§4. Структурная характарыстыка тэрмінаў і асноўныя спосабы іх утварэння
^ Вверх

§4. Структурная характарыстыка тэрмінаў і асноўныя спосабы іх утварэння 

Па сваёй прыродзе тэрмін больш складаны, чым слова агульнаўжывальнай лексікі, таму што ён суаднесены менавіта са спецыяльным паняццем, якое павінна захоўваць сваю цэласнасць незалежна ад спосабаў выражэння паняцця. Межы канкрэтнага тэрміна непасрэдна абумоўлены змястоўнымі межамі тэрмінуемага паняцця. У сувязі з гэтым структурныя тыпы тэрмінаў цалкам не супадаюць са структурнымі тыпамі слоў агульнаўжывальнай мовы.

Мінімальная структурная адзінка ў тэрміналогіі — тэрмінаэлемент, які ўключае ў сябе і вытворную аснову, і словаўтваральныя афіксы, і слова ў складзе складаных слоў, а таксама словазлучэнні і сімвалы ў складзе сімвалаў-слоў.

Прынята вылучаць тры асноўныя структурныя тыпы тэрмінаў:

1. Тэрміны-словы, якія падзяляюцца на:

а) невытворныя: увага, метад, веды, дзеці, талент, характар, стан і г.д.;

б) вытворныя: уважлівы, смакавы, перакананне, назіранне, методыка, дзіцячы, таленавіты, характарыстыка і г.д.;

в) складаныя: славалюбства, сацыяльна-псіхалагічны, самаактуалізацыя, самавыхаванне, самаўспрыманне, Я-ідэал, звыш-Я, ты-паведамленне і г.д.;

г) абрэвіятуры: ДД (думкадзейнасць), ДДА (дыферэнцыйна-дыягнастычнае апытванне), ДЦП (дзіцячы цэрэбральны параліч), ЗПР (затрымка псіхічнага развіцця), КТС (калектыўная творчая справа), НЛП (нейралінгвістычнае праграмаванне), РДА (ранні дзіцячы аўтызм), ЦНС (цэнтральная нервовая сістэма), IQ (Inеtlligence Quotient — каэфіцыент інтэлекту) і г.д.

2. Тэрміны-словазлучэнні, якія падзяляюцца на:

а) свабодныя тэрміны-словазлучэнні, у якіх кожны асобны кампанент з’яўляецца тэрмінам: афект неадэкватнасці, неадвольная ўвага, невербальная камунікацыя, педагагічны эксперымент і да т.п.;

б) несвабодныя тэрміны-словазлучэнні, складаюцца з кампанентаў, якія, калі яны ўжыты ізалявана, могуць і не быць тэрмінамі: абараняльны рэфлекс (параўн.: абараняльныя збудаванні), дзіцячы негатывізм (дзіцячы каптурок), парог адчуванняў (парог хаты) і інш.

3. Тэрміны-сімвалы (сімвалы-словы) — асаблівы камбінаваны структурны тып тэрміналагічнай намінацыі, у склад якой побач са слоўнымі знакамі уваходзяць сімвалы (літары, лічбы, графічныя знакі): d1-каэфіцыент, Е-хваля, мю-рытм, χ2-крытэрыі, χ2-размеркаванне  і г.д.

Мова навукі не валодае асобнымі спосабамі ўтварэння тэрмінаў, яна выкарыстоўвае тыя ж спосабы, пры дапамозе якіх утвараюцца словы агульнаўжывальнай лексікі. Гэта значыць, што асноўнымі спосабамі тэрмінаўтварэння, як і словаўтварэння, прынята лічыць тры: лексіка-семантычны, марфалагічны і сінтаксічны. Але адрозненне ўтварэння тэрмінаў ад утварэння агульнаўжывальных адзінак лексікі той або іншай мовы заключаецца ў тым, што тэрміны не ўтвараюцца ва ўласным сэнсе гэтага слова, а «ствараюцца», «творацца», «прыдумваюцца».