6.1. Праблемы сістэматызацыі беларускага заканадаўства
^ Вверх

6.1. Праблемы сістэматызацыі беларускага заканадаўства

 

У беларускай юрыдычнай навуцы не існуе аднастайных высноў адносна разумення прыроды сістэматызацыі заканадаўства і выдзялення яе відаў (формаў). Так, С.Р. Драбязка разглядае сістэматызацыю заканадаўства ў шчыльнай сувязі з тэорыяй удасканалення заканадаўства і праз прызму яе ролі ў фарміраванні права выдзяляе наступныя віды: улік, інкарпарацыю, кансалідацыю, кадыфікацыю і Звод законаў [1, с. 259 – 261]. А.Ф. Вішнеўскі, У.А. Кучынскі, М.А. Гарбаток пад сістэматызацыяй нарматыўных прававых актаў разумеюць мэтанакіраваную дзейнасць дзяржаўных органаў, недзяржаўных арганізацый, прыватных асоб па ўпарадкаванні, удасканаленні нарматыўнага прававога матэрыялу, прывядзенні яго ў пэўную ўнутрана-ўзгодненую сістэму. Гэтыя аўтары выдзяляюць тры формы (віды) сістэматызацыі: інкарпарацыю, кадыфікацыю і кансалідацыю [2, с. 350 – 357]. На мой погляд, пад сістэматызацыяй у самым агульным плане неабходна разумець дзейнасць дзяржавы, яе органаў і іншых сацыяльных суб’ектаў, якая скіравана на сістэматыку і падтрыманне дзеючых крыніц права ў «працоўным стане» і ў залежнасці ад мэтаў і суб’ектаў, якія ажыццяўляюць дзейнасць па сістэматызацыі крыніц права, а таксама метадаў, якія пры гэтым выкарыстоўваюцца, можна выдзеліць такія формы сістэматызацыі, як інкарпарацыя, кансалідацыя і кадыфікацыя [3, с. 515 – 519].

Мы падзяляем пазіцыю С.Р. Драбязкі аб зводзе законаў у частцы яго месца і ролі ў справе ўдасканалення заканадаўства. Сапраўды, Звод законаў у якасці пэўнага ідэалу – «кодэкса кодэксаў» – можа быць пэўным арыентырам дзейнасці для ўсіх суб’ектаў законатворчай дзейнасці ў справе ўдасканалення пазітыўнага права. Але пры выдзяленні асобных відаў сістэматызацыі нарматыўных актаў зводу законаў у якасці асобнай формы (віда) сістэматызацыі месца не знаходзіцца. Удасканаленне заканадаўства з’ява больш аб’ёмная, чым сістэматызацыя і, акрамя ўдасканалення дзеючых крыніц права па форме і змесце, уключае іншыя сацыяльна-прававыя моманты, у тым ліку працэсы стварэння і рэалізацыі дзеючага права. Менавіта для апошніх звод законаў у якасці «кодэкса кодэксаў» і выступае ў якасці ідэала. Задача пры гэтым ставіцца такім чынам, што звод законаў павінен складвацца не з асобных крыніц права, а з асобных норм права (нарматыўных прававых прадпісанняў) [4, с. 45]. Калі ж браць выключна «сістэматызацыйныя асаблівасці» зводу законаў, то высвятляецца, што пры стварэнні зводу законаў выкарыстоўваюцца тыя ж самыя прыёмы, сродкі і механізмы, якія ўжываюцца пры інкарпарацыі, кансалідацыі і кадыфікацыі. І ў гэтых адносінах звод законаў асобнага віду (формы) сістэматызацыі, на мой погляд, не ўтварае.

Звод законаў у сучасных умовах не выконвае ў сістэме крыніц права той ролі, якую ён адыгрываў раней, калі з’яўляўся вяршыняй піраміды папярэдніх этапаў сістэматызацыйнай дзейнасці, якая абумоўлівала наступныя крокі па развіцці і ўдасканаленні сістэмы крыніц права. І таму Звод законаў можна лічыць не найвышэйшай, а асобнай формай сістэматызацыі крыніц права. У сучаснах умовах, калі існуе агульнадзяржаўны ўлік крыніц права, адладжана электронная сістэма распаўсюджвання прававой інфармацыі, мяняецца роля і месца Зводу законаў сярод відаў сістэматызацыі крыніц права. Звод законаў Рэспублікі Беларусь, які існуе ў электроннай форме – гэта прыклад прадуманай і лагічнай структуры заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, прыклад выкарыстання сучасных тэхналогій у справе сістэматызацыі крыніц права [5, c. 55 – 61], навуковая і метадычная падстава для ажыццяўлення іншых відаў сістэматызацыі крыніц беларускага права.

