7.2. Аб канстытуцыйнымінстытуце крыніц права
Вядома, што з канца 80-х гадоў мінулага да пачатку ХХІ стагоддзя было прынята звыш 100 Канстытуцый у розных краінах свету [15, с. 34]. Працэс касметычных зменаў, дапаўненняў, грунтоўных зменаў і прыняцця якасна новых Асноўных законах захапіў і значную частку еўрапейскіх краін, асабліва краін Усходняй Еўропы, дзе пасля распаду Савецкага Саюза былі прыняты найноўшыя Канстытуцыі. Пры параўнанні апошніх з тэкстамі самых першых канстытуцый, яскрава выявіліся тэндэнцыі развіцця канстытуцый – асноўныя накірункі эвалюцыі зместу канстытуцый і практыкі прымянення канстытуцыйных норм і інстытутаў [16, с. 56.]. Адна з тэндэнцый развіцця Канстытуцый сучасных дзяржаў праяўляецца ў павелічэнні аб’ёмуканстытуцыйнага рэгулявання. Для яе характэрна замацаванне ў тэкстах Асноўных законаў грамадскіх адносінаў, якія, па-першае, раней не рэгламентаваліся нормамі канстытуцыйнага заканадаўства, а, па-другое, павелічэнне аб’ёму канстытуцыйнага рэгулявання тых грамадскіх адносінаў, якія раней рэгуляваліся на канстытуцыйным узроўні ў значна меншым аб’ёме.
Пры павелічэнні аб’ёму канстытуцыйнага рэгулявання грамадскіх адносін сфера канстытуцыйнага рэгулявання можа нават і памяншацца, але важна тое, што павелічэнне аб’ёму канстытуцыйнага рэгулявання непазбежна прыводзіць да зменаў у «канстытуцыйнай матэрыі» і ў гэтых варунках вельмі важна прасачыць тыя змены, якія адбываюцца ў тэкстах Асноўных законаў, іншымі словамі – праявы дадзенай тэндэнцыі.
Агульнае правіла, згодна з якім адбываюцца перамены ў аб’ёме канстытуцыйнага рэгулявання, гучыць так: аб’ём канстытуцыйнага рэгулявання пастаянна мяняецца пад уздзеяннем праблем, якія маюць важнае ўнутрыдзяржаўнае і міжнароднае значэнне [17, с. 5]. Разам з тым, аднастайнай градацыі значнасці і важнасці праблем, пад уздзеяннем якіх адбываюцца змены ў аб’ёме канстытуцыйнага рэгулявання, не існуе. Не існуе і дакладнага, аднастайнага пераліку тых пытанняў, якія павінны быць замацаваны на канстытуцыйным узроўні. Таму побач з праблемамі, якія з’яўляюцца грунтоўнымі і вельмі значнымі для замацавання канстытуцыйнага ладу, у сферу канстытуцыйнага рэгулявання ў асобных краінах трапляюць і такія пытанні, як трансплантацыя органаў і тканак, змена палоў, спыненне цяжарнасці, права на аўтаназію і г.д.
Зразумела, што павелічэнне аб’ёму канстытуцыйнага рэгулявання, які суправаджаецца ўключэннем у сферу канстытуцыйнага рэгулявання новых грамадскіх адносінаў, прыводзіць да напаўнення тэкстаў канстытуцый новымі нормамі права, якія не замацоўваліся ў тэкстах Асноўных законаў раней. Калі ж сфера канстытуцыйнага рэгулявання звужаецца і ў канстытуцыях не знаходзяць рэгулявання асобныя грамадскія адносіны, то і ў зместе Асноўнага закона адсутнічаюць адпаведныя нормы права. Гэтыя працэсы, як кажуць, ляжаць на паверхні і адразу заўважны.
Іншая справа, калі аб’ём канстытуцыйнага рэгулявання мяняецца шляхам уключэння ў сферу канстытуцыйнага рэгулявання тых пластоў грамадскіх адносінаў, якія раней на канстытуцыйным узроўні не замацоўваліся. У гэтых варунках у Асноўных законах адбываюцца глыбокія структурныя змены, якія выяўляюцца не адразу і далёка не заўсёды адзначаюцца належным чынам. Да такіх структурных зменаў у змесце Асноўных законаў можна аднесці з’яўленне асобнага інстытута крыніц права, які пакуль што не атрымаў належнага дактрынальнага прызнання ў якасці самастойнага інстытута канстытуцыйнага права. Заўважым, што размова ў гэтым выпадку ідзе не аб крыніцах канстытуцыйнага права, іх відах і сістэме, а аб самастойным канстытуцыйным інстытуце крыніц права.
