4.2. Марфалагічны спосаб утварэння тэрмінаў
^ Вверх

4.2. Марфалагічны спосаб утварэння тэрмінаў

Марфалагічнае тэрмінаўтварэнне, як і словаўтварэнне наогул, — гэта працэс узнікнення новых слоў шляхам афіксацыі, аснова- і словаскладання, а таксама бязафіксным спосабам паводле існуючых у мове мадэлей і заканамернасцей.

Асноўным аб’ектам аналізу ў словаўтварэнні з’яўляецца вытворнае слова, якое, як правіла, павінна мець сваё ўтваральнае, да асновы якога далучаецца фармант. Так, для тэрміна перакананне ўтваральным з'яўляецца тэрмін-дзеяслоў пераканаць, да асновы якога з захаваннем фінальнага галоснага далучаецца суфікс -нн-.

Вытворны і ўтваральны тэрміны звязаны паміж сабой адносінамі вытворнасці, г.зн. вытворны тэрмін з'яўляецца другасным, залежным ад утваральнага, на базе якога ён узнік. Утваральны тэрмін звычайна выступае як больш просты ў адносінах да вытворнага, параўн.: аналіз — аналізатар, геній — геніяльнасць, узбуджэнне — узбудзіць і да т.п.

Такім чынам, кожны вытворны тэрмін з боку словаўтваральнай структуры складаецца з утваральнай (матывацыйнай) асновы і фарманта.

Пры вывучэнні таго, як утвараюцца тэрміны-словы, неабходна мець на ўвазе, што адным і тым жа спосабам пры дапамозе розных словаўтваральных сродкаў могуць утварацца тэрміны самай разнастайнай семантыкі. Таму ў вытворных тэрмінах можна ўстанавіць нейкія агульныя словаўтваральныя прыметы, на падставе якіх яны аб’ядноўваюцца ў своеасаблівыя групы — так званыя словаўтваральныя тыпы. Пад словаўтваральным тыпам неабходна разумець схему пабудовы слоў пэўнай часціны мовы, якія супадаюць у словаўтваральных адносінах: маюць у якасці ўтваральных словы той самай часціны мовы і агульны для іх фармант, тоесны па семантыцы і форме. Напрыклад: адаптаванасць  адаптаван(ы) + -асць, амбівалентнасць  амбівалентн(ы) + -асць, бісэксуальнасць  бісэксуальн(ы) + -асць, выхаванасць  выхаван(ы) + -асць, падрыхтаванасць  падрыхтаван(ы) + -асць і да т.п.

Кожны фармант з’яўляецца носьбітам словаўтваральнага значэння. Словаўтваральнае значэнне — гэта тое агульнае значэнне, якое аб’ядноўвае вытворныя словы ў адзін словаўтваральны тып і адрознівае іх ад сваіх утваральных.

Разнастайнасць структуры вытворных аднаго і таго ж словаўтваральнага тыпу абумоўлівае вылучэнне ў ім адзінак ніжэйшага парадку, у межах якіх аб'ядноўваюцца гэтыя вытворныя па некаторых прыватных асаблівасцях іх утварэння. Такой словаўтваральнай адзінкай з’яўляецца словаўтваральная мадэль — марфаналагічная разнавіднасць унутры аднаго і таго ж словаўтваральнага тыпу.

Суфіксальны спосаб — гэта ўтварэнне тэрмінаў шляхам далучэння да ўтваральнай асновы суфікса: апытванне ← апытваць + нн(е), калектывізм ← калектыў + -ізм, разумовы ← розум + -ов-(ы), схільнасць ← схіл + -насць і да т.п.

Бязафіксны спосаб — разнавіднасць суфіксальнага спосабу пры дапамозе якога ўтвараюцца тэрміны-назоўнікі ад тэрмінаў-дзеясловаў і тэрмінаў-прыметнікаў: адбор ← адбіраць, дотык ← датыкацца, перанос ← пераносіць і інш.

Прыставачны спосаб — утварэнне тэрмінаў далучэннем прыстаўкі да ўтваральнага слова: дэзадаптацыя ← дэз- + адаптацыя, дэкампенсацыя ← дэ- + кампенсацыя, неадэкватнасць ← не- + адэкватнасць, падгрупа ← пад- + група, суадносіны ← су- + адносіны і г.д.

Прыставачна-суфіксальны спосаб — утварэнне тэрмінаў адначасовым далучэннем прыстаўкі і суфікса да ўтваральнай асновы: міжасабовы ¬ між- + асоб-амі + -ов- (ы), процілеглая ¬ проці- + ляж-аць + -л- (ая).

Постфіксальны спосаб — гэта ўтварэнне тэрмінаў далучэннем постфікса да ўтваральнага слова: раскрывацца ¬ раскрываць + -ца, трансфармавацца ¬ трансфармаваць + -ца і г.д.

Складанне — спосаб утварэння тэрмінаў шляхам аб’яднання дзвюх і больш асноў або цэлых слоў: карэкцыйна-падрыхтоўчы, міміка-жэставы, нейроны-дэтэктары, оптыка-кінетычны, супер-Эга, эмацыянальна-валявы, фанетыка-фанематычны, я-паведамленне і г.д.

Суфіксальна-складаны — складанне ў спалучэнні з суфіксальным спосабам: доўгачасовы ← доўгі час + -ов- (ы),

самавыхаванне ← сам выхаваць + -нн- (е), самавалоданне ← сам валодаць + -нн- (е) і інш.

Зрашчэнне — спосаб утварэння, пры якім два словы, звязаныя падпарадкавальнай сувяззю, аб’ядноўваюцца ў адно. У будове складанага слова гэта сувязь захоўваецца; залежнае слова з’яўляецца першай часткай: высокаадукаваны, малазразумелы, слабарозум, слепаглуханемата, супрацьпастаўляць і інш.

Абрэвіяцыя — спосаб утварэння складана-скарочаных слоў, або абрэвіятур, шляхам аб’яднання ўсечаных частак або частак і цэлага слова: ДЦП, ЗПР, МД, СМД, ТСН, ЦНС, райана, педсавет і г.д.

У беларускім тэрмінаўтварэнні, як сцвярджае Л.А.Антанюк, наглядаецца актыўнасць пераважнай большасці ўласцівых агульнаўжывальнай мове афіксальных словаўтваральных мадэлей, але прадуктыўнасць гэтых мадэлей мае істотныя адрозненні ў тэрмінаўтварэнні і словаўтварэнні[1].



[1] Антанюк, Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне / Л.А.Антанюк. — Мінск: Навука i тэхнiка, 1987.— С.109.