Тэма: Музыка – мова душы.
“Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распятаю буду маліцца душой…”
Я. Купала
Мэта, задачы ўрока:
- пазнаёміць з разнастайнасцю інтанацый роднага краю, са старажытнымі беларускімі калядамі;
- развіваць цікавасць да музыкі, кампаненты музычнага слыху;
- выхоўваць павагу да народных традыцый;
- дакрануцца да глыбінь чалавечай душы.
Тып урока: урок новых ведаў з элементамі гутаркі і музычнымі практыкаваннямі.
Музычны матэрыял:
-“Нова радасць”. Беларускі кант.
- “Малітва”. Словы Я. Купалы, музыка А. Моўчана.
- “Ціхая ноч”. Музыка Ф. Грубера.
- “Неба і зямля”. Беларускі кант.
- “Песнапенні Еўфрасінні Полацкай”.
Абсталяванне ўрока:
- таблічкі з тэмай урока, эпіграфам;
- рэпрадукцыя А. Кузьміча “Еўфрасіння Полацкая”;
- нотныя табліцы песень: “Нова радасць”, “Неба і зямля”, “Ціхая ноч”;
- фоназапіс твораў: “Песнапенні Еўфрасінні Полацкай”, “Нова радасць”, “Малітва”, “Ціхая ноч”, “Неба і зямля”.
- верш Л. Кебіч “Зорка Еўфрасінні Полацкай”.
Метадычная распрацоўка ўрока
Арганізацыйны момант.
Уваход у клас пад песню “Малітва” у выкананні Ул. Мулявіна. Называю тэму ўрока, эпіграф.
- Як вы разумееце тэму ўрока? Чаму мы звяртаемся да душы? (Слухаю адказы).
- Гэта мова самай патаемнай, скрытай, запаветнай сутнасці чалавека, якая дадзена яму Богам. Малітва выражае яго лепшыя парывы, імкненні, намеры. Душа фарміруе і песню. Песня можа “ўзяць у рукі” і асобнага чалавека, і ўвесь народ.
“Душы разгуканай мелодыя” можа прывесці нас у далёкае 12-е стагоддзе, калі жыла першая Асветніца Беларусі Еўфрасіння Полацкая (“Яко луча солнечная”).
Паказваю рэпрадукцыю А. Кузьміча і чытаю верш Гродзенскай паэткі Людмілы Кебіч (на фоне ціхага гучання “Песнапенняў Еўфрасінні Полацкай ці (калі іх няма) – канта “Нова радасць”).
Зорка Еўфрасінні Полацкай
Прадыслава, у мамы і таткі
Ты расла незвычайным дзіцяткам.
Рана ўмела чытаць і пісаць,
І аб з’явах жыцця меркаваць.
З усіх княстваў з’язджаліся госці
Падзівіцца тваёй прыгажосці.
Бралі замуж, да ўсім адказала.
Сваю долю свядома абрала.
Ой, як цяжка бацькоў не паслухаць!
Трэба быць вельмі моцнаю духам,
Каб у век свой валошкавы, сіні
Стаць манашкаю Еўфрасінняй.
Каб з высокай сваёй “галубніцы”
За народ беларускі маліцца.
Ці на родную мову да рання
Перапісваць святое Пісанне.
Кнігі маюць вялікую сілу.
Ты жыццё ім свае прысвяціла.
Да святла ты праклала дарогу,
Прысвяціўшы сябе толькі Богу.
Палачанка, Князёўна, Багіня!
Час твой подзьвіг у бездань не зрыне –
Адраджэння парой залатою
У народзе ты станеш Святою.
Шмат вятроў над зямлёй праняслося.
Зноў шуміць маладое калоссе.
І над ім з паднябесных вышыняў
Ззяе Зорка твая, Еўфрассіння.
Слуханне. Развучванне беларускага канта “Нова радасць”.
- Паслухайце песню. Які ў яе характар, настрой? Ці чулі вы яе раней? Калі? (Выконваю. Глядзі падручнік: “Музыка 6 клас”. Вучні апавядаюць пра свае ўражанні. Дапаўняю адказы).
- Масавай з’явай у музычным побыце беларусаў становіцца кант (ад лацінскага cantus – спевы, песня) – свецкая бытавая харавая песня-гімн. Першыя нотадрукаваныя зборнікі кантаў (канцыяналы) з’явіліся на Беларусі ў сярэдзіне 16-га стагоддзя. Па зместу канты вельмі разнастайныя: філасофскія, лірычныя, павучальныя, жартоўныя. Значнае месца займаюць псалмы-калядкі. Іх асноўны змест- нараджэнне Ісуса Хрыста. Яны вытрыманы ў святочна-гімнічным характары. Мелодыі шчырыя, песенныя, сардэчныя, непасрэдныя. Кант “Нова радасць” і з’яўляецца такім псалмам-калядкай пра нараджэнне Ісуса Хрыста. Паглядзіце на нотную табліцу “Нова радасць” (аднагалосы варыянт).
