2.2.2 Узаемадзеянне паміж спецыяльнымі і агульнаўжывальнымі словамі
^ Вверх

2.2.2 Узаемадзеянне паміж спецыяльнымі і агульнаўжывальнымі словамі

Паміж спецыяльнай і агульнаўжывальнай лексікай існуе пастаяннае ўзаемадзеянне: частка агульнаўжывальных слоў становіцца тэрмінамі, а многія тэрміны пранікаюць у літаратурную мову. Згодна з існуючымі поглядамі на паняційны змест тэрмінаў і агульнаўжывальных слоў, апошнія выражаюць агульныя, зразумелыя і вядомыя ўсім паняцці. Напрыклад, параўнаем значэнні некаторых агульнаўжывальных слоў (АС) і тэрмінаў (Т): дзяцінства (АС) — 1. Дзіцячая пара; дзіцячыя гады. Шчаслівае дзяцінства. Яго дзяцінства прайшло ў вёсцы. 2. Па-дзіцячаму легкадумныя паводзіны, учынкі. Яму не маглі дараваць гэтага дзяцінства. (ТСБЛМ, с.180) і дзяцінства (Т) — этап развіцця чалавека, які папярэднічае даросласці і характарызуецца інтэнсіўным ростам арганізма і фарміраваннем вышэйшых псіхічных функцый. Дзяцінства па міжнародным нормам, якія замацаваны ў Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, ахоплівае перыяд жыцця ад нараджэння да прыблізна малодшага юнацкага ўзросту (ПС, с.36); трывога (АС) — неспакой, моцнае душэўнае хваляванне, выкліканае страхам, небяспекай і пад. Трывога за лёс дзяцей. 2. Шум, перапалох, мітусня. Усе крычалі, адчувалася моцная трывога. 3. Небяспечнае становішча, а таксама сігнал, які апавяшчае аб ім. Паветраная трывога (ТСБЛМ, с.664) і трывога (Т) — прыўзнятая схільнасць чалавека перажываць хваляванне, небяспеку ў самых розных сітуацыях, у тым ліку і ў такіх, грамадскія характарыстыкі якіх да гэтага не прадвызначаны. Трывога малодшых школьнікаў найчасцей праяўляецца ў навучальным працэсе (ПС, 151).

З прыведзеных прыкладаў бачым, што ў агульнаўжывальных словах выражаецца перш за ўсё інфармацыя пра пачуццёва ўспрымальныя прадметы і з’явы навакольнага асяроддзя і вельмі часта — пра эмацыянальны стан чалавека, звязаны з уздзеяннем на яго гэтых прадметаў і з’яў. У тэрмінах на першы план выходзіць інфармацыя пра лагічныя абагульненні якасцей, уласцівасцей, прымет, якія адносяцца да пэўных груп, класаў, аднародных па гэтых якасцях, уласцівасцях і прыметах. Эмацыянальная афарбоўка слоў страчвае сваё першаснае значэнне, калі слова набывае нейкае прафесійнае значэнне і становіцца тэрмінам з іншым лексічным значэннем. Але гэта не значыць, што словы агульнага ўжывання лагічна не абагульняюць прадметы і з’явы. Аднак ступень абагульнення тут іншая, яна не ўзнімае свядомасць на ўзровень адцягнення логікі ад эмоцый.

Такім чынам, тэрмін любой галіны ведаў выражае спецыяльнае прафесійнае паняцце, калі ён ужываецца ва ўмовах спецыяльнай камунікацыі: у пісьмовых тэкстах або вусным маўленні спецыялістаў. А агульнаўжывальныя словы выражаюць бытавыя паняцці або агульныя ўяўленні; прычым межы паміж бытавым паняццем і агульным уяўленнем вельмі ўмоўныя. У той жа час і тэрміны, і словы, і словазлучэнні агульнага ўжывання здольны называць прадметы і выражаць паняцці пра іх у залежнасці ад камунікацыйных задач свайго функцыянавання; прычым тэрмін, які ўжываецца ў мастацкім тэксце, здольны рэалізаваць не спецыяльнае прафесійнае, а бытавое паняцце або агульнае ўяўленне, і разам з тым часткова рэалізаваць уласнае значэнне, звычайна суадносячыся з прадметам, але не з паняццем.