4.3. Нарматыўныя акты вышэйшых судовых інстанцый у сістэме крыніц сучаснага беларускага права
^ Вверх

4.3. Нарматыўныя акты вышэйшых судовых інстанцый у сістэме крыніц сучаснага беларускага права

 

Прававая прырода нарматыўных актаў вышэйшых інстанцый судовай улады – пастаноў Пленумаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, гэтак жа сама як і актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, можа быць высветлена і дакладна акрэслена, па-першае, з улікам месца Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь у сістэме падзелу ўлады ўвогуле і судовай улады ў прыватнасці і, па-другое, праз вызначэнне іх сувязей і ролі сярод крыніц сучаснага беларускага права.

Ва ўмовах, калі адзіная па сваей сутнасці судовая ўлада ажыццяўляецца некалькімі відамі судоў, вельмі важна ўсталяваць і аформіць на заканадаўчым узроўні ўсе сістэмна-функцыянальныя сувязі паміж своеасаблівымі яе «адгалінаваннямі». Асабліва дакладна трэба акрэсліць субардынацыйныя стасункі паміж вышэйшымі судовымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыйным Судом, Вярхоўным Судом і Вышэйшым Гаспадарчым Судом. Пры гэтым, як здаецца, трэба зыходзіць з таго, што ні адзін з вышэйузгаданых органаў не мае ні прававых падстаў, ні падстаў канстытуцыйнага ўзроўню на тое, каб прэтэндаваць на своеасаблівае «вяршэнства» ў сістэме судовай улады, на тое, каб узначальваць усю судовую ўладу. Усе яны знаходзяцца на вяршыні піраміды судовай улады, але разам з тым, кожны з гэтых органаў выконвае толькі яму ўласцівыя функцыянальныя абавязкі ў межах судовай улады і больш шырэй – у межах дзяржаўнай улады цалкам. У гэтых адносінах можна лічыць, што і Канстытуцыйны, і Вярхоўны, і Вышэйшы Гаспадарчы Суд узначальваюць судовую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь у той ці іншай яе праяве. Праблема, такім чынам, зводзіцца да таго, каб забяспечыць своеасаблівае «супадпарадкаванне» іх адзін аднаму ў той праяве судовай улады, дзе кожны з гэтых органаў, вобразна кажучы, «узначальвае» судовую ўладу.

У сферы кантролю канстытуцыйнасці нарматыўных актаў першынство ў дзяржаве, безумоўна, належыць Канстытуцыйнаму Суду. Аб гэтым недвухсэнсоўна гаворыцца ў арт.116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1996 года. Разам з тым, сістэмны і лагічны аналіз Асноўнага закона і асабліва главы 6 Канстытуцыі, якая цалкам прысвечана арганізацыі і функцыянаванню судовай улады, дае падставы зрабіць выснову, што ўсе астатнія «падгаліны» адзінай судовай улады, якія адпаведна ўзначальваюцца Вярхоўным Судом і Вышэйшым Гаспадарчым Судом, абавязаны у сваёй дзейнасці спрыяць таму, каб Канстытуцыйны Суд належным чынам ажыццяўляў свае паўнамоцтвы кантролю канстытуцыйнасці нарматыўных актаў. Мінімум два аргументы можна прывесці ў доказ дадзенага тэзіса.

Па-першае, згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1996 года Канстытуцыйны Суд не можа па ўласнай ініцыятыве прымаць да разгляду і правяраць на адпаведнасць Канстытуцыі нарматыўныя акты. У гэтых варунках ініцыятыва па праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных актаў павінна быць ускладзена ў роўнай ступені на ўсе галіны ўлады – заканадаўчую, выканаўчую і судовую, бо ўсе яны функцыянуюць на падставе Канстытуцыі, забеспячэнне вяршэнства якой толькі і гарантуе як рэалізацыю прынцыпу падзелу ўладаў, так і захаванне іх статуса ў якасці адносна самастойных галінаў улады. Адсюль зразумела, што зварот у Канстытуцыйны Суд на прадмет канстытуцыйнасці таго ці іншага нараматыўнага акта трэба разглядаць не толькі як права, але і як абавязак кожнай з галінаў улады з мэтай захавання і ўмацавання Рэспублікі Беларусь у якасці ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

Па-другое, паколькі суды агульнай кампетэнцыі і гаспадарчыя суды ажыццяўляюць судовую ўладу (правасуддзе) на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных актаў, менавіта яны па «прафесійных» сваіх абавязках, выбіраючы для прымянення нормы права, змешчаныя ў нарматыўных актах, аналізуючы іх змест, непасрэдна, пры разглядзе канкрэтных спраў устанаўліваюць разыходжанне крыніц права па іх зместу. Яны такім чынам правяраюць на практыцы, як у сферы праватворчасці забяспечваецца вяршэнства Асноўнага закона. І ў выпадках, калі ў іх узнікаюць сумненні на гэты конт, яны проста абавязаны прадпрыняць усе законныя захады, каб увасобіць у жыццё прынцып вяршэнства Канстытуцыі дзяржавы.