Увогуле пад інстытутам права ў агульнай тэорыі права разумеюць комплекс прававых норм, які адносна адасоблены і які рэгулюе з дапамогай спецыфічных прыёмаў і сродкаў аднародны від ці бок грамадскіх адносінаў [18, с. 15], а да фармальных яго прымет адносяць знешне адасобленае яго замацаванне ў нарматыўных прававых актах у выглядзе самастойных глаў ці раздзелаў [19, с. 24]. Дадзеныя агульнатэарэтычныя палажэнні знаходзяць канкрэтызацыю і ўдакладненне ў тэорыі канстытуцыйнага права. Не для кожнага інстытута канстытуцыйнага права патрабуецца знешняе адасабленне ў выглядзе самастойных глаў ці раздзелаў. Важней іншае – інстытут канстытуцыйнага права ўяўляе сабой групу норм права, якія шчыльна звязаны паміж сабой і функцыянуюць як адзінае цэлае [20, с.76 – 77].
Як уяўляецца, канстытуцыйны інстытут крыніц права цалкам адпавядае патрабаванням, якія вылучаюцца да інстытутаў канстытуцыйнага права. У самым агульным плане ён уключае ў сябе сістэму канстытуцыйных палажэнняў (норм права), у якіх знаходзяць замацаванне сістэма крыніц міжнароднага і нацыянальнага права, іх суадносіны, разнастайныя сувязі унутры крыніц нацыянальнага і міжнароднага права, узаемасувязі і ўзаемазалежнасці паміж крыніцамі нацыянальнага і міжнароднага права і г.д. і якія маюць значэнне як для нацыянальнай, так і для міжнароднай прававой сістэмы, усіх галінаў нацыянальнага права. Гэтыя нормы структурна не адасоблены ў форме самастойнай главы ці раздзела Асноўнага закона краіны, але яны вельмі шчыльна звязаны паміж сабой прадметна і функцыянуюць як адзінае цэлае.
Дзве акалічнасці падштурхоўваюць да высновы аб неабходнасці выдзялення дадзенага інстытута канстытуцый у якасці самастойнага інстытута Асноўнага закона краіны.
Па-першае,ідэя прававой дзяржавы, якая замацоўваецца ў тэкстах практычна ўсіх сучасных дзяржаў, патрабуе дакладнасці ў аб’ёме, сферах і межах прававога рэгулявання грамадскіх адносінаў нормамі як нацыянальнага, так і міжнароднага права. Задачу гэтую немагчыма вырашыць без дакладнасці ў формах знешняга існавання права, без замацавання ў тэкстах Асноўных законаў усяго каркаса сістэмы крыніц міжнароднага і нацыянальнага права, іх суадносінаў паміж сабой.
Па-другое, узмацненне эканамічных, ідэалагічных і палітычных складовых частак канстытуцыі адбываецца праз прававую форму, якая забяспечвае дакладнасць і аднастайнасць замацавання эканамічных, ідэалагічных і палітычных пачаткаў у тэксце канстытуцыі. Замацаванне сістэмы знешніх форм існавання дзеючага пазітыўнага нацыянальнага права і права міжнароднага ў Асноўным законе краіны з’яўляецца ў гэтых варунках не толькі прававым, але і палітыка-ідэалагічным, а таксама эканамічным імператывам сучаснасці.
