УВОДЗІНЫ
Лацінская мова (Lingua Latīna) – гэта мова старажытных жыхароў Лацыя (Latium), невялікай вобласці ў сярэдняй Італіі. Жыхары Лацыя называліся лацінамі (Latīni), іх мова – лацінскай.
Менавіта Лацыю пашанцавала – паводле традыцыйнай рымскай легенды - прыняць Энея, які ўцёк з захопленай грэкамі Троі, а яго далёкаму нашчадку Ромулу суджана было стаць заснавальнікам і першым царом Рыма (753 г. да н.э.). І менавіта Рым, на першых парах усяго толькі сталіца Лацыя, дзякуючы сваёй экспансіянісцкай палітыцы, авалодаў спачатку ўсёй Італіяй, а потым басейнам Міжземнага мора і стаў сталіцай Рымскай імперыі. І хоць улада і палітычны ўплыў рымлян распаўсюджваліся далёка за межы Лацыя і іх мова стала мовай усёй імперыі, яе па-ранейшаму называлі лацінскай. Пад уплывам старажытнай культуры Грэцыі (скарылася Рыму ў ІІ ст. да н.э.) рымляне стварылі сваю яркую і багатую культуру. Побач з імёнамі вядомых грэчаскіх мысліцеляў, паэтаў, мастакоў, такіх, як Дэмакрыт, Арыстоцель, Гіпакрат, Эсхіл, Арыстафан, Фідзій і іншых, па праву стаяць імёны выдатных прадстаўнікоў рымскай культуры - Лукрэцыя, Вергілія, Гарацыя, Авідзія, Цыцэрона, Цэльса.
У V ст.н.э. Рымская імперыя распалася, але спадчына яе (мова, літаратура, права, адукацыя, рэлігія, навука) працягвала жыць, перанятая варварскімі дзяржавамі Еўропы, якія толькі зараджаліся. Доўгі час, больш за тысячу гадоў, лацінская мова была адзінай мовай пісьменства, паколькі жывыя народныя мовы выкарыстоўваліся пераважна для побытавых зносін. Яшчэ ў эпоху Адраджэння быць адукаваным азначала валодаць латынню. Захоўваўся сфармуляваны ў часы позняй антычнасці падзел людзей на litterāti – адукаваных, тых, што ведаюць лацінскую мову, і illitterāti, або idiōtae – неадукаваных, якія валодаюць толькі роднай мовай.
Вывучаючы антычную літаратуру, гісторыю, культуру, антычныя мовы, мы звяртаемся да нашай еўрапейскай гісторыі і яе асмыслення ў нашай культуры. Галоўная мэта вывучэння антычных моў – гэта пошук крыніц, культурных сувязяў, духоўнай спадчыны, сапраўднага гуманізму. Адно з першых лацінскіх слоў, якое ведаюць студэнты, - самае высокае па змесце - слова homo - чалавек, таксама humanus - чалавечы. Адсюль - «гуманізм», «гуманны». Вельмі важна, асабліва сёння, звярнуць увагу, што, зыходзячы з этымалогіі слова humus (зямля), гуманізм перадвызначае гуманныя, уважлівыя адносіны не толькі да сябе падобных, але і да зямлі. Існує думка, што без гуманізму, які выхоўваецца гуманітарнай адукацыяй, пабудаванай на класічнай традыцыі, інтэлект не толькі недастатковы але і небяспечны.
Веданне антычнай культуры дапамагае збліжэнню нашага грамадства з еўрапейскай цывілізацыяй і спрыяе развіццю складанага агульнагістарычнага працэса – працэса вызвалення ад варварства. А само вывучэнне лацінскай мовы з яе афарызмамі, якія ўвабралі ў сябе ўсю антычную мудрасць многіх пакаленняў, чытанне антычных аўтараў з інтэрпрэтацыяй іх тэкстаў найбольш спрыяюць «дэварварызацыі» нашага грамадства, гуманізацыі палітычнай і агульнакультурнай сфер грамадскага жыцця.
Не менш важную ролю лацінская мова выконвае ў павышэнні духоўнасці чалавека. У антычнасці лічылі, што ўсё, што робіць чалавек як homo sapiens, павінна быць дасканалым, а звычайнае слова, тэрмін можа служыць крыніцай эмоцый, можа выхоўваць.
