6.1. Адукацыйныя тэхналогіі
^ Вверх

6.1. Адукацыйныя тэхналогіі

 

На сучасным этапе рэформы школы, ва ўмовах пераходу на новы змест навучання і забеспячэння якасці ведаў вучняў у адпаведнасці з патрабаваннямі праграм і адукацыйных стандартаў узмацняецца ўвага да тэхналогій навучання.

На сённяшні дзень існуюць як традыцыйныя, так і новыя тэхналогіі. На першы план вылучаецца неабходнасць змянення падыходаў да спосабаў актывізацыі мысліцельнай дзейнасці, фарміравання навыкаў самастойнай працы.

Чым жа вызначаюцца традыцыйныя і новыя тэхналогіі ў літаратурным навучанні?

Найперш узгадаем, што тэхналогія — гэта навукова арганізаваная сістэма сумеснай дзейнасці настаўніка і вучняў, накіраваная на дасягненне мэты навучальна-выхаваўчага працэсу, што кампаненты разгортвання тэхналогіі — пастаноўка мэт, канструяванне працэсу, мадэляванне ўзаемадзеяння настаўніка і вучняў.

Традыцыйныя тэхналогіі пераважна зводзіліся да пераносу інфармацыі, ведаў. Настаўнік, падручнікі — крыніца, аб’ект — вучань. Традыцыйныя тэхналогіі распрацоўваліся на аснове рэпрадуктыўна-інфармацыйнага падыходу, новыя — на аснове эўрыстычна-даследчага, праблемнага. У новых тэхналогіях змяняецца функцыя настаўніка: дамінуючай становіцца не інфармацыйная, а рэгулюючая, функцыя кіравання пазнавальным працэсам, яго псіхалагізацыя (стварэнне праблемных сітуацый, пабудова ўрокаў па прынцыпе лагічных, мысліцельных заданняў). Вялікая ўвага ў новых тэхналогіях надаецца алгарытмізацыі, распрацоўцы і прымяненню апорных схем, сігналаў, табліц, картак, малюнкаў і г.д. На аснове гэтага навучальны матэрыял, з аднаго боку, раздзяляецца (аналізуецца), з другога — аб’ядноўваецца (сінтэзуецца), забяспечваецца цэласнае ўспрыманне матэрыялу, спрацоўвае псіхалагічная ўстаноўка — доўгачасовая памяць, што вельмі важна для трывалага засваення ведаў.

Новыя тэхналогіі базіруюцца на адзінстве дзейнаснага, асобаснага і камунікатыўнага. Змяняецца схема засваення. Традыцыйна настаўнік сам ставіць пазнавальную задачу і сам яе вырашае (тлумачыць матэрыял) або вучні працуюць пры яго актыўнай дапамозе, такім чынам, дзецям адводзіцца пераважна пасіўная роля або часткова пошукавая. Для новых тэхналогій, калі ўмоўна абагуліць патрабаванні, характэрна наступная схема засваення: настаўнік ставіць мэту ці дапамагае гэта зрабіць вучням, стварае ўмовы для яе дасягнення, арыентуе і садзейнічае ў пошуку, карэкціруе самастойныя напрацоўкі вучняў.

Сярод новых тэхналогій, якія выклікаюць найбольшую цікавасць у настаўнікаў, можна вылучыць наступныя: модульнае навучанне, тэхналогія перспектыўных ліній, французская майстэрня, Дальтон-план, тэхналогія праектнага навучання, тэхналогія праблемнага навучання.