6.3. Праблемы ўдасканалення адзінага прававога класіфікатара
^ Вверх

6.3. Праблемы ўдасканалення адзінага прававога класіфікатара

 

Гісторыя развіцця і сістэматызацыі заканадаўства сведчыць пра тое, што істотныя змены ў сістэме дзеючых крыніц пазітыўнага права практычна заўсёды суправаджаліся зменамі прававых класіфікатараў, якія перыядычна ўдакладняліся як па назве, так і па структуры зместу. Часцей за ўсё такія змены былі абумоўлены зменамі ў аб’ёме нарматыўнага матэрыялу. Колькасны рост, а таксама якасныя змены ў крыніцах пазітыўнага права. якія былі абумоўлены ўключэннем у прававое рэгуляванне грамадскіх адносін, на якія раней прававое ўздзеянне не распаўсюджвалася, прыводзілі да неабходнасці «знаходжання месца» ў дзеючых класіфікатарах для новых відаў крыніц пазітыўнага права. Такі шлях эвалюцыі прававых класіфікатараў можна лічыць тыпічным і добра вывучаным: калі нешта і змяняецца, дык гэта галоўным чынам датычыць методыкі, радзей – метадалогіі класіфікацыі крыніц права, тэхналогіі апрацоўкі і размяшчэння нарматыўнага матэрыялу.

Прынцыпова новыя магчымасці ў справе ўдасканалення Адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь з’явіліся пасля таго, як былі створаны Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь (раней – НЦЗД), Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (НЦПІ), Эталонны банк дадзеных прававой інфармацыі (ЭБДПІ) і іншыя элементы і кампаненты Дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (ДСПІ). У гэтых умовах вельмі яскрава бачацца два шляхі ўдасканалення Адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь [24]. Кожны з іх абапіраецца на некаторыя агульныя метадалагічныя варункі і ўлічвае тэндэнцыі развіцця прававой сістэмы, заснаваны на прынятых формах і відах сістэматызацыі заканадаўства. Першы разлічаны прыкладна на пяць гадоў і ўлічвае бліжэйшыя рубяжы развіцця нацыянальнай прававой сістэмы і сістэмы крыніц пазітыўнага права, а другі разлічаны на даволі працяглую перспектыву, не менш за дзесяць гадоў, і вынікае з больш агульных тэндэнцый развіцця нацыянальнай прававой сістэмы і ўсіх форм існавання права.

Сутнасць першага шляху ў тым, што Адзіны прававы класіфікатар і далей будзе ўяўляць сабой сродак класіфікацыі, упарадкавання і аптымальнага размяшчэння дзеючых крыніц пазітыўнага права па папярэдне распрацаванай схеме. Другі шлях: Адзіны прававы класіфікатар будзе паступова развівацца ў напрамку ўключэння ў яго не толькі ўсіх крыніц дзеючага пазітыўнага права, але таксама і іншых форм права і перш за ўсё такіх, напрыклад, іх праяў, як правапрымяняльная практыка, прававая навука і г.д. У першым выпадку адзіны прававы класіфікатар у перспектыве можа пераўтварыцца ў «каталог», «даведнік», сродак «размяшчэння» і ўпарадкавання не толькі заканадаўства ў шырокім сэнсе слова, а і ўсіх дзеючых у нашай нацыянальнай сістэме відаў крыніц права, а таму цалкам натуральна будзе змяніць яго назву: Адзіны прававы класіфікатар павінен стаць класіфікатарам нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь. Справа тут у тым, што тэрмінам «нарматыўныя акты» Асноўны закон нашай дзяржавы абазначае ўсе віды крыніц сучаснага беларускага права: нарматыўныя прававыя акты, дагаворы нарматыўнага зместу, прававыя звычаі, прававую навуку і г.д.

Сутнасць другога шляху ўдасканалення дзеючага адзінага класіфікатара ў працяглых абнаўленні і рэканструкцыі зместу класіфікатара. Тут патрабуецца выйсці за межы крыніц пазітыўнага права і дапоўніць змест класіфікатара элементамі іншых форм (іпастасей) дзеючага права. У гэтым выпадку давядзецца правесці, канешне ж, вялікую работу па адборы, сістэматызацыі, класіфікацыі і іншым упарадкаванні гэтых новых дадзеных, прывядзенні іх у сістэму, прыдатную для выкарыстання. Вельмі складана будзе класіфікаваць, напрыклад, навуковыя дадзеныя па тых рубрыках, якія выкарыстоўваюцца пры размяшчэнні крыніц пазітыўнага права, хаця без цеснай і непасрэднай сувязі навуковых высноў і дадзеных з адзінкамі класіфікацыі крыніц пазітыўнага права ўключэнне ў класіфікатар вынікаў правапрымяняльнай практыкі і навуковых дадзеных будзе бессэнсэўным.

