Тэма: Каляндарна-абрадавыя песні: купальскія.
“Песня – люстэрка жыцця народа”.
Мэта: Раскрыць сутнасць каляндарна-абрадавых песень на аснове купальскіх песень.
Задачы:
- абагульніць веды вучняў аб купальскім свяце;
- паказаць сучаснасць гучання купальскіх песень на прыкладзе творчасці ансамбля “Песняры”;
- развіваць пеўчыя ўменні (спяваць а капэла, на ланцужковым дыханні);
- развіваць творчыя здольнасці;
- выхоўваць інтарэс і павагу да традыцый і звычаяў беларускага народа;
- фарміраваць нацыянальную самасвядомасць.
Тып урока: паглыбленне ў тэму “Песенная спадчына беларускага народа”.
Музычны матэрыял:
- “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”. Беларуская народная песня.
- “Ой, рана на Йвана”. Беларуская народная песня.
- “Гімн Беларусі”. Словы М.Клімковіча і У.Карызны, музыка Н.Сакалоўскага.
Абсталяванне ўрока:
- табліцы з тэмай і эпіграфам;
- рэпрадукцыі: “На купаллі” М. Чэпіка, “Ноч на Йвана Купалу” М. Філіповіча (гл. “Беларускі савецкі жывапіс”. – Мн.: Беларусь - 1978);
- нотная табліца песні “Ой, рана на Йвана”;
- фоназапіс твораў: “Ой, рана на Йвана” ў выкананні жаночага хора, ансамбля “Песняры”, “Гімн Беларусі”.
Метадычная распрацоўка ўрока
Арганізацыйны момант.
Вучні ўваходзяць у клас пад песню “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, слухаюць і адначасова спяваюць; называюць яе. Далей вядзецца праца над выкананнем песні. Настаўнік працуе над тым, каб песня выконвалася лёгка, жвава, пявуча; каб воклік “Ох” гучаў з рознымі інтанацыямі (радасна, стомлена, бойка, горда).
Творчасць вучняў.
- Каб песня загучала больш выразна, давайце выкарыстаем выяўленчыя рухі. Хто пакажа рухі да кожнага куплета? Хто дома папрацаваў над гэтым?
Школьнікі паказваюць рухі. Найлепшыя ўзоры рухаў паўтараюцца ўсім класам (сумесная калектыўная творчасць). Можна спачатку адпрацаваць толькі рухі ў патрэбнай накіраванасці, а затым выканаць іх ужо пры спяванні.
Уводзіны ў тэму ўрока.
- Прадоўжым размову аб песеннай творчасці беларускага народа. Сёння мова пойдзе аб каляндарна-абрадавых песнях (вывешваецца таблічка з тэмай урока). Услухайцеся: каляндарна-абрадавыя…Што азначаюць гэтыя словы? Давайце паспрабуем выявіць іх сутнасць. Што напамінае вам слова”каляндарныя”. ( Каляндар). Што гэта такое? (…). Ад слова “календы,” у рымлянаў першы дзень месяца. Каляндар – роспіс (у кнізе, табліцы) усіх дзён у гаду. А слова “абрадавыя?” (…). Так, абрад – гэта значыць чыніць традыцыйныя дзеянні (цырымонію). Напрыклад, скакаць праз вогнішча, купацца ў рацэ ў ноч на Йвана Купалу і г.д. Большасць абрадаў адыходзіць сваімі каранямі ў язычніцкую эпоху, калі людзі пакланяліся Сонцу і Зямлі, Ветру і Дажджу, жывёлам, раслінам… Але многія абрады былі звязаны са зменай часу года (з календаром), з сельскагаспадарчымі працамі. Зімовыя, восеньскія, летнія і асеннія абрады ўносілі ў жыццё селяніна свята. Калектыўнае спяванне, тэатралізаваныя дзеянні, інструментальнае музыцыраванне – усё гэта складала ў той час духоўнае жыццё чалавека. Песні, якія былі прыстасаваныя да дню каляндара і пад якія чыніліся абрады, называюць каляндарна-абрадавыя. Аб усіх такіх песнях мы не зможам пагаварыць. Разгледзім толькі свята “Купалле”. Да якога дню календара яно прымацавана і які абрад чынілі, святкуючы Купалле? Хто ведае? (…). Чаму так называлі – “Купала”, “Купалле?” (…). “Купала” – назва старажытнага язычніцкага свята Ярылы-сонца (купець - гарэць), якое супадае з апошнім днём летняга сонцастаяння (24 чэрвеня па старому стылю). У песнях падкрэслівалася, што свет і цяпло, якое выпраменьвае сонца, дасягаюць у гэты дзень найбольшай сілы і што купальская ноч – самая кароткая ў годзе.
