§2. Гісторыя развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі
^ Вверх

§2. Гісторыя развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі 

Узнікненне і фарміраванне беларускай тэрміналогіі — працяглы і перарывісты працэс. Розныя фактары, як адмоўныя, так і станоўчыя, на працягу стагоддзяў уплывалі на яе развіццё. Так, у ХІV—ХVІ ст. фарміраванню беларускай тэрміналогіі садзейнічалі наступныя абставіны: старабеларуская мова — дзяржаўная мова ў Вялікім Княстве Літоўскім; узнікненне і распаўсюджанне кнігадрукавання.

У ХІV—ХVІ ст. найбольш развітымі галінамі тэрміналогіі былі: грамадска-палітычная, гандлёвая, сельскагаспадарчая, прамысловая, ваенная тэрміналогія, а таксама тэрміналогія мовазнаўства, астраноміі, матэматыкі і інш. Аднак праца па фарміраванні і уніфікацыі тэрміналогіі як самастойны від тэрміналагічнай дзейнасці ў старабеларускай мове не вялася (такое заключэнне можна зрабіць па тых помніках старабеларускай мовы, якія захаваліся), хоць сінанімічныя замены тэрмінаў, глосы, «прыточнікі»[1] і слоўнікі таго часу, безумоўна, выконвалі таксама і функцыі ўнармавання і ўніфікацыі тэрміналогіі.

Як адзначалася вышэй, у канцы ХVІ ст. беларуская мова была забаронена і выцеснена з афіцыйнай сферы польскай і лацінскай мовамі. А затым негатыўныя адносіны да яе царскага ўрада Расіі ў ХVІІ—ХVІІІ ст. адмоўна ўздзейнічалі на пераемнасць натуральнага фарміравання тэрміналагічнай лексікі, бо замацаванне навуковых тэрмінаў адбываецца перш за ўсё ў працэсе іх ужывання ў друкаваных выданнях. Лексікаграфічная і ўласна тэрміналагічная праца ў такіх сацыяльных умовах наогул не магла быць арганізавана.

Асновы беларускай нацыянальнай тэрмiналогii былі закладзены ў 20-я гады ХХ ст. Так, у 1919 годзе быў створаны Беларускі школьны савет, які разглядаў і распрацоўваў асноўныя тэрміны для беларускай пачатковай школы. У 1921 годзе была створана Навукова-тэрмiналагiчная камiсiя, на базе якой у пачатку 1922 года быў заснаваны Інстытут беларускай культуры, у ім тры галiновыя тэрмiналагiчныя камiсii працавалi над стварэннем беларускай нацыянальнай тэрмiналогii па розных галiнах ведаў.

Усяго на працягу 20-х гадоў было выдадзена больш двух дзесяткаў тэрмiналагiчных руска-беларускiх (беларуска-рускiх) слоўнiкаў, у тым ліку і па псіхалогіі. Так, у 1923 годзе выходзіць чацвёрты выпуск Беларускай навуковай тэрміналогіі, дзе быў надрукаваны слоўнік тэрмінаў логікі і псіхалогіі.

Трэба адзначыць, што не ўсе выдадзеныя слоўнiкi аказалiся аднолькава каштоўнымi, i нават лепшыя з iх мелi тыя або iншыя заганы як у падборы матэрыялу, так i ў яго падачы. Гэта i зразумела, бо нармалiзацыя навуковай i тэхнiчнай тэрмiналогii — вельмi адказная i складаная задача, якая прадугледжвае папярэдняе iснаванне пэўных лiтаратурна-культурных традыцый, наяўнасць адпаведнай тэарэтычнай базы, высокi ўзровень навукi i г.д. Калi мець на ўвазе гэты аспект, то зразумела, што беларускiм тэрмiналагiчным камiсiям прыйшлося пачынаць справу літаральна на голым месцы. Акрамя таго, у час працы тэрмiналагiчных камiсiй адчуваўся востры недахоп як кадраў адпаведных галiн навукi i тэхнiкi, так i квалiфiкаваных лiнгвiстаў-тэрмiнолагаў.

Стваральнікі беларускай тэрміналогіі ў аснову фарміравання тэрміналагічнай лексікі паклалі прынцып арыентацыі на ўнутрымоўныя структурна-семантычныя магчымасці беларускай мовы. Яна фарміравалася наступнымі шляхамі: увядзеннем у склад той ці іншай тэрміналогіі агульнаўжывальных слоў: лад, стан (тэрміны мовазнаўства), астача, велічыня (тэрміны матэматыкі) і г.д.; утварэннем шатлікіх неалагізмаў: нізкавокасць (блізарукасць), роўніца (плоскасць), выклічча (выклічнік) і інш.; выкарыстаннем дыялектных слоў: лужны (шчолачны), аблуда (памылковая думка) і да т.п.

