчкай уплывае; Забілі зайца не забілі, а гуку многа нарабілі; Мой родны кут, як ты мне мілы (Я. Колас), Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала; Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч; Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай (К. Крапіва), Няма таго, што раньш было (М. Багдановіч), Зерне падае не на камень (І. Пташнікаў). Ужыванне, скажам, апошняй прыказкі (яна абазначае ‘павінны быць належныя вынікі пасля чыёй-небудзь парады, размовы, настаўлення, агітацыі і пад.’) можна пацвердзіць такімі прыкладамі: 1) Сахутазірнуў на гадзіннік. Але на гэты раз ён не спяшаўся «закругліць» абмеркаванне. А можа, будзе нейкая карысць з гэтай размовы, бо зерне падае не на камень (Л. Левановіч); 2) У страсным маналогу «кулака» Скуратовіча, акрамя недаверу да ўсіх на свеце, нямала горкай праўды пра жорсткасць жыцця, пра блізкі апакаліпсіс, калі дзеці, «трэцяе пакаленне», будуць бадзяцца беспрытульнымі па ваенных дарогах. Міхалка чуе гэтую яго правату: зерне падае не на камень (М. Тычына); 3) Адамовіч сказаў, што такая дакументальная кніга павінна быць, і такую кнігу можа зрабіць толькі жанчына. «Баба бабе раскажа тое, што ніколі не раскажа мужыку...» Святлана Алексіевіч тады працавала ў «Нёмане». Зерне ўпала не на камень (А. Кудравец); 4) Зерне было кінута не на камень –– яно ўзышло, дало плады. Адным з тых, хто гэтую ідэю (мець сваю самастойную дзяржаву) падтрымаў і панёс далей, быў удзельнік паўстання 1863 года Ф. Багушэвіч (Б. Сачанка). 5) Тое, што зрабілі нашы вялікія папярэднікі ў сакавіку 1918-га, не было дарэмна: зерні ўпалі не на камень і далі ўсходы (Н. Гілевіч).
Адзначым, дарэчы, што даволі часта ў паняцце «крылатыя словы» ці «крылатыя выразы» ўкладваюць нейкі няпэўны, шырокі, расплывісты сэнс. Так, часопіс «Роднае слова» (2007. №11. С. 48) змясціў артыкул В. Нагорнай «Крылатыя выразы ў паэме «Новая зямля» Якуба Коласа». Іх тут, як лічыць аўтарка артыкула, аж 39. Ніякіх доказаў, чаму той ці іншы вершаваны радок паэмы варта адносіць да крылатых выразаў, тут няма.
У 1960 г. Ф. Янкоўскі апублікаваў невялікую кнігу «Крылатыя словы і афарызмы». Сюды ўключаны 220 разнастайных адзінак, узятых з беларускіх літаратурных крыніц: «Будзь смелы, як вецер, як воля сама! Знай, смелых не чэпе ні крыўда, ні цьма!» (Я. Купала; «Пан сахі і касы» (Я. Купала); «Гарлахвацкі» (К. Крапіва). Вядомы тагачасны даследчык фразеалагізмаў і прыказак прафесар Л. І. Райзензон, увогуле станоўча ацэньваючы працу Ф.Янкоўскага як першую спробу стварыць беларускі зборнік крылатых выразаў, разам з тым адзначыў як яго істотны недахоп адсутнасць у кнізе «добрага ілюстрацыйнага матэрыялу, у якім выкарыстоўваецца дадзены зварот». Гэта хутчэй патэнцыяльныя, чым сапраўдныя крылатыя выразы. Ды і сам складальнік зборніка пісаў, што адбор пэўных выказванняў з літаратурных крыніц «непазбежна носіць у нейкай меры суб’ектыўны характар».
На якой падставе той ці іншы выраз можна прызнаваць крылатым? Думаецца, толькі пры ўмове, калі ён набыў крылатасць –– выйшаў за межы таго твора, дзе пачынаў сваё жыццё, стаў вядомым для значнай часткі моўнікаў і ўжываецца ў маўленні без спасылкі на яго аўтара. Выраз можна лічыць крылатым, калі ёсць пацвярджэнні яго ўжывання ў літаратуры. Няма пацвярджэння –– няма падстаў гаварыць пра крылатасць.
Вернемся зноў да аўтарскіх неалагізмаў. Каб кваліфікаваць якое-небудзь слова ці выраз як індывідуальна-аўтарскі наватвор, трэба мець падставы. Інакш не пазбегнуць памылак. Паяснім гэта некалькімі прыкладамі.
