3.1.Сістэмнасць тэрмінаў
^ Вверх

3.1. Сістэмнасць тэрмінаў

Пры вызначэннi сiстэмнасцi неабходна зыходзiць перш за ўсё з таго, што кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, якая абмежавана адной галіной навукі. Тэрміны ў межах пэўнай сістэмы функцыянуюць як члены адной сям’і: яны залежаць адзін ад аднаго і ў той жа час кожны з іх мае сваё месца. Гэта значыць, што сiстэме паняццяў кожнай галiны ведаў адпавядае сiстэма тэрмiнаў.

Калі мы даследуем новы аб’ект у пэўнай галіне навукі, то, як правiла, суадносiм яго з вывучанымі раней аб’ектамi, якiя знаходзяцца ў тым жа паняцiйным радзе лагiчнай схемы навукi, г.зн. у адной сiстэме. У вынiку новае паняцце з’яўляецца абумоўленым пэўнай сiстэмай, якая iснавала яшчэ да яго ўзнікнення.

Такім чынам, тэрмін павінен суадносіцца з іншымі паняццямі той галіны ведаў, у якой ён функцыянуе, г.зн., што тэрмiн (як знак, якi выступае ў функцыi лагiчнага вызначэння паняцця ў лагiчнай схеме навукi) павiнен, з аднаго боку, дакладна арыентаваць на аб’ект у сiстэме, а з другога (як моўная адзiнка канкрэтнай тэрмiналогii) — характарызавацца лексiчнай сiстэмнасцю i разглядацца ў яго адносiнах да iншых тэрмiнаў. Са сказанага вынікае, што патрабаванне сiстэмнасцi тэрмiна павiнна рэалiзавацца ў двух планах: у плане зместу i ў плане выражэння.

Напрыклад, група тэрмiнаў, што абазначаюць тэмперамент чалавека, паняцiйны змест адлюстроўвае ў наступных дэфiнiцыях: меланхолік — ‘чалавек, які валодае тэмпераментам, што характарызуецца неўраўнаважанасцю, хуткай стамляемасцю, замаруджанасцю ў рухах, замкнёнасцю; інэртнасцю ў нервовых працэсах’ (ПС, с.146); сангвінік — ‘чалавек, які валодае тэмпераментам, што праяўляецца ў рухомасці, ураўнаважанасці, моцы нервовых працэсаў, высокай псіхічнай актыўнасці і працаздольнасці’ (ПС, с.147); флегматык — ‘чалавек, які валодае тэмпераментам, што характарызуецца ўраўнаважанасцю, падазронасцю, спакоем, абыякавасцю, роўным настроем, слабым знешнім выражэннем душэўнага стану’ (ПС, с.147); халерык — ‘чалавек, які валодае тэмпераментам, што характарызуецца хуткасцю дзеянняў, моцнымі і хутка ўзнікальнымі пачуццямі, здольнасцю аддавацца справе з выключнай сілай і ў той жа час адзначаецца неўраўнаважанасцю і рэзкай зменай настрою’ (ПС, с.147).

Такім чынам, узаемасувязь тэрмiнаў меланхолік, сангвінік, флегматык, халерык у тым, што ўсе гэтыя тэрмiны ўваходзяць у адзiн класiфiкацыйны рад, адзiнкi якога абазначаюць пэўны тып тэмпераменту. Гэта значыць, што кожны з iх знаходзiцца ў адной мiкрагрупе, дзе iснуе ўзаемасувязь памiж тэрмiнамi. Агульная iнтэгральная прымета дадзеных тэрмiнаў — ‘чалавек, які валодае тэмпераментам’. Менавiта яна i дазваляе аб’ядноўваць адпаведныя тэрмiны ў адзiн класiфiкацыйны рад.

Дыферэнцыйныя сэнсавыя прыметы адпаведных дэфiнiцый дазваляюць адрознiваць кожнае асобнае паняцце ад iншых у гэтай мiкрагрупе. Так, меланхолік — гэта ‘неўраўнаважаны, хутка стамляемы, інэртны чалавек’; сангвінік — ‘рухомы, ураўнаважаны, з высокай працаздольнасцю чалавек’; флегматык — ‘спакойны, абыякавы, з падазронасцю і слабым знешнім выражэннем душэўнага стану чалавек’; халерык — ‘чалавек хуткі, моцны, здольны аддавацца справе з выключнай сілай’.

Такiм чынам, можна адзначыць, што ў плане зместу тэрмiны дадзенай групы з’яўляюцца сiстэмнымi, бо маюць як інтэгральную, так і дыферэнцыйныя прыметы.

