Тэма: Прыпеўкі (частушкі).
“Песні, знайце, - сэрца дар,
Шанаваць іх трэба”.
Я. Купала
Мэта: раскрыць сутнасць і назначэнне прыпевак, паказаць віды.
Задачы: - абагульніць веды вучняў аб прыпеўцы;
- развіваць пеўчыя ўменні (спяваць скора, лёгка, добра прагаворваць словы);
- развіваць творчыя здольнасці (ствараць песні, разыгрываць ролі);
- выхоўваць інтарэс і павагу да народнай песні;
- паказаць магчымасці і прыгажосць музычнай апрацоўкі;
- пазнаёміць з сучаснымі выканаўцамі беларускай музыкі.
Тып урока: развіццё тэмы.
Музычны матэрыял:
- “Спадчына”. Словы Я.Купалы, музыка І.Лучанка (у выкананні ансамбля “Песняры”).
- “Школьныя прыпеўкі”.
- “Сабірайся ў госці, мой дзядок”. Беларуская народная песня.
- “На вуліцы грымата”. Беларуская народная песня ў выкананні арт-групы “Беларусы”.
- “Гімн Беларусі”. Словы М.Клімковіча і У.Карызны, музыка Н.Сакалоўскага.
Абсталяванне ўрока: - табліцы з тэмай і эпіграфам;
-нотная табліца песні “Школьныя прыпеўкі”;
- фотаафіша ансамбля “Песняры” (ці відэафільм);
- фотаафіша арт-групы “Беларусы”;
- карціна “Беларускія прыпеўкі” Р. Кудрэвіча (гл. “Беларускі савецкі жывапіс”. – Мн.: Беларусь, 1978);
- фоназапіс твораў: “Спадчына” , “На вуліцы грымата”, “Гімн Беларусі”.
Метадычная распрацоўка ўрока
Арганізацыйны момант.
Вучні ўваходзяць у клас пад песню “Спадчына” ў выкананні ансамбля “Песняры”, слухаюць да канца.
- Вам спадабалася песня, пад якую вы ўвайшлі ў клас? (…). Хто з вас слухаў яе раней і ведае, як яна называецца? (…). Можа, распазналі, хто яе выконваў? (…).
Настаўнік паказвае афішу ансамбля “Песняры”, расказвае аб ім, гаворыць аб яго папулярнасці не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Добра было б паказаць дзецям відэафрагмент з фільму аб ансамблі.
- Вы не выпадкова ўвайшлі сёння ў клас пад песню “Спадчына”. Мы ж вядзем размову аб песеннай спадчыне беларускага народа! Прадоўжым знаёмства з неабрадавымі песнямі. Напомніце, што значыць “неабрадавыя?” (…).
Настаўнік вывешвае табліцу з тэмай папярэдняга ўрока: “Неабрадавыя песні: калыханкі, лірычныя, жартоўныя”.
- Звярніце ўвагу на эпіграф сённяшняга ўрока (вывешваецца таблічка):
“Песні, знайце, - сэрца дар,
Шанаваць іх трэба”
Я. Купала
- Што значыць “сэрца дар?” (…). Так, народныя песні складаліся па-рознаму. Але заўсёды гэта рабілася “ад душы”, “ад сэрца”, калі прыходзіла натхненне і душа чалавека прасілася выказацца.
Творчасць вучняў.
- Ці было ў вас натхненне, калі вы самі стваралі дома песню? Хто хоча яе выканаць? (Вучні выконваюць свае песні).
- Вы, напэўна, адчулі, што складаць песню вельмі цяжка?! Народныя песні таму і жывуць так доўга, што выпакутаваны стваральнікамі. Яны настолькі праўдзіва перадаюць чалавечыя пачуцці, падзеі, што зразумелы ўсім людзям і любімы імі да гэтай пары.
Развіцце тэмы: “Песенная спадчына”.
- Зараз я выканаю песню, якую стварылі нашы сучаснікі…дзеці! Вызначыце яе від. (Выконваюцца “Школьныя прыпеўкі”).
- Гэта частушкі!
- Так! Іх яшчэ называюць прыпеўкамі. Як вы распазналі? (…). Што ж гэта за песні – прыпеўкі? Хто ведае? (…). Гэта таксама неабрадавыя песні (настаўнік чапляе картку са словам “прыпеўкі” да тэмы “Неабрадавыя песні: калыханкі, лірычныя, жартоўныя”).
- Прыпеўка – караценькая, вясёлая песня, у якой высмейваюцца адмоўныя рысы чалавека, жыцця… Ёсць розныя прыпеўкі – хуткія, гарэзлівыя, заўзятыя (настаўнік іграе або спявае некалькі прыкладаў). А ёсць – лірычныя, нетараплівыя, задумлівыя (іграе прыклады). Паглядзіце на карціну Р. Кудрэвіча “Беларускія прыпеўкі”, услухайцеся ў яе, пачуйце, якія прыпеўкі “гучаць?” (…). У чым жа асаблівасці прыпеўкі? (У тым, што мелодыя і тэкст не звязаны паміж сабой: на вядомыя мелодыі складаюцца розныя па зместу тэксты).
