3.4. Аманiмiя
^ Вверх

3.4. Аманiмiя

Пытанне пра тэрміны-амонімы абмяркоўваецца сярод спецыялістаў не так шырока, як пытанне пра полісемію тэрмінаў. Гэта тлумачыцца тым, што ў апошнім выпадку закранаецца адна з важнейшых праблем тэрміналогіі — праблема дакладнасці тэрміна. У сувязі з аманіміяй дадзеная праблема практычна не ўзнікае. Саму ж з’яву лексічнай аманіміі іншы раз разумеюць як «вынік асаблівага збегу абставін, унутрана ніяк не звязаных з агульнымі заканамернасцямі існавання і развіцця мовы»[1].

Падабенства паміж раўнагучнымі тэрмінамі і звычайнымі словамі-амонімамі заключаецца ў тоеснасці гучання і розніцы значэнняў. У астатнім гэтыя з’явы вельмі не падобныя, таму што:

1. Словы-амонімы з’яўляюцца такімі ў межах ўсёй мовы, а тэрміны-амонімы маюць зусім не звязаныя значэнні толькі ў межах розных дысцыплін, калі ж яны перастаюць быць тэрмінамі, то яны перастаюць быць амонімамі, напрыклад, тэрмін від у тэрмінаполі псіхалогіі мае значэнне ‘агульнае паняцце, якое ўваходзіць у склад больш агульнага родавага паняцця’, у тэрмінаполі батанікі — значэнне ‘сукупнасць асобін, якія ўтвараюць геаграфічна або экалагічна вікарыруючыя папуляцыі, якія валодаюць агульнымі морфафізіялагічнымі прыметамі і могуць у прыродных умовах размнажацца і даваць новае пакаленне’. Дадзеныя тэрміны маюць зусім не звязаныя паміж сабой значэнні ў межах розных тэрмінапалёў. Параўнаем, што ж адбываецца з гэтым словам, калі яно перастае быць тэрмінам: Вiд — 1) Тое, што адкрываецца перад вачамі, перспектыва, а таксама адлюстраванне яе. Від на мора. 2) Тое, што і выгляд /у 1-м знач/. Спалоханы від твару. 3) Меркаванні; намер. Віды на ўраджай. (ТСБЛМ-96, с.112). Відавочна, што гэтае слова стала мнагазначным.

2. Працэс утварэння звычайных амонімаў з мнагазначнага слова ўдакладніць амаль нельга, у той час як для тэрмінаў гэты момант фіксуецца дастаткова дакладна, бо гісторыя пэўнай навукі можа адказаць на пытанне, калі з’явіўся той ці іншы тэрмін.

3. Для звычайнай аманіміі гэты працэс павінен быць стыхійным па сваёй сутнасці. Семантычнае ж разыходжанне тэрмінаў — наскрозь рацыянальны працэс, дакладней, ён рацыянальны настолькі, наколькі рацыянальныя навуковае веданне і стварэнне навуковых паняццяў.

Такім чынам, міжнавуковая аманімія — гэта вельмі своеасаблівая з’ява, не падобная на звычайную аманімію, якая як уласна моўная з’ява не можа быць лакалізавана адносна галіны ведаў або дзейнасці. Таму раўнагучныя тэрміны, якія належаць да розных навук, неабходна лічыць проста рознымі тэрмінамі.

Напрыклад, педагагічны тэрмін асіміляцыя — ‘выкарыстанне ў новых умовах уменняў і навыкаў без іх істотных змен’. Такое азначэнне дадзены тэрмін будзе мець толькі ў межах педагагічнай тэрмінасістэмы. Але ён можа ўваходзіць і ў іншыя тэрміналагічныя палі і набываць там зусім іншае значэнне. Так, у межах мовазнаўчай тэрміналогіі асіміляцыя ’фанетычны працэс прыпадабнення аднаго гука да другога ў артыкуляцыйных і акустычных адносінах’, а ў батаніцы асіміляцыя — гэта ‘працэс засваення арганізмамі рэчываў са знешняга асяроддзя і ўтварэнне з іх больш складаных, уласцівых арганізму арганічных рэчываў’. Менавіта тое, што тэрмін можа ўваходзіць у розныя тэрміналагічныя палі, унутры якіх ён набывае пэўную дэфініцыю, дазваляе істотна адрозніваць яго ад звычайнага мнагазначнага слова. Для актуалізацыі якога-небудзь канкрэтнага значэння мнагазначнага слова вызначальным з’яўляецца кантэкст. Але для тэрміна-амоніма кантэкст не адыгрывае істотнай ролi, таму што калі тэрмін асіміляцыя ўваходзіць у поле псіхалагічных тэрмінаў, то тут ніяк не можа з’явіцца «лінгвістычнае» або «батанічнае» значэнне, паколькі ў дадзеным выпадку ўсякае ўжыванне тэрміна прадвызначае менавіта яго псіхалагічнае значэнне.


[1] Шмелёв, Д.М. Современный русский язык: Лексика: Учеб. пособие для пед. ин-тов по спец. № 2101 / Д.М.Шмелёв. — М.: Просвещение, 1977. — С.68.