5.1. Асваенне запазычаных тэрмінаў
^ Вверх

5.1. Асваенне запазычаных тэрмінаў 

Адрозніваюць графічнае, фанетычнае, марфалагічнае і семантычнае асваенне запазычанняў.

Графічнае асваенне — гэта перадача запазычаных тэрмінаў сродкамі беларускай графікі: абулія (грэч. аbuliа), агравацыя ( лацін. аggrovatio), імідж (англ. image) і да т.п.

Фанетычнае асваенне — гэта асваенне іншамоўных тэрмінаў паводле гукавых законаў беларускай мовы: аб’ект (лац. obiectum), камплімент (фр. compliment) — аканне; рэферат (ням. referat, ад лац. referre), рэферэнт (лац. referens)цвёрды гук [р]. Выключэнне складаюць некаторыя іншамоўныя тэрміны, якія захоўваюць фанетычныя рысы той мовы, з якой запазычаны, напрыклад: флегматык (гр. flegmatikos), характар (гр. charakter), холдынг-тэрапія (англ. holding гр. therapeia), парадыгма (гр. paradeigma)[д], [т] не змяняюцца на [дз’], [ц’]; дэкан (ням. dekan ад лац. decanus), дэманстрацыя (лац. demonstratio)— ненаціскны [э] не пераходзіць у [а]. У запазычаных тэрмінах не захоўваецца падаўжэнне зычных: калегія (лац. collegium), маса (лац. massa). Звонкія зычныя ў канцы іншамоўных тэрмінаў вымаўляюцца глуха: гіпноз (фр. hypnose), метад (фр. méthode ад гр. methodos ), дыялог (гр. dialogos)

Граматычнае асваенне — гэта поўнае або частковае падпарадкаванне марфемнай структуры іншамоўных тэрмінаў законам беларускай мовы пры захаванні асноўных элементаў мовы-крыніцы. Напрыклад, іншамоўныя канчаткі і суфіксы звычайна адпадаюць або замяняюцца беларускімі: адынамія (грэч. аdinamis), меланхолік (гр. melancholikos), прагрэс (бел.) — (лац. progressus), тэмперамент (лац. temperamentum) і г.д.

Семантычнае асваенне тэрмінаў — гэта працэс, сутнасць якога заключаецца ў асваенні значэння запазычанага слова. Напрыклад, тэрміны, якія прыйшлі ў беларускую мову разам з новымі паняццямі або рэаліямі і не мелі сабе ў ёй адпаведнікаў: анатомія, дэфекталогія, педагогіка, псіхалогія і г.д.

Іншамоўныя тэрміны ў беларускай мове нярэдка мяняюць сваю першапачатковую семантыку. Часцей за ўсё яна пашыраецца або канкрэтызуецца. Напрыклад лац. annotatio ‘заўвага’ стала ўжывацца як анатацыя са значэннем ‘кароткая характарыстыка кнігі, артыкула’. Французкае слова diplome (з грэч. diploma) ‘ліст складзены ўдвая’ ўвайшло ў беларускую мову як дыплом з двума значэннямі: 1) пасведчанне аб заканчэнні навучальнай установы або аб прысуджэнні вучонага звання ці ступені; 2) пасведчанне, якое выдаецца як узнагарода пераможцу конкурсу.

Працэс асваення запазычаных тэрмінаў надзвычай складаны і разнастайны. Ён не зводзіцца толькі да фанетычнай, граматычнай ці семантычнай адаптацыі слова да новай моўнай сістэмы. У новай сітуацыі запазычаныя тэрміны ўтвараюць аднакаранёвыя словы, якіх няма ў мове-крыніцы. Напрыклад: аналіз (гр. analysis) — аналізаваць, аналізатар; дрэнаж (англ. drainage) — дрэнажаваць, дрэнажны і г.д.

Запазычванне як спосаб узбагачэння і актуалізацыі слоўніка нацыянальнай мовы — з’ява станоўчая і непазбежная, але толькі ў тым выпадку, калі ва ўласнай мове не знайшлося неабходнай адэкватнай адзінкі.