Практыкаванні
^ Вверх

Практыкаванні

1. Складзіце па адным прыкладзе распарадчага, арганізацыйнага, арганізацыйна-распарадчага і інфармацыйна-даведачнага дакумента. Назавіце асноўныя адрозненні паміж дадзенымі дакументамі.

 

2. Напішыце заяву з просьбай: а) перавесці на індывідуальны графік заняткаў; б) паслаць на практыку ў той раён, дзе жывуць вашы бацькі; в) выплаціць вам матэрыяльную дапамогу; г) дазволіць вам датэрмінова здаць залікова-экзаменацыйную сесію. Укажыце неабходныя для заявы рэквізіты.

 

3. Карыстаючыся дапаможнікам па “Беларускай мове (прафесійнай лексіцы)”, складзіце план структуры напісання пратакола. Выпішыце словы і выразы, якія найбольш характэрны для пратакола. Якія дзве функцыі ўключае ў сябе пратакол?

 

4. Прачытайце ў часопісе “Беларуская мова і літаратура ў школе” (1990г., №9) артыкул Л.Гарэлік “З вераю ў роднае слова”. Выпішыце фрагменты аўтабіяграфіі Ніла Гілевіча. Адкажыце, чаму ў некаторых аўтабіяграфіях з’яўляецца нормай больш падрабязнае апісанне пэўных жыццёвых этапаў або разгорнутыя разважанні?

 

5. Падрыхтуйце тэксты афіцыйна-дзелавога (дагавор, ліст-напамінанне, даведка і інш.) стылю, выкарыстаўшы асобныя спецыяльныя словы і выразы з прыведзеных. 

Адказчык, заяўнік, кватэранаймальнік, пастанова, устаноўчы дагавор, тарыфная стаўка, статутны фонд.

 

6. Складзіце распіску на атрыманне: а) грашовай сумы ад прыватнай асобы; б) фота- і аўдыё апаратуры для педагагічнай практыкі. Назавіце неабходныя для распіскі рэквізіты.

 

7. Вызначце асноўныя патрабаванні да напісання працоўнага дагавора і даручэння. Складзіце самастойна працоўны дагавор.

 

8. Прачытайце і прааналізуйце тэкст. Знайдзіце лагічныя памылкі і выпраўце іх. 

У саўгасе “Прамень” пабудавана новая жывёлагадоўчая ферма. Яна абсталявана па апошнім слове тэхнікі: механізавана раздача кармоў, ёсць аўтапаілкі, асфальтаваны цэнтральны праход. Уваходзіш, і не верыцца, што гэта тая самая вёска, гаспадарка якой яшчэ пяць — шэсць гадоў таму лічылася сярод самых адстаючых. Вакол чыстата, парадак. Даяркі ў белых халатах. Электрычнасць. Хораша тут стала!

 

9. Прачытайце тэкст. Выпраўце памылкі, якія дапушчаны пры афармленні дакумента.

 

Выпіска

з рашэня агульнага сходу працоўных і служачых глаўбудтрэста

Павестка дня

1. Аб адкрыцці новай фабрыкі-пральні да Новага года — пахвальным жаданні зрабіць вольнымі нашых жанчын-гараднянак ад працоўных турбот.

Выступаючыя адзначылі бойкі пачатак будаўніцтва камбіната. Калектыў будаўнікоў сёмага трэста у кароткі тэрмін пабудавалі корпус. Наступіў час уключацца ў стварэнне фабрыкі субпадрадным арганізацыям: гэта трэсту №12, Гроднанафтахіммантажу і інш. Але кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў не спяшаюцца пасылаць на аб’ект рабочых.

У гэтым годзе трэба будзе асвоіць 772 тысячы рублёў. Прайшло шэсць месяцаў, а выканана на 220 тысяч рублёў. Будоўлі не хапае бетону, раствору. У гэтым вінаваты трэст №14.

 

10. Прааналізуйце тэкст пісьма. Які фактычны матэрыял у ім з’яўляецца лішнім? Ці правільна напісаны адказ. Складзіце варыянты пісьма-запыту і пісьма-адказу. 

Паважаныя! Я скончыў тры курсы дзённага аддзялення хіміка-тэхналагічнага інстытута і з 1997 года працую на Лідскім лакафарбавым заводзе на пасадзе зменнага майстра і вучуся на завочным аддзяленні інстытута. З 1996 года супрацоўнічаю ў сцянным і мнагатыражным друку, маю апублікаваныя работы.

Вельмі прашу паведаміць, на якіх умовах магчымы перавод на факультэт журналістыкі з тэхнічнага ВНУ. Якія прадметы патрэбна даздаваць? Якія неабходныя дакументы для пераводу?

 

Перавод на факультэт журналістыкі магчымы толькі з факультэтаў і аддзяленняў журналістыкі дзяржаўных універсітэтаў. Пытанне аб пераводзе вырашаецца персанальна камісіяй па пераводах, якая працуе ў другой палове чэрвеня кожны год. Студэнты тэхнічных ВНУ могуць паступіць на факультэт журналістыкі толькі на агульных асновах на першы курс.

 

11. Напішыце справавыя лісты: пра пастаўку камп'ютэраў; прэтэнзія аб неаплаце за педагагічную практыку; пра запрашэнне на міжнародную канферэнцыю і інш.

 

12. Складзіце рэзюме для атрымання пасады: а) сацыяльнага педагога ў школе; б) дэфектолага ў дзіцячым садку; в) псіхолага на прадпрыемстве; г) псіхолага ў фірме.