Безумоўна, улік крыніц права – неабходны атрыбут права і ўмова яго эфектыўнай дзейнасці і выкарыстання ўсімі суб’ектамі праватворчай і правапрымяняльнай дзейнасці, а ўдасканаленне дзеючага права немагчыма, калі невядома колькасць і якасць дзеючых крыніц права. Разам з тым, улік нарматыўных актаў, як, дарэчы, і іх рэгістрацыю немэтазгодна адносіць да самастойных відаў сістэматызацыі крыніц права.

Па-першае, падчас адзначаных відаў прававой дзейнасці крыніцы права не мяняюцца і не ўдасканальваюцца ні па форме, ні па змесце. Яны застаюцца стабільнымі і нязменнымі, а значыць адносна іх не выкарыстоўваюцца такія механізмы, прыёмы і метады дзейнасці, якія характэрны для сістэматызацыі крыніц права. Па-другое, нягледзячы на тое, што без належнага ўліку і рэгістрацыі крыніц права немагчыма ў поўнай меры вырашыць задачы па сістэматызацыі, тым не менш дзейнасць па ўліку і рэгістрацыі крыніц права выходзіць за межы сістэматызацыйнай дзейнасці, бо мэты ўліку і рэгістрацыі крыніц права значна больш шырокія, чым мэты сістэматызацыі крыніц права. Па-трэцяе, у сучасных прававых сістэмах дзейнасць па ўліку крыніц права ажыццяўляецца на падставе класіфікатараў нарматыўных актаў і ў гэтых умовах самастойных функцый па сістэматызацыі крыніц права не выконвае.

У сучасных умовах важным і пастаянным накірункам у справе ўдасканалення і сістэматызацыі крыніц права з’яўляецца маніторынг нарматыўных актаў. Маніторынг крыніц права ажыццяўляецца с дапамогай самых розных спосабаў: шляхам назірання за сістэмай крыніц права, праз атрыманне аналітычных аглядаў дзеючай сістэмы нарматыўных актаў і асобных яе падраздзяленняў, праз ажыццяўленне прагнозаў адносна асобных інстытутаў, галінаў і масіваў нарматыўных актаў і г.д. [6, с. 32]. Арганізацыя маніторынга крыніц права на агульнадзяржаўным узроўні з’яўляецца неабходнай навуковай і метадычнай перадумовай распрацоўкі праграм і планаў законапраектнай дзейнасці, асобных нарматыўных актаў.

У главе 2 манаграфіі былі выказаны шэраг меркаванняў адносна ўліку і рэгістрацыі асобных відаў нарматыўных прававых актаў, якія маюць пераважна тэарэтычны характар. Звернемся яшчэ раз да дадзенага пытання і паспрабуем надаць яму дадатковую практычную скіраванасць.

Па-першае, аўтаматызаваная сістэма фарміравання дзяржаўнага інфармацыйнага прававога рэсурсу павінна набыць дакладны характар і стаць «замкнутай» сістэмай. Гэта азначае, што ў Нацыянальны рэестр прававых актаў павінны быць уключаны абсалютна ўсе віды нарматыўных прававых актаў, у тым ліку лакальныя нарматыўныя прававыя акты, а таксама нетрадыцыйныя і нетыповыя крыніцы права. Як гэта зрабіць? Можна дапоўніць артыкул 60 закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» палажэннем аб тым, што нарматыўныя прававыя акты, якія не зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў, не маюць юрыдычнай сілы. Больш таго, у гэтым жа самым артыкуле можна прадугледзець правіла, згодна з якім усе пакуль што невядомыя нам нарматыўныя прававыя акты (=ці нейкія іншыя віды крыніц права), якія патэнцыяльна могуць з’явіцца ў сістэме крыніц нацыянальнага беларускага права, ці якія па нейкіх прычынах не аднесены да ліку нарматыўных прававых актаў, якія ўзгадваюцца ў арт. 2 закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», павінны быць абавязкова ўключаны ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Дзеля гэтага ў Нацыянальным рэеестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь можна было б прадугледзець асобную рубрыку, напрыклад, з назвай «іншыя нарматыўныя акты Рэспублікі Беларусь», маючы на ўвазе, што Асноўны закон Рэспублікі Беларусь тэрмінам «нарматыўныя акты» абазначае абсалютна ўсе віды крыніц нацыянальнага беларускага права. Па меры павелічэння аб’ёму дадзенай рубрыкі і яе запаўнення новымі крыніцамі нацыянальнага беларускага права, напрыклад, прававымі звычаямі, прававой дактрынай і г.д., можна было б яе канкрэтызаваць, а затым у самім Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь і ў адзіным прававым класіфікатары Рэспублікі Беларусь выдзеліць самастойныя рубрыкі для самастойных, акрамя нарматыўных прававых актаў, відаў крыніц нацыянальнага беларускага права.

