Урок 15. Тэма: “Ці можна ўбачыць музыку”
^ Вверх

Тэма: Ці можна ўбачыць музыку.


“Послушай: музыка вокруг;

                 Она во всём – в самой природе,

                 И для бесчисленных мелодий

                 Она сама рождает звук…”.  

                                              М. Івенсэн


Мэта, задачы ўрока:

- паказаць агульны жыццёвы грунт розных відаў мастацтва: музыкі і жывапісу;     

- вучыць дзяцей рашаць праблему, што музыка – сапраўдная крыніца мастацкіх твораў;

- развіваць музычныя і творчыя здольнасці вучняў;

- выхоўваць эстэтычны густ як вялізную каштоўнасць.


Тып урока: урок-роздум.


Музычны матэрыял:

- “Люблю лугі квяцістыя”. Словы А. Русака, музыка Ал. Чопчыца.

- “Бычок”. Беларуская народная песня.

- М. Аладаў. “Сімфаньета До мажор” (1 частка, фрагмент).

- В. Войцік. Сімфанічная сюіта “Забавы” (1, 2 ч.).


Абсталяванне ўрока:

- таблічкі з тэмай урока, эпіграфам;

- партрэты кампазітараў: М. Аладава, В. Войціка;

- фоназапіс твораў: “Сімфаньета До мажор”, “Забавы” (1, 2 ч.);

- нотныя табліцы песень: “Бычок,” “Люблю лугі квяцістыя”;

- рэпрадукцыі карцін: М. Беляніцкі “Пейзаж са сланечнікам,” П. Маслянікаў “Зацвіло жыта,” В. Кубараў “Вясна,” В. Пасюкевіч “Родныя ўзгоркі,” В. Бялыніцкі-Біруля “Блакітнай вясной” і інш. (па выбару настаўніка) ці слайд-фільм з рэпрадукцыямі  карцін, фатаграфій, малюнкаў.

 

Метадычная распрацоўка ўрока

 

Арганізацыйны момант.

Уваход у клас пад музыку 1- шай часткі “Сімфаньеты До мажор “(фрагмент). Напамінаю першую тэму сімфаньеты.

-  Які настрой  стварае музыка? (Светлы, жыццесцвярджальны).

Называю тэму ўрока і эпіграф.


Слуханне “Сімфаньеты До мажор”.

- Сёння вы ўвайшлі ў клас пад музыку беларускага кампазітара Мікалая Аладава (паказ партрэта) “Сімфаньету До мажор”. (Сімфаньета – гэта маленькая сімфонія).

- Хто скажа, з якіх музычных інструментаў складаецца сімфанічны аркестр? (скрыпічная група, духавая група, ударная, фартэпіяна ці арфа (ы)).  У сімфанічным аркестры мы чуем сугучча розных інструментаў, гэта значыць сугучча розных тэмбраў (фарбаў), якія ствараюць вобраз(ы).

Паглядзіце на гэтыя інструменты (паказваю табліцу “Сімфанічны аркестр”). Давайце паслухаем фрагмент “Сімфаньеты”. Якія тут мелодыі? Як яны суадносяцца паміж сабой? Якія музычныя інструменты вы пачулі? (Слухаю адказы). У кожнага чалавека ёсць не толькі ўнутраны слых, але і ўнутраны зрок. Вы можаце ўявіць сабе маму, калі чытаеце яе запіску ці пісьмо і г.д.

Паслухайце яшчэ раз 1-шую частку. Пастарайцеся “ўбачыць” музыку. Які жыццёвы змест тут закладзены? Аб чым нам раскажа музыка? (Пейзаж. Карціна раніцы.). Гэта карціна беларускай прыроды. Тут кампазітар па-майстэрску карыстаецца беларускай народнай песняй “Ой, зелена, зелена”. Яе інтанацыі, нібы крышталікі, зіхацяць на працягу ўсяго твора. Сімфаньету адзначаюць як узвышаную і глыбока лірычную.  Паглядзіце на гэтыя малюнкі, рэпрадукцыі, фотаздымкі. Што бліжэй да музыкі? (…).


Развучванне песні “Люблю лугі квяцістыя”.

- Паслухайце песню Гродзенскага самадзейнага кампазітара Аляксандра Чопчыца на верш вядомага беларускага паэта Адама Русака. Якое ўражанне яна стварае? Які характар, змест? Слухаем…

 

 

1. Яшчэ ў лугах туманяцца нізіны за ракой,

Іду ў поле раніцай сцяжынкай палявой.

Убачу хустку белую ў калоссях ля ракі,

І шчокі загарэлыя, і вочы-васількі.

 

Прыпеў:

Люблю лугі квяцістыя,

За полем шумны гай,

Палеткі каласістыя, -

Цябе, мой родны край.

 

2. Усмешкаю ласкаваю яна ўсміхнецца мне

І песняю працяжнаю душу мне скалыхне.

А сэрца, сэрца чулае падказвае з грудзей,

Што мне не жыць без песні той,

Не жыць без тых вачэй.

 

Прыпеў.

 

- Як вы лічыце, аб якіх кветках часцей за ўсё пяецца ў песнях? (Рамонках, валошках (васільках), ландышах…). Які вобраз дапамагаюць стварыць кветкі? (Глыбокі, лірычны, задушэўны). Якая тут мелодыя? (Пяшчотная, працяжная, падобная да беларускіх народных песень).

