Тэма: Працоўныя песні.
“З песняю і работа ідзе спарней”.
Беларуская прымаўка
Мэта: паказаць жыццёвую аснову працоўных песен, выявіць іх змест, характэрныя асаблівасці.
Задачы:
- развіваць пеўчыя ўменні (спяваць а капэла, на ланцужковым дыханні);
- развіваць творчыя здольнасці (ствараць песні, разыгрываць ролі);
- выхоўваць інтарэс і любоў да народнай песні;
- паказаць сувязь мастацтва з жыццём.
Тып урока: паглыбленне ў тэму “Песенная спадчына беларускага народа”.
Музычны матэрыял:
-“На вуліцы грымата”. Беларуская народная песня.
- “Школьныя прыпеўкі”.
- “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”. Беларуская народная песня.
- “Гімн Беларусі”. Словы М.Клімковіча і У.Карызны, музыка Н.Сакалоўскага.
Абсталяванне ўрока:
- табліцы з тэмай урока, эпіграфам;
- рэпрадукцыі карцін: “Ля канвеера МТЗ” Я. Красоўскага, “На зямлі беларускай” В. Цвіркі, “На рыштаваннях” П. Гаўрыленкі (гл. “Беларускі савецкі жывапіс”. – Мн., Беларусь - 1978);
- нотная табліца песні “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”;
- фоназапіс твораў: “На вуліцы грымата”, “Ох, і сеяла Ульяніца лянок” , “Гімн Беларусі”.
Метадычная распрацоўка ўрока
Арганізацыйны момант.
Вучні заходзяць у клас пад песню “На вуліцы грымата”, слухаюць, называюць песню, выканаўцаў.
- Аб якіх песнях мы гаварылі на папярэдніх уроках? ( Аб неабрадавых). Назавіце іх віды. (Калыханкі, лірычныя, жартоўныя, прыпеўкі).
Настаўнік вывешвае таблічку з тэмай “Неабрадавыя песні: калыханкі, лірычныя, жартоўныя, прыпеўкі”.
- А што ёсць агульнага паміж, напрыклад, жартоўнымі песнямі і прыпеўкамі? (…). Што іх адрознівае?
- Многія мелодыі прыпевак выкарыстоўваюць некалькі разоў! Складаюць словы на ўжо знаёмыя мелодыі, - адказваюць дзеці.
Творчасць вучняў.
- Так, і сёння, я думаю, вы ў гэтым яшчэ раз упэўніцеся, калі будзеце выконваць свае прыпеўкі. Хто склаў прыпеўку і хоча нам яе праспяваць? (Вучні спяваюць свае прыпеўкі, а потым лепшыя з іх выконваюцца ўсім класам).
Выкананне песні “Школьныя прыпеўкі”.
- А зараз усе разам праспяваем “Школьныя прыпеўкі”.
Удакладняецца выканальніцкі план песні. Напрыклад, у першым куплеце першы сказ спявае адна вучаніца, а наступны – другая (як бы падбухторваючы адна другую). Другі куплет могуць выконваць толькі хлопчыкі. У трэцім куплеце – “пытаюць” дзяўчынкі, а “адказваюць” хлопчыкі і г.д. Каб песня прагучала больш выразна, можна выкарыстаць рухі (у адпаведнасці з тэкстам).
Уводзіны ў тэму ўрока.
- Як бачна з песень, беларускі народ умеў весяліцца і радавацца жыццю. Але ж праца заўсёды займала і займае ў жыцці чалавека адно з галоўных месцаў. Не выпадкова існуюць прымаўкі і прыказкі аб працы ў кожнага народа. Напрыклад, руская прымаўка – “Без труда нет добра”, беларуская – “Весела пяецца, весела і прадзецца”. Эпіграфам нашага сённяшняга урока з’яўляецца беларуская прымаўка: “З песняю і работа ідзе спарней” (настаўнік вывешвае таблічку з тэкстам на дошцы). Вы згодны з думкаю нашага народа? Дакажыце гэта. (…).
