4.2. Акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь – мадыфікаваныя крыніцы права
^ Вверх

4.2. Акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь – мадыфікаваныя крыніцы права

 

У айчыннай юрыдычнай навуцы даволі падрабязна даследавалася прававая прырода актаў Канстытуцыйнага Суда, разглядалася паняцце актаў канстытуцыйнага судаводства, вывучаліся іх прыметы і формы, разглядаліся падставы класіфікацыі, аналізавалася прырода рашэнняў Канстытуцыйнага Суда і асвятляліся іх віды [14 – 21]. Разам з тым, вельмі важныя пытанні дадзенай праблематыкі вывучаны слаба, асобныя з іх застаюцца спрэчнымі і падштурхоўваюць да дадатковых навуковых пошукаў. У прыватнасці, патрабуюцца ўдакладняючыя адказы і дадатковая аргументацыя па наступных пытаннях: 1) да якога з вядомых відаў крыніц права можна аднесці акты Канстытуцыйнага Суда?; 2) якое месца сярод крыніц права займаюць заключэнні Канстытуцыйнага Суда?

На наш погляд, галоўныя недахопы ў вывучэнні прававой прыроды актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь на сёняшні дзень зводзяцца, па-першае, да таго, што яны не вывучаліся менавіта ў сістэме крыніц сучаснага права, г.зн. не былі даследаваны іх сувязі і роля сярод ўсіх крыніц права, а перавага аддавалася высвятленню іх прававой прыроды ў звязцы з асобным відам крыніц нацыянальнага права – нарматыўнымі прававымі актамі, прававым прэцэдэнтам і г.д., а па-другое, далёка не заўседы ўлічвалася тая акалічнасць, што акты Канстытуцыйнага Суда выконваюць спецыфічную функцыю ў сістэме крыніц дзеючага беларускага права, якая наўпрост з’яўляецца працягам і ўвасабленнем асобнага месца Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у сістэме падзелу ўлады і яго асноўнай функцыі – функцыі кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў, якая вызначальным чынам уплывае на прававую прыроду актаў Канстытуцыйнага Суда. Кожная з нацыянальных прававых сістэм мае сваю адметную сістэму крыніц права, на якую аказваюць уплыў шматлікія фактары, у тым ліку палітыка-прававое становішча органаў, якія выдаюць прававыя акты, у сістэме падзелу улады. Пры вялікім знешнім падабенстве ў палітыка-прававым становішчы аднайменных органаў у розных нацыянальных прававых сістэмах, тым не менш існуе шэраг важных акалічнасцей, якімі адрозніваецца становішча органаў у сістэме падзелу улады, і з якімі нельга не лічыцца пры адказе на адно і тое ж тэарэтычнае пытанне.

Сярод беларускіх навукоўцаў склаліся два асноўныя падыходы да вызначэння прававой прыроды актаў Канстытуцыйнага Суда. Згодна з адным з іх рашэнні (заключэнні) Канстытуцыйнага Суда з’яўляюцца разнавіднасцю нарматыўных прававых актаў. Другі падыход заснаваны на тым, што акты Канстытуцыйнага Суда нагадваюць такую крыніцу права, як прэцэдэнт ці яго разнавіднасць – прэцэдэнт тлумачэння.

Згодна з арт. 3 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь уключаны у склад актаў грамадзянскага заканадаўства і, можа паказацца, што сам заканадаўца не толькі зняў апошнія сумненні наконт нарматыўнай прыроды заключэнняў Канстытуцыйнага Суда, але і аднёс іх да нарматыўных прававых актаў. Але з прызнання нарматыўнасці заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь зусім не выцякае выснова, што іх можна беспамылкова адносіць да такога падвіду крыніц нацыянальнага права, як нарматыўны прававы акт, бо, па-першае, зразумела, што такой прыкметай, як нарматыўнасць, валодаюць і іншыя крыніцы права, а, па-другое, аднясенне актаў (заключэнняў) Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да ліку нарматыўных прававых актаў як у тэорыі, так і на практыцы параджае бясконцае кола праблемаў і, верагодна, невырашальных пытанняў.

