6.2. Аб фактарах пабудовы прававога класіфікатара
^ Вверх

6.2. Аб фактарах пабудовы прававога класіфікатара

 

Адзіны прававы класіфікатар Рэспублікі Беларусь [13] займае асобнае месца ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь. Тая акалічнасць, што прававы класіфікатар мае пераважна практычную накіраванасць, у значнай меры перашкаджала грунтоўнаму і ўсебаковаму тэарэтычнаму асэнсаванню дадзенага элемента прававой сістэмы. Не вывучаецца дадзены прававы інстытут на адпаведным тэарэтычным узроўні і ў вышэйшых юрыдычных навучальных установах. За рэдкім выключэннем у шматлікіх падручніках па агульнай тэорыі права і дзяржавы, праблемах тэорыі дзяржавы і права адсутнічаюць самастойныя главы ці параграфы, у якіх асвятляліся б пытанні прававога класіфікатара, хоць праблемам сістэматыкі, сістэматызацыі і класіфікацыі крыніц права выдзяляецца дастаткова многа месца. Такое становішча часткова тлумачыцца тым, што праблемы прававога класіфікатара наўпрост звязаны з пытаннямі сістэмы права і сістэмы заканадаўства, праблемамі класіфікацыі, сістэматызацыі і кадыфікацыі крыніц права і ў значнай ступені імі перакрываюцца. Але адзіны прававы класіфікатар ўяўляе сабой самастойную прававую рэальнасць і патрабуе асобнага вывучэння. Сістэма права і сістэма заканадаўства аказваюць прыкметны ўплыў на прававую прыроду прававога класіфікатара, перш за ўсё праз уздзеянне на яго ўнутраную структуру, на вылучэнне самастойных рубрык і групоўку нарматыўнага матэрыялу ўнутры іх.

Але схема (=структура) прававога класіфікатара ніколі не была простай копіяй з дадзеных сістэм. Яна заўсёды стваралася пад дастаткова моцным ўздзеяннем і іншых фактараў, якія аказвалі раней і зараз працягваюць аказваць на дадзеную сістэму не менш моцнае ўздзеянне, чым сістэма права і сістэма заканадаўства. Канешне, прававы класіфікатар уяўляе сабой вынік навуковай сістэматызацыі і класіфікацыі прававых актаў і, перш за ўсё, крыніц права. Але сама структура (= схема) прававога класіфікатара ў адрозненні ад іншых тыпаў і відаў класіфікацыі і сістэматызацыі зацвярджаецца, як правіла, кампетэнтнымі органамі дзяржавы і мае агульнаабавязковы характар. Яна выкарыстоўваецца пры вядзенні ўліку прававых актаў, арганізацыі абмену прававой інфармацыяй і пры абмене прававой інфармацыяй, фарміраванні эталоннага банка дадзеных прававой інфармацыі, у мэтах далейшай сістэматызацыі і кадыфікацыі заканадаўства і г.д. Адзначаныя і іншыя акалічнасці сведчаць аб самастойным значэнні прававога класіфікатара, аб спецыфічным характары дадзенага прававога інстытута і яго асаблівай ролі ў прававой сістэме.

Прырода прававога класіфікатара такая, што ён павінен выконваць у прававой сістэме адначасова некалькі галоўных функцый. Па-першае, дадзены інстытут павінен быць зарыентаваны на рэгулюемыя правам грамадскія адносіны і быць максімальна прыбліжаным да іх структуры, таму што ён у канчатковфм выніку ствараецца ў мэтах належнага ўплыву на грамадскія адносіны, у мэтах упарадкавання ўсёй разнастайнасці сацыяльных сувязяў. Па-другое, у класіфікатары павінен быць сістэматызаваны, размешчаны па вызначанай, папярэдне зацверджанай схеме, і па магчымасці поўна прадстаўлены ўвесь масіў крыніц дзеючага пазітыўнага права, таму што гэтага патрабуюць задачы эфектыўнага выкарыстання нарматыўнай асновы прававой сістэмы ўсімі суб’ектамі прымянення дзеючага права. Па-трэцяе, схема прававога класіфікатара і асабліва яго змест заўсёды служаць арыентырамі для органаў дзяржавы, якія задзейнічаны ў працэс стварэння крыніц права, займаюцца праватворчасцю і норматворчасцю. І, нарэшце, па-чацвёртае, прававы класіфікатар павінен быць такім, каб з яго дапамогай можна было ахапіць увесь масіў дзеючага пазітыўнага права, бачыць асноўныя напрамкі і тэндэнцыі яго развіцця дзеля таго, каб ствараць канцэпцыі, распрацоўваць праграмы і планы ўдасканалення нарматыўнай асновы прававой сістэмы, праводзіць сістэматызацыю і кадыфікацыю заканадаўства.

