§ 13. Іншыя маўленчыя з’явы мастацкага тэксту
У некаторых выпадках варта засяродзіць увагу на абзацах, высветліць, чаму аўтар вылучыў у асобны абзац усяго толькі адзін сказ ці нават адно слова.
На жаль, у сярэдняй школе пытанню пра абзац не ўдзяляецца належная ўвага. Што гэта так, можна пераканацца, прагледзеўшы вучнёўскія творчыя працы ці сачыненні абітурыентаў. Толькі некаторыя вучні карыстаюцца абзацам, прычым у самым прымітыўным яго разуменні: колькі пунктаў у плане, столькі чырвоных радкоў. Што да водступу ў пачатку абзаца, дык тут можна назіраць поўную самавольнасць: адны пачынаюць пісаць з сярэдзіны радка, другія пакідаюць для абзаца месца на адну-дзве літары. Даводзілася бачыць, што і многія дарослыя, нават з вышэйшай адукацыяй, лічаць абзац залішняй раскошай ці прыхамаццю таго, хто піша.
Каб пераканаць вучняў ці студэнтаў, што тэкст засвойваецца горш, калі ён няправільна разбіты на абзацы, варта прывесці спецыяльна падабраныя ўрыўкі са школьных сачыненняў, а то і з друкаваных, пераважна газетных крыніц. Можна таксама прачытаць ці пераказаць эпізод з кнігі К. Паустоўскага «Залатая ружа», дзе гаворыцца, як вопытны выдавецкі супрацоўнік прасядзеў цэлую ноч над адным рукапісам аўтара-пачаткоўца і, не выкінуўшы і не дапісаўшы ніводнага слова, ператварыў расскубленае, зблытанае апавяданне ў празрыстую, літую прозу. І далей: «Ад ранейшай скамечанасці і слоўнага разброду не засталося і ценю... –– Як вы гэта зрабілі? –– Ды проста правільна расставіў усе знакі прыпынку, асабліва дакладна я расставіў кропкі. І абзацы. Гэта вялікая рэч, мой мілы».
Часам у мастацкіх творах абзац можа складацца з аднаго сказа ці далучальнай канструкцыі з аднаго ці некалькіх слоў –– фактычна часткі сказа, што выклікаецца рознымі прычынамі.
У адных выпадках гэта звязана з пісьмовай традыцыяй. Так, рэпліка кожнай асобы ў дыялогу, калі ён запісваецца не ў адзін радок, пачынаецца з чырвонага радка. У такім разе абзац выконвае раздзяляльную функцыю, аддзяляючы маўленне адной асобы ад маўлення другой асобы. З выдзяляльнай функцыяй выкарыстоўваецца абзац у зваротах, прывітаннях, пісьмах (у пачатку і ў канцы пісьма). Дарэчы, параўн. пісьмо чацвёртакласніка Гены з аповесці А. Марціновіча «Сцюжа»:
Дарагі папчык! Чаму ты стаў так рэдка прыязджаць? Мама плача, нам без цябе вельмі сумна. Ты ж і дроў на зіму не нарыхтаваў, мы будзем мерзнуць. Я трусіху купіў і яшчэ куплю краля, прывязі цвікоў, я клетку буду рабіць... Прыязджай хутчэй! Твае сыны Гена і Міша.
Іншы раз у асобны абзац вылучаецца адзін сказ, важны ў сэнсавых адносінах ці неабходны, каб падкрэсліць прыватныя дэталі. З такім выпадкам сустракаемся ў аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз», у эпізодзе, дзе расказваецца, як нямецкія салдаты вялі групу арыштаваных людзей. Тры заключныя сказы раздзела падаюцца з чырвоных радкоў:
Кружыліся крумкачы над дымнымі папялішчамі.
Паблісквалі штыкі.
Людзей вялі ў склеп.
Нярэдка абзац выступае з эмацыянальна-экспрэсіўнай функцыяй. У аповесці Б. Сачанкі «Апошнія і першыя» чытаем:
Сэрца маё як не разрывалася. Яно білася, тахкала ў грудзях так, што, здавалася, не вытрывае і выскачыць.
Крок... Яшчэ крок...
Я паднімаю галаву, гляджу туды, дзе зелянеюць тры высачэзныя вастраверхія таполі і дзе...
Лісавецінай хаты няма.
Няма!
Там, дзе яна стаяла, чарнее, нібы немаведама кім выкапаная яма, пажарышча...
У апавяданні Я. Брыля «Memento mori» ёсць абзацы з 3-4 сказаў, а кожны з апошніх, заключных сказаў, поўных глыбокага сэнсу, пачынаецца з чырвонага радка, што надае ім большую ўдзельную вагу:
У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся.