У плане структуры выяўляецца наступнае: меланхолік [ ад грэч melas — чорны і chole — жоўць + -ік], сангвінік [ ад лац. sanguis — кроў + -ік], флегматык [ ад грэч. flegma — слізь + -атык ], халерык [ ад грэч. chole — жоўць+ -ык ]. Значыць тэрмiны меланхолік, сангвінік, халерык аб’ядноўвае наяўнасць у кожным з iх тэрмiнаэлемента –ік (-ык). Тэрмін жа флегматык па структуры выпадае з дадзенай сістэмы, таму што ўтвораны пры дапамозе суфікса –атык.

Такiм чынам, вышэйадзначаныя тэрмiны з’яўляюцца сiстэмнымi ў плане зместу i часткова сістэмнымі ў плане структуры.

Тэрмiны, якiя абазначаюць фактары сацыялізацыі, свой паняцiйны змест адлюстроўваюць у наступных дэфiнiцыях: макрафактарыфактары сацыялізацыі (краіна, этнас, грамадства, дзяржава), якія ўплываюць на сацыялізацыю ўсіх, хто жыве ў пэўных краінах; мегафактарыфактары сацыялізацыі (космас, планета, свет), якія ў той ці іншай ступені праз іншыя групы фактараў уплываюць на сацыялізацыю ўсіх жыхароў Зямлі; мезафактарыфактары сацыялізацыі, якія ўмовы сацыялізацыі вялікіх груп людзей выдзяляюць: па мясцовасці і тыпе паселішча, у якіх яны жывуць (рэгіён, вёска, горад, пасёлак); па прыналежнасці да аўдыторыі тых ці іншых сетак масавай інфармацыі (радыё, тэлебачанне і інш.); па прыналежнасці да тых ці іншых субкультур; мікрафактарыфактары сацыялізацыі, якія непасрэдна ўплываюць на канкрэтных людзей, што ўзаемадзейнічаюць з імі — сям’я і дом, суседзі, групы аднагодкаў, выхаваўчыя арганізацыі, разнастайныя грамадскія, дзяржаўныя, рэлігійныя і прыватныя арганізацыі, мікрасоцыум.

Такім чынам, агульная iнтэгральная прымета дадзеных тэрмiнаў — ‘фактары сацыялізацыі’. Менавiта яна i дазваляе аб’ядноўваць адпаведныя тэрмiны ў адзiн класiфiкацыйны рад.

Дыферэнцыйныя сэнсавыя прыметы адпаведных дэфiнiцый дазваляюць адрознiваць кожнае асобнае паняцце ад iншых у гэтай мікрагрупе: макрафактары — краіна, этнас, грамадства, дзяржава; мегафактары — космас, планета, свет; мезафактары — рэгіён, вёска, горад, пасёлак; радыё, тэлебачанне і інш.; мікрафактары — сям’я і дом, суседзі, групы аднагодкаў, выхаваўчыя арганізацыі, разнастайныя грамадскія, дзяржаўныя, рэлігійныя і прыватныя арганізацыі, мікрасоцыум.

Такiм чынам, у плане зместу тэрмiны дадзенай групы з’яўляюцца сiстэмнымi.

Структура гэтых тэрмінаў прадстаўлена наступным чынам: макрафактары [гр. makros вялікі + лац. factor які робіць, стварае што-небудзь] мегафактары [гр. megas гіганцкі + лац. factor які робіць, стварае што-небудзь], мезафактары [гр. mesos сярэднi, прамежкавы + лац. factor які робіць, стварае што-небудзь], мікрафактары[гр. mikros малы + лац. factor які робіць, стварае што-небудзь].

Дадзеныя тэрмiны аб’ядноўвае наяўнасць у кожным з iх тэрмiнаэлемента factor (які робіць, стварае што-небудзь). Усе тэрмiны данай мікрагрупы маюць аднатыпную структуру, а гэта значыць, што яны сiстэмныя i ў плане структуры.

Трэба адзначыць, што сiстэмнасць, якая рэалiзуецца ў двух планах, у асноўным характэрна тэрмiнам iншамоўнага паходжання, таму што яны стваралiся мэтанакiравана ў працэсе навуковага пазнання адпаведна тым патрабаванням, якiя ставiлiся i ставяцца да навукова-тэхнiчнай тэрмiналогii, у прыватнасцi, патрабаванню сiстэмнасцi тэрмiна як у плане зместу, так i ў плане выражэння.

Тэрмiналагiчныя сiстэмы розных галiн ведаў прасякнуты гiпанiмiчнымi адносiнамi. Пры гэтай з’яве выдзяляюць два тыпы слоў: гiпонiмы (выражаюць вiдавыя паняццi) i гiперонiмы (выражаюць родавыя паняццi).