Называем ноты з рытмічным адпляскваннем. Паказваю мелодыю (сальфеджыа). Звяртаю ўвагу на распеўныя склады. Прашу паўтарыць асобных вучняў, потым па радах і – усім класам. Дабіваюся мяккага, напеўнага гучання. Выконваем у характары. Падводжу вынік.
Слуханне. Развучванне песні “Ціхая ноч”.
- Што вы ведаеце пра Каляды? Ці святкуюць іх у вашай сям’і? Як? (Слухаю адказы. Дапаўняю.)
- Адным з самых старажытных зімовых святаў з’яўляюцца Каляды. Паходжанне гэтай назвы вучоныя тлумачаць па-рознаму. Найбольш верагодна яе лацінская аснова: словам “Calendae” (“календы”) у старажытнасці называлі першы дзень кожнага месяца. У гэтыя дні выконваліся абрады з мэтай дасягнення дабрабыту. А песні, што выконваліся ў гэты час, называлі калядкамі. Іх пачынаюць спяваць напярэдадні Ражджаства Хрыстова, калі праводзіцца вячэра, якая па назве галоўнай стравы – крутой кашы з неразмолатага зерня – называецца куццёю. Вельмі яскрава, паэтычна абрысоўвае рыхтаванне да свята выдатны беларускі паэт Я. Колас у паэме “Новая зямля”.
Чытаецца ўрывак з паэмы, які называецца “Каляды”:
…Куцця. Марозна. Хмурнавата.
Сняжок падкідвае заўзята;
Снег на куццю – грыбы на лета,
Такая матчына прымета,
А сцежкі чорны – ягад многа;
Ну, і за гэта хвала Богу.
…І дроў на свята накалолі,
Трасянкі загадзя натрэслі,
Сянца пахучага прынеслі:
Куцці гаршчок ужо калена
Стаяў на лаве, чакаў сена,
І вось цяпер гаршчок з куццею,
Як цар даўнейшаю парою,
Ў пачэсны кут, на свой прастол,
Стаўляўся з гонарам на стол,
Ўладар над хлебам і блінамі,
Бо ён у гэты дзень – персона!
Яго вянчаў абрус-карона:
Гаршчок агорнуты пашанай,
Хоць ён фаміліі глінянай.
Якія ж матчыны намеры
Наконт куцці, наконт вячэры?
Ох, гэта дзецям знаць цікава,
Калі якая будзе страва,
Ў якім ліку, ў якім парадку?
Што на канцы і што ўпачатку?
А ў маткі ўсе абмеркавана
І ўсе прадумана ад рана.
Там, на гары, пад шчытам дзе-та,
Быў мак павешан яшчэ з лета –
Цяпер у церле ён пацерты.
У патайным куце каморы,
Як смерць Кашчэя, пад запоры
Мядок быў хітра дзесь заперты, -
Цяпер яго насталі часы,
Бо ён патрэбен для закрасы,
І што кісель той без сыты
У вечарок гэты святы?
Давайце паслухаем калядную песню “Ціхая ноч”. Сачыце за нотным запісам. Які характар песні? Які яна стварае настрой? (Слухаем. Высвятляю ўражанні. Слухаем яшчэ раз і падпяваем).
Слуханне. Развучванне песні “Неба і зямля”.
- Звярніце ўвагу на калядную песню “Неба і зямля”. (Выконваю).
2. |
У Батлееме, у Батлееме Вясела навіна: Чыстая Дзева, Чыстая Дзева Нарадзіла Сына. |
Прыпеў: |
Хрыстос нарадзіўся, Бог аб’явіўся. Ангелы спяваюць, пастушкі іграюць, Дзіва, дзіва абвяшчаюць. |
3. |
І мы Дзіцятку, і мы Дзіцятку Богу паклон дайма, Слава на Ўзвышніх, слава на Ўзвышніх – Яму заспявайма. |
- За кошт чаго змяніўся тут характар? Прааналізуйце сродкі музычнай выразнасці: тэмп, лад, рытм. Параўнайце з песнямі “Нова радасць”, “Ціхая ноч”.
Развучваем з дапамогай нот. Удакладняю гучанне (кварта – уніз – уверх, потым паступовая лесвічка ў ажыўленным тэмпе). Дабіваюся, каб не выдзяляўся заключны сінкапіраваны гук (“спява-юць”, “абвяшча-юць”). Надаем гуку светлы, “сонечны” характар.
Прашу вучняў самім падвесці вынік спяванню. Дадаю, што са святам Каляды звязаны ў народзе дзействы, гульні, якія называюцца калядаваннямі або шчадраваннямі. І дарослыя, і дзеці хадзілі з хаты ў хату, віншавалі гаспадароў, зычылі ім даўгалецця. За гэта гаспадары частавалі калядоўшчыкаў пірагамі, каўбасамі, цукеркамі.
Абагульненне тэмы ўрока.
- Назавіце тэму і эпіграф ўрока. Як вы іх разумееце?
- Што абазначае слова кант? У якім стагоддзі ўзніклі беларускія канты?
- Якая сувязь кантаў з беларускімі народнымі песнямі?
- З чым звязаны калядныя песні?
Выхад з класа пад песню “Малітва”.