У расійскай і беларускай юрыдычнай навуцы не існуе агульнапрызнаных падыходаў да праблемы вызначэння крытэрыяў пабудовы прававога класіфікатара. У самым агульным плане класіфікатар нарматыўных актаў азначаецца як «... тематический перечень рубрик, обозначающий сферы человеческой деятельности, для регулирования которых принимаются законы и иные нормативно – правовые акты [14, с. 258]», а непасрэднымі фактарамі, якія ўплываюць на яго пабудову, лічацца асноўныя структурныя падраздзяленні права і заканадаўства – галіны права і галіны заканадаўства [15 – 17]. Разам з тым, паняцце «галіны права» ахоплівае рознапарадкавыя з’явы, існуюць, напрыклад, галіны права, якія ў асноўным супадаюць з галінамі права (крымінальнае права), а таксама галіны права, якія аб’ядноўваюць акты і нормы розных галін права (транспартнае заканадаўства). У гэтых умовах патрабуюцца дадатковыя крытэрыі пабудовы прававога класіфікатара, якія дазваляюць наблізіць яго структуру да дзеючага масіву крыніц пазітыўнага права. Меркаванне аб тым, што класіфікатар павінен быць вынікам сінтэзу галіновай структуры права і галіновай структуры заканадаўства, а таксама ўлічваць структуру галін дзяржаўнага кіравання і тэматыку выдання крыніц права, дазваляе ўлічыць большую групу фактараў, якія ўплываюць на пабудову класіфікатара і наблізіць яго да патрэбаў праватворчай і правапрымяняльнай практыкі [18, с. 57].

Уяўляецца, что на структуру прававога класіфікатара адначасова ўздзейнічаюць чатыры групы фактараў. Па-першае, сістэма норм права і ўсе без выключэння яе структуры: галіновая, матэрыяльна-працэсуальная, прыватна-публічная і рэгуляцыйна-ахоўная. Па-другое, сістэма заканадаўства зноў-такі з усімі яе структурамі – галіновай, іерархічнай (і федэратыўнай – калі гаворка ідзе пра прававы класіфікатар Расійскай Федэрацыі). Па-трэцяе, на структуру прававога класіфікатара дастаткова моцна ўплывае ўсталяваная сістэма прававога класіфікатара. І, нарэшце, па-чацвёртае, структура прававога класіфікатара ў сучасных ўмовах у многім прадвызначаецца электроннай сістэмай назапашвання, апрацоўкі, захавання, сістэматызацыі і распаўсюджвання прававой інфармацыі [19, с. 8].

Уздзеянне кожнага з выдзеленых фактараў далёка не адназначнае і не аднолькавае па сіле ўплыву. Гістарычна першыя класіфікатары, напрыклад, савецкага часу, асабліва афіцыёзныя і неафіцыйныя, адчувалі дастаткова моцны ўплыў сістэмы права і, перш за ўсё, яго галіновай структуры. Менш заўважным было ўздзеянне на ўнутраную структуру прававога класіфікатара матэрыяльна-працэсуальнай структуры з-за недастатковага развіцця працэсуальных галін права. Уздзеянне прыватна-публічнай структуры не магло істотна ўздзейнічаць на схему прававога класіфікатара таму, што наяўнасць асаблівай прыватнай сферы прававога рэгулявання афіцыйна не прызнавалася, па крайняй меры на дактрынальным узроўні. Нягледзячы на тое, што першыя прававыя класіфікатары ствараліся на ведамасным узроўні, тым не менш уздзеянне ведамасных інтарэсаў – як між іншым і існаваўшай сістэмы дзяржаўнага кіравання ў цэлым – на іх унутраную структуру не было істотным, тым больш вырашальным.

Пачынаючы з 70-х гадоў мінулага стагоддзя на ўнутраную структуру прававога класіфікатара значны ўплыў стала аказваць галіновая і федэратыўная структуры заканадаўства. Гэта стала прыкметна ўжо пры выхадзе ў свет Зводу законаў СССР[20]. Галіновая структура права выконвала ў гэтым працэсе ролю асноўнай стрэлкі «компаса» [21, с. 3] пры вылучэнні ў прававых класіфікатарах асобных рубрык, аднак усё большую вагу стала набываць галіновая структура заканадаўства, на якую, у сваю чаргу, прыкметны ўплыў аказала сістэма дзяржаўнага кіравання.

