Урок 6. Тэма: “Купалле”.
^ Вверх

Тэма: Купалле.


“А на Йвана сонца йграла”.

                                                          (З песні)


Мэта: Стварыць на ўроку купальскае свята.


Задачы:

- замацаваць веды вучняў аб Купаллі;

- развіваць творчыя і музычныя  здольнасці;

- развіваць пеўчыя ўменні;

- выхоўваць павагу да традыцый беларускага народа.


Тып урока: абагульненне тэмы “Песенная спадчына беларускага народа” (з элементамі драматызацыі).


Музычны матэрыял:

- “Купалінка”. Беларуская народная песня (ў выкананні ансамбля “Песняры”).

-  “Ой, рана на Йвана”. Беларуская народная песня.

-  “Гімн Беларусі”. Словы М.Клімковіча і У.Карызны, музыка Н.Сакалоўскага.


Абсталяванне ўрока:

- таблічкі з тэмай урока, эпіграфам;

- атрыбуты да танца;

- рэпрадукцыі карцін аб Купаллі;

- фоназапіс твораў: “Купалінка”,  “Спадчына”,  “Гімн Беларусі”.


 

Метадычная распрацоўка ўрока

 

Арганізацыйны момант.

На дошчы вывешаны таблічкі з тэмай урока, эпіграфам, растаўлены рэпрадукцыі, прысвечаныя Купаллю (на гэтым уроку яны з’яўляюцца фонам, ствараюць атмасферу купальскага свята). Вучні ўваходзяць у клас пад песню “Купалінка” ў выкананні ансамбля “Песняры”,  слухаюць да канца. Калі ў настаўніка ёсць магчымасць, добра б выкарыстаць відэазапіс з выступленнем гэтага ансамбля.

- Ці знаёма вам  песня, пад якую вы ўвайшлі? (…).  Чулі вы яе калі-небудзь? Дзе? (…).  Хто яе выконвае? (…).  “Купалінка” – якая прыгожая і ласкавая назва! Гэта беларуская народная купальская песня, бадай найбольш папулярная ў нашага народа. І зноў мы пачулі песню ў сучасным гучанні. Аб чым гэта гаворыць? (Аб прыгожасці народнай песні, яе жыватворнай моцы; аб любові нашых сучаснікаў-спевакоў, музыкантаў да народнай песні і г.д.).

 

Выкананне песні “Ой, рана на Йвана”.

- Давайце і мы выканаем купальскую песню. Успомніце, якая песня была развучана намі на папярэднім уроку? (“ Ой, рана на Йвана”).  Пастараемся спяваць выразна, “ад душы”. (Спяваюць).

 

Драматызацыя.

- “А на Йвана сонца йграла! - гучна абвяшчае настаўнік эпіграф урока. – Хадзіце, дзевачкі і хлопчыкі на вуліцу, будзем пеці і гуляці, будзем агонь раскладаці”.

Пачынаецца разыгрыванне купальскага свята. Хлопчыкі “раскладваюць” агонь з гафрыраванай паперы чырвонага колеру, рассаджваюцца вакол “агню”. Дзяўчынкі, ў якіх на галавах вяночкі з кветак, водзяць карагод пад песню “Купалінка” (у выкананні “Песняроў”), падпяваюць. З круга выходзіць дзяўчынка – Купала, усе хлопчыкі (ці па адным) у яе пытаюць:

- Ой, Купала, дзе  ты сёння начавала?

Купала: Я начавала пад першым снапочкам,

У Йвана на полі, і на лужочку,

І каля рэчкі на беражочку.

Хлопчыкі: Ой, што й ты Купала, дый чувала?

Купала: Я, Купала, за дзевачкамі наглядала,

Што рабілі, што казалі дзевачкі – усё чула.

Ой, дзевачкі ўвесь лужочак істапталі, маладзенькія ўсе кветачкі парвалі, усе кветачкі ў вяночкі паспляталі (дзяўчынкі здымаюць з галавы вяночкі і паказваюць іх).

І кожная па вяночку ў быстру рэчку пускала (дзяўчынкі “выкідваюць” вяночкі ў “раку” – паперу нябеснага колеру, якая ўяўляе раку).

 

Гульня.

Хлопчыкі ўстаюць і пачынаюць гульню “Лес, балота, возера” ( “Беларускія народныя гульні ў школе”. Аўтары: Краж У.М., Трубчык В.В. – Мінск, 1993г.).

Змест гульні: чэрціца круг такога памеру, каб у ім змаглі змясціцца ўсе ігракі, а непадалеку – тры кругі прыблізна на аднолькавай адлегласці ад першага. У першы круг становяцца ўсе гуляючыя, а астатнія кругі абазначаюць “лес,” “балота,” “возера”. Вядучы называе звера, птушку, рыбу ці іншую істоту і хутка лічыць да ўмоўнага ліку. Усе бягуць і кожны становіцца  ў той круг, які, на яго думку, адпавядае месцу пражывання названага звера, птушкі і г.д. (Напрыклад  у круг “лес” -  калі названы воўк, у круг “возера” -  калі названы сом). Пераможцам лічыцца той, хто ні разу не памыліўся за ўсю гульню. Калі гульня скончыцца, настаўнік гаворыць: “Усю ноч ля купальскага агню гучалі песні, ладзіліся карагоды, гульні…”.

Усе вучні рассаджваюцца па сваім месцам.

 

Абагульненне.

- Сёння мы завяршаем размову аб песеннай спадчыне беларусаў. З якімі песнямі вы пазнаёміліся на нашых уроках? (…).  Што новага вы для сябе пазналі? (…).  Што ж характэрна беларускім народным песням? Давайце ўбачым гэта на нашай табліцы, якую мы паступова запаўнялі з урока ў урок.

  

Асаблівасці беларускіх народных песень

                        - распевы ў словах

                        - паўтарэнні мелодыі, слоў

                        - форма дыялога

                        - наяўнасць воклічаў (“Ой, ох”…)

                        - ужыванне нязвычных слоў (“люлі”)

                        - асобая манера спявання

                        - выкананне з падгалоскамі

 

- Ёсць і іншыя асаблівасці, але мы адзначылі тыя, з якімі сустрэліся на ўроках.


Выкананне “Гімна Беларусі”.


Выхад з класа пад песню “Спадчына”.