3.3. Сінтаксічныя асаблівасці навуковага стылю
Для сінтаксісу навуковага стылю маўлення характэрна тэндэнцыя да складаных пабудоў, што садзейнічае перадачы складанай сістэмы навуковых паняццяў, устанаўленню адносін паміж родавымі і відавымі паняццямі, паміж прычынай і вынікам, доказам і вывадамі. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца сказы з аднароднымі членамі і абагульняючымі словамі пры іх. У навуковых тэкстах распаўсюджаны розныя тыпы складаных сказаў, у прыватнасці з выкарыстаннем складаных падпарадкавальных злучнікаў, што ўвогуле характэрна для кніжнай лексікі: у выніку таго … , што; у той час … , як і г.д.
Сродкамі сувязі частак тэксту служаць пабочныя словы і словазлучэнні: па-першае, з другога боку, якія ўказваюць на паслядоўнасць выкладу навуковага матэрыялу. Для аб’яднання частак тэксту, у прыватнасці абзацаў, якія маюць цесную лагічную сувязь адзін з адным, выкарыстоўваюцца словы і словазлучэнні, што і паказваюць на гэту сувязь: такім чынам, у заключэнні і г.д.
Сказы ў навуковым стылі аднастайныя па мэце выказвання — яны амаль заўсёды апавядальныя. Пытальныя сказы рэдка выкарыстоўваюцца, але могуць быць прыведзены для прыцягнення ўвагі чытача да ўзнятай праблемы.
Абагульнена-абстрактны характар навуковага маўлення, пазачасавы план выкладу матэрыялу абумоўліваюць выкарыстанне пэўных тыпаў сінтаксічных канструкцый: няпэўна-асабовыя, абагульнена-асабовыя і безасабовыя сказы. Асоба, якая выконвае дзеянне, у такіх сказах адсутнічае або падразумеваецца абагульнена, няпэўна, уся ўвага засяроджана на дзеянні, на яго абставінах. Няпэўна-асабовыя і абагульнена-асабовыя сказы выкарыстоўваюцца пры ўвядзенні тэрмінаў, вывядзенні формул, пры тлумачэнні матэрыялу на прыкладах. Напрыклад: На развітае мысленне паказваюць …; Разгледзім наступны прыклад…; Параўнаем сказы…; Хуткасць рухаў адлюстроўваюць … і да т.п.