Па-другое, у законе Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах», трэба замацаваць патрабаванне аб тым, што ў статутах, якія маюцца ў органах дзяржавы, установах, арганізацыях і прадпрыемствах павінен быць дакладны пералік лакальных нарматыўных прававых актаў, якія неабходны для выканання дадзенай структурай сваіх устаўных мэтаў і дасягненню статутных задач. Такі пералік павінен быць закрытым і без тагога пераліку лакальных нарматыўных прававых актаў статут не павінен рэгістравацца ва ўстаноўленым парадку. Лакальныя нарматыўныя прававыя акты, якія прымаюцца ў адпаведнай структуры, павінны быць, па-першае, зарэгістраваны ў самой дадзенай структуры, а, па-другое, яны павінны быць зарэгістраваны і ў вышэйстаячым для дадзеных структур органе дзяржавы, натуральна, калі такія існуюць. Рэгістрацыя лакальных нарматыўных прававых актаў у вышэйстаячых органах павінна суправаджацца абавязковай іх экспертызай у юрыдычных структурах (упраўленнях, аддзелах, службах) вышэйстаячых органаў. Пры неабходнасці дадзеныя структуры маглі б звяртацца за дапамогай аб правядзенні прававой экспертызы у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і абласныя ўпраўленні юстыцыі, дзе маюцца адпаведныя магчымасці для правядзення належнай прававой экспертызы. У сваю чаргу вышэйстаячыя органы, у якіх будуць рэгістравацца лакальныя нарматыўныя прававыя акты, павінны будуць зарэгістраваць іх у Нацыянальным рэеестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь.

Інкарпарацыя – самастойны від сістэматызацыі крыніц права, які звычайна ажыццяўляецца без зменаў у змесце нарматыўнага прававога рэгулявання грамадскіх адносінаў. У параўнанні з кансалідацыяй і кадыфікацыяй заканадаўства інкарпарацыя з’яўляецца, па-першае, універсальнай формай сістэматызацыі заканадаўства, па-другое, самай пашыранай формай сістэматызацыі заканадаўства, па-трэцяе, інкарпарацыя значна пераўзыходзіць усе астатнія формы сістэматызацыі па магчымасцях уплыву на развіццё і ўдасканаленне заканадаўства і іншых крыніц права.

Універсальнасць інкарпарацыі найперш праяўляецца ў тым, што гэты від сістэматызацыі крыніц права можна практычна ў поўным аб’ёме выкарыстоўваць пры ўдасканаленні кожнага з вядомых відаў крыніц права: асноўных і дадатковых, першасных і другасных, традыцыйных і нетрадыцыйных і г.д. Але галоўнае ва ўніверсальнасці інкарпарацыі ўсё ж у тым, што дадзены від сістэматызацыі можна практычна без абмежаванняў выкарыстоўваць пры адначасовай сістэматызацыі абсалютна ўсіх відаў крыніц права як міжнародна-прававога, так і нацыянальна-прававога характару [7, с. 24]. Можна падкрэсліць, што інкарпарацыя – адна з самых старажытных формаў сістэматызацыі крыніц права і яе выкарыстанне на розных гістарычных этапах развіцця права ў мэтах сістэматызацыі розных відаў крыніц права, прывяло да таго, што інкарпарацыя заканамерна набыла такую якасць, як універсальнасць. Напрыклад, ужо сістэматызацыя Юсцініяна характарызавалася тым, што ўключала практычна ўсе вядомыя крыніцы рымскага права: заканадаўства, прававую дактрыну, прававыя звычаі, прававыя прэцэдэнты і г.д.