Звяртаю ўвагу на нотны запіс: скачкі на кварту, квінту, распеўныя склады. Паказваю голасам і на музычным інструменце. Дабіваюся дакладнага выканання ў шасцідольным пульсіруючым рытме (з дапамогай акампанементу на інструменце ці нягучнага адплясквання). Прыпеў уздымаецца ўверх (“да сонейка”). Паказваю. Склады сталі больш працяжнымі (у адрозненні ад дэкламацыйнага характару запева). У цэлым мелодыя песні гучыць нібы своеасаблівая баркарола на прасторах лугоў і палёў. Яна мае душу. Выконваем 1 куплет. Вынік.

 

Развучванне песні “Бычок”[1].

- Паслухайце беларускую народную песню “Бычок”, адкажыце да якога віду вы яе аднясеце? Чаму?

 

 

2. – Ой, да пра-дай, ба-буш-ка быч-ка, (2)

Вот быч-ка, вот быч-ка, вот быч-ка, быч-ка, быч-ка.

- Ну якога? – Рабога.

- Ён у мяне рабы, рабы, ён мне робіць вілы, граблі;

Ён у мяне палавы, ён у мяне дарагі:

Яго не прадам!

 

3.  – Ой, да прадай, бабушка бычка, (2)

Вот бычка, вот бычка, вот бычка, бычка, бычка.

- Ну якога? – Шэрага.

- Ён у мяне шэры, шэры, - зачыняе вокны, дзверы;

Ён у мяне рабы, рабы, ён мне робіць вілы, граблі;

Ён у мяне палавы, ён у мяне дарагі:

Яго не прадам!

 

4. – Ой, да прадай, бабушка бычка, (2)

Вот бычка, вот бычка, вот бычка, бычка, бычка.

- Ну якога? – Лысага.

- Ён у мяне лысы, лысы, ён памые ложкі, місы;

Ён у мяне шэры, шэры, - зачыняе вокны, дзверы;

Ён у мяне рабы, рабы, ён мне робіць вілы, граблі;

Ён у мяне палавы, ён у мяне дарагі:

Яго не прадам!


5. . – Ой, да прадай, бабушка бычка, (2)

Вот бычка, вот бычка, вот бычка, бычка, бычка.

- А якога? – Бурага.

- Ён у мяне буры, буры, заганяе свінні, куры;

Ён у мяне рабы, рабы, ён мне робіць вілы, граблі;

Ён у мяне шэры, шэры, - зачыняе вокны, дзверы;

Ён у мяне лысы, лысы, ён памые ложкі, місы;

Ён у мяне палавы, ён у мяне дарагі:

Яго не прадам!

 

Гэта карагодная, гульнёвая песня-жарт,  дзе у крузе разыгрываецца змест песні. Патрэбны салісты, хор. Першую фразу (4 такты) – выконвае першы саліст. Амаль такую ж мелодыю паўтарае хор. Гэты сказ гучыць у даволі павольным темпе. Прыпеў: “Вот бычка…” гучыць задорна, танцавальна (з прытопваннем. Можна на мелодыю 2-га голасу). Другая салістка пяе няспешна, распеўна (бабуля) – 2 такты (“Ну якога?”). Наступныя 2 такты (хор) – на адной ноце. Заключны сказ – хор і салістка ці толькі салістка. Мелодыя ўвогуле мае варыяцыйны характар. Можа змяняцца. Усё залежыць ад зместу куплета. Галоўнае, каб дзеці адчулі гарэзлівы характар, вялікую моц духу народа. Вынік спяванню.

 

Слуханне 1, 2 частак з Сімфанічнай сюіты “Забавы”.

- Сёння мы з вамі паслухаем дзве часткі з сімфанічнай сюіты Віктара Войціка  - беларускага кампазітара -  “Забавы”. Сюіта – паходзіць ад французскага слова – паслядоўнасць. Твор, які складаецца з самастойных кантрастных п’ес, аб’яднаных агульнай мастацкай ідэяй. ( Слухаем дзве часткі).

- Якія вы пачулі знаёмыя мелодыі? ( “Юрачка,” “Бычок”). Як яны гучаць?

- Што тут музыка выражае і адлюстроўвае?  Якія карціны вы ўявілі, убачылі, гэта значыць які тут жыццёвы змест? (Свята. Гулянне. Радасць. Жарт. Музыка адлюстроўвае мычанне бычка…)

 

Абагульненне тэмы ўрока.

- Ці можам мы ўбачыць музыку? (Кожны чалавек мае ўнутраны зрок. Ён нібы бачыць (уяўляе) тое, што чуе).

- Аб чым расказвае музыка?

- Якая сувязь музыкі і жывапісу, музыкі і літаратуры? (Усе гэтыя мастацтвы нарадзіліся з жыцця і расказваюць аб жыцці).

 

Хатняе заданне.

- Намаляваць ці падабраць фотаздымкі, рэпрадукцыі карцін для музычных твораў сённяшняга ўрока.


Выхад з класа пад частку сюіты “Бычок”.



[1] Палавы бычок – бычок жаўтаватага колеру са светлым хвастом і грывай (у рускай мове - палевый).