§1. Агульнаўжывальная лексіка
^ Вверх

§1. Агульнаўжывальная лексіка 

Да агульнаўжывальнай лексікі адносяцца словы, выкарыстанне якіх не залежыць ад месца жыхарства, прафесіі, сацыяльнага становішча людзей, не абмежавана моўнай сітуацыяй (стылем, жанрам, формай мовы), прыналежнасцю да той ці іншай часціны мовы. Агульнаўжывальнымі могуць быць словы ўсіх лексіка-граматычных класаў: назоўнікі (школа, шчасце, каханне), прыметнікі (белы, дарагі, малады), дзеясловы (радавацца, хваліць, вучыцца), лічэбнікі (пяць, тысяча, адна другая), прыслоўі (важна, добра, моцна), займеннікі (я, нейкі, што), прыназоўнікі (аб, каля, у), злучнікі (а, ці, або), часціцы (аж, не, нават), выклічнікі (ах, гэй, о). Такія словы маюць устойлівую семантыку, з’яўляюцца агульназразумелымі і выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях мовы.

У межах агульнаўжывальнай лексікі могуць быць вылучаны розныя лексіка-семантычныя катэгорыі (амонімы, сінонімы, антонімы, паронімы), прадметна-тэматычныя і лексіка-семантычныя групы слоў, іншыя формы сістэмных адносін. А гэта значыць, што агульнаўжывальная лексіка з’яўляецца найбольш важнай часткай слоўніка нацыянальнай мовы, складае ядро лексічнай сістэмы, на базе якога адбываецца яе далейшае ўзбагачэнне і ўдасканаленне.