Але пячнік упаў.
Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі і кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў.
Тады вароты назаўсёды зачыніліся.
І ён згарэў – адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.
І ён жыве.
Вялікую сэнсавую і эмацыянальную нагрузку нясе абзац, які складаецца з аднаго слова Паехала!.. у трылогіі Я. Коласа «На ростанях». Толькі што вярнуўшыся з экзаменаў, Лабановіч даведаўся ад бабкі, што яго каханая Ядвіся назаўсёды паехала з родных мясцін:
Бабка выходзіць. Настаўнік застаецца адзін, садзіцца каля стала, сціскае галаву і моцна-моцна задумваецца.
Паехала!..
Ён колькі хвілін думае над гэтым словам. Звычайнае, простае слова. А колькі гора і смутку для яго сэрца ў гэтым слове!
Паехала!.. Нават і не развіталася з ім. А як многа хацеў ён сказаць ёй у гэтыя апошнія дні! Чаму так здарылася?
Аповесць В. Быкава «Круглянскі мост», як і шмат якія іншыя творы гэтага аўтара, мае цьмяную, шматварыянтную канцоўку. Невядома, як вырашыцца незайздросны лёс Сцёпкі, арыштаванага і пасаджанага ў яму. Але Сцёпка ўсё ж спадзяецца на прыезд «справядлівага камісара». Аповесць заканчваецца трыма сказамі, выдзеленымі ў асобныя абзацы:
Камісар справядлівы, ён зразумее.
Не можа быць, каб не зразумеў.
Хай едзе камісар!
Аналіз пададзеных вышэй і іншых прыкладаў з мастацкіх тэкстаў садзейнічае выпрацоўцы ў вучняў і студэнтаў навыкаў правільна карыстацца чырвоным радком.
Няправільны падзел тэксту на абзацы –– гэта лагічная памылка, ці, у адпаведнасці з сучаснымі нормамі ацэнкі ведаў па мове, моўная недакладнасць. Некаторыя лінгвісты (А. М. Гвоздзеў, Ф. К. Гужва і інш.) лічаць абзацны водступ знакам прыпынку і разглядаюць яго (побач з кропкай і коскай) як «пагранічны знак частак тэксту». Л. У. Шчэрба таксама называў абзац «свайго роду знакам прыпынку». І гэта слушная думка: як кропка раздзяляе два суседнія сказы, так абзац раздзяляе папярэдні і наступны шэраг думак; абзац, як і іншыя знакі прыпынку, мае не толькі сваё знешняе, праўда, своеасаблівае, выражэнне на пісьме –– у выглядзе водступу, але і такі спадарожны ўсякаму знаку прыпынку спецыфічны элемент, як інтанацыя. Таму няправільнае выкарыстанне чырвонага радка –– гэта ў пэўнай ступені і пунктуацыйная памылка.
Адным з прыёмаў лінгвістычнага каменціравання тэксту ў асобных выпадках можа быць звычайны граматычны разбор таго ці іншага сказа з выдзяленнем словазлучэнняў шляхам пастаноўкі сінтаксічных пытанняў ад галоўнага слова да залежнага. Напрыклад, усё ў сэнсавых адносінах становіцца на сваё месца, калі разбяром сінтаксічна такі сказ з «Новай зямлі» Я. Коласа, не зусім лёгкі для хуткага ўспрымання не толькі вучнямі:
Я тут спыню апавяданне,
Каб значны крок ступіць назад,
Зрабіць уважлівы агляд
Прычын імкнення, парывання
На новым грунце сесці стала
І чым жыла душа Міхала.
Першы сын (Я. Купала. Сыны) выказвае сваю мару так: «Землі буду трактарам варочаць, каб рунелі, зелянелі, аж яснелі вочы». Пастаўленыя побач тры дзеясловы (рунелі, зелянелі, яснелі) на першы погляд успрымаюцца як аднародныя выказнікі пры адным дзейніку вочы, што вядзе да бяссэнсіцы. Правільна зразумець гэты сказ дапамагае граматычны разбор, у выніку чаго высвятляецца, што рунелі, зелянелі –– выказнікі даданай часткі пры адсутным дзейніку землі, а аж яснелі вочы –– яшчэ адна даданая частка (меры і ступені), якая адносіцца да выказнікаў папярэдняй часткі і адказвае на пытанне д а я к о й с т у п е н і? Дапамагае і ўстаўка апушчаных злучніка і суадноснага слова: «каб рунелі, зелянелі так, што аж яснелі вочы».