Інкарпарацыя з’яўляецца самай пашыранай формай (відам) сістэматызацыі і выкарыстоўваецца практычна ў кожнай з вядомых нам гістарычных і зараз існуючых тыпаў і відаў прававых сістэм. Асобныя віды інкарпарацыі крыніц права атрымалі пашыранае выкарыстанне ў мінулым, напрыклад, храналагічная ікарпарацыя ў развіцці агульнага права Англіі ці сістэматычная інкарпарацыя ў былым Савецкім Саюзе. Развіццё інфармацыйных сістэм фактычна прывяло да страты значнасці храналагічнай інкарпарацыі пры сістэматызацыі асноўнага віду крыніц нацыянальнага беларускага права – нарматыўнага прававога акта. Разам з тым, развіццё інфармацыйных сістэм садзейнічае паскоранаму развіццю тэматычнай і сістэматычнай інкарпарацыі нарматыўных прававых актаў.

Магчымасці ўплыву інкарпарацыі на развіццё і ўдасканаленне заканадаўства значна пераўзыходзяць магчымасці ўсіх астатніх відаў сістэматызацыі. Нягледзячы на тое, што самыя істотныя крокі ў развіцці права звычайна звязваюцца з кадыфікацыяй, тым не менш без папярэдняй інкарпарацыі не адбывалася ніводная кадыфікацыя. Больш таго, якасць і глыбіня зменаў у праве і заканадаўстве, якія звычайна адбываюцца пасля правядзення менавіта кадыфікацыі заканадаўства, наўпрост вызначаюцца якасцю папярэдняй інкарпаратыўнай дзейнасці. Акрамя гэтага інкарпарацыя крыніц права – працэс пастаянны і няспынны, у той час як кансалідацыя і кадыфікацыя праводзяцца перыядычна.

Пасля стварэння ў нашай краіне дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі з’явіліся новыя магчымасці ва ажыццяўленні практычна ўсіх відаў інкарпарацыі заканадаўства. У гэтых умовах можна выказаць  прапанову аб распрацоўцы доўгатэрміновай дзяржаўнай праграмы па правядзенні суцэльнай сістэматычнай і тэматычнай інкарпарацыі крыніц права ў мэтах наступнай суцэльнай кадыфікацыі беларускага заканадаўства. Выкананне дадзенай праграмы будзе садзейнічаць наданню неабходнага дынамізму ў развіцці крыніц сучаснага беларускага права, узвышэнню яго сістэмнасці, узаемаўзгодненасці і лагічнасці. Дадзеная праграма, па-першае, павінна ахопліваць усе віды дзеючых крыніц права, па-другое, у выкананні дадзенай праграмы павінны быць задзейнічаны ўсе органы ўлады і кіравання – ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да мясцовых органаў кіравання самакіравання, а таксама органаў і устаноў, якія выдаюць лакальныя нарматыўныя прававыя акты.

Даследаванне шляхоў уздзеянння асобных відаў інкарпарацыі заканадаўства на развіццё нацыянальнай прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь сведчыць аб тым, што неабходна больш шырокае выкарыстанне неафіцыйнай і афіцыёзнай інкарпарацыі ў справе прававой адукацыі, прававога выхавання і сістэматызацыі крыніц права.

