СТЫЛІСТЫКА
Лацінская мова вызначаецца яснасцю і канкрэтнасцю выказванняў. Яна часцей ужывае дзеяслоўныя звароты, аб’ядноўвае сказы ў большыя перыяды. У лацінскай мове часцей, чым у сучасных мовах, выкарыстоўваюцца залежныя канструкцыі.
Архаізмы
Архаізмы – гэта словы, граматычныя формы, сінтаксічныя канструкцыі, якія ўжо ў класічны перыяд лічыліся ўстарэлымі. Архаізмамі лічыліся ў гэты час шматлікія выказванні Плаўта, Тэрэнцыя, Лукрэцыя. Для Салюстыя, Лівія, Сенекі, Тацыта ўжыванне архаізмаў з’яўляецца стылістычным метадам. Напр.: siem (=sim), faxo (=fecero) і інш.
Варварызмы
Варварызмамі антычныя пісьменнікі называлі іншамоўныя словы, якія атрымалі права грамадзянства ў лацінскай мове. Напрыклад, кельцкае alauda(жаваранак), этрускае pontifex(жрэц), яўрэйскае manna(дарунак, дар), а таксама грэчаскія словы, якія ўваходзілі ў лацінскую мову стагоддзямі. Вельмі многа грэцызмаў у «Лістах» Цыцэрона, аднак у іншых творах ён іх пазбягае.
Салецызмы
Салецызмы – гэта няправільнасць ва ўжыванні сінтаксічных канструкцый, а таксама памылкі ў адносінах да правіл граматыкі: pessimissimus, proximior.
Неалагізмы
Для называння новых прадметаў і паняццяў у кожнай мове з’яўляюцца новыя словы, а некаторыя звычайныя атрымліваюць новае альбо дадатковае значэнне. Неалагізмамі ў Цыцэрона лічацца beatitūdo, medietas, qualitas, якія ўжываюцца ім асцярожна. Выкарыстоўванне такіх слоў у класічны перыяд было стылістычным прыёмам.
Фамільярная і народная мова
Фамільярнай мовай карыстаецца Цыцэрон у сваіх «Лістах», але старанна пазбягае яе ў літаратурных творах і прамовах.
Лацінскія празаікі нярэдка ўжываюць народныя словы bucca(вусны) замест os, caballus(конь) замест equus, bellus(прыгожы) замест pulcher, vetulus(стары) замест senexі інш., а таксама пяшчотныя словы з per і sub, некаторыя прыслоўі на –ter.
Паэтычныя словы
Часта паэты ўжываюць словы, якіх звычайна пазбягаюць у прозе: архаізмы, неалагізмы, складаныя словы, незвычайныя канструкцыі і інш. Цыцэрон таксама выкарыстоўвае ў сваіх паэтычных творах шмат слоў, якія не сустракаюцца ў яго прозе, напрыклад, auriger(залатаносны), decumoі інш.
Абстрактныя словы
Нягледзячы на характэрную для лацінскай мовы канкрэтнасць выказванняў, з аднаго боку, з другога, яна таксама выкарыстоўвае абстрактныя словы. Напрыклад, hominumvita(жыццё людзей) замест homines(людзі), coniuratio(змова) замест coniurātihomines(звязаныя змовай людзі).
Кожная мова ўжывае абстрактную лексіку ў філасофскіх і навуковых творах. У лацінскай мове гэта яскрава праяўляецца ў Цыцэрона.