З А К Л Ю Ч Э Н Н Е
Сістэма крыніц беларускага права адпавядае асноўным параметрам, якія ўласцівы рамана – германскай прававой сям’і, захоўвае адметныя асаблівасці крыніц права, якія былі характэрнымі для савецкай прававой сістэмы і валодае прыкметамі, якія вылучаюць яе ў якасці сістэмы крыніц права якасна новай, самастойнай прававой сістэмы. Азначэнне крыніц беларускага права ў якасці знешніх форм выражэння і замацавання норм права заснавана на дактрынальнай традыцыі, у межах якой развіваецца сучасная беларуская юрыдычная навука, знаходзіцца ў рэчышчы азначэння права, якое ўтрымліваецца ў беларускім заканадаўстве і адпавядае прыродзе нацыянальнага права. У беларускай прававой сістэме выкарыстоўваюцца традыцыйныя крыніцы пазітыўнага права – прававы звычай і прававы прэцэдзент, прававая навука (дактрына) і свяшчэннае пісанне, дагавор нарматыўнага зместу і нарматыўны прававы акт, а тэорыя крыніц беларускага права абапіраецца на заканамернасці пабудовы, развіцця і функцыяніравання крыніц нацыянальнага права і забяспечвае іх развіццё ў адпаведнасці з характарам эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай сістэмы беларускага грамадства.
Асновы сістэматыкі крыніц беларускага права замацаваны ў Канстытуцыі краіны, якая паняццем нарматыўнага акта абазначае ўсе віды крыніц нацыянальнага права. Канкрэтызацыя і дэталізацыя канстытуцыйных палажэнняў праведзена ў бягучым заканадаўстве. Патрабуецца далейшая фармалізацыя сістэмы крыніц дзеючага нацыянальнага права шляхам прыняцця зводнага кадыфікаванага акта аб крыніцах права, заўважна неабходнасць у вызначэнні і замацаванні ўсіх форм і відаў сувязяў паміж крыніцамі права, каналаў і механізмаў, праз якія ў прававую сістэму ўводзяцца новыя нормы права і з дапамогай якіх ажыццяўляецца развіццё і сістэматызацыя дзеючых крыніц права. Нарматыўнае прававое замацаванне адзначаных і іншых пытанняў – адзіна правільны шлях удасканалення сістэмы крыніц пазітыўнага права ва ўмовах пабудовы сацыяльнай і прававой дзяржавы, які гарантуе ўмацаванне законнасці і правапарадку ў сферы стварэння і рэалізацыі права.
Сістэма крыніц нацыянальнага права дазваляе легалізаваць такую традыцыйную крыніцу права, як прававы прэцэдзент і выкарыстоўваць яго разам з дактрынай (навукай) ў якасці адной з дадатковых крыніц беларускага права. Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – якасна новы від крыніц нацыянальнага права, прававая форма, праз якую вызначаюцца асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы ў пэўных сферах грамадскіх адносінаў. Мадыфікаваныя крыніцы права забяспечваюць сістэмнасць і іерархічнасць крыніц беларускага права, законнасць у сферы праватворчасці і правапрымянення. Патрабуецца абнаўленне канцэпцыі ўдасканалення заканадаўства Рэспублікі Беларусь – важнейшага фактара развіцця беларускага права і сістэмы яго крыніц. Сістэматызацыя заканадаўства – заканамернасць развіцця і ўдасканалення сістэмы крыніц пазітыўнага права, якая не можа быць рэалізавана без стварэння класіфікатараў прававых актаў. Адзіны прававы класіфікатар Рэспублікі Беларусь ва ўмовах стварэння дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі павінен быць трансфарміраваны ў універсальны прававы класіфікатар, які будзе ахопліваць увесь аб’ём нарматыўнай часткі прававой сістэмы, усе віды крыніц пазітыўнага права, усе формы існавання права.
Структурна – функцыянальныя залежнасці, якія існуюць паміж традыцыйнымі крыніцамі і формамі існавання права можна пакласці ў падмурак выдзялення трох тыпаў прававых сем’яў, а ў залежнасці ад дамінавання ў нацыянальных прававых сістэмах пэўнага віда традыцыйных крыніц права дадзеныя тыпы прававых сістэм можна класіфікаваць на шэсць відаў. У кожнай нацыянальнай прававой сістэме існуе адметная сістэма крыніц права, якая складваецца з традыцыйных і нетрадыцыйных, тыповых і нетыповых відаў крыніц права, унутры крыніц нацыянальнага права, а таксама паміж крыніцамі нацыянальнага і міжнароднага права ўсталёўваюцца адметныя структурныя і функцыянальныя сувязі, а ў Асноўным законе краіны фарміруецца асобны інстытут крыніц права, у якім замацоўваюцца асаблівасці сістэмы крыніц нацыянальнага права, узаемаадносіны паміж крыніцамі права і шэраг іншых пытанняў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь вельмі поўна замацоўвае асноўныя элементы інстытута крыніц права, што стварае трывалы падмурак для развіцця і ўдасканалення сістэмы крыніц беларускага права.