Нягледзячы на тое, што развіццё інфарматызацыі і шырокае выкарыстанне электронна-вылічальнай тэхнікі дазваляюць мець аператыўны доступ да дзеючага права Рэспублікі Беларусь практычна кожнаму студэнту, тым не менш, гэтыя магчымасці не ў стане і сёння замяніць зборнікаў крыніц права ікарпарытыўнага характару, якія раней шырока выкарыстоўваліся ў навучальным працэсе ў вышэйшых навучальных установах. Справа тут найперш у тым, што зборнікі інкарпаратыўнага характару (асабліва на пісьмовых носьбітах), павінны ўключаць больш шырокі спектр крыніц права, чым той іх спіс, які дазваляюць скласці пошукавыя сістэмы пры вырашэнні канкрэтнай прававой сітуацыі. Падрыхтоўка спецыялістаў-юрыстаў з вышэйшай адукацыяй патрабуе развіцця сістэмнага ўспрымання дзеючага права, набыцця адпаведных навыкаў і фарміравання прафесійных кампетэнцый, якія найбольш эфектыўна набываюцца і фарміруюцца якраз пры выкарыстанні зборнікаў ікарпарытыўнага характару на пісьмовых носьбітах. Задачам прававога выхавання і ўзвышэння прававой свядомасці насельніцтва вельмі спрыяла б афіцыёзная інкарпарацыя нарматыўных прававых актаў, якія выдаюцца органамі мясцовага кіравання і самакіравання. Па-першае, гэта садзейнічала б азнаямленню насельніцтва з вельмі значным пластом дзеючага пазітыўнага права, па-другое, значна ўзвысіла б адказнасць мясцовых органаў самакіравання і кіравання за якасць прымаемых імі крыніц права.

Патрабуецца наладжванне практыкі сістэматызацыі лакальных крыніц права ва ўстановах і арганізацыях. Абмежаваны вопыт выдання нават асобных нарматыўных актаў лакальнага характару на пісьмовых носьбітах ва ўстанове адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» адназначна сведчыць аб эфектыўнасці ў справе прававога выхавання, якое магло б аказаць выданне інкарпаратыўных зборнікаў лакальных нарматыўных актаў. Гэта спрыяла б узвышэнню прававой культуры кіраўнікоў, якія выдаюць лакальныя нарматыўныя акты, узмацніла б іх адказнасць пры стварэнні такіх актаў. Гэта прывівала б карыстальнікам дадзенага віду крыніц права неаходныя элементы прававой культуры.

Мэтазгодна пашырыць афіцыёзную ікарпарацыю, асабліва нарматыўных актаў вышэйшых судовых інстанцый (акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь), маючы на ўвазе наступную іх кансалідацыю па роднасных пытаннях. Інкарпарацыя дадзенага віду крыніц права Рэспублікі Беларусь з наступнай кансалідацыяй магла б стаць, па-першае, заканамерным крокам у справе стварэння нормаў дзеючага права ўпаўнаважанымі органамі дзяржавы і службовымі асобамі па ініцыятыве вышэйшых судовых інстанцый, па-другое, значна ўзмацніла б ролю судовай улады ў справе праватворчасці і норматворчасці.

Кансалідацыя нарматыўных прававых актаў традыцыйна ўзгадваецца ў якасці аднаго з класічных відаў сістэматызацыі крыніц права, тым не менш яе прававая прырода даследавана слаба, а яе супастаўленне з інкарпарацыяй і кадыфікацыяй з мэтай усталявання месца і ролі кансалідацыі ва ўдасканаленні дзеючага права ў юрыдычнай навуцы практычна не ажыццяўлялася, не вызначаны таксама тэндэнцыі і перспектывы развіцця кансалідацыйнай дзейнасці ва ўдасканаленні сістэмы дзеючага нацыянальнага беларускага права. У рамана-германскай прававой сям’і выкарыстанне кансалідацыі абмяжоўваецца, як правіла, адным відам крыніц права – нарматыўным прававым актам альбо дагаворам нарматыўнага зместу, у міжнародным праве – прававым звычаем альбо дактрынай. Для кансалідацыі пры гэтым характэрна выкарыстанне ў якасці аб’ектаў кансалідацыйнай дзейнасці, па-першае, крыніц права аднаго і таго ж узроўня, г .зн. крыніц, якія маюць адну і тую ж юрыдычную сілу, па-другое, крыніц права, якія маюць адну і тую ж юрыдычную значнасць, па-трэцяе, маюць адну і тую ж юрыдычную вагу.

Пры супастаўленні кансалідацыі з іншымі відамі (формамі) сістэматызацыі заканадаўства высвятляецца наступнае.