Настаўнік спявае:
- З устанаўленнем хрысціянства свята стала называцца Іванам Купалай ці Іванавым днём (у гонар святога Івана, Яна, Іоанна). У народным уяўленні слова “Купала” звязывалася яшчэ з іменем міфалагічнй істоты жаночага полу – “Купалы”. Так называлі і традыцыйнае саламянае чучала, у гонар якога спявалі песні, вадзілі карагоды. На прыканцы свята чучала палілі і тапілі ў рацэ. У ноч на 24 чэрвеня (па новаму стылю з 6 на 7 ліпеня) раскладвалі вогнішча, праз якое ўсе па чарзе скакалі, паказвалі тым самым сваю лоўкасць (гэта яшчэ было абрадавае ачышчэнне агнём перад пачаткам уборачных прац); насілі (як і на масленіцу) на высокіх жэрдках пылаючыя калёсы, скатвалі іх у ваду, пускалі вогнішча на платах. Дзяўчаты плялі вянкі, кідалі іх у раку, варажылі на свайго нарачонага. Моладзь купалася ў рэках, азёрах (ачышчалася вадою). Да часу летняга сонцастаяння паспявалі травы. Верылі, што ў Іванаву ноч цвіце нават папартнік і нібы яго дзівосная кветка можа ўказаць на скрытыя ў зямлі скарбы. Збіралі лекавыя расліны. Думалі, што яны валодаюць асобай гаючай сілай. Прысутніцтва ўсяго насельніцтва вёскі на купальскім свяце лічылася абавязковым. “Хто не выйдзе на Купайла, таго ўдарыць немач”, - верылі людзі.
Развучванне песні “Ой, рана на Йвана”.
- Паслухайце купальскую песню, якую мы сёння будзем развучваць, і адкажыце, як яна гучыць, у якім характары? Аб чым у ёй пяецца?
Вывешваецца нотная табліца, спяваецца песня. (Тэкст глядзі ў падручніку “Музыка 4 клас”).
- Песня гучыць працяжна, пявуча. У ёй спяваецца аб святкаванні Купалля. У песні мы чуем пытанні да Купалы, яе адказы…, - гавораць рабяты.
- Звернемся да нотнай табліцы. Знайдзіце характэрныя асаблівасці народных песень у песні “Ой, рана на Йвана” візуальна.
- Распевы! Паўтарэнні слоў, музычных фраз!...
- Слушна. Развучым песню. Паслухайце яе пачатак, звярніце ўвагу на тое, як я буду распяваць слог “на” у слове “рана”. (Настаўнік спявае ў павольным тэмпе дзве аднолькавыя фразы).
- Праспявайце разам са мною. (Спяваюць). Што надаў песні распеў?
- Упрыгожыў! Зрабіў яе больш шырокай, пявучай, працяжнай… .
- Праспяваем яшчэ раз першыя дзве фразы, добра выканаем распеў. (Спяваюць).
- Паслухайце песню далей. Паўтарыце (спяваюць; тут таксама адпрацоўваецца распеў). Выканаем увесь куплет. (Выконваюць).
Далей настаўнік працуе над радаснай інтанацыяй закліка “Ой, рана”, гаворыць вучням, што ім невыпадкова пачынаецца кожны куплет. Воклічы “Ой” часта раздаваліся ў святочныя дні ў начным лесе, па берагах рэк і азёраў. Прапануе выканаць дзве першыя фразы прыёмам “рэха”: гучна першую фразу спявае ўвесь клас, а другую – ціха – некалькі чалавек.
На гэтым уроку развучваецца ўся песня. Можна даць вучням заданне стварыць нескладаны падгалосак да песні: на адным гуку, вытрыманым на ўсю фразу.
Агляд рэпрадукцый або відэафільма.
- Купальскае свята – вельмі жывапіснае, маляўнічае, самае магічнае і загадкавае. Не выпадкова яму прысвечаны і творы жывапісу.
Настаўнік паказвае рэпрадукцыі “На Купаллі” і “Ноч на Йвана Купалу” , абмяркоўвае з вучнямі настрой і сюжэты гэтых карцін. Калі ёсць магчымасць, можна паказаць відэафільм аб святкаванні Купалля.
Слуханне “Ой, рана на Йвана” ў выкананні ансамбля “Песняры”.
- Ці святкуюць сёння Купалле? (…). Выконваюць купальскія песні? (…). Паслухайце ўжо добра вядомую вам песню ў выкананні сучаснага ансамбля і адкажыце на наступныя пытанні:
- Якая песня прагучыць?
- Хто яе выканае?
- Якія змяненні ў спяванні (у адрозненні з нашымі спевамі) вы заўважыце?
Вучні слухаюць песню “Ой, рана на Йвана” ў выкананні ансамбля “Песняры”, адказваюць на пытанні настаўніка.
Вынік урока.
- У заключэнне ўрока звернемся да эпіграфа – “Песня – люстэрка жыцця народа”. Зыходзячы з музычнага матэрыяла, які гучаў сёння на ўроку, дакажыце, што гэта так. (…).
Хатняе заданне.
- Вашым творчым заданнем на наступны ўрок будзе падрыхтоўка да разыгрывання некаторых элементаў купальскага свята.
Настаўнік дзеліць клас на 3 групы, кожная атрымлівае заданне: вывучыць вершы аб Купаллі, прыдумаць танец – карагод з вяночкамі, падрыхтаваць гульню, якую можна будзе разыграць у класе.
Выкананне “Гімна Беларусі”.
Выхад з класа пад песню “Ой, рана на Йвана” (у выкананні жаночага хору ці ансамбля “Песняры” – па выбару настаўніка).