Аналіз практыкі функцыянавання судовай улады пасля 1996 года сведчыць аб тым, што і Вярхоўны Суд, і Вышэйшы гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь займаюць, мякка кажучы, пасіўную пазіцыю ў справе ініцыіравання ў Канстытуцыйным Судзе разгляду спраў на прадмет канстытуцыйнасці нарматыўных актаў. І гэта даволі дзіўна, калі мець на ўвазе тое, што ў практыцы дзейнасці раённых, гарадскіх ды і абласных судоў агульнай кампетэнцыі, у практыцы функцыянавання гаспадарчых судоў не раз-пораз, а вельмі часта ўзнікаюць пытанні наконт канстытуцыйнасці нарматыўных актаў самага рознага, асабліва ведамаснага, узроўню.

Дзве акалічнасці, на мой погляд, могуць патлумачыць такую пазіцыю Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага Судоў.

Па-першае, магчыма, што палажэнні арт. 46 і 69 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» аб звароце Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйны Суд з прапановай даць заключэнні разглядаюцца гэтымі судовымі інстанцыямі выключна ў якасці іх права – «магу звяртацца, а магу і не звяртацца». Але паняцце «кампетэнцыя», якое выкарыстана беларускім заканадаўцам арт.арт. 46 і 69 Кодэкса «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў», гэтак жа сама як і паняцце «паўнамоцтва», уключае ў сябе не толькі права на нешта, але і абавязак здзейсніць нешта.

Па-другое, як Вярхоўны, так і Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь надзелены правам (і, адпаведна, абавязкам!!!) вывучаць і абагульняць судовую практыку, аналізаваць судовую статыстыку і даваць судовыя тлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляюцца абавязковымі для судоў, іншых органаў і службовых асоб, якія прымяняюць закон. Верагодна, што маючы такія магчымасці «карэктаваць» разнастайныя разыходжанні паміж нарматыўнымі актамі, Вярхоўны і Вышэйшы Гаспадарчы Суд проста не маюць патрэбы ў тым, каб звяртацца ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, тым больш, што такі зварот спалучаны з даволі складанай працэдурай, з дадатковымі высілкамі, і пры гэтым яшчэ невядома, які вердыкт будзе вынесены Канстытуцыйным Судом. А тут можна па звычцы, з захаваннем «сваіх інтарэсаў» скарэктаваць супярэчнасці ў заканадаўстве. Якое выйсце можна прапанаваць у вышэйадзначанай сітуацыі?

На мой погляд, адказнасць за стан законнасці ў сферы праватворчасці ляжыць на ўсёй галіне судовай улады, пагэтаму Вярхоўны з Вышэйшым Гаспадарчым Судом Рэспублікі Беларусь павінны быць зацікаўлены ў яе ўмацаванні не менш, чым Канстытуцыйны Суд. Гэтага, безумоўна, патрабуюць і «карпаратыўныя» інтарэсы ўсёй судовай улады ў яе ўзаемадзеянні з заканадаўчай і выканаўчай галінамі ўлады. Чым актыўней Вярхоўны і Вышэйшы Гаспадарчы Суд будуць выкарыстоўваць сваё права на зварот у Канстытуцыйны Суд на прадмет канстытуцыйнасці нарматыўных актаў, тым больш аўтарытэтнай і самастойнай будзе ўся судовая ўлада. Чым актыўней яны будуць дзейнічаць у дадзеным кірунку, тым больш дасканалай будзе сістэма дзеючага заканадаўства ды і ўся прававая сістэма ўвогуле. Шэраг прапаноў было сфармуліравана аўтарам напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя [34, с. 67]. Асобныя з іх былі ўлічаны пры прыняцці Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў». Разам з тым, праблема забеспячэння сістэмнасці судовай улады не да канца вырашана і сёння.