У параўнанні з інкарпарацыяй кансалідацыя скіравана не толькі на змяненне знешняй формы крыніцы права, але і на перапрацоўку зместу дзеючага права і ў гэтых адносінах яна можа быць аднесена да своеасаблівага падвіду норматворчасці. У гэтых варунках кансалідацыя значна выйграе ў параўнанні з інкарпарацыяй, якая наўпрост не можа быць выдзелена ў якасці самастойнага падвіду норматворчасці, нават, пры ўмове, калі інкарпарацыя з’яўляецца афіцыйнай. Разам з тым калі кансалідацыя можа быць толькі афіцыйнай, то інкарпарацыя можа быць неафіцыйнай і афіцыёзнай. Бачна, што поле выкарыстання інкарпарацыі больш шырокае, чым кансалідацыі. Калі інкарпарацыя ў якасці формы (віду) сістэматызацыі дзеючага права (крыніц права) можа ахопліваць без абмежавання практычна ўсе віды крыніц дзеючага права, то кансалідацыя, як правіла, ахоплівае невялікую колькасць дзеючых крыніц права, роднасных у плане рэгулявання не проста аднародных грамадскіх адносін, а адносін, якія вельмі блізкія па змесце, форме і характару. Дадзеная адметнасць кансалідацыі значна звужае поле выкарыстання кансалідацыйнай дзейнасці ў якасці самастойнай формы (віду) сістэматызацыі. І ў параўнанні з інкарпарацыяй кансалідацыя прайграе ў якасці самастойнай формы (віду) сістэматызацыі дзеючага права.

Параўнанне кансалідацыі і кадыфікацыі ў плане магчымасцяў выкарыстання кансалідацыі ў праватворчай дзейнасці дазваляе сфармуляваць выснову аб тым, што кансалідацыя значна саступае кадыфікацыі ў глыбіні перапрацоўкі сістэматызуемых крыніц дзеючага права і таму кансалідацыя не можа выступаць асноўным шляхам удасканалення дзеючага права. Кансалідацыя можа выкарыстоўвацца ў якасці тактычнага інструмента (тактычных крокаў) пры сістэматызацыі дзеючых крыніц права. Разам з тым, у плане знешняй апрацоўкі дзеючых крыніц права кансалідацыя значна пераўзыходзіць магчымасці кадыфікацыі, таму што кансалідацыю можна праводзіць перманентна, у той час, як кадыфікацыя ажыццяўляецца перыядычна. Кадыфікацыя ў якасці формы (віду) сістэматызацыі, як правіла, ахоплівае самыя істотныя моманты зместу дзеючага права і праводзіцца на ўзроўні крыніц права самай высокай юрыдычнай сілы, юрыдычнай значнасці і юрыдычнай вагі. Кансалідацыя праводзіцца, як правіла, на ўзроўні крыніц права «сярэдняга ўзроўня» – напрыклад, ведамасных нарматыўных прававых актаў ці актаў «мясцовага» і лакальнага ўзроўня.

Вывучэнне асаблівасцяў і магчымасцяў кансалідацыі крыніц сучаснага беларускага дазваляе сфармуляваць асноўныя тэндэнцыі ў развіцці кансалідацыйнай дзейнасці.

З’яўленне ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь такіх нетыповых відаў крыніц права, як дырэктывы Прэзідэнта краіны, асобнай формы прававой навукі (дактрыны) – канцэпцыі ўдасканалення беларускага заканадаўства – сведчыць аб тым, што кансалідацыю ў якасці формы (віду) сістэматызацыі крыніц права ўжо сёння можа больш шырока выкарыстоўваць адначасова ў адносінах да шэрагу розных відаў крыніц права, напрыклад, нарматыўных прававых актаў і навукі (дактрыны), нарматыўнага прававога акта і дагавора нарматыўнага зместу. У больш аддаленай перспектыве кансалідацыя можа быць скіравана на аб’яднанне нормаў права, якія змяшчаюцца практычна ва ўсіх вядомых нам відах крыніц права без абмежаванняў, але па форме ажыццяўлення яна будзе, безумоўна, «завязана» на галоўную крыніцу нацыянальнага права – нарматыўны прававы акт. Магчыма, што далейшае пашырэнне кансалідацыі на іншыя віды крыніц права прывядзе да з’яўлення невядомых нам крыніц права.

