Тропы
^ Вверх

ТРОПЫ

 

Троп(гр. τρόπος - паварот, спосаб) - гэта выраз, перанесены з аднаго паняцця, з якім ён нармальна ўжываецца, на другое.

Метафара (гр. μεταφορά – перанясенне, лац. – translatio) - перанясенне прыметы з аднаго прадмета на другі. Напрыклад: Fabius scutum Romanōrum fuit, Marcellus – gladius. Фабій быў шчытом рымлян, Марцэл – мячом.

Сінекдаха(гр. συνεκδοχή – намёк, дамысліванне, лац. – intellectio) - ужыванне часткі замест цэлага і наадварот: hostis (вораг) замест hostes (ворагі), tectum (дах) замест domus (дом).

Метанімія (гр. μετωνυμία – зменаназвы, лац. denominatio) - замена аднаго прадмета ці з’явы другім на аснове неабходнай ці выпадковай сувязі: Mars (Марс) – bellum (вайна), Bacchus (Вакх) – vinum (віно), ferrum (жалеза) – gladius (меч), nobilitas (знаць) – nobiles (знатныя), laurus (лаўр) – victoria (перамога), poculum epotum (выпіты кубак) – vinum epotum (выпітае віно).

Антанамазія (гр. ἀντονομασία – наданнедругогаімя, лац. pronominatio) - замена ўласнага імя (ці агульнага) на агульнае, якое можа быць прыдаткам уласнага імя. Напрыклад: Romānae eloquentiae princeps (глава рымскага красамоўства) – Cicero (Цыцэрон), filius Anchīsae (сын Анхіза) – Aeneas (Энэй).

Персаніфікацыя (гр. προσωποποιία – увасабленне, лац. personificatio) - паказ нежывых істотаў або абстрактных паняццяў як жывых ці дзеючых асобаў. Напрыклад: Ratio est omnium domina et regīna. Розум ёсць для ўсіх гаспадаром і царом.

Алегорыя (гр. ἀλληγορία– іншасказанне, лац. inversio) - наданне канкрэтным вобразам, акрамя свайго, яшчэ і пераноснага значэння. Алегарычны змест маюць прыказкі, прымаўкі, загадкі, байкі і да т.п. Напрыклад: Claudite iam rivos, pueri, sat prata bibunt. Закрыйце, хлопцы, ручаі: лугі напіліся ўволю (гэта значыць: перастаньце спяваць, мы даволі наслухаліся).

Літота (гр. λιτότης – прастата) - паказ прыкмет ці асаблівасцей прадмета або з’явы ў зменшаным выглядзе з мэтай іх узмацнення. Напрыклад: non parvus (не малы), non sine (не без).

Эўфемізм (гр. εὐφημισμός – змякчальны выраз) - слова ці выраз, ужыты ў літаратурнай мове з мэтай пазбегнуць слоў з непрыстойным ці непрыемным значэннем. Напрыклад: suprēmus dies (апошні дзень) замест mors (смерць), vita descidere (адысці з жыцця) замест mori (памерці).

Гіпербала (гр. ὑπερβολή – перабольшванне, лац. superiectio) - гэта перабольшанне сілы, значэння, велічыні, з’явы. Напрыклад: nive candidior (бялейшы ад снега).

Іронія (гр. εἰρωνεία – прыкідванне, насмешка, лац. illusio) - прыхаваная насмешка, здзек, ужыванне слова ў процілеглым значэнні. Напрыклад: Praeclārum custōdem, ut aiunt, lupum! (Воўк, як кажуць, цудоўны вартаўнік!).

Перыфраза (гр. περίφρασις – апісальнасць, лац. circumscriptio) - замена назвы прадмета апісаннем яго характэрных рыс або ўласцівасцей. Напрыклад: divum pater atque hominum rex (бацька багоў і цар людзей) – Juppiter.