Адзначым, што ў нас фактычна ўжо створаны перадумовы ўдасканалення адзінага прававога класіфікатара па другім з вызначаных напрамкаў. Звернем увагу пры гэтым на тое, што створаны Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь інтэграваны банк дадзеных (ІДБ) «Судовая практыка», які змяшчае акты судоў Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама навуковыя прапановы аб неабходнасці размяшчэння ў ІДБ дадатковых матэрыялаў – аглядаў і аналітычных матэрыялаў, якія асвятляюць праблемы прымянення заканадаўства пры разглядзе розных катэгорый спраў, рэкамендацый Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы судовых спраў, узораў судовых дакументаў [25].

Гэта сведчыць аб рэальнасці і перспектыўнасці другога шляху развіцця класіфікатара. Аб рэальнасці і магчымасці рэфармавання Адзінага прававога класіфікатара ў дадзеным напрамку сведчыць таксама вопыт стварэння класіфікатара ў шэрагу дзяржаў, дзе разам са звесткамі аб дзеючым пазітыўным праве змяшчаюцца дадзеныя судовай практыкі і навуковыя распрацоўкі. Згодна з такім шляхам сістэматызацыі і класіфікацыі зместу дзеючых форм права не без поспехаў ідзе Францыя, хоць яна і не мае афіцыйна зацверджанага класіфікатара. [26]. Можна меркаваць, што другі шлях стварэння адзінага прававога класіфікатара – гэта аддаленая перспектыва развіцця існуючых зараз схем і прыёмаў класіфікацыі і сістэматызацыі дзеючага пазітыўнага права Рэспублікі Беларусь. Можна таксама меркаваць, што другі шлях стварэння адзінага прававога класіфікатара ўяўляе сабой у некаторай ступені другі этап ўдасканалення зараз дзеючага прававога класіфікатара ці яго мадэль. Другі шлях стварэння адзінага прававога класіфікатара – гэта шлях стварэння прававога класіфікатара ўніверсальнага тыпу, таму што ён прадугледжвае стварэнне ўніфікаванай схемы размяшчэння дадзеных аб усіх трох формах (іпастасях) права: права ў форме прававых адносін, права ў форме прававой свядомасці, у тым ліку прававой навукі (дактрыны), і уласна пазітыўнага права [27, с. 53].

Далей больш падрабязна спынімся на першым варыянце ўдасканалення Адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь. На мой погляд, схема размяшчэння нарматыўных актаў у ім прадугледжвае адначасовае існаванне, перасячэнне і ўзаемнае дапаўненне двух узроўняў, двух прынцыпаў размяшчэння крыніц пазітыўнага права. Першы ўзровень – гэта размяшчэнне ўсіх нарматыўных актаў па іх відах. Другі ўзровень прадугледжвае размяшчэнне нарматыўных актаў на аснове прадметна-галіновага прынцыпу, які выкарыстоўваецца ў зараз дзеючым адзіным прававым класіфікатары.

Рубрыка «Рэгістр» зараз дзеючага Адзінага прававога класіфікатара (хх.00) як вядома пабудавана на аснове існуючага ў Беларусі пераліку нарматыўных актаў, віды якіх нарматыўна замацаваны ў законе Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» [28]. Пры гэтым, нягледзячы на навуковую спрэчнасць, у разрад нарматыўных прававых актаў ўключаны нарматыўныя акты (пастанаўленні) Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь, у якіх абагульняецца судовая практыка і судовая статыстыка. Дакладна гэтак жа ў склад нарматыўных прававых актаў на аснове дадзенага закона ўключаны і акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Як было паказана, пастановы Пленума Вярхоўшнага Суда Рэспублікі Беларусь, пастанаўленні Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, акты (заключэнні) Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь фактычна складаюць асобную групу нарматыўных актаў у сэнсе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паколькі названыя акты вышэйшых органаў судовай ўлады «завязваюцца» як на крыніцы нацыянальанага, так і на крыніцы міжнароднага права, то, па-першае, залічваць іх у якасці нарматыўных прававых актаў, і, адпаведна, размяшчаць сярод крыніц нацыянальнага права з’яўляецца спрэчным рашэннем. Па-другое, дадзеныя нарматыўныя акты нельга аднесці ні да асноўных, ні да дадатковых крыніц дзеючага пазітыўнага права.

