§2. Характарыстыка функцыянальных стыляў беларускай мовы
^ Вверх

§2. Характарыстыка функцыянальных стыляў беларускай мовы 

Навуковы стыль — гэта стыль навуковых артыкулаў, дакладаў, манаграфій, падручнікаў і г.д., які вызначаецца іх зместам і мэтамі — па магчымасці дакладна і поўна растлумачыць факты акаляючай нас рэчаіснасці, паказаць прычынна-выніковыя сувязі паміж з’явамі, выявіць заканамернасць гістарычнага развіцця, паведаміць інфармацыю і г.д.

Узнікненне і развіццё навуковага стылю звязана з пашырэннем розных сфер дзейнасці людзей. На першых парах свайго станаўлення навуковы стыль быў блізкі да стылю мастацкага паведамлення, апавядання і выдзеліўся ў самастойны стыль тады, калі пачала фарміравацца навуковая тэрміналогія.

Асноўная функцыя навуковай мовы — доказны выклад навуковай інфармацыі, дакладнае і строга лагічнае выказванне думкі. Гэтай функцыяй абумоўліваецца спецыфіка навуковага стылю.

Асноўныя стылёвыя рысы: лагічная паслядоўнасць выкладу; адназначнасць, дакладнасць, сцісласць пры інфармацыйнай насычанасці зместу; канкрэтнасць, бясстраснасць (халоднасць), аб’ектыўнасць выказвання.

Характэрныя асаблівасці навуковага стылю: насычанасць тэрмінамі; навуковая фразеалогія (асобасны падыход, дынамічная афазія, дысгарманічны інфантылізм, навуковая арганізацыя педагагічнай працы, перцэптыўнае дзеянне, развіццё асобы і г.д.); спецыфічнае ўжыванне сродкаў марфалогіі і сінтаксісу; перавага абстрактнай лексікі (развіццё, рух, фактар, дзеянне і г.д.).

Больш падрабязна навуковы стыль будзе разгледжаны ў трэцім параграфе гэтага раздзела.

Афіцыйна-дзелавы стыль — гэта стыль дакументаў, міжнародных дагавораў, дзяржаўных актаў, законаў, справавых папер і г.д., які вызначаецца іх зместам і мэтамі — паведаміць інфармацыю, якая мае практычнае значэнне, даць указанні, інструкцыі.

У штодзённым жыцці чалавек наладжвае афіцыйныя адносіны з іншымі людзьмі, з дзяржаўнымі ўстановамі. Гэтыя адносіны рэгулююцца прававымі нормамі, якія замацаваны ў законах, правілах. Са школы мы карыстаемся рознымі дакументамі, пішам заяву, пратакол, справаздачу і іншыя дзелавыя паперы.

Асноўныя стылёвыя рысы: сцісласць, кампактнасць выкладу, эканомнае выкарыстанне моўных сродкаў; стандартнае размеркаванне матэрыялу, абавязковасць формы; выклад вядзецца ў стылі прадпісання, канстатацыі, сцверджання; канкрэтнасць, бясстраснасць, афіцыйнасць выказвання.

Характэрныя асаблівасці афіцыйна-дзелавога стылю: шырокае выкарыстанне тэрміналогіі справаводства; наяўнасць асаблівай фразеалогіі, а таксама шматлікіх маўленчых стандартаў, клішэ; выкарыстанне аддзеяслоўных назоўнікаў (на аснове, у адносінах і г.д.); выкарыстанне намінатыўных сказаў з пералікам; адсутнасць эмацыянальна-экспрэсіўных маўленчых сродкаў.

Публіцыстычны стыль — гэта стыль грамадска-палітычнай літаратуры, перыядычнага друку, аратарскага маўлення і г.д., які вызначаецца зместам тэкстаў і асноўнымі мэтамі — уздзейнічаць на масы, заклікаць іх да дзеяння, паведаміць інфармацыю і г.д.

