Глава 7. ПРАВАВАЯ СІСТЭМА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І СІСТЭМА КРЫНІЦ ПРАВА
Прававая сістэма Беларусі складваецца паступова і развіваецца пад рашаючым уздзеяннем імператываў нацыянальнага характару, а актыўнае ўздзеянне дзяржавы на прававую сістэму заканамерна прыводзіць да таго, што ў беларускай прававой сістэме фарміруецца значная па аб’ёме нарматыўная частка, якая складаецца ў асноўным з сістэмы нарматыўных прававых актаў беларускай дзяржавы. Такім чынам, прававая сістэма Рэспублікі Беларусь падпарадкоўваецца ў сваім развіцці найбольш агульным заканамернасцям развіцця прававых сістэм і ў той жа самы час яна мае непаўторныя асаблівасці. Трэба акрэсліць сістэмныя каардынаты беларускай прававой сістэмы дзеля таго, каб вызначыць асноўныя накірункі яе развіцця і ўдасканалення ва ўмовах інтэграцыі прававых сістэм. Найлепшым чынам гэта можна зрабіць на шляху тыпалогіі прававых сістэм, якая ажыццяўляецца ў залежнасці ад класіфікацыі крыніц права.