З якіх элементаў складаецца канстытуцыйны інстытут крыніц права? Да такіх элементаў адносяцца мінімум наступныя канстытуцыйныя палажэнні, нормы права, канстытуцыйныя канструкцыі і схемы:
1) сістэма (набор) крыніц нацыянальнага права;
2) сістэма іерархічных і субардынацыйных, прадметных і функцыянальных і г.д. сувязяў паміж крыніцамі нацыянальнага права;
3) механізмы, метады і формы, з дапамогай якіх у працоўным стане падтрымліваецца сістэма крыніц нацыянальнага права, а таксама сістэма іерархічных і субардынацыйных, прадметных, функцыянальных і г.д. сувязяў паміж крыніцамі нацыянальнага права;
4) сістэма асобных інстытутаў і органаў (Канстытуцыйныя Суды і г.д.), якія забяспечваюць вяршэнства Канстытуцыі (Асноўнага закона) і яе непасрэднае дзеянне;
5) прызнанне і замацаванне сістэмы крыніц міжнароднага права ў Асноўных законах дзяржавы;
6) замацаванне сістэмы прадметных і функцыянальных, «субардынацыйных і іерархічных» і г.д. сувязяў паміж крыніцамі міжнароднага і нацыянальнага права;
7) замацаванне механізмаў імплементацыі крыніц (нормаў) міжнароднага права ў нацыянальную прававую сістэму;
8) усталяванне механізмаў, метадаў і форм, з дапамогай якіх падтрымліваецца сістэма прадметных і функцыянальных, «іерархічных і субардынацыйных» і г.д. сувязяў паміж крыніцамі нацыянальнага і міжнароднага права;
Замацаванне асобных элементаў дадзенага інстытута ў тэкстах канстытуцый ішло паступова. Важна даследаваць, якім чынам і ў якіх формах і накірунках павелічэнне аб’ёму канстытуцыйнага рэгулявання, а таксама пашырэнне (звужэнне) сферы канстытуцыйнага рэгулявання аказвалі ўплыў на станаўленне тых ці іншых элементаў дадзенага інстытута. Гэта самастойная праблема, якая патрабуе свайго грунтоўнага аналізу, а зараз звернем увагу на шэраг найбольш істотных момантаў у фарміраванні акрэсленых складовых частак інстытута крыніц права:
1) У самых першых канстытуцыях замацоўваліся самыя элементарныя правілы і нормы аб крыніцах норм нацыянальнага права, якія выдаваліся органамі вярхоўнай улады, і палажэнні аб неабходнасці выканання норм права, якія замацоўваліся ў актах, выдадзеных органамі вярхоўнай дзяржаўнай улады (законах, дэкрэтах і г.д.). Да 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў тэкстах абсалютнай большасці Канстытуцый сустракаліся толькі асобныя палажэнні аб крыніцах нацыянальнага права, якія выдаваліся органамі вярхоўнай улады. Але ўжо ў тэкстах Канстытуцый, якія прыняты ў другой палове 20-га стагоддзя, як правіла, змяшчаюцца падрабязныя канстытуцыйныя палажэнні аб крыніцах нацыянальнага права, з’яўляюцца нормы аб крыніцах міжнароднага права і замацоўваюцца палажэнні аб іх суадносінах з крыніцамі нацыянальнага права;
2) Паралельна з замацаваннем сістэмы крыніц нацыянальнага права ў тэкстах канстытуцый праходзіў і працэс усталявання іерархіі паміж крыніцамі права. І яскравым прыкладам тут можа быць Канстытуцыя ЗША. Вядома, што ў 1803 годзе Вярхоўны Суд Злучаных Штатаў Амерыкі пры разглядзе справы У. Мэрберы супраць Дж. Мэдісана пад старшынствам суддзі Дж. Маршала, якая значыцца пад № 1, упершыню ў амерыканскай дактрыне аб’явіў, што федэральная Канстытуцыя з’яўляецца вышэйшым законам краіны і што судовая ўлада мае права кваліфікаваць любы закон Кангрэса і штатаў як неканстытуцыйны і несапраўдны ў выпадку, калі ён будзе супярэчыць Асноўнаму закону краіны.
3) Ці не самая першая грунтоўная спроба замацавання суадносінаў крыніц нацыянальнага і міжнароднага права належыць французскай канстытуцыйнай традыцыі. Вядома, што ў арт. 55 Асноўнага закона пятай Французкай Рэспублікі замацавана правіла, згодна з якім міжнародныя дагаворы ці пагадненні, якія належным чынам былі ратыфікаваны ці адобраны, маюць сілу, якая перавышае сілу законаў, з моманту апублікавання пры ўмове прымянення кожнага пагаднення ці дагавора іншым бокам.