Такім чынам, на першым ўзроўні прапануемай намі мадэлі адзінага прававога класіфікатара выразна вылучаюцца тры асноўныя раздзелы (часткі), у якіх размяшчаюцца, па-першае, крыніцы нацыянальанага беларускага права, па-другое, акты органаў судовай улады (=мадыфікаваныя крыніцы права), па-трэцяе, крыніцы міжнародна-прававога характару.

Відавочна, што ў першай частцы (раздзеле) класіфікатара неабходна ў якасці самастойных структурных адзінак (падраздзелаў) вылучыць не толькі нарматыўныя прававыя акты, якія з пункту погляду сістэмы крыніц права, нарматыўна замацаванай у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, складаюць толькі адзін з падвідаў крыніц права, але і іншыя падвіды крыніц нацыянальнага права, напрыклад, унутрыдзяржаўныя дагаворы нарматыўнага зместу, прававую навуку (дактрыну), прававыя звычаі і г.д.

Другая частка класіфікатара – акты органаў судовай ўлады – павінна змяшчаць ў сабе акты (заключэнні) Канстытуцыйнага Суда, пастанаўленні Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда. Але ў гэтую частку неабходна ўключыць і акты судовых органаў замежных дзяржаў, а таксама наднацыянальных судовых органаў, якія маюць юрыдычнае значэнне для Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы міжнародна-прававога характару неабходна аб’яднаць у самастойную частку (раздзел) класіфікатара, дзе ў якасці падвідаў неабходна размясціць крыніцы міжнароднага права: дагаворы, прававыя звычаі, міжнародныя прававыя прэцэдэнты і г.д. Прапанаваная схема (структура) класіфікатара ўлічвае, як уяўляецца, сучасныя прававыя рэаліі, перш за ўсё сістэму крыніц сучаснага беларускага права, асновы якой замацаваны ў Канстытуцыі краіны. Менавіта дадзеная акалічнасць і дазваляе размясціць у класіфікатары ўвесь аб’ём дзеючага пазітыўнага права і ўлічыць пры гэтым спецыфіку і асаблівасці кожнага з відаў крыніц права.

Схема першага ўзроўню праекта прапануемага класіфікатара нарматыўных актаў можа выглядаць так: 

1. Нарматыўныя акты нацыянальнага права

1.1. Нарматыўны прававы акт.

1.2. Дагавор нарматыўнага зместу.

1.3. Правовы прэцэдэнт.

1.4. Навука (дыктрына).

1.5. Прававы звычай.

1.6. Свяшчэннае пісанне (царкоўныя, кананічныя) нормы і правілы.

 

2. Акты судовых органаў (ці акты судовай ўлады).

2.1.Акты нацыянальных судовых органаў.

2.2.1. Акты Кантытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

2.2.2. Акты Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

2.2.3. Акты Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь.

2.2. Акты судовых органаў замежных дзяржаў.

2.3. Акты наднацыянальных судовых органаў.

 

3. Міжнародна-прававыя нарматыўныя акты.

3.1.Міжнародныя дагаворы (канвенцыі, пакты і г.д.)

3.2.1. Двухбаковыя дагаворы Рэспублікі Беларусь.

3.2. Нарматыўныя прававыя акты міжнародна-прававога характару.

3.3. Міжнародна-прававыя звычаі.

3.4. Міжнародна-прававя навука (дактрына).

3.5. Мжнародна-прававыя прэцэдэнты.

3.6.Свяшчэннае пісанне (царкоўныя, кананічныя) нормы і правілы.

Першы ўзровень размяшчэння прававых актаў па прапануемай схеме можа па сутнасці складаць змест першага этапу ўдасканалення зараз дзеючага адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь. Стварэнне дадзенага ўзроўню (часткі) класіфікатара прадугледжвае выкарыстанне храналагічнага прынцыпу размяшчэння крыніц пазітыўнага права, змешчаных у ЭБДПІ, але размяшчэнне гэтых крыніц па прынцыпова іншай схеме, у якой вылучаюцца віды крыніц пазітыўнага права, зараз невядомыя дзеючаму класіфікатару. Дадзеная частка (узровень) класіфікатара пры належным яе выкарыстанні можа служыць асновай распрацоўкі прававой палітыкі ў сферы праватворчасці, падрыхтоўкі праграм і планаў законапраектнай дзейнасці. Незамяняльнай яна будзе для навуковых даследаванняў крыніц пазітыўнага права.