Часам у друку лічаць слова перакінчык наватворам Я. Купалы, які выкарыстаў яго ў артыкуле «А ўсё ж такі мы жывём!» (1914). Але гэта не так. Яшчэ раней, у 1911 г., В.Ластоўскі пісаў: «Бадай толькі адны перакінчыкі-беларусы крыва глядзелі на беларушчыну». Неаднойчы ўжыў гэта слова Я.Лёсік: «Найгоршымі ворагамі нашага руху ёсць беларусы-перакінчыкі, атрымаўшыя выхаванне расійскае ці польскае». Яшчэ прыклад: «Як вольны з вольным, роўны з роўным, пойдзе ён, працоўны беларускі народ, поруч з другімі народамі, а ў тым ліку і з польскім, але не з панамі, прыхваснямі польскага імперыялізму, хоць бы вы былі і тутэйшымі здраднікамі і перакінчыкамі, забыўшымі бацьку і мацер сваю» (А.Гарун). Відаць, гэты назоўнік варты ўвагі лексікографаў, тым больш што ён ніколькі не страціў сваёй актуальнасці. А паходзіць ён з украінскай мовы (перекинчик), дзе фіксуецца ў слоўніках як звычайнае нарматыўнае слова, праўда, з паметай «размоўнае».
Н. Гілевіч у кнізе «Удзячнасць і абавязак» (1982) цытуе сказ з верша Я. Купалы «Песня званара» (1909):
Аж ад рук і ад хмар вежы рухне падмур,
Толькі розгалас пойдзе па полі.
Выдзелены тут розгалас кваліфікуецца як «купалаўскі наватвор». Услед за Н. Гілевічам недакладнасць паўтарыў і аўтар гэтых радкоў [53, с. 36], дадаўшы, што розгалас «сёння становіцца агульнамоўным словам». На самай жа справе яно даўно стала агульнамоўным, выкарыстана ў творах Р. Барадуліна, П. Васілеўскага, В. Віткі, Л. Галубовіча, А. Лойкі, М. Лужаніна, А Чарнышэвіча і іншых пісьменнікаў. Яго падаюць (праўда, з паметай «абласное») ТСБМ (т. 4, с. 712), «Слоўнік беларускай мовы» (1987, с. 704), «Беларуска-рускі слоўнік» (1989, т. 2, с. 406). Наўрад ці ствараў гэтае слова Я. Купала, ён, відаць запазычыў яго з украінскай літаратурнай мовы, дзе розголос з даўніх часоў фіксуецца як мнагазначная лексічная адзінка.
У «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (Мінск, 1970, с. 283––284) сцвярджаецца, што К. Крапіва ўтварыў неалагізм лгунства («Лгунству не месца ў наш век»), П. Трус –– надхмар’е («Краіна соннага надхмар’я...»), А. Пысін –– немата («...у яе свая любоў, і правата, і немата, і мова»); адносна далейшага лёсу слоў лгунства і немата гаворыцца, што яны, «узнікшы па ўзору актыўных словаўтваральных мадэляў, захоўваюць патэнцыяльную магчымасць стаць дублетамі адпаведных наяўных слоў-назваў, а значыць, і прыналежнасцю мовы». Аднак гэта памылковыя сцвярджэнні.
Лгунства ніколі не стане «прыналежнасцю мовы», бо такога слова К. Крапіва не ствараў і не ўжываў. Ва ўсіх дванаццаці публікацыях верша «Мы не паклонімся богу» было: «Лганству не месца ў наш век». А слова лганства –– норма літаратурнай мовы. Слова немата агульнае для ўсходнеславянскіх моў і даўным-даўно стала фактам беларускай літаратурнай мовы. І ўтварыў яго, зразумела, не А. Пысін. Яшчэ, напрыклад, у «Дрыгве» (1934) Я. Коласа было: «...лес... выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце». Слова надхмар’е агульнае для беларускай і ўкраінскай моў і ёсць, як і немата, у акадэмічных руска-беларускім і беларуска-рускім слоўніках. А ў мастацкай літаратуры гэта слова раней, чым П. Трус у «Дзесятым падмурку» (1928), выкарыстаў у вершы «Светлых дзён хараство» (1926) Я. Пушча:
Смех дзявоча-пралескавы твой
Патануў у ясноце, ў надхмар’і.