Здавалася б, што досыць пераканаўчымі і бездакорнымі пры даследаванні юрыдычнай прыроды актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і вызначэнні іх месца і ролі сярод крыніц беларускага права могуць быць спасылкі на закон Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь». Логіка аўтараў, якія пагаджаюцца з дадзеным аргументам, даволі простая згодна з арт. 2 дадзенага закона ўсе акты Канстытуцыйнага Суда аднесены да ліку нарматыўных прававых актаў і тым самым, быццам бы, здымаецца пытанне як аб аднясенні актаў Канстытуцыйнага Суда да крыніц беларускага права ўвогуле, так і да асобнага іх віду – нарматыўных прававых актаў – у прыватнасці.

Але далёка не заўсёды і заканадаўца прымае беспамылковыя рашэнні. Справа ў тым, што сам закон «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», з аднаго боку, у арт. 2 адносіць акты Канстытуцыйнага Суда побач з ішымі відамі актаў да ліку нарматыўных прававых актаў, і ў той жа самы час, у арт. 4 замацоўвае палажэнне, згодна з якім дадзены закон не распаўсюджвае сваё дзеянне на акты Канстытуцыйнага Суда, як дарэчы і на іншыя акты, у тым ліку і Пастановы Пленума Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда ў плане падрыхтоўкі, афармлення, прыняцця (выдання), апублікавання, дзеяння, тлумачэння і сістэматызацыі. Іншымі словамі, па шэрагу вельмі важных для разумення прыроды і характару нарматыўных прававых актаў прыкмет і уласцівасцей заканадаўца вызначае, што акты Канстытуцыйнага Суда, Пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда нарматыўнымі прававымі актамі не з’яўляюцца.

Як вядома, нарматыўныя прававыя акты ў арт. 1 узгаданага закона азначаюцца ў якасці афіцыйных дакументаў усталяванай формы, якія прымаюцца (выдаюцца) ў межах кампетэнцыі ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа (службовай асобы) ці шляхам рэферэндума з захаваннем усталяванай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь працэдуры, якія утрымліваюць агульнаабавязковыя правілы паводзінаў, разлічаныя на нявызначанае кола асобаў і неаднаразовае прымяненне. Неабходна таксама падкрэсліць, што для азначэння нарматыўнага прававога акта ў якасці самастойнага падвіду крыніц нацыянальнага беларускага права ў сэнсе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» важнае значэнне мае шэраг акалічнасцяў і паняццяў, азначэнне якіх даецца ў законе «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь».

Па-першае, нарматыўныя прававыя акты з’яўляюцца вынікам норматворчай дзейнасці, г.зн. вынікам навуковай і арганізацыйнай дзейнасці па падрыхтоўцы, экспертызе, змяненні, дапаўненні, прыняцці (выданні), тлумачэнні, прыпыненні дзеяння, прызнанні страціўшымі сілу ці адмене нарматыўнага прававога акта ці яго часткі. Па-другое, нарматыўныя прававыя акты з’яўляюцца вынікам дзейнасці норматворчых органаў (службовых асоб). Прычым норматворчымі органамі (службовымі асобамі) лічацца дзяржаўныя органы (службовыя асобы), якія ўпаўнаважаны (управамочаны) прымаць (выдаваць) нарматыўныя прававыя акты. Па-трэцяе, нарматыўныя прававыя акты выдаюцца з захаваннем норматворчага працэсу – норматворчай дзейнасці норматворчых органаў (службовых асоб) па распрацоўцы і прыняцці (выданні) нарматыўных прававых актаў, увядзенні іх у дзеянне.

Такім чынам, акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь не адпавядаюць у поўнай меры ўсім вышэйакрэсленым прыкметам (крытэрыям) нарматыўнага прававога акта, а таму да іх сістэмы аднесены быць не могуць. Адсюль выцякае, што спасылкі на закон «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» пры вырашэнні разглядаемай праблемы хутчэй за ўсё яе заблытваюць, а не дапамагаюць вырашыць. Заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь нельга лічыць нарматыўнымі прававымі актамі нават ў той частцы (= і ў той меры), у якой яны скіраваны на адмену іншых нарматыўных прававых актаў.