Прапануемая структурная частка класіфікатара цесна звязана са структурай размяшчэння нарматыўнага матэрыялу ў Нацыянальным рэестры прававых актаў, яна не адмяняе, а тым больш не замяняе апошні, але выкарыстоўвае прынцыпы размяшчэння нарматыўнага матэрыялу, прынятыя ў Нацыянальным рэестры, і пераводзіць яго ў іншую плоскасць. Дадзеная частка прававога класіфікатара звязала б у адзінае цэлае Нацыянальны рэестр прававых актаў і Адзіны прававы класіфікатар.

Для таго, каб размешчаны па прапануемай схеме нарматыўны матэрыял быў практычна запатрабаваны і выкарыстаны, ён адначасова павінен быць класіфікаваны таксама па сферах і галінах кіравання, галінах і інстытутах права і заканадаўства, г.зн. размешчаны згодна з крытэрыямі класіфікацыі дзеючых нарматыўных прававых актаў па прадметна-галіновай прыкмеце. Рашэнне дадзенай задачы складае змест другога этапу ўдасканалення адзінага прававога класіфікатара. На дадзеным этапе неабходна было б вырашыць і шэраг іншых праблем. Гаворка ідзе аб тым, што неабходна было б даць своеасаблівыя «уводзіны» тром вышэйназваным раздзелам. Карыстальнік класіфікатара, азнаёміўшыяся з яго зместам, павінен атрымаць адказы на такія, напрыклад, пытанні: што ўяўляе сабой класіфікатар, хто і навошта яго стварае, якое яго прызначэнне, як шукаць неабходную крыніцу права і г.д. Было б лагічным, калі разам з своеасаблівымі ўводзінамі класіфікатар меў бы і заключную частку, у якой змяшчаліся б нарматыўныя акты (крыніцы права), прысвечаныя сістэматызацыі і ўпарадкаванню ўсіх крыніц права: нарматыўных актаў нацыянальанага характару, актаў судовых органаў, нарматыўных актаў міжнародна-прававога характару і г.д.

Дзеля рэалізацыі дадзенай прапановы мэтазгодна вынесці заканадаўства аб прававым забеспячэнні норматворчай дзейнасці, якое зараз змяшчаецца ў класіфікатары пад 01.14, з структуры самога Класіфікатара і змясціць ў самым пачатку без усякай нумарацыі з-за таго, што яно з’яўляецца «скразным» для ўсіх галін права і заканадаўства, у той час як раздзел «01 –заканадаўства аб асновах канстытуцыйнай будовы» зараз дзеючага класіфікатара, як уяўляецца, у цэлым пабудаваны па асноўных інстытутах канстытуцыйнага права. Заканадаўства ж аб прававым забеспячэнні мае іншую прававую прыроду і не ўмяшчаецца ў межы асноўных інстытутаў канстытуцыйнага права.

Заканадаўства аб прававым забеспячэнні норматворчай дзейнасці было б своеасаблівай прававой прэамбулай класіфікатара. У ёй можна было б змясціць Кодэкс аб крыніцах права, прапанаваны да распрацоўкі аўтарам дадзенай манаграфіі, а таксама Закон (а лепш – Кодэкс) аб юрыдычнай тэхніцы. Безумоўна, ва ўводзінах да прававога класіфікатара неабходна было б змясціць таксама тую частку прававога тэзауруса, у якой будуць змяшчацца вызначэнні паняццяў і тэрмінаў, скразных для ўсяго нацыянальнага права.

Такім чынам, другі ўзровень прапануемага праекта адзінага прававога класіфікатара, які можа быць створаны ў выніку другога этапу ўдасканалення зараз дзеючага адзінага прававога класіфікатара, будзе складацца з разгорнутых па прадметным прынцыпе ўводзін і заключэння, а таксама з ўсяго аб’ёму дзеючага пазітыўнага права, размешчанага згодна з прадметна-галіновым прынцыпам. Рэалізацыя ідэі аб уводзінах і заключэнні адзінага прававога класіфікатара значна разгрузіць асноўныя яго рубрыкі ад неўласцівага ім зместу і дазволіць памясціць ў іх дзеючае пазітыўнанае права, якое непасрэдна рэгулюе адпаведныя віды і падвіды грамадскіх адносін. 

