ФІГУРЫ
Фігура (гр. σχήμα – вобраз, лац. figūra) – спецыфічная пабудова сказаў для дасягнення вобразнасці, эмацыянальнасці, прыгажосці.
Асіндэтан (гр. ἀσύνδετον – бяззлучнікавасць, лац. dissolutio) - пропуск злучніка паміж часткамі сказа. Напрыклад: Veni, vidi, vici. Прыйшоў, убачыў, перамог.
Полісіндэтан (гр. πολυσύνδετον – многазлучнікавасць, лац. multiplicatio coniunctiōnum) - шматразовае ўжыванне аднаго і таго ж злучніка паміж часткамі сказа. Напрыклад: Horae sunt et dies et menses et anni. Гадзіны ёсць i дні, і месяцы, і гады.
Эліпсіс (гр. ἔλειψις – пропуск, недахоп) - пропуск аднаго або болей слоў, звычайна дзеясловаў, якія не падразумяваюцца з папярэдняга сказа, як правіла, прапускаюцца дзеясловы est, sunt, dicit, inquit, ait і інш. Такая фігура сустракаецца часцей у прыслоўях. Напрыклад: Omnia praeclāra rara. Усё цудоўнае – рэдкае.
Апасіапеза (гр. ἀποσιώπησις – умаўчанне, лац. reticentia) - моўная фігура, якая заключаецца ў тым, што аўтар пад уплывам нейкіх абставін (пераважна пачуццяў) не дагаворвае сваёй думкі. Напрыклад: Si perficitis, quod agitis, me ad vos venīre oportet; sin autem... sed nihil opus est reliqua scribere. Калі вы выканаеце тое, чым займаецеся, мне трэба да вас прыйсці; калі ж ...але навошта пісаць рэшту?
Выгук (гр. ἐκφώνησις, лац. exclamatio): O tempora, o mores! О часы, о норавы!
Рытарычнае пытанне (гр. ἐρώτησις – пытанне, лац. interrogatio rhetorica) - пытанне, якое не патрабуе адказу, але прадбачае, якім ён будзе. Напрыклад: Canis nonne similis lupo? Хіба сабака не падобны да ваўка?
Паўтарэнне (гр. πολυλογία, лац. iteratio) – ужыванне ў сказе некалькі разоў аднаго і таго ж слова ці выразу. Яно выступае ў некалькіх формах:
- анафара (гр. ἀναφορά) – паўтарэнне слова ці выразу ў пачатку сказа ці некалькіх сказаў. Напрыклад: Multa, quum essem consul, de summis rei publicae periculis audivi, multa quaesivi, multa cognōvi… Шмат, калі я быў консулам, я пачуў аб вялікіх небяспеках для рэспублікі, шмат разведаў, шмат даведаўся...
- эпіфара (гр. ἐπιφορά, лац. conversio) – паўтарэнне аднаго і таго ж слова ці выразу ў канцы некалькіх частак сказа ці некалькіх сказаў. Напрыклад: Poenos populus Romānus iustitia vicit, armis vicit, liberalitāte vicit. Рымскі народ перамог пунійцаў справядлівасцю, перамог зброяй, перамог вобразам думак і дзеяння вольных грамадзян.
- сімплака (гр. συμπλοκή, лац. complexio) – аб’яднанне анафары з эпіфарай. Напрыклад: Quem senātus damnārit, quem populus Romānus damnārit, quem omnium existimatio damnārit, eum vos sententiis vestris absolvētis? Вы апраўдаеце сваімі галасамі таго, каго сенат асудзіў, каго рымскі народ асудзіў , каго грамадская думка асудзіла?
- падвойванне (гр. ἀναδίπλωσις, лац. geminatio) – паўтарэнне аднаго і таго ж слова з пэўным націскам. Напрыклад: Fuit, fuit ista quondam in hac re publica virtus. Была, была калісьці ў нашай дзяржаве гэта доблесць.
Алітэрацыя (гр. παρόμοιον, ὁμοιοπρόφορον, лац. alliteratio) – ужыванне ў сказе слоў з адным і тым жа гукам. Напрылад: O Tite, tute Tati, tibi tanta, tulisti. О, Татыевы Ціт, столькі ты нанёс сабе, абаронены тыран.
Аксімаран (гр. ὀξύμωρον – дасціпная бязглуздасць) – гэта разнавіднасць іроніі, аб’яднанне спрэчных паняццяў у адно цэлае. Напрыклад: Cum tacent, clamant. Калі маўчаць, крычаць.
Хіазм (гр. χιασμός – перакрыжаванае размяшчэнне) – гэта дыяганальнае размяшчэнне членаў сказа на ўзор грэчаскай літары χ. Першы член аднаго сказа адпавядае чацвёртаму, а другі – трэцяму. Напрыклад: Cimbri in proelio exultant lamentantur in morbo. Кімбры ў бітве радуюцца, наракаюць у хваробе.
Паралелізм (гр. παράλληλος – той, які ідзе поруч) – паўтарэнне падобнага размяшчэння слоў у сказе. Напрыклад: Ausi sunt transīre latissimum flumen, ascendere altissimas ripas, subīre iniquissimum locum. Яны адважыліся перайсці вельмі шырокую раку, падняцца на вельмі высокія берагі, прыйсці на вельмі няроўнае месца.
Антытэза (гр ἀντίθεσις – проціпастаўленне, лац. oppositio, contentio, contrapositio) – аб’яднанне супрацьлеглых выразаў. Напрыклад: Ars longa, vita brevis est. Мастацтва даўгавечнае, жыццё кароткае.
Градацыя (гр. κλίμαξ – лесвіца, сходы, лац. gradatio) – нанізванне выразаў з усё больш узмоцненым значэннем. Напрыклад: Si stas, ingredere; si ingrederis, curre; si curris, advola. Калі стаіш, ідзі; калі ідзеш, бяжы; калі бяжыш, ляці.
Зеўгма (гр. ζεῦγμα – ярмо, аб’яднанне) – аб’яднанне некалькіх слоў або выразаў адным дзеясловам, які зместам падыходзіць толькі да аднаго з іх, а для іншых – падразумяваецца. Напрыклад: Germanicus, quod arduum, sibi, cetеra legātis permīsit. Германік цяжкае сабе [узяў], другое даручыў легатам.
Апастрофа (гр. ἀποστροφή – адхіленне, адварочванне, лац. invocatio) – звяртанне да адсутнай асобы як да прысутнай, да нежывой з’явы як да жывой. Напрыклад: Musa, mihi causas memora… Муза, нагадай мне прычыны...