Тэма: На хвалях музыкі балета (працяг).
Музыка – як чалавек!
Мэта, задачы ўрока:
- вызначаць з вучнямі, што музыка выражае розны стан чалавечай душы, яго жыццё, што музыка – гэта жывая душа;
- развіваць музычныя здольнасці дзяцей (усе кампаненты музычнага слыху, пачуццёвасць);
- выхоўваць эстэтычны густ, дабрыню, шчырасць.
Тып урока: урок-роздум.
Музычны матэрыял:
- Я. Глебаў. “Адажыа” з балета “Маленькі прынц”.
- Папеўка (на аснове інтанацыі Адажыа).
- “Прынц і Ружа”. Словы Л. Дранько-Майсюка, музыка М.Сацуры.
- Я. Глебаў. “Уцёкі” з балета “Альпійская балада”.
Абсталяванне ўрока:
- таблічкі з тэмай урока, эпіграфам;
- партрэт кампазітара Я. Глебава;
- фоназапіс твораў: “Адажыа” з балета Я. Глебава “Маленькі прынц,” “Уцёкі” з балета “Альпійская балада”;
- нотныя табліцы песень: “Прынц і Ружа,” папеўкі;
- малюнкі: “Тэрпсіхора з лірай,” “Тэрпсіхора танцуе”;
- відэазапіс: “Уцёкі” з балета “Альпійская балада”;
- фрагмент з літаратурнага твора В. Быкава “Альпійская балада”.
Метадычная распрацоўка ўрока
Арганізацыйны момант.
Уваход у клас пад музыку “Адажыа” Я. Глебава (з балета “Маленькі прынц”). Назва тэмы ўрока, эпіграфа.
- Як вы разумееце эпіграф? (…). Магчыма, гэта занадта гучна? Пачуцці ў кожнага чалавека вельмі разнастайныя: радасць, смутак, гора, спакой, дабрыня, шчырасць, узнёсласць і г.д.
Папеўка.
- Паглядзіце на нотную табліцу. Давайце прачытаем ноты. Пяем сальфеджыа і са словамі. Звяртаю ўвагу на шырокія скачкі, секундавыя інтанаціы, распевы і асабліва – на фразы, вяршынькі. Выконваем індывідуальна і групамі. Вынік.
- Хто з вас прачытаў казку “Маленькі прынц?” Што ўразіла?
- Як зразумелі: “Зорко одно лишь сердце. Самого главного глазами не увидишь?”
- Ці заўсёды ёсць сэнс у танцы? (Так! Толькі кожны можа разумець крыху па-рознаму).
Слуханне: “Уцёкі” з балета “Альпійская балада”.
- Сёння мы з вамі адкрыем яшчэ адну старонку балетнай музыкі Я. Глебава. Балет “Альпійская балада” напісаны ў 1967г. на аснове аповесці беларускага пісьменніка В. Быкава і складаецца з аднаго акта, які дзеліцца на тры часткі: “Уцёкі,” “Перавал, “Каханне”.
Пачынаецца балет невялікім уступам, у якім гучыць суровая тэма Радзімы. Галоўны герой Іван Цярэшка, радавы воін, бяжыць з палону. Музыка малюе бачную карціну: вось ён бяжыць, потым астанавіўся, каб перавесці дыханне. І пачынаецца яго маналог (думкі да самаго сябе). Музыка актыўная, мэтанакіраваная, валявая. Ён будзе змагацца з ворагам. Але шлях цяжкі і далёкі. Мы чуем злосныя інтанацыі марша фашыстаў. Спачатку гучаць ударныя інструменты, а потым злосна завываюць медныя. Гучанне то нарастае, то сціхае. Гэта атрад фашыстаў гоніцца за ім. Іван нечакана сустракае італьянскую дзяўчыну Джулію. Сілы пакідаюць яе. Яна рада сустрэчы з Іванам. Радасць перадаецца ў імклівай грацыёзнай тарантэле (італьянскі танец). Вельмі выразны дыялог паміж Іванам і Джуліяй. Не гледзячы на цяжкі шлях, Іван не пакідае дзяўчыну. Яны разам стараюцца ўцячы з акружэння.
Можна прачытаць урывак з аповесці В. Быкава, даць паслухаць музыку, задаць наступныя пытанні:
- Якія пачуцці выражае музыка? (Суровасць, мужнасць, радасць, злосць, грацыёзнасць).
- Што музыка адлюстроўвае? (Бег, нашэсце фашыстаў, грацыю).
- Які тып музыкі перадае рашучасць? (Маршавы). Весялосць? (Танцавальны). Роздум, размышленне? (Песенны).
Выкананне песні “Прынц і Ружа”.
- Аб чым гэта песня?
Слухаем. Паўтараем мелодыю, тэкст. Складаем выканальніцкі план песні (1-шы куплет – больш празрыста, 2-гі – упэўнена, 3-ці – пачуццёва; можна выкарыстаць салістаў…). Падводзім вынік.
Абагульненне тэмы ўрока.
- Аргументуйце эпіграф урока.
- Што такое балет?
- На якіх музычных хвалях балетаў вы пабывалі?
- Назавіце знаёмыя балеты і іх аўтараў.
- Якая муза была апякункай танцаў?
- Які твор вам спадабаўся на ўроку?
Выхад з класа пад музыку “Адажыа”.