Проект 

 

1. Уводная частка. Стварэнне права. 

1.1. Стварэнне нацыянальнага права. Агульныя палажэнні. 

1.1.1. Стварэнне нарматыўных прававых актаў. 

1.1.2. Заключэнне ўнутрыдзяржаўных дагавораў. 

1.1.3. Прававыя ўмовы стварэння прэцэдэнтаў.

1.1.4. Асаблівасці стварэння навукі (дактрыны) у якасці крыніцы права. 

1.1.5. Юрыдычныя асновы фарміравання прававога звычая. 

1.1.6. Прававыя асновы выкарыстання свяшчэннага пісання (царкоўных, кананічных) норм і правіл у якасці крыніц права.

  

1.2. Стварэнне актаў судовых органаў (ці органаў судовай улады). 

1.2.1. Стварэнне актаў нацыянальных судовых органаў.

1.2.1.1. Стварэнне актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. 

1.2.1.2. Стварэнне актаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.

1.2.1.3. Стварэнне актаў Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. 

1.2.2. Стварэнне актаў судовымі органамі замежных дзяржаў. 

1.2.3. Стварэнне актаў наднацыянальнымі судовымі органамі. 

 

1.3. Стварэнне міжнароднага права. Агульныя палажэнні. 

1.3.1. Парадак заключэння міжнародных дагавораў Рэспублікай Беларусь. 

1.3.2. Асаблівасці прыняцця нарматыўных прававых актаў міжнароднага прававога характару. 

1.3.3. Прававыя ўмовы стварэння прэцэдэнтаў міжнароднага прававога характару. 

1.3.4. Асаблівасці стварэння навукі (дактрыны) у якасці крыніцы міжнароднага права. 

1.3.5. Юрыдычныя асновы фарміравання міжнароднага прававога звычая. 

1.3.6. Прававыя асновы выкарыстання свяшчэннага пісання (царкоўных, кананічных) норм і правіл у якасці крыніцы міжнароднага права. 

 

2. Асноўная частка. У дадзенай структурнай частцы адзінага прававога класіфікатара згодна з прадметна-тэматычным прынцыпам размяшчаюцца ўсе крыніцы пазітыўнага беларускага права, адзначаныя ў пунктах 1–3 першага ўзроўню адзінага прававога класіфікатара. 

 

3.Заключэнне. Сістэматызацыя нарматыўных актаў. 

3.1. Сістэматызацыя нацыянальанага права.

3.1.1. Кадыфікацыя нарматыўных актаў. 

3.1.2. Кансалідацыя нарматыўных актаў. 

3.1.3. Інкарпарацыя нарматыўных актаў. 

3.2. Сістэматызацыя актаў судовых органаў (ці судовай улады). 

3.2.1.Сістэматызацыя нацыянальных судовых органаў.

3.2.1.1. Сістэматызацыя актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. 

3.2.1.2. Сістэматызацыя актаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. 

3.2.1.3. Сістэматызацыя актаў Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. 

3.2.2. Сістэматызацыя судовых органаў замежных дзяржаў. 

3.2.3. Сістэматызацыя актаў наднацыянальных судовых органаў.

 

3.3. Сістэматызацыя нарматыўных актаў міжнародна-прававога характару. 

3.3.1. Сістэматызацыя міжнародных дагавораў.

3.3.2. Сістэматызацыя міжнародных прававых звычаяў. 

3.3.3. Сістэматызацыя нарматыўных прававых актаў міжнароднага прававога характару. 

3.3.4. Сістэматызацыя навуковых (дактрынальных) палажэнняў міжнародна-прававога характару.

3.3.5. Сістэматызацыя прэцэдэнтаў міжнародна-прававога характару. 

3.3.6. Сістэматызацыя свяшчэннага пісання (царкоўных, кананічных) норм і правіл. 

 

А зараз некаторыя тэарэтычныя меркаванні аб другім з адзначаных напрамкаў удасканалення адзінага прававога класіфікатара і перспектывах стварэння ўніверсальнага прававога класіфікатара.