Патрабуе свайго вырашэння і праблема канстытуцыйнасці актаў самой судовай улады, а дакладней – актаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. Ва ўмовах, калі Канстытуцыйны Суд не мае права па ўласнай ініцыятыве ўзбуджаць працэс, Пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда як бы засталіся ў сучасных умовах па-за межамі кантролю на іх адпаведнасць Канстытуцыі і дзеючаму заканадаўству. Мы не ведаем прыкладаў, калі б Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальга Схода ці Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь звярталіся ў Канстытуцыйны Суд з хадайніцтвам аб праверцы актаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь на прадмет іх адпаведнасці Канстытуцыі. І такая сітуацыя цалкам зразумелая. Занадта спецыфічнай з’яўляецца дзейнасць судовай ўлады ўвогуле і асабліва ў плане абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі, якія ажыццяўляюцца ў Пастановах Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. Можна цалкам зразумець і тое, чаму па ўласнай ініцыятыве Вярхоўны і Вышэйшы Гаспадарчы Суд не імкнуцца праверыць пастановы сваіх Пленумаў у Канстытуцыйным Суде. Але разам з тым у адпаведнасці з ч. 7 арт. 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гэтыя акты Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда павінны тым не менш кантралявацца на прадмет іх адпаведнасці Асноўнаму закону краіны.

Як вырашыць дадзеную праблему? Можна прапанаваць два падыходы. Адзін можна ўмоўна назваць «унутрысістэмным». Яго сутнасць у тым, што Вярхоўны і Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь у канцы кожнага каляндарнага года (альбо пасля прыняцця кожнай Пастановы Пленума) самастойна звяртаецца ў Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, каб ён праверыў на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі і заканадаўству выдадзеных гэтымі судовымі ўстановамі Пастаноў Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. Другі шлях вырашэння дадзенай праблемы выводзіць ініцыятыву праверкі дадзеных актаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда на прадмет іх канстытуцыйнасці за межы самой судовай улады. Ён зводзіцца да таго, каб ускласці такі абавязак на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.

У плане забеспячэння сістэмнасці судовай улады патрабуецца, на мой погляд, і пэўная «карэкціроўка» ч. 2 арт. 112 Канстытуцыі, згодна з якой у выпадках, калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд (маецца на ўвазе любы суд, акрамя Канстытуцыйнага – М.С.) прыйдзе да высновы аб неадпаведнасці нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным (падкрэслена мной – М.С.). На мой погляд, у сучаснай сваёй фармуліроўцы яна недастаткова падкрэслівае «вяршэнства» Канстытуцыйнага Суда ў справе забеспячэння канстытуцыйнасці нарматыўных актаў у дзяржаве. Калі зыходзіць з літаральнага зместу часткі 2 арт. 112 Канстытуцыі, то атрымліваецца, што любы суд Рэспублікі Беларусь (нават, раённы!!!) можа ажыццявіць «інтэрвенцыю» ў сферу дзейнасці Канстытуцыйнага Суда, г.зн. хоць часова, але ўсе ж прызнаць той ці іншы нарматыўны акт неадпавядаючым Канстытуцыі. Не цяжка ўявіць, што можа атрымацца з адзінствам законнасці ў дзяржаве, калі ўсе суды Рэспублікі Беларусь пачнуць выконваць гэтую канстытуцыйную норму. Канстытуцыя ж з’яўляецца непасрэдна дзеючай . А як быць у сітуацыі, калі ўсё ж нарматыўны акт будзе прызнаны адпаведным Канстытуцыі? Зноў пераглядаць справы? А на якой падставе? І хто гэта павінен рабіць? Кола пытанняў можна пашырыць...

Аналізуемая канстытуцыйная норма не зусім дакладна адлюстроўвае і характар правапрымяняльнай дзейнасці агульных і гаспадарчых судоў. Справа ў тым, што агульныя і гаспадарчыя суды прымяняюць не ўвогуле нарматыўныя акты, а канкрэтныя нормы права, якія замацаваны ў гэтых актах, а таму могуць «крытыкаваць» толькі нормы права, г.зн. змест нарматыўных актаў. Думаецца, што змест аналізуемай канстытуцыйнай нормы не ў поўнай меры стасуецца і з асаблівасцямі арганізацыі судовай улады ў Рэспубліцы Беларусь, са спецыфікай дзейнасці кожнай яе падгаліны, а таму дадзеная канстытуцыйная норма можа быць скарэктавана ў наступным кірунку: калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да высновы аб неадпаведнасці зместу нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прыпыняе разгляд справы і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным. Такім чынам, сэнс «карэкцыі» ч. 2 арт. 112 Асноўнага закона, зводзіцца да наступнага. Па-першае, агульныя суды і гаспадарчыя суды захаваюць магчымасць праверкі зместу нарматыўных актаў на адпаведнасць Канстытуцыі. Па-другое, для агульных судоў і гаспадарчых судоў фармулёўка аб прыняцці рашэння ў адпаведнасці з Канстытуцыяй будзе азначаць не што іншае, як іх права прыпыняць разгляд справы па яе сутнасці да таго часу, пакуль не будзе вынесены вердыкт Канстытуцыйнага Суда аб адпаведнасці пэўнага нарматыўнага акта Асноўнаму закону.