У тэрмiналогiях перадаюцца сiстэмныя адносiны памiж паняццямi, прычым змест вiдавога паняцця аказваецца шырэйшым за змест родавага, а аб’ём — вузейшы. Адсюль вынiкае, што значэнне слоў-гiпонiмаў (вiдавых паняццяў) уключае ў сябе большую колькасць семантычных кампанентаў, чым значэнне слоў-гiперонiмаў (родавых паняццяў). Напрыклад, гiперонiм дзейнасць падпарадкоўвае сабе рад гiпонiмаў: арганізатарская дзейнасць — ‘практычная дзейнасць па кіраўніцтве людзьмі, а таксама па ўзгадненні іх сумесных дзеянняў’; вядучая дзейнасць — ‘дзейнасць, пад уплывам якой адбываюцца важнейшыя змены ў псіхіцы дзіцяці, што падрыхтоўвае яго пераход да новай, вышэйшай ступені развіцця’; iнфармацыйная дзейнасць — ‘дзейнасць чалавека накіраваная на працэс збору, аналізу, пераўтварэння, захавання, пошуку і распаўсюджання інфармацыі’; педагагічная дзейнасць — ‘прафесійная дзейнасць, якая накіравана на стварэнне ў педагагічным працэсе аптымальных умоў для выхавання, развіцця і самаразвіцця асобы выхаванца і выбару магчымасцей свабоднага і творчага самавызначэння’.

Сiстэмнасць у плане зместу характэрна для дадзенай мiкрагрупы: у iх дэфiнiцыях ёсць агульная iнтэгральная прымета — ‘дзейнасць’; прысутнічаюць дыферэнцыйныя прыметы: арганізатарская (дзейнасць) — накіравана на ‘кіраўніцтва людзьмі і ўзгадненне іх сумесных дзеянняў’; вядучая (дзейнасць) накіравана на ‘змены ў псіхіцы дзіцяці і падрыхтоўку яго да новай, вышэйшай ступені развіцця’; інфармацыйная (дзейнасць) — накіравана на ‘працэс збору, аналізу, пераўтварэння, захавання, пошуку і распаўсюджання інфармацыі’; педагагічная (дзейнасць) — накіравана на ‘стварэнне ў педагагічным працэсе аптымальных умоў для выхавання, развіцця і самаразвіцця асобы выхаванца і выбару магчымасцей свабоднага і творчага самавызначэння’. Інтэгральная прымета выражана агульным тэрмiнаэлементам ‘дзейнасць’, а дыферэнцыйныя — яго вiдавымi азначэннямi. Гэта i дазваляе аб’яднаць прыведзеныя гiпонiмы ў адзiн рад, адзiнкi якога абазначаюць сiстэму дзейнасці чалавека.

Структура вiдавых азначэнняў наступная: арганізатар- + -ск- (ая), вяд- + -уч- (ая), інфармацый- + -н-(ая), педагагіч- + -н-(ая).

Такiм чынам, у плане выражэння даныя гiпонiмы толькi часткова сiстэмныя.

З сістэмнасцю тэрмінаў у плане зместу самым непасрэдным чынам звязана іх дакладнасць. Як вядома, істотныя прыметы прадметаў i з’яў, якiя складаюць змест паняццяў, раскрываюцца ў дэфiнiцыi. Пад вызначэннем паняцця разумеецца лагiчная аперацыя, пры дапамозе якой раскрываецца змест паняцця, гэта значыць указваюцца такiя прыметы прадмета, паняцця, па якiх гэты прадмет можа быць адметным ад iншых прадметаў. Адметныя i iстотныя рысы азначаемага тэрмiнам прадмета могуць быць устаноўлены шляхам лагiчнай дэфiнiцыi, а тэрмiн, нават такi, унутраная форма якога раскрывае iстотную прымету, не здольны азначыць паняцце. Але хоць тэрмін не здольны азначаць паняцце, тым не менш ён выступае ў якасці назвы той дэфініцыі, якая яму нададзена. І калі дэфініцыя дакладна сфармулявана з улікам інтэгральнай і дыферэнцыйных прымет адпаведнага паняцця, то і тэрмін з’яўляецца дакладным.

Прыведзеныя вышэй прыклады паказваюць, што дэфініцыі дакладна вызначаюць месца кожнага асобнага тэрміна ў тым ці іншым класіфікацыйным радзе, суадносяць тэрмін з адпаведным паняццем. Гэта дае падставы сцвярджаць, што тэрміны, сістэмныя ў плане зместу, характарызуюцца і сэнсавай дакладнасцю.