Важна дакладна ўявіць месца такой прававой рэальнасці, як прававы класіфікатар, у прававой сістэме Рэспублікі Беларусь у цэлым дзеля таго, каб устанавіць яго ўзаемасувязі з іншымі кампанентамі (элементамі) прававой сістэмы. Перш за ўсё, маецца на ўвазе сувязь паняцця права і прававога класіфікатара. Справа ў тым, што ў большасці наяўных падручнікаў і дапаможнікаў па агульнай тэорыі права і дзяржавы паняцце прававога класіфікатара не толькі не разглядаецца, але нават і не ўпамінаецца. Гэта гаворыць пра тое, што ў тэарэтыкаў права дадзеная прававая рэальнасць не знаходзіць свайго месца ў сістэме агульнатэарэтычных катэгорый і паняццяў. У гэтым выпадку няма нічога дзіўнага ў тым, што даследаванні прыроды прававога класіфікатара, яго месца і ролі ў прававой сістэме грамадства не абапіраюцца на трывалыя тэарэтыка-метадалагічныя падставы. Азначэнне «каардынат» прававога паняцця і прававой катэгорыі ў тэорыі права і дзяржавы ў многім прадвызначае аб’ём самога паняцця, дазваляе ўдакладніць яго ўзаемасувязі і дазваляе дакладна вызначыць сістэмна-структурныя сувязі азначаемай адпаведным тэрмінам некаторай прававой рэальнасці.

Пры вузкім (умоўна кажучы, нарматыўным) разуменні права зараз існуючыя ўяўленні аб прыродзе і структуры адзінага прававога класіфікатара даволі карэктны. Але калі кіравацца тым, што права – гэта сістэма дзеючых норм права (прыкладна такое ж вызначэнне права змяшчаецца і ў Законе «Аб нарматыўных актах у Рэспубліцы Беларусь»), то тады зразумела, што класіфікатар павінен выконваць ролю сродку (інструменту) размяшчэння знешніх форм існавання норм права. Больш шырокае разуменне права, заснаванае на ўяўленні аб тым, што права існуе ў трох непарыўна звязаных між сабой іпастасях (формах) існавання права (у форме прававых адносін, у форме прававой свядомасці і ў форме дзеючых норм права) прадугледжвае зусім іншы падыход да паняцця і структуры прававога класіфікатара. 

Пашырэнне поля навуковага даследавання праблем прававога класіфікатара да ўзроўню разумення права істотна пашырае і магчымыя напрамкі навуковых пошукаў. Прававы класіфікатар у перспектыве павінен быць сродкам (інструментам), каталогам, з дапамогай якіх можна, па-першае, размясціць (класіфікаваць) рэальна дзеючыя прававыя адносіны па вызначанай схеме, па-другое, мець даволі дакладныя ўяўленні пра структуру прававой свядомасці, у тым ліку мець схему (звод) уяўленняў аб навуковых распрацоўках, якія датычаць права, яго сістэмы і іншых форм права, па-трэцяе, прававы класіфікатар павінен вырашаць і тыя задачы, якія ён ажыццяўляе і зараз, упарадкоўваючы дзеючыя нарматыўныя акты.

Іншымі словамі, пры шырокім разуменні права прапанаваны варыянт удасканалення прававога класіфікатара будзе толькі прамежкавым на шляху стварэння ўніверсальнага класіфікатара дзеючага права, усіх яго іпастасей (форм). У святле сказанага, важным напрамкам будучых даследаванняў неабходна лічыць аналіз праблем узаемасувязей утварэння права і прававога класіфікатара, праватворчасці і прававога класіфікатара, норматворчасці і прававога класіфікатара. А паколькі зразумела, што аб’ём і структура паняццяў утварэння права, праватворчасці і норматворчасці наўпррост вызначаюцца разуменнем права, то адсюль вынікае, што распрацоўка зместу згаданых узаемасувязей з’яўляецца тым звяном, тым механізмам, якія злучаюць у адзінае цэлае праблему разумення права і праблематыку прававога класіфікатара. 

Вывучэнне адзначаных узаемасувязей стане важным фактарам стварэння практычна арыентаванай структуры (схемы) прававога класіфікатара. Паколькі прававы класіфікатар не можа быць адарваны ад працэсаў фарміравання права, стварэння ўсіх яго форм, то ў прававым класіфікатары павінна адлюстравацца станаўленне самай першаснай формы (іпастасі) права – прававых адносін. Тое ж самае можна сказаць і аб такой форме права, як прававая свядомасць. Не будзе выключэннем і трэцяя форма (іпастась) права – нарматыўная яго частка.