Але на практыцы аказалася, што прынцып арыентацыі на ўласныя моўныя рэсурсы нярэдка перарастаў у прынцып выключнага выкарыстання гэтых рэсурсаў, у выніку чаго ў склад тэрміналогіі ўводзіліся вузкадыялектныя словы (глыза (глыба), сусолькі (сасочкі); прапаноўваліся няўдалыя пераклады тэрмінаў інтэрнацыянальнага характару і ім аддавалася перавага (бязбольле (амнезія), зваротнаспадчыннасьць (атавізм), здань (галюцынацыя), нячуласьць (анастэзія); ствараліся штучныя неалагізмы (развязаньне (рашэнне), злішвольле (гіпербулія); змяняліся асобныя тэрміны, калі іх выкарыстанне тлумачылася ўплывам рускай мовы (кісьліна (кіслата) [2].

Ужо ў другой палове 20-х гадоў ХХ ст. у працэсе моўнай практыкі паступова пачала выяўляцца нежыццёвасць шмат якіх тэрмінаў, створаных на вузкадыялектнай аснове, штучных неалагізмаў, няўдалых перакладаў.

У канцы 30-х гадоў ядро беларускай нацыянальнай тэрмiналогii ў асноўным было ўжо акрэслена, тым не менш праблема развiцця i ўдасканалення тэрмiналогii па-ранейшаму заставалася актуальнай. Але моўная сiтуацыя ва ўмовах усталявання таталiтарнага рэжыму склалася так, што мэтанакiраваная тэрмiнатворчасць пачала згортвацца.

У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ў рэспубліцы не было агульнага цэнтра распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі.

У 50-я гады пад кіраўніцтвам Якуба Коласа была праведзена вялікая навукова-арганізацыйная праца па стварэнні тэрміналагічнай камісіі пры Акадэміі навук БССР, у задачы якой планавалася ўключыць каардынацыйную і нармалізацыйную дзейнасць па беларускай тэрміналогіі, а таксама выданне бюлетэня рэкамендуемых тэрмінаў. Аднак смерць Якуба Коласа перашкодзіла ажыццяўленню гэтай задумы.

Толькі ў 1955 годзе ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР ствараецца сектар тэрміналогіі, які функцыянаваў да 1965 года. За гэты час былі падрыхтаваны і выдадзены наступныя слоўнікі: «Русско-белорусско-латинский словарь ботанической терминологии» А.І.Кісялеўскага (Мінск,1967); «Русско-белорусский словарь сельскохозяйственной терминологии» (рукапіс); «Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии» (Мінск, 1970); «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» А.К.Юрэвіча (Мінск,1962); «Кароткі слоўнік літаратуразнаўчай тэрміналогіі» А.А.Макарэвіча (Мінск, 1963). Дадзеныя слоўнікі ствараліся на аснове прынцыпу збліжэння беларускай тэрміналогіі з рускай. З 1965 па 1979 гады ў рэспубліцы не было спецыяльнага тэрміналагічнага цэнтра.

Зрух у развiццi беларускай тэрмiналогii адбыўся ў 70-80-я гады, калi распачалася праца над «Беларускай Савецкай Энцыклапедыяй», а таксама «Тлумачальным слоўнiкам беларускай мовы», новымi рэдакцыямi беларуска-рускага i руска-беларускага слоўнiкаў. Пры Галоўнай рэдакцыі энцыклапедыі была створана і паспяхова працавала прадстаўнічая Камісія па навуковай і тэхнічнай тэрміналогіі пад кіраўніцтвам народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Камісія правяла вялікую работу па ўпарадкаванні ўжо існуючай тэрміналогіі і па стварэнні шматлікіх новых тэрмінаў. Многія з гэтых тэрмінаў былі ўтвораны шляхам выкарыстання існуючай у беларускай мове лексікі і на аснове законаў беларускага словаўтварэння. Аднак гаварыць пра якую-небудзь паўнату ў адлюстраваннi гэтымi слоўнiкамi спецыяльнай тэрмiналогii не даводзіцца. Ды гэта i зразумела. Усе названыя выданнi ставiлi сабе iншую задачу, i перыферыйная тэрмiналагiчная лексiка не магла прэтэндаваць на паўнату лексiкаграфiчнай апрацоўкi.