Якім чынам можна рэалізаваць дадзеную прапанову? На мой погляд, гэта можна было б ажыццявіць шляхам тлумачэння аналізуемай нормы Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з п 1 арт. 97 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У арт. 2 закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь [35]» Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь аднесены да асобнага падвіду нарматыўных прававых актаў. Дадзенае рашэнне заканадаўцы, на мой погляд, не адпавядае прававой прыродзе дадзенай групы нарматыўных актаў.

Аналіз Асноўнага закона Рэспублікі Беларусь, арт. 1 закона  Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» не дае падстаў сцвярджаць, што Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь і Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца норматворчымі органамі, займаюцца норматворчай дзейнасцю, у выніку якой распрацоўваюцца, прымаюцца (выдаюцца) і ўводзяцца ў дзеянне нарматыўныя прававыя акты. Да такіх жа высноў прыводзіць і аналіз Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» [36]. Сістэмны аналіз арт. арт. 2 і 5, 28 і 59 кодэкса сведчыць аб тым, што гаспадарчыя суды ў Рэспубліцы Беларусь уваходзяць у склад судовай сістэмы Беларусі, з’яўляюцца органамі судовай улады, якія ў межах сваёй кампетэнцыі ажыццяўляюць правасуддзе ў вобласці гаспадарчых (эканамічных) адносінаў, а суды агульнай юрысдыкцыі таксама ўваходзяць у склад судовай сістэмы Рэспублікі Беларусь і з’яўляюцца органамі менавіта судовай улады. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і ч. 4 арт. 2 кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» судовая ўлада з’яўляецца незалежнай, самастойнай і ўзаемадзейнічае з заканадаўчай і выканаўчай уладамі.

А калі Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь і Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца органамі судовай улады, якая ажыццяўляецца незалежна ад заканадаўчай і выканаўчай улад, уваходзяць у склад судовай сістэмы і ажыццяўляюць правасуддзе ў дакладнай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, не з’яўляюцца норматворчымі органамі ў сэнсе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», не займаюцца навуковай і арганізацыйнай дзейнасцю па падрыхтоўцы, экспертызе, змяненні, дапаўненні, прыняцці (выданні), тлумачэнні, прыпыненні дзеяння, прызнанні страціўшымі сілу ці адмене нарматыўных прававых актаў, то на якіх падставах пастановы іх Пленумаў аднесены да нарматыўных прававых актаў? Уяўляецца, што такіх падстаў не існуе. Таму і пастановы Пленумаў гэтых судовых інстанцый заканадаўцам памылкова аднесены да ліку нарматыўных прававых актаў.

Можна выказаць меркаванне наконт таго, чаму ж у законе Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» пастановы Пленумаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь былі аднесены да ліку нарматыўных прававых актаў. Хутчэй за ўсё таму, што акты гэтых судовых інстанцый згодна з арт. 116 Асноўнага закона краіны правяраюцца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь на іх адпаведнасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У сваю чаргу Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь мае права правяраць на адпаведнасць Канстытуцыі толькі нарматыўныя акты, якія з’яўляюцца крыніцамі дзеючага беларускага права. Таму, магчыма, заканадаўца палічыў, што калі пастановы Пленумаў гэтых судовых інстанцый не аднесці да ліку нарматыўных прававых актаў, то ўзнікла б лагічная супярэчнасць паміж Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь»: на якой падставе гэтыя акты Канстытуцыйны Суд можа правяраць на прадмет іх адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, калі яны не з’яўляюцца нарматыўнымі прававымі актамі?

Разам з тым, разглядаемая праблема магла б быць вырашана іншым шляхам. Справа ў тым, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, як ужо адзначалася, выкарыстоўвае паняцце (тэрмін) «нарматыўныя акты», а ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах» ужываецца зусім іншае паняцце (тэрмін) – «нарматыўны прававы акт». Пры знешнім падабенстве гэтых тэрмінаў і паняццяў паміж імі не існуе тоеснасці. Зразумела, што паняцце нарматыўных прававых актаў ахопліваецца паняццем нарматыўных актаў. У гэтых умовах найперш паўстае пытанне аб паняцці (тэрміне), якое адэкватна абазначала бы пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, якое цалкам адпавядала бы духу і літары Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і якое можна было б выкарыстоўваць як на дактрынальным узроўні, так і ў дзеючым заканадаўстве. У якасці варыянтаў можна прапанаваць наступныя паняцці (тэрміны): «нарматыўныя акты Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь» ці «пастановы (нарматыўныя акты) Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь» альбо «нарматыўныя акты Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь» ці «пастановы (нарматыўныя акты) Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь»). І тады разглядаемая праблема вырашаецца ў наступным парадку.