Справа тут, па-першае, у тым, што заключэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь можа быць прызнана не адпаведнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншым нарматыўным актам, якія валодаюць большай юрыдычнай сілай, норма (= нормы права), якая змешчана ў іншай крыніцы сучаснага беларускага права, напрыклад, у міжнародным дагаворы. У гэтых умовах уведзены ў навуку тэрмін «негатыўны заканадаўца» для абазначэння ролі Канстытуцыйнага Суда ў норматворчым працэсе не ахоплівае ў поўнай меры аб’ём яго дзейнасці ў плане прызнання крыніц нормаў права поўнасцю ці ў нейкай частцы не адпавядаючымі Канстытуцыі дзяржавы. Паколькі Канстытуцыйным Судом могуць быць правераны на адпаведнасць Канстытуцыі краіны не толькі законы і ўвогуле нарматыўныя прававыя акты, але ўсе крыніцы сучаснага беларускага права як нацыянальнага, так і міжнароднага характару, то тэрмін «негатыўны заканадаўца» звужае сэнс і аб’ём дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Па-другое, заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь узгадваюцца ў Канстытуцыі ў якасці самастойнага віду нарматыўных актаў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца кантроль адпаведнасці іншых нарматыўных актаў Асноўнаму закону краіны і таму аднясенне іх да ліку нарматыўных прававых актаў – аднаго з падвідаў нарматыўных актаў – звужае змест заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і, адпаведна, артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Адна справа – быць падвідам нарматыўных актаў у сэнсе Асноўнага закона краіны, і зусім іншая рэч – быць разнавіднасцю толькі аднаго з падвідаў крыніц нацыянальнага права.

Па-трэцяе, кожная з самастойных крыніц права (дагавор нарматыўнага зместу, прэцэдэнт і г.д.) характарызуецца тым, што з яе дапамогай ў прававую сістэму можна ўводзіць новыя нормы права, а таксама змяняць і адмяняць існуючыя нормы права, г.зн., што кожнай з крыніц права ўласцівы гэтыя тры шчыльна ўзаемазвязаныя ролі: увод у дзеючую сістэму нормаў права якасна новых нормаў, змена і адмена састарэлых і страціўшых сваё значэнне па самых розных падставах нормаў права. Таму, кіруючыся толькі той акалічнасцю, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда скіраваны на адмену дзеючых нормаў права, іх у роўнай меры можна аднесці і да нейкай іншай, не менш вядомай і пашыранай крыніцы сучаснага беларускага права.

Не з’яўляюцца пераканаўчымі высновы, што акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь можна аднесці да складу такой крыніцы права, як прэцэдэнт. Як было паказана ў главе 3, наяўнасць такой крыніцы права, як прэцэдэнт, а таксама яе асаблівасці ў нашай прававой сістэме наўпрост выцякаюць з асаблівасцей сістэмы крыніц права, у прыватнасці, з асаблівасцей іх падзелу на асноўныя і дадатковыя крыніцы права. Прававы прэцэдэнт – дадатковая крыніца права сярод крыніц сучаснага беларускага права, і таму адметнасці дадзенай крыніцы права, як дарэчы і адметнасці іншых дадатковых крыніц права, абумоўліваюцца недахопамі і хібамі асноўных крыніц права, уласцівых нашай прававой сістэме: нарматыўнага прававога акта, дагавора нарматыўнага зместу і прававога звычая. Прычым, па-першае, гэта такія недахопы і хібы, якія выўляюцца падчас прымянення нормаў права пры разглядзе канкрэтнай справы у судзе агульнай ці гаспадарчай юрысдыкцыі, па-другое, гэта такія недахопы і хібы, якія нельга пераадолець іншым шляхам, акрамя вынясення рашэння па аналогіі права ці аналогіі закона. Акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь вырашаюць у нашай сістэме крыніц права, як вядома, зусім іншыя задачы і таму шукаць у актах Канстытуцыйнага Суда падабенства прававому прэцэдэнту не трэба.