Велізарная каштоўнасць лацінскай мовы заключаецца ў падрыхтоўцы высокаадукаваных спецыялістаў з глыбокімі ведамі філалагічнай тэрміналогіі, у разуменні глыбінных сувязяў роднай мовы з многімі індаеўрапейскімі.І няма лепшага спосаба ўвесці навучэнца ў свет Мовы, чым вывучэнне лацінскай мовы, якая з’яўляецца адной з найстарэйшых індаеўрапейскіх моў, роднаснай германскім, славянскім, іранскай, індыйскай і некаторым іншым. Вывучэнне латыні дае гістарычны погляд на мовы і іх развіццё, дапамагае лепш зразумець моўныя з’явы, якія працягваюць жыць у сучасных мовах. Добра вядома, што лацінская і грэчаская мовы, якія заклалі асновы сусветнай навуковай тэрміналогіі, да сённяшняга дня з’яўляюцца крыніцай стварэння новых тэрмінаў.
Сваё значэнне лацінская мова не страціла і сёння. Яна жыве не толькі ў сучасных раманскіх мовах, словамі лацінскага і грэчаскага паходжання багата лексіка кожнай з еўрапейскіх моў, у тым ліку і славянскіх, напрыклад: рэспубліка, прагрэс, культура, інстытут, студэнт і г.д.
Лацінская мова жыве ў друкаваным слове, пашырае агульнаадукацыйны кругагляд, развівае лагічнае мысленне і садзейнічае агульнай лінгвістычнай падрыхтоўцы, далучаючы нас да агульначалавечых каштоўнасцей.
На Беларусь латынь пачала пранікаць амаль адначасова з польскай мовай, асабліва пасля Брэсцкай уніі 1596 года. У гэты час лацінская мова паралельна з польскай стала адным з асноўных прадметаў навучання ў шматлікіх каталіцкіх і уніяцкіх школах, заснаваных у Беларусі. Вывучалі латынь і ў праваслаўных брацкіх школах. Таму нямала лексічных запазычанняў з лацінскай мовы ёсць у беларускай мове. Гэта тычыцца не толькі навуковай тэрміналогіі, якая ў большасці з’яўляецца міжнароднай, але й агульнаўжывальных слоў. Яны так глыбока праніклі ў нашу мову, што мы не ўспрымаем іх як словы іншамоўнага паходжання. Напрыклад, scrinium (скрыня), acētum (воцат), vinum (віно), coepula (цыбуля), kalendarium (каляндар), corōna (карона), composta (капуста), lectio (лекцыя), color (колер), cultūra (культура) і шмат іншых.
Доўгі час лацінская мова была мовай навуковых і мастацкіх твораў. Па-лацінску пісалі свае працы Капернік, Каменскі, Спіноза, Эразм Ратэрдамскі, Томас Мор, Ламаносаў, Феафан Пракаповіч, Мікола Гусоўскі («Песня пра зубра») і інш.
Катастрафічнае няведанне антычных моў на працягу апошняга стагоддзя прычыніла вялізную шкоду развіццю многіх гуманітарных дысцыплін у нашай краіне. Лацінская мова неабходна філолагу пры вывучэнні антычнай і сярэдневяковай літаратуры, мовазнаўства, у прыватнасці, гістарычнай граматыкі індаеўрапейскіх моў, для правядзення навуковых даследаванняў. Нават глыбокае і грунтоўнае разуменне роднай мовы будзе немагчыма без авалодання лацінскай мовай. І нарэшце, каб бліжэй пазнаёміцца з еўрапейскай культурай, неабходна спасцігнуць яе крыніцу - антычную культуру.
Класічная філалогія заўсёды лічылася дысцыплінай, якая давала цудоўную агульную адукацыю, што дасягалася раней у класічных гімназіях, а сёння – у нязначным об’ёме толькі ў межах універсітэцкага курса.
Паводле праведзенага нядаўна за мяжой сацыялагічнага даследавання сярод вядучых кіраўнікоў буйных фірм, канцэрнаў, банкаў і іншых індустрыяльна-прамысловых і фінансавых устаноў найбольш паспяховымі выявіліся тыя, што закончылі гуманітарныя гімназіі з вывучэннем антычных моў. Ад калег з іншай адукацыяй іх выгадна адрознівалі духоўныя і разумовыя здольнасці рэагаваць на навакольны свет, граматна ставіць пытанні і знаходзіць правільныя адказы на іх, шырокі кругагляд і агульнагуманітарны падыход да людзей і праблем.
З нядаўняга часу ў нашу лексіку ўвайшло паняцце «агульнаеўрапейскі дом», які падзелены на шмат нацыянальных «кватэр». Аднак народы, якія тут жывуць, аб’ядноўвае агульная гісторыя і традыцыя, усе яны маюць адзіны падмурак, які быў закладзены антычнай грэка-лацінскай цывілізацыяй. Яе спадчыну, як аснову еўрапейскай цывілізацыі, выкарыстоўвае ўся еўрапейская культура, пабудаваная як дыялог з антычнасцю, з яе неўміручымі каштоўнасцямі.