Пастановы Пленумаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь прызнаюцца нарматыўнымі актамі ў сэнсе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў поўнай дакладнасці з артыкулам 116 Асноўнага закона могуць разглядацца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь на іх адпаведнасць Канстытуцыі, іншым нарматыўным актам больш высокай юрыдычнай сілы. У такім разе з арт. 2 закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» можна выключыць пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь з ліку нарматыўных прававых актаў. І, наадварот, у адпаведных артыкулах Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» можна было б выкарыстаць прапануемыя паняцці (тэрміны).

Так, напрыклад, першую частку арт. 51 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» можна было б выкласці ў наступнай рэдакцыі: «Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь: разглядае матэрыялы абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі і выдае ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь нарматыўныя акты ў форме пастаноў, у якіх дае судам тлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія ўзнікаюць пры разглядзе судовых спраў» <....> і далей па тэксце. Цалкам магчымы і такі варыянт: «Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь: разглядае матэрыялы абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі і выдае ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь пастановы (нарматыўныя акты), у якіх дае судам растлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія ўзнікаюць пры разглядзе судовых спраў».

Адпаведна, частку 2 арт. 74 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў», у якой ідзе размова аб паўнамоцтвах Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, можна было б выкласці так: «разглядае матэрыялы вывучэння і абагульнення практыкі вырашэння гаспадарчых (эканамічных) спрэчак, судовай статыстыкі і выдае ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь нарматыўныя акты у форме пастаноў (ці пастановы (нарматыўныя акты), у якіх дае гаспадарчым судам тлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства ў сферы прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці».

У беларускай юрыдычнай навуцы найбольш грунтоўна і ўсебакова прававую прыроду пастаноў Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь даследавала прафесар Бібіла В.М. [37 – 39]. Мы пагаджаемся з яе высновамі аб тым, што ў пастановах Пленумаў змяшчаюцца правапалажэнні, якія істотна ўплываюць на характарыстыку прававой прыроды гэтых актаў. Разам з тым для высвятлення месца актаў судовай улады ў сістэме крыніц сучаснага беларускага права важна мець на ўвазе і тое, што ў пастановах Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь можа абагульняцца судовая практыка і судовая статыстыка, якія склаліся пры прымяненні судовымі інстанцыямі краіны не толькі нарматыўных прававых актаў, але і іншых крыніц сучаснага беларускага права – дагавора нарматыўнага зместу ўнутрыдзяржаўнага і міжнароднага характару, прававых звычаяў і г.д.

Такім чынам, нарматыўныя акты вышэйшых судовых інстанцый Рэспублікі Беларусь «завязваюцца» на іншыя крыніцы дзеючага права, без існавання якіх яны губляюць свой сэнс. Спецыфіка гэтых нарматыўных актаў якраз і зводзіцца да таго, што яны адначасова інтэрпрэтуюць нейкія крыніцы права і абагульняюць судовую практыку і судовую статыстыку. Гэта значыць, што яны выконваюць адначасова дзве неад’емныя для гэтых актаў функцыі: інтэрпрэтацыя іншых крыніц права на падставе абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі і абагульненне судовай практыкі і судовай статыстыкі шляхам інтэрпрэтацыі іншых крыніц права. Ніводная з гэтых функцый не можа быць здзейснена сама па сабе без выканання другой. Толькі адначасовае іх ажыццяўленне забяспечвае (гарантуе) нарматыўны характар актаў вышэйшых судовых інстанцый, іх абавязковасць для органаў судовай улады, іншых дзяржаўных органаў (службовых асоб) і грамадзян.

З другога боку, паколькі нарматыўныя акты вышэйшых судовых інстанцый «завязваюцца» на іншыя крыніцы сучаснага беларускага права, то гэты факт, па-першае, з’яўляецца дадатковым аргументам на карысць зробленай намі высновы аб памылковасці іх аднясення да ліку нарматыўных прававых актаў і, па-другое, дазваляе зрабіць выснову, што іх увогуле нельга адназначна адносіць да ліку тых ці іншых самастойных відаў крыніц сучаснага беларускага права – нарматыўных прававых актаў, дагавора нарматыўнага зместу, прававога прэцэдэнта і г.д.