Існуюць меркаванні, што акты Канстытцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь нагадваюць адну з мадыфікацый прававога прэцэдэнта – прэцэдэнт тлумачэння дзеючага права [22, с. 143], з чым, на мой погляд, таксама нельга пагадзіцца. Справа ў тым, што Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь не валодае правам афіцыйнага тлумачэння Асноўнага закона краіны, а таму яго разважанні аб змесце той ці іншай нормы Асноўнага закона краіны маюць абавязковае значэнне ў межах канкрэтнай справы, якую разглядае Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь. У гэтых варунках прававой пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, якую ён сфармуляваў, разглядаючы пэўную справу, нельга, на мой погляд, надаваць агульнаабавязковае значэнне, лічыць яе правапалажэннем у «класічным» сэнсе, якое характэрна як для асноўных, так і да дадатковых крыніц права. І той факт, што для выканання асобных заключэнняў Канстытуцыйнага Суда суб’екты права вымушаны ажыццяўляць неаднаразовыя дзеянні, сведчыць, безумоўна, аб агульным характары такіх заключэнняў, але не з’яўляецца дастатковым для аднясення заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь да прэцэдэнтаў тлумачэння. Цікавыя меркаванні аб прававой прыродзе рашэнняў Канстытуцыйнага Суда выказаў вядомы навуковец, прафесар В.В.Лазараў, які сцвярджае, што «...акты конституционного суда более всего приближаются по своему содержанию к доктрине. Правовые позиции, выраженные в решении конституционного суда, вместе, или лучше сказать, в контексте с особыми мнениями судей напоминают доктрину в самом прямом смысле этого слова [23, с. 9]».

Безумоўна, Канстытуцыйны Суд – аўтарытэтны орган дзяржавы і разгледжаныя ім справы маюць «павучальнае» значэнне, яго пазіцыя па тых ці іншых прававых пытаннях не можа не ўлічвацца не толькі судамі, але і іншымі правапрымяняльнымі структурамі, правакарыстальнікамі ўвогуле. Бясспрэчным з’яўляецца і ўплыў заключэнняў і іншых рашэнняў Канстытуцыйнага Суда на праватворчы працэс у краіне. Але справа ў тым, што на пазіцыю Канстытуцыйнага Суда нельга наўпрост спасылацца пры разглядзе іншых, аналагічных (падобных) спраў, як гэта мы назіраем у выпадку з прэцэдэнтам тлумачэння. Такія спасылкі, калі яны і будуць зроблены, не ў стане надаць пазіцыі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прэюдыцыяльнага значэння, як гэта бачна, напрыклад, у выпадку з рашэннямі Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі, у якіх даецца афіцыйнае тлумачэнне Асноўнага закона.

Увогуле можна канстатаваць наступнае: імкненне вызначыць месца і дакладна акрэсліць ролю актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь праз аднясенне іх да тых ці іншых відаў крыніц права на той падставе, што ім уласцівы асобныя якасці і адметнасці гэтых відаў крыніц права, з’яўляецца самым пашыраным навуковым падыходам. Такі ракурс даследавання дазваляе высветліць асобныя важныя і значныя рысы актаў Канстытуцыйнага Суда, яго ролю ў праватворчым працэсе, але яму ўласцівы і пэўныя хібы. Адна з іх праяўляецца ў выкарыстанні навукоўцамі двухсэнсэнсоўных словаформаў. Так, вызначаючы месца і ролю Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у сістэме органаў дзяржаўнай улады, ужываюць словазварот «квазісудовая ўстанова», якая выконвае «квазіправатворчую функцыю», «функцыю негатыўнага заканадаўцы». Самі ж акты (заключэнні) Канстытуцыйнага Суда характарызуюцца ці як «акты судовай праватворчасці», ці як акты, у якіх спалучаюцца якасці «правапрымяняльнага і нормаўстанаўліваючага акта», ці як акты, якія маюць пэўныя «прэцэдэнтныя і прэюдыцыяльныя якасці (уласцівасці)», ці як «разнавіднасць нарматыўнага прававога акта». Безумоўна, такія характарыстыкі аднаго з вышэйшых органаў беларускай дзяржавы і тых актаў, якія ім выдаюцца, не спрыяюць узвышэнню аўтарытэта Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і значнасці выдаваемых ім актаў.  