У той жа самы час ва ўніверсальным прававым класіфікатары павінна быць месца і прававым рэальнасцям, якія складваюцца падчас рэалізацыі і прымянення права, у самым шырокім плане – у працэсе ўвасаблення права ў рэальныя грамадскія адносіны. У гэтым выпадку першая іпастась (форма права) – прававыя адносіны – павінна быць адлюстравана ва ўніверсальным прававым класіфікатары такім чынам, каб у ёй разам з мадэлямі прававых адносін, якія замацаваны ва ўсіх дзеючых крыніцах права, знайшлі адлюстраванне ўсе віды юрыдычнай практыкі, як праватворчай, так і правапрымяняльнай. Такая іпастась права, як прававая свядомасць павінна быць пададзена ва ўніверсальным прававым класіфікатары як у сваёй ідэйна-тэарэтычнай частцы, так і змяшчаць у сабе звесткі аб грамадскай свядомасці ў шырокім плане і аб прававой псіхалогіі у прыватнасці. Нарматыўная іпастась (форма) ва ўніверсальным прававым класіфікатары ў асноўным захавае рысы і структуру дзеючага адзінага прававога класіфікатара, праўда, мадыфікаванага ў русле сфармуляваных прапаноў па яго паляпшэнні.

Калі ў будучым будзе створаны прававы класіфікатар, у якім знойдзецца месца кожнай з форм права, то ў гэтым выпадку можна будзе весці гаворку, як ужо было сказана, аб універсальным (а не адзінам!!!) прававым класіфікатары. У гэтым выпадку такія паняцці і катэгорыі, як паняцці сістэматызацыі заканадаўства і паняцце сістэматызацыі крыніц права будуць мець залежную ролю ў адносінах да паняцця ўніверсальнага прававога класіфікатара, таму што яны будуць садзейнічаць ўпарадкаванню толькі адной з форм права, а менавіта, той формы (іпастасі) права, якая звязана з дзеючымі відамі крыніц права. Паняцце ж універсальнага прававога класіфікатара будзе з’яўляцця сродкам упарадкавання і структуравання ўсяго дзеючага права, усіх яго форм.

Сучасная практыка праватворчасці сведчыць аб імкненні заканадаўцы надаць формам дзеючага права як мага большую фармальную вызначанасць [29, с 24], у тым ліку і шляхам вызначэння ў самым пачатку тэксту нарматыўных прававых актаў найбольш важных тэрмінаў і паняццяў, якія затым выкарыстоўваюцца ў тэксце акта. Такая практыка яшчэ раней стала нормай пры стварэнні важных і значных крыніц міжнароднага права. 

Зразумела, што калі такія вызначэнні фармулюцца ў кадыфікаваных нарматыўных актах, асабліва ў тых, якія ўзначальваюць самастойныя галіны права і заканадаўства, то яны не проста пранізаюць увесь змест структурных падраздзяленняў, забяспечваюць іх адзінства, паслядоўнасць і лагічнасць, а выконваюць яшчэ пры гэтым і місію своеасаблівых галіновых прынцыпаў, садзейнічаюць разуменню праватворчай і правапрымяняльнай практыкі. А як быць тым структурным падраздзяленням права і заканадаўства, у якіх няма «загалоўкавага» кадыфікаванага акта? Як забяспечыць у іх адзінства ў паняццях і тэрміналогіі? Ці можна вырашыць дадзеную праблему практычна на ўзроўні ўсёй сістэмы дзеючага права і заканадаўства?

Значным крокам да паляпшэння якасці праватворчасці (законатворчасці) і правапрымяняльнай практыкі было б стварэнне адзінага зводу, запасу (=тэзауруса) вызначэнняў тэрмінаў і паняццяў, якія выкарыстоўваюцца ў дзеючым нацыянальным праве. Гэта садзейнічала б адзінству сістэмы права і заканадаўства, узмацненню аднастайнасці ў прававым рэгуляванні грамадскіх адносін.

У беларускай навуцы актыўна распрацоўваюцца праблемы стварэння інфармацыйна-пошукавага тэзауруса (ІПТ) [30 – 33]. Прычым пры стварэнні адзінага комплексу банкаў дадзеных прававой інфармацыі ўжо «…использовались определения терминов действующего законодательства, так как нормативные определения (законодательные дефиниции) являются необходимым условием точного и ясного понимания содержания правовых понятий. В массиве ИПТ насчитывает более 20% терминов, имеющих нормативное определение» [34, с. 98]. 