Якое ж месца займаюць пры такім падыходзе (такой класіфікацыі) акты (пастановы) Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц права? Няма сумненняў наконт таго, што яны ўтрымліваюць агульнаабавязковыя правілы паводзінаў, разлічаны на нявызначанае кола асобаў і неаднаразовае прымяненне, з’яўляюцца абавязковымі для выканання судамі, іншымі органамі і службовымі асобамі, якія прымяняюць нарматыўныя прававыя акты ці іншыя крыніцы права, г зн. маюць нарматыўны характар і адносяцца да крыніц сучаснага беларускага права [40, с. 8]. Для абазначэння тых нарматыўных палажэнняў, якія фармулююцца ў пастановах Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, цалкам прымальным можна лічыць паняцце (тэрмін) «правапалажэнне». Правапалажэнне, якое ствараецца Пленумамі вышэйшых судовых інстанцый, у адрозненні ад прэцэдэнта фарміруецца не пры разглядзе канкрэтнай судовай справы, а шляхам аналізу і абагульнення судовай практыкі па шэрагу спраў, судовай статыстыкі і на падставе ўжо дзеючых нормаў права ў мэтах іх «адаптацыі» да рэчаіснасці шляхам своеасаблівай дэталізацыі і канкрэтызацыі і, як вядома, падзяляе іх лёс пры змене ці адмене нормаў права. Прычым абагульненне правапрымяняльнай, у тым ліку судовай, практыкі не можа выходзіць за межы дзеяння існуючага пазітыўнага права і робіцца на яго падставе. Правапалажэнне ж, якое створана судовымі інстанцыямі пры запаўненні прабелаў у пазітыўным праве шляхам аналогіі права і аналогіі закона падчас разгляду асобнай канкрэтнай справы, якая ўзнікла ў сферы дзеяння права, якраз і набліжаецца да «класічных» параметраў прэцэдэнта, бо яно ствараецца пры разглядзе асобнай канкрэтнай справы (як, дарэчы, і ў сям’і агульнага права), па пытаннях, якія не ўрэгуляваны нормамі дзеючага права, яно папярэднічае нормам статутнага права (за выключэннем прэцэдэнта тлумачэння) і яго лёс пасля стварэння патрэбных нормаў (ліквідацыі прабелаў) зусім не такі, як лёс правапалажэння, што ствараецца Пленумамі вышэйшых судовых інстанцый. Яно можа і надалей дзейнічаць, праўда, ўжо ў якасці дадатковай крыніцы права і пры ўмове, што не ўвесь яго змест знайшоў замацаванне ў нормах пазітыўнага права.

Можна выказаць меркаванне, што пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца адным з падвідаў крыніц сучаснага беларускага права, разнавіднасцю нарматыўных актаў у сэнсе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – нарматыўнымі актамі судовай улады.

Такім чынам, пастановы Пленумаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь складаюць самастойны падвід (самастойную падсістэму) крыніц сучаснага беларускага права. Яны не ўваходзяць у склад нарматыўных прававых актаў, як дарэчы і ў склад іншых відаў крыніц беларускага права, як унутрыдзяржаўнага, так і міжнароднага права. Важна падкрэсліць і тое, што іх месца ў сістэме крыніц сучаснага беларускага права, а значыць, і юрыдычная сіла вызначаюцца месцам і юрыдычнай сілай тых крыніц права, адносна дзеяння і прымянення якіх судовымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь Пленумамі Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь была абагулена судовая практыка і судовая статыстыка. У сувязі з тым, што Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь пастановы Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь аднесены да крыніц сучаснага беларускага права, шматгадовая дыскусія аб прыродзе і характары тлумачэння нормаў права, якое ажыццяўляецца ў пастановах Пленумаў вышэйшых судовых інстанцый, губляе свае ранейшае значэнне і актуальнасць. Больш таго, калі раней даследчыкі даказвалі нарматыўнасць пастаноў Пленумаў вышэйшых судовых інстанцый і адносілі іх да ліку інтэрпрэтацыйных нарматыўных актаў, то сёння гэтыя нарматыўныя акты набылі больш высокі статус – статус асобнага падвіду крыніц права. На жаль, на дадзеныя абставіны, на дадзены паварот у вызначэнні прававога статуса пастаноў пленумаў вышэйшых судовых інстанцый беларускія даследчыкі не звярнулі належнай увагі.