- Сёння мы пагаворым аб працоўных песнях. (Настаўнік чапляе картку “працоўныя песні” да тэмы: “Неабрадавыя песні”). Працоўныя песні – памочнікі чалавека. Яны спяваліся непасрэдна ў працэсе працы. Рытм такіх песень, камандныя воклічы дапамагалі працаваць цэлай групе людзей больш дружна і арганізавана (на вырубліванні леса, на будаўніцтве дома і г.д.). Напрыклад, настаўнік пяе:
Многія працоўныя песні, звязаныя з працай на зямлі, расказваюць аб ёй:
Развучванне песні “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”.
- Услухайцеся, якая праца адлюстравана ў гэтай песні?
Настаўнік спявае песню “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”. (Глядзі падручнік “Музыка 4 клас”).
- Сельскагаспадарчая! Дамашняя!
- Хто ведае, што такое лён, бачыў як ён цвіце, якім колерам? (…). Што робяць са льна? (…). Каб атрымаць льняное палатно, трэба перарабіць шмат працы. Якой? Знайдзіце адказы ў песні “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”. (Вучні звяртаюцца да тэкстаў у падручніку і адпавядаюць настаўніку)
- Як завуць гераіню песні? (Ульяна Іванаўна). Як вы думаеце, чаму амаль што кожны куплет пачынаецца воклікам “Ох?” (…). (Настаўнік чапляе картачку з тэкстам “наяўнасць воклічаў, напрыклад, “Ох” у табліцу “Асаблівасці беларускіх народных песень”). Паслухайце першы куплет і вызначыце на слых (!), якія асаблівасці народнай песні тут сустракаюцца? (Спявае).
- Паўтарэнне музычных фраз, слоў, распеў…
- Развучым песню з дапамогай нагляднасці і, як заўсёды, без суправаджэння, так, як спявалі народныя пяюхі.
Спачатку можна сальфеджыраваць (спяваць па нотах), а можна адразу развучваць са словамі, гледзячы на нотны запіс (ён дапаможа хутчэйшаму асваенню мелодыі). Калі клас можа спяваць на два галасы, песня развучваецца двухгалосна. У гэтым выпадку першы голас могуць спяваць вучні (6-8 чалавек) з добрымі вакальнымі здольнасцямі, другі – астатняя частка класа з дапамогай настаўніка. Калі клас спявае не вельмі добра, песня развучваецца аднагалосна. Але і тут можна ўвесці нескладаны для выканання падгалосак, які можна спяваць на адным ці некалькіх гуках: вышэй, або ніжэй асноўнай мелодыі (як гэта рабілі старадаўнія майстэрскія спявачкі). Няхай вучні паспрабуюць яго скласці самі. Пры развучванні мелодыі і слоў песні, дабівацца ад дзяцей лёгкага, рухавага гуку, у той жа час пявучага; дакладнага распеву ў слове “лянок” у прыпеве. А таксама звярнуць увагу на розныя інтанацыі вокліча “Ох”. Добра, калі чацверакласнікі адчуюць у якім куплеце яго трэба выконваць радасна, а ў якім – з інтанацыяй “стомленасці“, “раздражняльнасці”.
Хатняе заданне.
- Рабяты, песня “Ох, і сеяла Ульяніца лянок” – гульнёвая. Таму яна можа суправаджацца адпаведнымі рухамі, якія імітуюць тыя віды працы, аб якіх пяецца ў песні. Дома прыдумайце рухі да песні. Гэта і будзе вашым творчым заданнем.
Агляд рэпрадукцый.
- А зараз паглядзіце на гэтыя карціны. Вось працуюць рабочыя на заводзе (паказваецца карціна “Ля канвеера МТЗ”), вось калгасніцы вяртаюцца з поля (карціна “На зямлі беларускай”), а вось – будаўнікі (карціна “На рыштаваннях”). Існуе многа іншых карцін, якія ўсхваляюць працу чалавека. Як вы думаеце, чаму і мастакі адлюстроўваюць гэту тэму ў сваёй творчасці? (…). Пагаварыце дома з роднымі аб тым, якое значэнне ў іх жыцці займае праца.
Урок заканчваецца выкананнем “Гімна Беларусі”.
Выхад з класа пад песню “Спадчына”.