Развучванне песні “Школьныя прыпеўкі”.
- Зараз вы праслухалі “Школьныя прыпеўкі”, у якіх дзеці склалі свае словы на знаёмы матыў (настаўнік яшчэ раз спявае 1 куплет). Развучым іх.
2. З звенявым у нас мучэнне:
Днём і ноччу маецца,
Не дае нам даручэнняў –
Сам за ўсіх стараецца.
3. Эх, ты, Жора – галава:
Колькі будзе дважды два?
Ён і гэтак, ён і сяк,
А таблічкі аніяк.
4. Як урокі ўсе зраблю,
Кніжкі я чытаю,
Гультаёў я не люблю,
Усюды іх пазнаю.
Песня развучваецца з апорай на нотны запіс, каб пазбегнуць памылак у мелодыі (на слыху ў дзяцей розныя частушачныя мелодыі): называем ноты ў рытме, сальфеджыруем, спяваем са словамі. Спачатку трэба спяваць не хутка, выразна выдзяляць голасам кожны склад, як бы фіксаваць мелодыю, услухоўвацца ў яе і любавацца частушачнымі інтанацыямі. Калі песня будзе развучана, выканаць яе ў характары: хутка, гульнёва, лёгка, з патрэбнымі моўнымі інтанацыямі, магчыма, з выразнымі рухамі рук.
Хатняе заданне.
- Каб скласці добрую прыпеўку, трэба таксама мець да гэтага дар сэрца! Яно падказвае складальніку, як з дапамогай караценькай песні пазбавіць, напрыклад, сябра ад чагосьці дрэннага ў характары, або ў паводзінах і пры гэтым яго не пакрыўдзіць! Паспрабуйце дома скласці такую прыпеўку аб сваім сябры. (Можна на тэму: “Наш клас” , “Дзяўчынкі нашага класа”, “Хлопчыкі нашага класа”).
Выкананне песні “Сабірайся ў госці, мой дзядок”. Разыгрыванне песні па ролях.
- Якую вы ведаеце песню, блізкую па характару, настрою прыпеўкам? ( “Сабірайся ў госці, мой дзядок” ).
Спачатку песня выконваецца ўсім класам, а затым у форме дыялога. Важна, каб вучні выконвалі яе інтанацыйна выразна (з патрэбнымі інтанацыямі). Калі хопіць часу, можна песню разыграць (з атрыбутамі).
Слуханне песні “На вуліцы грымата”.
- А зараз паслухайце беларускую народную песню “На вуліцы грымата” і адкажыце: да якога віду неабрадавых песень яе можна аднесці: да лірычных, жартоўных ці прыпевак? А таксама звярніце ўвагу на тое, як яе выконваюць. (Слухаюць) .
- Гэта жартоўная песня!
- Чаму вы так лічыце? ( Яна блізкая па характару да песні “Сабірайся ў госці, мой дзядок!”. Яе выконвалі мужчынскія галасы… Гучыць па-сучаснаму… Спявалі на некалькі галасоў…).
- Гэту песню выканала сучасная арт-група “Беларусы” (паказваецца фатаграфія ці афіша групы). Сапраўды, песня гучыць у сучаснай манеры, шматгалосна, без суправаджэння (а капэла). Гэта – апрацоўка народнай песні. А што значыць “апрацоўка,” хто зможа растлумачыць? (…). Сучасныя выканаўцы часта звяртаюцца да народнай песні і спяваюць яе на сучасны лад – перапрацоўваюць: упрыгожваюць мелодыю падгалоскамі (дабаўляюць яшчэ адну мелодыю, часта вельмі простую, якая спяваецца ніжэй або вышэй асноўнай мелодыі), развіваюць яе варыяцыйна (кожны куплет гучыць са змяненнямі) ці ў выглядзе канона (галасы спяваюць неадначасова, а нібы гуляюць у даганялкі), распісваюць на некалькі галасоў, прыдумваюць цікавае інструментальнае суправаджэнне і г.д. Апрацоўку песні “На вуліцы грымата” зрабіў кіраўнік групы “Беларусы” Валерый Шмат. Вы заўважылі, у пачатку песні чутны прыродныя гукі? Якія? (Гром). Што гэта надало гучанню песні? (Праўдзівасць). Паслухайце яе яшчэ раз і адчуйце прыгажосць апрацоўкі. (Слухаюць).
Вынік урока.
- Што можна сказаць аб беларускім народзе, праслухаўшы і выканаўшы жартоўныя песні і прыпеўкі? (…).
Урок заканчваецца выкананнем “Гімна Беларусі”.
Выхад з класа пад песню “Спадчына”.