Дзе ў класіфікатары можна было б змяшчаць вызначэнні паняццяў і тэрмінаў, якія ўжо існуюць і выкарыстоўваюцца ў дзеючым праве? Можна меркаваць, што такія вызначэнні павінны змяшчацца ў кожным раздзеле класіфікатара пад спецыяльным нумарам у рэестры прававых актаў. Змест дадзенай часткі раздзела папаўняўся б (або памяншаўся) як бы «аўтаматычна», г.зн. са з’яўленнем новага вызначэння паняцця ці тэрміна, якія маюць «прапіску» ў пэўным раздзеле класіфікатара, дадзеныя вызначэнні павінны змяшчацца пад спецыяльным нумарам ў дадзеным раздзеле ці, наадварот. прыбірацца з яго. 

Захоўваць дадзены звод вызначэнняў паняццяў і тэрмінаў у рабочым стане (як папаўняць яго, так і прыбіраць з яго вызначэнні, які страцілі юрыдычную сілу) мог бы Нацыянальны Цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Зразумела, што юрыдычная сіла вызначэнняў паняццяў і тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў нацыянальным праве, будзе вызначацца юрыдычнай сілай тых крыніц права, у якіх яны змяшчаюцца. 

Стварэнне спецыяльнага нумара для вызначэння паняццяў і тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў нацыянальным праве ў цэлым і асобных яго структурных падраздзяленнях, безумоўна, будзе крокам наперад ў праватворчай і правапрымяняльнай дзейнасці, значна палегчыць работу праватворчых і правапрымяняльных структур, будзе садзейнічаць аднстайнасці ў разуменні дзеючага права дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі.

У кодэксе аб крыніцах права, аб неабходнасці якога аўтар ўжо выказваўся, можна было б замацаваць самыя агульныя палажэнні прынцыповай важнасці, якія адносяцца да прававога тэзауруса: хто яго стварае, якое яго прызначэнне, якая яго юрыдычная сіла, хто адказвае за яго захаванне, вядзенне, падтрыманне ў належным стане і г.д. Калі б мы маглі даць сістэму скразных вызначэнняў для ўсёй сістэмы права і сістэмы заканадаўства, тады значна спрасцілася б задача вызначэння іх асаблівасцей адносна да тых ці іншых структурных падраздзяленняў сістэмы права і заканадаўства. У самым пачатку асобных нарматыўных актаў, якія ўзначальваюць пэўныя структурныя адзінкі – галіны, падгаліны, інстытуты і падыстытуты – можна было б канкрэтызаваць (удакладняць), калі, канешне, гэта неабходна, змест пэўных паняццяў і тэрмінаў. А пры разыходжанні і супярэчнасцях паміж вызначэннямі паняццяў і тэрмінаў мы карысталіся б правілам: спецыяльны закон (паняцце, тэрмін) адмяняе дзеянне агульнага закона (паняцця, тэрміна). 

 

***

Сістэматызацыя – адна з агульных заканамернасцяў развіцця і ўдасканалення сістэмы крыніц пазітыўнага права, якая ў сучасных прававых сістэмах не можа быць у поўнай меры рэалізавана без стварэння класіфікатараў прававых актаў. Класіфікатар прававых актаў з’яўляецца неабходнай перадумовай сістэматыкі нарматыўных актаў, распрацоўкі доўгатэрміновых праграм і штогадовых планаў падрыхтоўкі праектаў нарматыўных актаў, навукова абгрунтаванай палітыкі ў сферы права. Адзіны прававы класіфікатар Рэспублікі Беларусь ва ўмовах стварэння дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі павінен быць трансфармаваны ва ўніверсальны прававы класіфікатар дзеля таго, каб адзінай схемай (структурай) можна было ахапіць не толькі ўвесь аб’ём нарматыўнай часткі прававой сістэмы грамадства, усе віды крыніц пазітыўнага права, але і ўсе формы існавання права. Такім чынам, паняцце сістэматызыцыі непазбежна пашырае свой змест і ўключае ўсе спосабы, механізмы і прыёмы, з дапамогай якіх упарадкуюцца не толькі нарматыўныя прававыя акты, але і іншыя віды крыніц права. У гэтых умовах тэорыя сістэматызацыі заканадаўства аказваецца прыватным выпадкам тэорыі сістэматызацыі пазітыўнага права і сістэмы крыніц права.