Асобныя аўтары, даследуючы тэндэнцыі развіцця Асноўных законаў, адзначаюць сярод іх і функцыі, якія ўласцівы сучасным канстытуцыям. Сярод іх найчасцей адзначаюцца функцыі дэмакратызацыі, ідэалагізацыі, сацыялізацыі, інтэрнацыяналізацыі [21 – 23 ]. На мой погляд, можна весці размову і аб такой асобнай тэндэнцыі (функцыі) развіцця Канстытуцый сучасных краін, як іх юрыдызацыя. І гэта не таўталогія і не нейкі нонсенс, калі адноснаКанстытуцыі (Асноўнага закона) ўжываецца паняцце (тэрмін) юрыдызацыя. Справа ў тым, што функцыя юрыдызацыі па сутнасці адзначае ўзмацненне прававых пачаткаў у тэксце Асноўнага закона. А вось адной са знешніх праяў функцыі (тэндэнцыі) юрыдызацыі Асноўнага закона, яе ўзмацнення з’яўляецца наяўнасць у тэксце канстытуцыі самастойнага інстытута крыніц права. Замацаванне ў Асноўным законе краіны як мага большай колькасці складовых частак канстытуцыйнага інстытута крыніц права яскрава сведчыць аб імкненні пабудаваць сацыяльную, прававую і сапраўды дэмакратычную дзяржаву.
Пры параўнанні тэкстаў канстытуцый сучасных еўрапейскіх дзяржаў на прадмет замацавання ў іх інстытута крыніц права высвятляецца, што найбольш поўна яго асноўныя элементы замацаваны ў Канстытуцыях усходнееўрапейскіх краін, якія ўзніклі пасля распаду Савецкага Саюза. Практычна ўсе элементы дадзенага інстытута грунтоўна адлюстроўваюцца ў Канстытуцыях Расійскай Федэрацыі, Украіны і Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь знайшлі замацаванне абсалютна ўсе элементы адзначанага канстытуцыйнага інстытута крыніц права. Яны былі канкрэтызаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» [24] і Законе Рэспублікі Беларусь «Аб міжнародных дагаворах» [25]. У гэтых варунках у параўнанні з Асноўнымі законамі сучасных дзяржаў Заходняй Еўропы Канстытуцыі краін Усходняй Еўропы выглядаюць больш прывабна.
***
Выдзяленне трох тыпаў прававых сем’яў праз формы існавання права – прававыя адносіны, прававую свядомасць і пазітыўнае права – дазваляе затым класіфікаваць кожны тып прававой сям’і на шэсць відаў у залежнасці ад дамінавання ў нацыянальных прававых сем’ях пэўнага віду крыніц права – прававога звычая, прававога прэцэдэнта, дагавора нарматыўнага зместу, дактрыны (навукі), свяшчэннага пісання і нарматыўнага прававога акта. Перамены ва ўзаемаадносінах паміж формамі існавання права прыводзяць да пераменаў у субардынацыі і ўзаемаадносінах паміж усімі відамі крыніц права – галоўнай, асноўнымі і дадатковымі крыніцамі права. Разам з тым, у кожнай нацыянальнай прававой сістэме структурна-функцыянальныя сувязі маюць сваю спецыфіку. Значнасць галоўнай крыніцы нацыянальнага права, яе ўзаемаадносіны з іншымі крыніцамі нацыянальнага права, а таксама механізм узаемазалежнасцяў паміж нацыянальным і міжнародным правам, які замацоўваецца ў Асноўным законе краіны, вызначаюць асаблівасці ўзаемаадносінаў паміж крыніцамі права, месца і ролю асобных відаў крыніц права ў нацыянальнай прававой сістэме. Фармальна-юрыдычныя параметры сучасных нацыянальных прававых сістэм замацоўваюцца ў канстытуцыях дзяржаў і складаюць самастойны інстытут – інстытут крыніц права. Як асноўныя сістэмныя параметры крыніц нацыянальнага права, так і асноўныя формы і віды структурна-функцыянальных залежнасцяў паміж крыніцамі права знайшлі сваё замацаванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, канкрэтызаваны ў шэрагу бягучых законаў.