§4. Асноўныя жанры навуковай літаратуры
^ Вверх

§4. Асноўныя жанры навуковай літаратуры 

Галоўнай крыніцай навуковай інфармацыі і сродкам яе перадачы зяўляецца навуковы дакумент.

Як ужо неаднаразова адзначалася, асноўнымі жанрамі навуковых тэкстаў з’яўляюцца анатацыя, рэферат, водзыў, рэцэнзія, курсавая і дыпломная работы.

Анатацыя — гэта кароткае, абагульненае апісанне (характарыстыка) тэксту кнігі, артыкула.

Перад тэкстам анатацыі даюцца выходныя дадзеныя (аўтар, назва, месца і час выдання) у намінатыўнай форме. Гэтыя дадзеныя можна ўключыць і ў першую частку анатацыі.

Анатацыя звычайна складаецца з дзвюх частак.

У першай частцы фармулюецца асноўная тэма кнігі, артыкула: у другой частцы пералічаюцца (называюцца) асноўныя палажэнні. Суб’ект дзеяння ў анатацыі звычайна не называецца, таму што ён вядомы з кантэксту, больш актыўна выкарыстоўваюцца пасіўныя канструкцыі.

Рэферат (ад лац. refero — паведамляю) — кароткі выклад у пісьмовым выглядзе зместу навуковай працы або літаратуры па тэме. У працэсе працы над рэфератам адпрацоўваюцца ўменні самастойна вывучаць літаратурныя крыніцы, навыкі лагічнай класіфікацыі тэкстаў, сістэматызацыі адлюстраваных у іх дадзеных, уменне паслядоўна і лагічна выражаць сваю думку, рабіць вывады. 

Паводле розных характарыстык рэфераты можна падзяліць на наступныя групы:

  • па паўнаце выкладу матэрыялу: інфарматыўныя (перадаюць усе асноўныя палажэнні першакрыніцы) і індыкатыўныя (указваюць толькі на асноўную тэму першакрыніцы);
  • па колькасці рэфераваных першакрыніц: манаграфічныя (пішуцца на аснове адной працы) і аглядныя (пішуцца на аснове некалькіх прац па адной тэме);
  • па чытацкім прызначэнні: агульныя (разлічаны на шырокае кола чытачоў, таму змест перадаецца ў цэлым) і спецыялізаваныя (пераказ зместу арыентаваны на спецыялістаў);
  • па складанні: аўтарамі (аўтарэферат дысертацыі), спецыялістамі (той галіны, да якой адносіцца рэферат) і прафесіяналамі-рэферэнтамі, а таксама перакладчыкамі-рэферэнтамі.

Рэцэнзія (ад лац. recensio — разгляд) — водзыў аб навуковай рабоце або творы, у якім прадстаўлены аргументаваны разбор, аб’ектыўная ацэнка і абгрунтаваныя вывады аб каштоўнасцях рэцэнзуемай работы, а таксама аб асобных яе недахопах. Сістэматычная работа па напісанні рэцэнзій дапамагае развіццю аналітычных здольнасцей, вучыць абгрунтаванасці суджэнняў, доказнасці вывадаў, лагічнасці выкладу сваіх думак, дазваляе авалодаць публіцыстычна-вобразным стылем напісання.

Водзыў дае самую агульную характарыстыку работы без падрабязнага аналізу, але змяшчае практычныя рэкамендацыі: аналізуемы тэкст можа быць прыняты да работы ў выдавецтве або на саісканне вучонай ступені.

Даклад — публічнае паведамленне, якое прадстаўляе сабой разгорнуты выклад на пэўную тэму. Падрыхтоўка даклада патрабуе самастойнай распрацоўкі пэўнай тэмы з выкарыстаннем розных крыніц інфармацыі (слоўнікаў, энцыклапедый, вучэбнай, навуковай і мастацкай літаратуры, метадычных дапаможнікаў, вынікаў назіранняў, апытвання і прымянення іншых спосабаў эмпірычнага і тэарэтычнага даследавання). Пры падрыхтоўцы даклада ўлічваецца склад слухачоў, узровень іх падрыхтаванасці, законы ўспрыняцця і асэнсавання інфармацыі.