Прызначэнне публіцыстыкі — паведамляць навіны штодзённага жыцця, культуры, навукі, растлумачваць грамадска-палітычныя пытанні. Гэтым выклікана, з аднаго боку, выкарыстанне грамадска-палітычнай тэрміналогіі, з другога — моўных сродкаў для выказвання настрою, пачуццяў, у прыватнасці эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі.

У публіцыстычным творы арганічна спалучаюцца лагічна-абстрактная, або навуковая, і эмацыянальна-вобразная, або мастацкая, формы адлюстравання рэчаіснасці.

Асноўныя стылёвыя рысы: лаканічнасць выкладу пры інфармацыйнай насычанасці; даходлівасць выкладу (газета — найбольш пашыраны від масавай інфармацыі); эмацыянальнасць, абагульненасць, прастата, натуральнасць выказвання.

Характэрныя асаблівасці публіцыстычнага стылю: грамадска-палітычная лексіка і фразеалогія; выкарыстанне маўленчых штампаў, клішэ, лёгкая іх узнаўляльнасць (працаўнікі палёў, работнікі прылаўка, сяброўская атмасфера, майстры скуранога мяча, сталёвы конь і інш.); выкарыстанне кароткіх сказаў — «рубленая» проза; эліптычныя сказы /бездзеяслоўныя фразы/ (прыватызацыйны чэк — кожнаму, банкі — не толькі для банкіраў і г.д.); выкарыстанне выяўленча-выразных сродкаў мовы (рытарычныя пытанні, паўторы, інверсія і інш.).

Стыль мастацкай літаратуры — гэта стыль, які вызначаецца зместам і мэтамі мастацкіх твораў — перадаць свае адносіны да навакольнага, да таго, што паказваеца ў творы, намаляваць словамі карціну, апісаць падзеі і г.д.

Мастацкі стыль выкарыстоўваецца ў эстэтычнай сферы зносін, абслугоўвае патрэбы духоўнага жыцця грамадства. Гэтым стылем пішуцца мастацкія творы розных жанраў. У маўленчай тканіне твора элементы мовы, выступаючы сродкам фарміравання мастацкіх вобразаў, набываюць дадатковае эстэтычнае значэнне, эмацыянальна ўздзейнічаюць на чытача, далучаюць яго да супольнай з пісьменнікам творчасці. Пры гэтым эстэтычная функцыя нібы наслойваецца на камунікацыйную, зліваецца з ёю.

Асноўныя стылёвыя рысы: вобразнасць, эмацыянальнасць; адзінства камунікатыўнай і эстэтычнай функцыі.

Характэрныя асаблівасці стылю мастацкай літаратуры: шырокае выкарыстанне лексікі і фразеалогіі другіх стыляў; выкарыстанне выяўленча-выразных сродкаў (метафары, эпітэты, параўнанні, перыфразы, увасабленні, сінонімы, антонімы, мнагазначныя словы і г.д.); праяўленне творчай індывідуальнасці аўтара (аўтарскі стыль).

Размоўны стыль супрацьпастаўляецца кніжным, ён адзін выконвае функцыю бытавых зносін і выкарыстоўваецца ў форме вуснага маўлення (у пісьмовай форме ў тэкстах мастацкага стылю, асобных жанрах публіцыстычнага).

Асноўныя стылёвыя рысы: экспрэсіўнасць, адсутнасць папярэднягя абдумвання выказванняў; суб’ектыўнасць; эмацыянальнасць, прастата, абагульненасць.

Характэрныя асаблівасці размоўнага стылю: шырокае выкарыстанне размоўна-бытавой лексікі і фразеалогіі; выкарыстанне пазалексічных сродкаў (інтанацыі, націску, паўзы, тэмпу маўлення); дыялогавая форма выказвання, радзей маналог; уключэнне ў маўленне часціц, выклічнікаў, пабочных слоў і канструкцый, зваротаў; перавага простых сказаў над складанымі; выкарыстанне ўстаўных і далучальных канструкцый; лексічныя паўторы, інверсіі (адваротны парадак слоў).