Юрыдычную сілу нарматыўных актаў гэтых органаў судовай улады нельга вызначыць адназначна, бо яна мае «рухомы характар». У адных выпадках юрыдычная сіла нарматыўных актаў Пленумаў Вяроўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь можа быць, напрыклад, вызначана праз юрыдычную сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, калі абагульняецца судовая практыка і судовая статыстыка непасрэднага прымянення судовымі інстанцыямі краіны пэўнай нормы Асноўнага закона краіны. Калі ж, напрыклад, абагульняецца судовая практыка і судовая статыстыка прымянення дэкрэта і указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то наўпрост юрыдычная сіла нарматыўных актаў вышэйшых судовых інстанцый азначаецца праз юрыдычную сілу дэкрэта і ўказа Прэзідэнта краіны. Юрыдычная сіла нарматыўных актаў вышэйшых судовых інстанцый можа вызначацца і праз юрыдычную сілу іншых крыніц сучанага беларускага права, напрыклад, праз вызначэнне месца і юрыдычнай сілы ратыфікаванага міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц права.

На наш погляд, нарматыўныя акты судовай улады можна разглядаць у якасці неабходных дапаўненняў да самастойных крыніц сучаснага беларускага права, пэўнай «мадыфікацыяй» існуючых крыніц права, без якіх немагчыма належная рэалізацыя і прымяненне самастойных крыніц сучаснага беларускага права. Разам з тым нельга наўпрост вырашыць ніводнае юрыдычнае пытанне, спасылаючыся толькі на нарматыўныя акты судовай улады. І больш таго, паколькі ў нарматыўных актах вышэйшых судовых інстанцый інтэрпрэтуюцца як крыніцы нацыянальнага, так міжнароднага права, то іх нельга аднастайна адносіць толькі да ліку крыніц унутрыдзяржаўнага беларускага права і лічыць самастойным падвідам гэтага віду крыніц сучаснага беларускага права.

У юрыдычным механізме рэгулявання грамадскіх адносінаў яны хутчэй за ўсё складаюць самастойны элемент (звяно) нарматыўнай асновы і іх галоўным прызначэннем з’яўляецца адаптацыя агульных правілаў паводзінаў, якія замацаваны ў нормах права, да рэальных грамадскіх адносінаў без змены ці нарматыўнага тлумачэння дзеючых крыніц права. Але гэта такая адаптацыя, якая адбываецца шляхам (на падставе) абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі. Правапалажэнні, якія змяшчаюцца ў пастановах Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, такім чынам, з’яўляюцца адначасова адаптацыяй нормаў права да рэальных грамадскіх адносінаў шляхам абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі менавіта вышэйшымі судовымі інстанцыямі.

Не сама па сабе судовая практыка складае мадыфікаваную крыніцу права, а замацаваныя ў пастановах Пленумаў вышэйшых судовых інстанцый у форме (відзе) правапалажэнняў вынікі абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі. Таму памылковымі з’яўляюцца высновы аб аднясенні судовай практыкі да асобнага віду крыніц права. Судовая практыка і судовая статыстыка могуць абагульняцца і іншым чынам, напрыклад, у форме навуковых каментарыяў да дзеючых крыніц права ці асобных нормаў права. Але такое абагульненне, па-першае, не мае абавязковага (нарматыўнага) характару, па-другое, не выконвае ролі па адаптацыі нормаў права да рэальных грамадскіх адносінаў, па-трэцяе, не ажыццяўляецца вышэйшымі судовымі інстанцыямі краіны. Толькі арганічнае спалучэнне трох акрэсленых прыкмет дае ўяўленне аб прававой прыродзе пастаноў пленумаў вышэйшых судовых інстанцый і характарызуе іх у якасці мадыфікаванай крыніцы сучаснага беларускага права.

Судовая практыка, безумоўна, можа прывесці да фарміравання прававога звычая – нейкага агульнага правіла паводзінаў прававога характару, якое не знайшло свайго замацавання ў правапалажэннях пастаноў Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, але выкарыстоўваецца судовымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь у якасці агульнаабавязковага правіла. Праўда, такая сітуацыя мае найбольш гіпатэтычны, а не рэальны характар. Мадыфікацыі дзеючых крыніц права, іх віды, прававая прырода, прычыны іх існавання ў прававой сістэме, значэнне і месца ў механізме прававога рэгулявання грамадскіх адносінаў, стасаванне мадыфікаваных крыніц права з асноўнымі і дадатковымі крыніцамі права – вось далёка не поўны пералік тых праблем, якія яшчэ павінны быць даследаваны беларускай юрыдычнай навукай.

Суды ў Рэспубліцы Беларусь згодна з арт. 112 Канстытуцыі  ажыццяўляюць правасуддзе на падставе Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй нарматыўных актаў. Як вядома, неабходным атрыбутам прымянення права, у тым ліку падчас ажыццяўлення правасуддзя, з’яўляецца тлумачэнне прымяняемых нормаў права. Таксама вядома, што тлумачэнне, якое ажыццяўляецца судамі, можа быць казуальным альбо нарматыўным. Што тычыцца казуальнага тлумачэння, то правам на яго валодаюць усе судовыя інстанцыі Рэспублікі Беларусь падчас разгляду канкрэтных спраў. Разам з тым, у ч. 1 арт. 51 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» сказана, што Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь разглядае матэрыялы абагульнення судовай практыкі, судовай статыстыкі і дае ў парадку судовага тлумачэння агульным судам тлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства» (выдзелена мной – С.М.) Узнікае пытанне, што азначае выдзелены выраз у кодэксе ?