Больш шырокае выкарыстанне кансалідацыі ў справе сістэматызацыі крыніц дзеючага права можна звязваць з: а) інфарматызацыяй праватворчай дзейнасці, якая дазваляе хутка і аператыўна праводзіць кансалідацыю на ўзроўні ведамасных крыніц права, крыніц права мясцовага ўзроўню і лакальных крыніц права; б) развіццём адзінай дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі, якая стварае спрыяльныя ўмовы для кансалідацыйнай дзейнасці адносна рознавідавых крыніц права.Тэндэнцыі і перспектывы, а таксама магчымыя межы выкарыстання кансалідацыі ў справе сістэматызацыі дзеючых крыніц нацыянальнага беларускага права залежаць ад узроўню сістэматызуемых адзінак дзеючага заканадаўства. Пры сістэматызацыі такой структурнай часткі заканадаўства, як асобная галіна, суадносіны інкарпарацыі, кансалідацыі і кадыфікацыі заканадаўства залежаць ад: а) мэт сістэматызацыі; б) стану дзеючага заканадаўства адпаведнай структурнай адзінкі заканадаўства; в) аб’ёму крыніц права, якія ўваходзяць у склад сістэматызуемай галіны заканадаўства. Пры суцэльнай сістэматызацыі заканадаўства суадносіны паміж інкарпарацыяй, кансалідацыяй і кадыфікацыяй будуць заўсёды аднастайныя. Кансалідацыя ў рамана-германскай прававой сістэме заўсёды займае прамежкавае становішча паміж інкарпарацыяй і кадыфікацыяй заканадаўства.

«Галоўны шлях развіцця сістэмы заканадаўства, – адзначаецца ў канцэпцыі ўдасканаленнязаканадаўства Рэспублікі Беларусь, – кадыфікацыя, якая дазваляе дасягнуць адзінага, юрыдычна цэльнага рэгулявання ў галінах і пэўных інстытутах права» [8]. Кадыфікацыя – від сістэматызацыі, для якога характэрна істотная перапрацоўка зместу прававога рэгулявання грамадскіх адносінаў, стварэнне зводнага, якасна новага па змесце і форме нарматыўнага прававога акта, у якім у сістэматызаванай форме выкладаюцца прававыя прадпісанні, рэгулюючыя пэўную вобласць грамадскіх адносінаў. Прырода кадыфікацыі, яе роля і значнасць у развіцці права і яго крыніц сёння прыцягваюць ўвагу як айчынных [9], так і замежных [10] навукоўцаў. Тым не менш застаецца праблемным поле ўзаемаадносінаў «праватворчай» і «сістэматызацыйнай» частак у сутнасці кадыфікацыі, патрабуюць даследавання суадносіны «галіновых» і «комплексных» пачаткаў у кадыфікацыйнай дзейнасці, а таксама неабходна ўдакладненне значнасці кадыфікацыі ў справе развіцця права і сістэматызацыі яго крыніц.

Пры даследаванні першай з адзначаных праблем высвятляецца, што ў сучаснай беларускай прававой сістэме ў сутнасці кадыфікацыйнай дзейнасці пераважаюць «сістэматызацыйныя» пачаткі, а таму можна сфармуляваць заканамернасць, згодна з якой у параўнанні з савецкім перыядам значнасць «праватворчых» пачаткаў у сутнасці кадыфікацыйнай дзейнасці пастаянна зніжаецца. Гэта абумоўлена, па-першае, пастаяннымі (=перманентнымі) зменамі асноўнай часткі прававой сістэмы – нарматыўнай яе асновы, што не дазваляе рэалізаваць у поўнай меры «праватворчыя» пачаткі кадыфікацыі, а, па-другое, паскарэннем дынамізму іншых складовых частак прававой сістэмы, што не дазваляе сканцэнтраваць увагу на праватворчай функцыі кадыфікацыі. Узмацненне ў развіцці кадыфікацыйнай дзейнасці «праватворчых» пачаткаў – актуальная задача, без вырашэння якой губляюцца адметныя «нацыянальныя» якасці, суверэнныя пачаткі сучаснай прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.

У адзначаным ракурсе можна было б сканцэнтраваць кадыфікацыйную дзейнасць на інстытутах нацыянальнага права, якія замацоўваюць самыя значныя і самыя важныя элементы суверэннай нацыянальнай прававой сістэмы – кадыфікацыі асноўных інстытутаў публічнага права, канстытуцыйнага, муніцыпальнага, прыродарэсурсавага, аграрнага, зямельнага, воднага, інфармацыйнага заканадаўства і г.д. Зніжэнне «праватворчых» пачаткаў у сутнасці кадыфікацыйнай дзейнасці сведчыць таксама і аб тым, што ў нацыянальнай дактрыне не было сфармуліравана належных высноў аб значнасці праватворчай складовай часткі ў сутнасці кадыфікацыйнай дзейнасці і таму, нават, пры кадыфікацыі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права былі дапушчаны істотныя памылкі, якія адмоўна ўплываюць сёння на барацьбу са злачыннасцю. «Запазычаныя» інстытуты крымінальнага права не «прыжываюцца» на нашым прававым полі.