Такім чынам акты Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь нельга адназначна адносіць ні да нарматыўных прававых актаў, ні да такой крыніцы пазітыўнага права, як прававы прэцэдэнт. Якое ж дачыненне да крыніц права маюць нарматыўныя акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь?

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі У.Д. Зоркін сфармуляваў важныя метадалагічныя палажэнні аб тым, што прававыя пазіцыі, якія змяшчаюцца ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, адлюстроўваюць фактычна тое, што ён займаецца праватворчасцю асобнага роду, а акты, якія выдаюцца Канстытуцыйным Судом, з’яўляюцца нарматыўнымі актамі асобнага роду (падкрэслена мной – М.С.) [24, с. 4]. Дадзеныя падыходы да азначэння прававой прыроды актаў Канстытуцыйнага Суда і яго ролі ў стварэнні дзеючага права, уяўляюцца слушнымі і перспектыўнымі ў тэарэтычных і практычных адносінах. Не станем разглядаць асаблівасці праватворчасці Канстытуцыйнага Суда, бо дадзеная праблема выходзіць за межы дадзенай манаграфіі, спынімся на актах Канстытуцыйнага Суда і ў прыватнасці на пытанні: чаму яны з’яўляюцца нарматыўнымі актамі асобнага роду?

Вядома, што Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь забяспечвае вяршэнства Канстытуцыі краіны шляхам ажыццяўлення кантрольных паўнамоцтваў адпаведнасці ўсіх нарматыўных актаў Асноўнаму закону краіны, у якім, як ужо адзначалася, тэрмінам (паняццем) «нарматыўныя акты» абазначаюцца ўсе віды крыніц сучаснага беларускага права. Пры гэтым на падставе арт. 116 Канстытуцыі краіны і ў адпаведнасці з ч. 9 арт. 22 кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб судаўпарадкаванні і статусе суддзяў» нарматыўныя акты, якія прызнаюцца Канстытуцыйным Судом не адпавядаючымі Канстытуцыі ці актам, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай, лічацца страціўшымі сілу цалкам ці ў вызначанай іх частцы з моманту ўнясення ў іх адпаведных зменаў і (ці) дапаўненняў альбо прыняцця новых нарматыўных прававых актаў. Натуральна, што размова пры гэтым ідзе не толькі аб нарматыўных прававых актах, але і іншых відах крыніц нацыянальнага беларускага права.

Такім чынам, заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі, падобна як і пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь «завязваюцца» на ўсе вядомыя крыніцы сучаснага беларускага права і «абслугоўваюць» іх. Праўда, у іншым кірунку, чым гэта робяць акты вышэйшых судовых інстанцый судоў агульнай і гаспадарчай юрысдыкцыі. Калі акты Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда адаптуюць нормы дзеючага беларускага права да рэальных грамадскіх адносінаў шляхам абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі і выдання абавязковых для выканання пастаноў, то заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь забяспечваюць адпаведнасць зместу ўсіх крыніц сучаснага беларускага права Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У гэтым іх асноўнае прызначэнне і, зыходзячы з яго, трэба вызначаць прававую прыроду гэтага віду актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Натуральна, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь адносяцца да ліку нарматыўных актаў у сэнсе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і займаюць у сістэме крыніц права прамежкавае становішча паміж Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і тым відам крыніц права, якія правяраюцца поўнасцю ці ў нейкай частцы на адпаведнасць Канстытуцыі краіны і іншым крыніцам права, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай. Толькі ў гэтай «звязцы» заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь набываюць юрыдычную значнасць і абавязковасць для ўсіх суб’ектаў права. У адрозненні ад юрыдычнай сілы пастаноў Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, якая з’яўляецца «рухомай», юрыдычная сіла заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь жорстка і адназначна акрэслена ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паколькі абсалютна ўсе крыніцы сучаснага беларускага права могуць быць правераны Канстытуцыйным Судом на адпаведнасць Асноўнаму закону краіны, то юрыдычная сіла заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь не можа быць меншай за юрыдычную сілу гэтых крыніц права. Яна іх пераўзыходзіць, але саступае юрыдычнай сіле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таму можна пагадзіцца з васновамі, што заключэнне, якое вынесена Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь, па сваёй юрыдычнай сіле ідзе следам за Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь [25, с. 7].