У 1979 годзе ў рэспубліцы была створана Тэрміналагічная камісія Акадэміі навук БССР, якая складалася з дзевяці секцый і ўключала вядучых вучоных, спецыялістаў розных галін ведаў. Асноўнымі задачамі камісіі з’яўляліся: распрацоўка тэрміналагічных асноў і методыкі ўпарадкавання беларускай тэрміналогіі; практычнае ўпарадкаванне тэрміналогіі і падрыхтоўка слоўнікаў, сістэматызацыя рускай тэрміналогіі вядучых у рэспубліцы галін навукі і тэхнікі; кансультацыя ўстаноў і арганізацый рэспублікі па пытаннях тэрміналогіі і рэкамендацыі навукова-даследчым і навучальным установам па пытаннях распрацоўкі тэрміналагічнай тэматыкі; падрыхтоўка і выданне тэрміналагічных зборнікаў, абмеркаванне і рэкамендацыя да друку тэрміналагічных выданняў, падрыхтаваных навуковымі ўстановамі рэспублікі; вывучэнне вопыту работы Камітэта навукова-тэхнічнай тэрміналогіі АН СССР і тэрміналагічных органаў рэспублік.

У 1987 годзе з’явiлася манаграфiя Л.А.Антанюк «Беларуская навуковая тэрмiналогiя», у якой разглядаюцца асноўныя этапы фармiравання тэрмiналагiчнай лексiкi беларускай мовы, аналiзуецца структура тэрмiнаў, асвятляюцца асноўныя прынцыпы i заканамернасцi ўпарадкавання тэрмiналогii.

У 1991 годзе Тэрміналагічная камісія была ператворана ў Рэспубліканскую тэрміналагічную камісію пры АН Беларусі. За перыяд з 1991 па 1995 гады Камісія выдала пяць выпускаў «Тэрміналагічнага зборніка». Паколькі адна Рэспубліканская тэрміналагічная камісія не магла вырашыць усе праблемы фарміравання беларускай тэрміналогіі, а ў 90-я гады ў сувязi з пераходам выкладання шэрагу дысцыплiн у ВНУ на беларускую мову з’явiлася неабходнасць у стварэннi перакладных тэрмiналагiчных слоўнiкаў, то былі створаны Тэрміналагічная камісія Таварыства беларускай мовы, Тэрміналагічны цэнтр БДУ, Тэрміналагічная камісія Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і шэраг іншых камісій, груп, творчых калектываў у многіх ведамствах, вышэйшых навучальных установах і г.д.

Што ж тычыцца распрацоўкі тэрміналогіі псіхалогіі, педагогікі, дэфекталогіі, лагапедыі, алігафрэнапедагогікі, то можна адзначыць толькі, што ў 1993 годзе, дзякуючы працы навукоўцаў Мазырскага педагагічнага інстытута імя Н.Крупскай, выйшаў «Кароткі слоўнік псіхалагічных паняццяў», у 1996 годзе Н.Г.Алоўнікава і В.В.Кандрацьева выдалі «Руска-беларуска-англійскі слоўнік па педагогіцы і псіхалогіі».

Нашы навукоўцы, зацiкаўленыя ў нацыянальным аблiччы беларускай мовы i культуры, не раз указвалі на неабходнасць распрацоўкi навуковай тэрмiналогii, якая да апошняга часу з’яўлялася «адной з найбольш занядбаных галiн беларускага мовазнаўства» [3].

Але нягледзячы на плённую працу, «распрацоўка нацыянальнай навуковай тэрмiналогii знаходзiцца яшчэ на пачатковым этапе» [4]. Актуальнымi застаюцца пытаннi даследавання традыцый i здабыткаў тэрмiналагiчнай працы 20—30-х гадоў, збору i аналiзу народных тэрмiнаў i наменклатуры з пункту погляду шляхоў папаўнення сучаснай тэрмiналогii, адчуваецца патрэба ў распрацоўцы вузкiх тэрмiналагiчных сiстэм.



[1] Глоса — заўвага перапісчыка на полі рукапісу або непасрэдна ў тэксце як сродак тлумачэння незразумелага слова або мясціны (Сцяцко, П.У. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў / П.У.Сцяцко, М.Ф.Гуліцкі, Л.А.Антанюк. — Мінск: Выш.школа, 1990. — С.38.).

Прыточнікі — заўвагі перапісчыка, якія падаваліся ў канцы рукапісу, дадаваліся, «прытачваліся» да яго.

[2] Гл.: Красней, В.П. Пошукі прынцыпаў і шляхоў выпрацоўкі беларускай нацыянальнай тэрміналогіі ў 20-х гадах / В.П.Красней // Беларуская мова. — Мінск, 1985. — Вып.13. — С.38—40.

[3] Прадмова // Тэрмiналагiчны зборнiк «85—86». — Мінск: Навука i тэхнiка, 1990. — С. 3.

[4] Гарэцкi, Р. Беларуская навуковая тэрмiналогiя — важны кiрунак у нацыянальным адраджэннi / Р.Гарэцкі // Праблемы беларускай навуковай тэрмiналогii: Матэрыялы Першай нац. канф., Мінск, 4-6 мая 1994 / ТБМ імя Ф.Скарыны. — Мінск, 1995. — С. 12.