Што тычыцца другой з адзначаных праблем, то тут трэба адзначыць, што «традыцыйнае» разуменне кадыфікацыі грунтуецца на той выснове, што кадыфікацыйная дзейнасць найбольшую эфектыўнасць выяўляе ў асобных структурных частках галіновай структуры права – галінах, падгалінах і інстытутах права [11, с.104]. Кадыфікацыя ў межах гэтых структурных частках прыводзіць да найбольш глыбокіх пераўтварэнняў у праве. Аднароднасць прававога матэрыялу садзейнічае самай глыбокай яго перапрацоўцы. Аднак, для развіцця сучаснай беларускай прававой сістэмы характэрным з’яўляецца пераход ад «галіновай» да «комплекснай» кадыфікацыі. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў»,  Кодэкс Рэспублікі Беларусь « Аб адукацыі» – прыклады кадыфікацыйнай дзейнасці, якая заснавана на «комплексных» пачатках. Параўнанне галіновых і комплексных кадыфікацыйных актаў сведчыць аб тым, што апошнія маюць на мэце вырашэнне пераважна сістэматызацыйных задач, у той час, як галіновыя кодэксы вырашаюць пераважна праватворчыя задачы. Калі комплексныя кадыфікацыйныя акты забяспечваюць эфектыўнасць і паўнату пры міжгаліновым прававым рэгуляванні [12, с.56 – 57], то кодэксы ў традыцыйным разуменні найбольш прыдатныя да грунтоўных і якасных пераўтварэнняў у сістэме прававога рэгулявання грамадскіх адносінаў.

Аналіз перспектыў кадыфікацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь дазваляе зрабіць выснову аб тым, што суцэльная кадыфікацыя заканадаўства Рэспублікі Беларусь па галіновым прынцыпе ў аглядны гістарычны перыяд часу практычна немагчыма. Разам з тым, калі з цягам часу пацвердзіць сваю значнасць кадыфікацыйная дзейнасць на комплексных пачатках, можна будзе ў якасці перспектыўнай і дасягальнай у практычных адносінах мэты развіцця беларускай прававой сістэмы сфармуляваць ідэю суцэльнай кадыфікацыі (на комплексных пачатках) і прыкласці намаганні па яе ажыццяўленні. Адначасова можна зрабіць выснову аб тым, што кадыфікацыйная дзейнасць комплекснага характару – гэта крок у збліжэнні такіх відаў (формаў) сістэматызацыйнай дзейнасці, як кадыфікацыя, кансалідацыя і інкарпарацыя.

Кадыфікацыя і сёння застаецца галоўным сродкам развіцця права ў прававых сістэмах рамана-германскай прававой сям’і. Праз кадыфікацыю нацыянальныя прававыя сем’і  ўздымаюцца на новы ўзровень развіцця. Разам з тым «негатыўным» фактарам, якія адмоўна ўплывае на месца і ролю кадыфікацыі ў развіцці права, з’яўляецца інтэграцыя нацыянальных прававых сістэм і ўзрастаючае ўздзеянне міжнароднага права на нацыянальныя прававыя сістэмы. Уплыў міжнароднага супрацоўніцтва і міжнароднага права на развіццё нацыянальных прававых сістэм прыводзіць да таго, што змяншаецца значнасць кадыфікацыі ў развіцці нацыянальных прававых сем’яў. І ў гэтых варунках ўзвышэнне значнасці кадыфікацыі ў развіцці нацыянальнага права фактычна азначае ўзмацненне яе ролі ў справе захавання суверэннасці нацыянальных прававых сістэм. Кадыфікацыі ў гэтым ракурсе выходзіць за межы прававога развіцця і набывае «палітычнае» адценне, пераўтвараецца ў вельмі важкі фактар умацавання суверэннасці дзяржавы.