Галоўная місія заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц сучаснага беларускага права, якая наўпрост вызначальным чынам уплывае на іх прававую прыроду, зводзіцца да выканання кантрольнай функцыі ў сістэме крыніц права з мэтай забеспячэння іх сістэмнасці і ўзаемаўзгодненасці, падтрымання ўсей сістэмы крыніц сучаснага беларускага права ў адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны. Не дарэмна і сам Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, нягледзячы на тое, што ў тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ён змешчаны ў раздзеле «Суд», шэрагам вядомых беларускіх і расійскіх навукоўцаў адносіцца да органаў кантрольнай улады [26 – 32 ].

Усе сказанае прыводзіць да высновы, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца, падобна як і пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, адной з мадыфікаваных крыніц сучаснага беларускага права, іх нельга адназначна аднесці толькі да аднаго з падвідаў крыніц унутрыдзяржаўнага беларускага права ці да нейкага падвіду крыніц міжнародна-прававога характару. Хутчэй за ўсё пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда разам з заключэннямі Канстытуцыйнага Суда ствараюць самастойную групу крыніц сучаснага беларускага права, якую можна лічыць мадыфікаванымі крыніцамі права.

Праўда, функцыі гэтай мадыфікаванай крыніцы права ў сістэме крыніц сучаснага беларускага права адрозніваюцца ад функцый, якія выконваюць пастановы Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. А улічваючы розніцу ў характары юрыдычнай сілы паміж заключэннямі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і пастановамі Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь можна зрабіць выснову, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, магчыма, і не ўваходзяць у склад самастойнай падсістэмы нарматыўных актаў судовай улады – нарматыўных актаў вышэйшых органаў судовай улады Рэспублікі Беларусь, а складаюць толькі самастойную падгрупу мадыфікаваных крыніц сучаснага беларускага права. Такім чынам, у падсістэму нарматыўных актаў вышэйшых органаў судовай улады ў Рэспубліцы Беларусь можна было б уключыць толькі пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда.

Такім чынам, сам факт замацавання ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь заключэнняў Канстытуцыйнага Суда ў якасці самастойнага віду нарматыўных актаў з’яўляецца самадастатковым, ён не патрабуе дадатковай канкрэтызацыі ў бягучым заканадаўстве праз аднясенне гэтага віду нарматыўных актаў да нейкай іншай самастойнай крыніцы сучаснага беларускага права – асноўнай ці дадатковай.

Прапануемы ракурс даследавання крыніц сучаснага беларускага права, як бачна, заснаваны на сістэмна-прававых пачатках класіфікацыі крыніц дзеючага беларускага права, якія замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, і дазваляе зрабіць навуковую выснову, што ў сістэме крыніц сучаснага беларускага права побач з асноўнымі і дадатковымі крыніцамі права, адначасова з падзелам усіх крыніц сучаснага беларускага права на крыніцы нацыянальнага беларускага права і крыніцы міжнародна-прававога характару, на традыцыйныя і нетрадыцыйныя, на тыповыя і нетыповыя існуе яшчэ адна самастоўная група (від) крыніц права – мадыфікаваныя крыніцы права. Патрабуюцца дадатковыя даследаванні прававой прыроды гэтай групы крыніц права, пасля правядзення якіх, магчыма, можна будзе гаварыць аб раней невядомых контурах і ўласцівасцях усёй сістэмы крыніц сучаснага беларускага права.