Галіновая структура заканадаўства была ўзята ў якасці асноўнага фактару пры стварэнні прававога класіфікатара Расійскай Федэрацыі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя [22]. Але вопыт стварэння агульнаправавога класіфікатара галін заканадаўства Расійскай федэрацыі з вылучэннем больш за чатыры дзесяткі самастойных рубрык, у аснову якіх былі пакладзены розныя па значнасці, па прававой прыродзе і па аб’ёме нарматыўнага матэрыялу галіны заканадаўства, паказаў, што карыстацца такім прававым класіфікатарам было складана. Яшчэ складаней было падтрымліваць яго ў рабочым стане і кіраваць ім. Больш таго, пры вылучэнні самастойных рубрык не ўдалося пазбегнуць празмернага ўздзеяння на структуру прававога класіфікатара особных «ведамасных інтарэсаў», а не галін дзяржаўнага кіравання. Былі зроблены і іншыя, вельмі істотныя памылкі. У прыватнасці, павелічэнне колькасці самастойных рубрык прывяло да дублявання нарматыўнага матэрыялу. У выніку агульнаправавы класіфікатар галін заканадаўства Расійскай Федэрацыі ў пачатку дваццатага стагоддзя быў пераўтвораны ў класіфікатар прававых актаў [23], што ў большай ступені адпавядае яго зместу.

Ва ўмовах трансфармацыі савецкай прававой сістэмы ў прававую сістэму новага тыпу значны ўплыў на схему (=структуру) прававога класіфікатара стала аказваць сістэма дзяржаўнага кіравання. Сам факт зацвярджэння прававых класіфікатараў як у Расійскай Федэрацыі, так і ў Рэспубліцы Беларусь указамі Прэзідэнтаў дзвюх краін дастаткова ярка сведчаць аб гэтым.

У той жа самы час неабходна падкрэсліць, што сама па сабе ўсталяваная структура дзяржаўнага кіравання ў асноўным аказвае ўплыў на зместавую частку прававога класіфікатара не інакш, як праз ўздзеянне адпаведных дзяржаўных структур на працэсы праватворчасці і законатворчасці. У гісторыі ўтварэння прававых класіфікатараў былі выпадкі, калі ў яго структуры ўтвараліся асобныя самастойныя рубрыкі ў інтарэсах акрэсленай кіраўнічай структуры, г.зн. у «вузкаведамасных інтарэсах». Але хутка выявілася, што яны напаўняліся адпаведным нарматыўным матэрыялам, не былі структурна і функцыянальна ўзгоднены з іншымі часткамі прававога класіфікатара, звычайна змяшчалі нарматыўна-прававы матэрыял дубляванага характару – і ўяўлялі сабой «засохлую галінку».

Адначасова неабходна адзначыць і той факт, што ў наш час на структуру прававога класіфікатара стала аказваць прыкметны ўплыў прыватна-публічная структура. Так, у адзіным прававым класіфікатары Рэспублікі Беларусь ёсць самастойная рубрыка «заканадаўства аб прадпрымальніцкай, гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці», а ў класіфікатары прававых актаў Расійскай Федэрацыі рубрыка «гаспадарчая дзейнасць». У класіфікатарах, створаных пасля распаду Савецкага Саюза, даволі прыкметна ўздзеянне на яго ўнутраную структуру сістэмы міжнароднага права. Акрамя асобнай рубрыкі «Міжнародныя адносіны. Міжнароднае права», змешчанай у класіфікатары прававых актаў Расійскай Федэрацыі, і дзвюх самастойных рубрык «Заканадаўства ў галіне міжнародных адносін і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь», «Заканадаўства аб Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Саюзнай дзяржаве і іншых міжнародных утварэннях, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь», змешчаных у адзіным прававым класіфікатары Рэспублікі Беларусь, уздзеянне сістэмы міжнароднага права на ўнутраную будову дадзеных класіфікатараў адчуваецца і пры знаёмстве з іншымі самастойнымі рубрыкамі.

Аналіз структур (=схем) дзеючага адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь і класіфікатара прававых актаў Расійскай Федэрацыі дазваляе канстатаваць скарачэнне колькасці рубрык, па якіх размяркоўваецца нарматыўны прававы матэрыял. У адзіным прававым класіфікатары Рэспублікі Беларусь налічваецца васямнаццаць рубрык, апошняя з якіх змяшчае прававыя акты індывідуальнага характару. У класіфікатары прававых актаў Расійскай Федэрацыі змяшчаецца дваццаць адна рубрыка, апошняя з якіх прысвечана індывідуальным прававым актам па кадравых пытаннях, пытаннях узнагароджання, памілавання, грамадзянства, прысваення ганаровых і іншых званняў.

