Словаўтварэнне
^ Вверх

СЛОВАЎТВАРЭННЕ

 

Словы могуць быць першасныя (primitīva), вытворныя (derivāta), простыя (simplicia) і складаныя (composita).

Першасныя - гэта словы, якія ўтвараюцца ад агульных асноў або першасных каранёў: dux < duc-s, duco < duc-o, laus < laud-s.

Вытворныя - гэта словы, якія ўтвараюцца ад другіх далучэннем суфіксаў, прыставак, інфіксаў: ex-plic-a-bil-is.

Простыя словы ўтвараюцца ад адной асновы: pax, mons, mores.

Складаныя словы ўтвараюцца пры дапамозе двух ці болей слоў: iuris-dictio, anim-ad-verto.

Вытворнымі могуць быць назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі. Словы, якія ўтвараюцца ад дзеясловаў, называюцца verbalia (verbatīva), а тыя, што ўтвараюцца ад імёнаў, - nominalia (nominatīva).

 

Substantīva derivāta (вытворныя назоўнікі)

Substantīva verbalia (verbatīva) утвараюцца ад агульнай дзеяслоўнай асновы або асновы супіна пры дапамозе розных суфіксаў:

  • -tor, -sorуказваюць на асобу (persōna agens), якая дзейнічае: ora-tor, audi-tor, defen-sor. Адпаведныя назоўнікі жаночага роду ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -trix: vic-trix;
  • -or, -os, -tio (-sio), -tus (-sus), -ium (-ia) указваюць на пачуцці, дзеянне, стан, вынік, месца: hon-or, am-or, fruc-tus, sen-sus, man-sio, ac-tio, gaud-ium, grat-ia;
  • -men, -mentum, -trum, -brum, -crum, -culumабазначаюць сродак або носьбіта дзейнасці, прыладу або месца дзеяння: ag-men, orna-mentum, ara-trum, candella-brum, lava-crum, cubi-culum.

Substantīvanominalia (nominatīva) утвараюцца ад другіх назоўнікаў пры дапамозе:

  • -ulus (-olus), -ellus, -culus, -illus, якія надаюць назоўнікам значэнне пяшчотнасці, памяншальнасці, а часам легкадумнасці ці ганарлівасці: hort-ulus, oti-olum, fab-ula, as-ellus, spe-cula, lap-illus. Род гэтых назоўнікаў залежыць ад роду тых назоўнікаў, ад якіх яны ўтварыліся;
  • -tas, -tudo, -ia, - tia, -tiesуказваюць на якасць, становішча, стан, уласцівасць: liber-tas, forti-tūdo, audac-ia, amici-tia, plani-ties;
  • -ina, -trina ўказваюць на жаночае імя, прафесію ці месца, дзе што-небудзь выконваюць: reg-īna, doc-trīna;
  • -ariusуказвае на асобу, якая выконвае дзеянне: sagitt-arius;
  • -arium, -etumабазначаюць зборныя назоўнікі або месца, дзе што-небудзь захоўваецца: aer-arium, oliv-ētum;
  • -ides, -ites(грэчаскія суфіксы) указваюць на паходжанне: Pel-ides - сын Пелея. Назоўнікі, якія паходзяць ад імён бацькоў або продкаў, называюцца - patronimica - па бацьку.

 

Adiectīva derivāta(вытворныя прыметнікі)

Adiectīva verbalia - прыметнікі, якія паходзяць ад дзеясловаў. Яны ўтвараюцца пры дапамозе:

  • -bundus, -ax, -ulus, -olus, -cundus, -ĭdus, якія абазначаюць уласцівасць: mori-bundus, trem-ulus, ver-ax, iu-cundus, tim-idus;
  • -bilis, -ilis, -uusуказваюць на прыгоднасць, здольнасць або якасць: ut-ilis, ama-bilis, vac-uus.

Adiectīvanominalia - прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў ці прыметнікаў пры дапамозе:

  • -n(e)us, -eus указваюць на матэрыял або прыналежнасць: ebur-neus (ebur-nus), ae-neus, pater-nus, ferr-eus;
  • -icus, -ivus, -ius, -arius, -aris, -alis, -icius, -anus, -inus, -īlisабазначаюць уласцівасць ці прыналежнасць: Pun-icus, capt-īvus, patr-ius, reg-ālis, necess-arius, popul-āris, patr-icius, urb-ānus, div-īnus, puer-īlis;
  • -ensis, -ester, -estisдаюць характарыстыку за месцазнаходжаннем: camp-ester, prat-ensis, cael-estis;
  • -tus, -atus, -osus, -lentusабазначаюць валоданне, нястачу або празмернасць: al-tus, dent-ātus, aqu-ōsus, opu-lentus;
  • -ulus, -olus, -ellus, -illusуказваюць на памяншэнне, пяшчотнасць: vent-ulus, aure-olus, nov-ellus, pus-illus.

 

Verbaderivāta(вытворныя дзеясловы)

Verbainchoatīva - дзеясловы, якія выражаюць пачатак ці наступленне дзеяння або стану, утвараюцца пры дапамозе суфікса -scere: cre-scere, habe-scere.

Verbaiteratīva - дзеясловы, якія выражаюць паўтарэнне дзеяння (часам толькі ўзмацненне - verbaintensīva) і ўтвараюцца пры дапамозе суфіксаў -tare, -sare, -(t)itare: cap-tāre, dic-titāre, rog-itāre, cur-sāre.

Verbadesideratīva - дзеясловы, якія абазначаюць імкненне да дзеяння, утвараюцца пры дапамозе суфіксаў -urire, -turire, -surire, -essere: cena-turīre, es-urīre, cap-essere.

 

 

Adverbiaderivāta(вытворныя прыслоўі)

Прыслоўі, утвораныя ад дзеясловаў, заканчваюцца на -tim, -sim: nominā-tim, sen-sim.

Прыслоўі, утвораныя ад назоўнікаў ці прыметнікаў, заканчваюцца таксама: virī-tim, vicis-sim.

 

Verba composita (складаныя словы)

У складаных слоў першая частка вызначае другую і называецца дэтэрмінантам, а другая - асноўнай. Напрыклад: agri-cultūra, agri-cola, agri- дэтэрмінант; cola, cultūra - асноўная частка.

Пры ўтварэнні складаных слоў адрозніваюць складанне (compositio) і збліжэнне (iuxtapositio). Пры збліжэнні можна вылучыць кампаненты складанага слова, якія былі калісьці самастойнымі словамі і толькі пазней сталі абазначаць адно цэлае: magnopere < magno opere.

Пры складанні такое выдзяленне ўжо немагчымае: armiger < arma gerens, triennium < spatium trium annōrum.

Аднак мяжа паміж гэтымі двума спосабамі словаўтварэння вельмі хісткая.

 

Compositio

У складаных словах дэтэрмінантам з’яўляецца імя, а злучальным галосным -і-.

Дэтэрмінантамі могуць быць:

  • назоўнікі: caeli-cola, iu-dex, armi-ger;
  • прыметнікі: magn-animus, magni-ficus;
  • дзеясловы: aedi-fico.

 

Iuxtapositio

  • назоўнікі: agri-cola, tres-viri, iuris-dictio;
  • прыметнікі: veri-similis, sacro-sanctus;
  • дзеясловы: bene-dico, pos-sum;
  • прыслоўі: de-inde, se-dulo (se dolo).