Такім чынам, акты (заключэнні) Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь займаюць унікальное становішча ў сістэме прававых актаў краіны. Іх унікальнасць найперш у тым, што яны не ўкладваюцца ў традыцыйную схему падзелу ўсіх прававых актаў на акты нарматыўнага і індывідуальна- прававога характару. Больш таго, іх увогуле нельга аднесці ні да нейкага з вядомых нам відаў крыніц дзеючага беларускага права па цэлым шэрагу прыкмет, ні да вядомых відаў актаў індывідуальна-прававога характару. Безумоўна, заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь маюць непасрэднае дачыненне да крыніц беларускага права, бо з іх дапамогай крыніцы права прыводзяцца ў адпаведнасць з літарай і духам Канстытуцыі (Асноўнага закона) краіны – і тым самым забяспечваецца вяршэнства Канстытуцыі. З дапамогай заключэнняў Канстытуцыйнага Суда забяспечваецца сістэмнасць і іерархічнасць крыніц беларускага права, законнасць у сферы праватворчасці і правапрымянення. Але самі па сабе заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь не ўтрымліваюць у сабе норм права (= такіх правапалажэнняў), якія б давалі падставы аднесці іх да асноўных ці дадатковых крыніц сучаснага беларускага права. Унікальнасць і непаўторнасць актаў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь абумоўліваюцца палітыка-прававой прыродай органа канстытуцыйнай юстыцыі Беларусі і тымі яго функцыямі, якія ён выконвае ў сістэме падзелу ўлады.

Магчыма, што ў сістэме крыніц права існуе своеасаблівы падзел працы: адны крыніцы права з’яўляюцца асноўнымі, іншыя – дадатковымі. Але ёсць і такія, з дапамогай якіх адбываецца адаптацыя (=прыстасаванне) як асноўных, так і дадатковых крыніц права да рэальнасцей грамадскага жыцця. Іх можна называць мадыфікаванымі крыніцамі права. У прававой сістэме Беларусі гэтую місію выконваюць найперш пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. Развіццё сістэмы крыніц права выклікала неабходнасць фарміравання і такіх спецыфічных актаў, як акты органаў канстытуцыйнай юстыцыі, якія падтрымліваюць сістэму крыніц права ў «працоўным стане», забяспечваюць сістэмнасць і ўзаемаўзгодненасць усіх крыніц дзеючага права, а таксама ўваходзяць у склад самастойнай групы крыніц сучаснага беларускага права – мадыфікаваных крыніц права.

У савецкі час марай юрыстаў, як тэарэтыкаў, так і практыкаў, быў закон аб нарматыўных прававых актах. У тыя часы здавалася, што ў дадзеным законе можна было б вырашыць абсалютную большасць праблем, якія ўзнікалі ў практыцы праватворчасці і правапрымянення. Магчыма, так бы яно і было, таму што нарматыўныя прававыя акты былі ў той час ці не выключнымі крыніцамі савецкага права. Але сёння ў Беларусі здзейсненая мара юрыстаў савецкай пары – дзеючы закон «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» – ужо не ў стане вырашыць значную колькасць праблем, якія ўзнікаюць падчас стварэння і функцыянавання сістэмы крыніц сучаснага беларускага права. Уяўляецца, што значную колькасць пытанняў можна было б вырашыць у Законе (ці, нават, кодэксе) аб крыніцах права ў Рэспубліцы Беларусь, аб неабходнасці распрацоўкі і прыняцця якога аўтар выказваўся ў друку яшчэ пяць гадоў таму [33, с. 73]. Актуальнасць у такім акце ўзрастае з кожным годам. Становіцца зразумелым, што належны парадак і ўзаемаўзгодненасць у сістэме крыніц сучаснага беларускага права без адпаведнага акта, прававым каркасам якога маглі б стаць закон «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» і закон «Аб міжнародных дагаворах» надалей будзе забяспечваць яшчэ складаней.