Частка рубрык у класіфікатарах, перш за ўсё па змесце, практычна супадаюць. Такія, напрыклад, як «Праца і занятасць насельніцтва», «Жыллё» у класіфікатары прававых актаў Расійскай Федэрацыі па змесце практычна ідэнтычны рубрыкам «Жыллёвае заканадаўства» і «Заканадаўства аб працы і занятасці насельніцтва» з адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь, безумоўна, з папраўкай на федэратыўны характар прававой сістэмы Расійскай Федэрацыі. Але маюцца і даволі істотныя разыходжанні. Так, у класіфікатары прававых актаў Расійскай Федэрацыі ёсць такая самастойная рубрыка як асновы дзяржаўнага кіравання, у той час як у адзіным прававым класіфікатары Рэспублікі Беларусь такой самастойнай рубрыкі няма, а нарматыўны прававы матэрыял аб дзяржаўным кіраванні змяшчаецца практычна поўнасцю ў рубрыцы «Канстытуцыйнае заканадаўства». У адзіным прававым класіфікатары Рэспублікі Беларусь грамадзянскае заканадаўства, грамадзянскае працэсуальнае і гаспадарчае заканадаўства аб’яднаны ў адну рубрыку. А ў класіфікатары Расійскай Федэрацыі ёсць самастойная рубрыка «грамадзянскае права» без адпаведных ёй працэсуальных галін. Дадзеная акалічнасць можа сведчыць пра больш прыкметны ўплыў на структуру адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь матэрыяльна-працэсуальнай структуры права, у той час як на структуру класіфікатара прававых актаў Расійскай Федэрацыі як і раней дамінуючы ўплыў працягвае аказваць галіновая структура права.

Прынцыповы падыход пры вылучэнні асобных самастойных рубрык пры стварэнні адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь і класіфікатара прававых актаў Расійскай Федэрацыі заснаваны, як ўяўляецца, на тым, каб у іх змесце вылучыць больш буйныя, чым галіны права і галіны заканадаўства, нарматыўныя прававыя масівы, комплексы, якія супадалі б са сферамі дзяржаўнага кіравання. Падкрэслю, не з галінамі, а менавіта са сферамі дзяржаўнага кіравання і прававога рэгулявання. У дадзенай сітуацыі відавочна імкненне зблізіць сістэму дзяржаўнага кіравання з сістэмамі права і заканадаўства шляхам скарачэння самастойных рубрык, якія адпавядаюць самастойным галінам права і заканадаўства.

Такі падыход мае некаторыя перавагі, таму што робіць прававы класіфікатар знешне больш акрэсленым і больш устойлівым. Але ў той жа час ён ускладняе аналіз тэндэнцый развіцця права і заканадаўства, не спрыяе ўліку працэсаў інтэграцыі і дыферэнцыяцыі прававога рэгулявання грамадскіх адносін. Іншымі словамі, выкарыстаныя схемы адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь і класіфікатара прававых актаў Расійскай Федэрацыі нельга лічыць ідэальнымі, і таму можна меркаваць, што яны патрабуюць пэўных змяненняў, якія садзейнічалі б выкананню класіфікатарамі ўсіх сваіх асноўных функцый. Важна пры гэтым, каб найлепшыя якасці і асаблівасці адзінага прававога класіфікатара Рэспублікі Беларусь і класіфікатара прававых актаў Расійскай Федэрацыі былі выкарыстаны на карысць развіцця і ўдасканалення прававых сістэм Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў інтарэсах іх гарманізацыі.

Уздзеянню на структуру адзінага прававога класіфікатара чацвёртага з адзначаных вышэй фактараў у юрыдычнай навуцы нададзена пакуль недастаткова ўвагі. Але можна меркаваць, што ў далейшым яго ўплыў на стварэнне прававых класіфікатараў будзе ўзмацняцца. Электронная сістэма назапашвання, захавання, перадачы прававой інфармацыі адкрывае шырокія магчымасці для ўключэння ў змест прававых класіфікатараў усіх формаў права і ўсіх відаў яго крыніц. Гэта, па-першае, можа істотна ўдзейнічаць на аб’ём размяшчаемага матэрыялу, і, па-другое, на структурызацыю нарматыўнага матэрыялу як у плане вылучэння пакуль «незвычайны» рубрык, так і размяшчэнне нарматыўнага матэрыялу ўнутры самастойных рубрык.