Ён не можа азначаць права Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь на казуальнае тлумачэнне, бо ў такім разе яно было б бессэнсоўным. Не можа ён азначаць і права Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь на афіцыйнае нарматыўнае тлумачэнне дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, таму што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не надзяліла ніводную судовую інстанцыю такім правам. Калі ўсё ж настойваць на тым, што разглядаемы выраз азначае права Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь менавіта на афіцыйнае нарматыўнае тлумачэнне дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, то прыйшлося б прызнаць, што Пленум Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, а таксама Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь не маюць права даваць афіцыйнае нарматыўнае тлумачэнне дзеючага заканадаўства, у той час, як  Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь такім правам валодае. І больш таго, узнікла б пытанне аб адпаведнасці ч. 1 арт. 51 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У гэтых варунках выраз «у парадку судовага тлумачэння», які выкарыстоўваецца ў ч. 1 арт. 51 Кодэкса азначае такое тлумачэнне, якое ажыццяўляецца з захаваннем пэўнай працэдуры (хутчэй за ўсё, пэўнай працэдуры, якая ўласціва менавіта судам) разгляду пытанняў на Пленуме Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, а сам выраз (само правіла) мае не матэрыяна-прававы, а працэсуальна-прававы (працэдурны) характар.У святле выказаных меркаванняў аб месцы пастаноў Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц сучаснага беларускага права і прапаноў аб удакладненні рэдакцыі ч.1 арт. 51 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» існуючая зараз у кодэксе фармулёўка, калі зыходзіць з таго, што заканадацаўца меў усё ж на ўвазе менавіта матэрыяльна-прававы яе змест, губляе свае значэнне, паколькі пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, у якіх абагульняецца судовая практыка і судовая статыстыка, адносяцца згодна з духам і літарай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь да крыніц сучаснага беларускага права.

 

***

Развіццё сістэмы крыніц права Рэспублікі Беларусь патрабуе не толькі легалізацыі ў прававой сістэме грамадства шэрагу традыцыйных крыніц права, але асэнсавання прававой прыроды іншых відаў крыніц права, сярод якіх важнае месца займаюць нетыповыя і мадыфікаваныя крыніцы права.

Нетыповая крыніца права Рэспублікі Беларусь – Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляюцца легальнай формай і важным сродкам рэалізацыі паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы ва ўмовах прававой і сацыяльнай дзяржавы. З’яўленне ў беларускай прававой сістэме якасна новага віду крыніц права было абумоўлена неабходнасцю ў дадатковых прававых формах, праз якія можна было б не толькі вызначаць асноўныя накірункі ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы на канкрэтным гістарычным этапе яго развіцця, але і ажыццяўляць іх дэталізацыю і канкрэтызацыю ў пэўных сферах грамадскіх адносінаў. Дырэктывы кіраўніка дзяржавы дазваляюць імгненна рэагаваць на ўзнікшыя праблемы ў жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы. Дырэктывы Прэзідэнта краіны нельга адносіць да ўказаў праграмнага характару. Яны не ўкладваюцца ў схему традыцыйных крыніц права, маюць спецыфічны змест і займаюць асобнае месца ў сістэме крыніц права. 

У склад мадыфікаваных крыніц права Рэспублікі Беларусь уваходзяць акты вышэйшых судовых інстанцый Рэспублікі Беларусь – заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, а таксама пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. Унікальнасць і непаўторнасць актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь абумоўліваюцца палітыка-прававой прыродай органа канстытуцыйнай юстыцыі Беларусі і тымі яго функцыямі, якія ён выконвае ў сістэме падзелу ўлады. З дапамогай заключэнняў Канстытуцыйнага Суда забяспечваецца сістэмнасць і іерархічнасць крыніц беларускага права, законнасць у сферы праватворчасці і правапрымянення, сістэма крыніц права падтрымліваецца ў «працоўным стане», забяспечваецца сістэмнасць і ўзаемаўзгодненасць усіх крыніц дзеючага права З дапамогай пастаноў Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь адбываецца адаптацыя (=прыстасаванне) як асноўных, так і дадатковых крыніц права да рэальнасцей грамадскага жыцця. Іх можна называць мадыфікаванымі крыніцамі права.