§ 6. Словы з сэнсавым прырашчэннем
^ Вверх

§ 6. Словы з сэнсавым прырашчэннем

 

У полі ўвагі лінгвістычнага аналізу найперш павінны быць разнастайныя моўныя факты семантычнага характару, жыццё якіх у мастацкім творы абумоўлена эстэтычнай функцыяй слова.

Слова ў мастацкім творы выконвае як камунікатыўную функцыю, так і эстэтычную, г. зн. паведамляе пра штосьці, нясе пэўную інфармацыю і адначасова служыць сродкам эстэтычнага ўздзеяння на чытача як элемент вобразнай сістэмы. Эстэтычная, або паэтычная, вобразная, функцыя «апіраецца на камунікатыўную, зыходзіць з яе, але збудоўвае над ёй падпарадкаваны заканамернасцям мастацтва новы свет моўных сэнсаў і суадносін» [13, с. 14].

Уключыўшыся ў сістэму вобразаў, слова ў адных выпадках захоўвае сваё прамое ці пераноснае агульнамоўнае значэнне, у другіх — зазнае значныя пераўтварэнні, атрымлівае сэнсавае прырашчэнне, выклікае шэраг дадатковых асацыяцый. У такім разе маем справу з індывідуальна-аўтарскай рэалізацыяй патэнцыяльных магчымасцей слова, з новым, ненарматыўным значэннем ці адценнем слова. Гэта звычайная з’ява ў мастацкім кантэксце. Як пісаў Л. У. Шчэрба, «аўтараў, якія зусім не адыходзяць ад нормы, не існуе. Яны былі б нясцерпна нудныя. Калі пачуццё нормы выхавана ў чалавека, тады ён пачынае адчуваць усю прывабнасць абгрунтаваных адступленняў ад яе ў розных добрых пісьменнікаў» [109, с. 10]. Выяўленне новых, ненарматыўных значэнняў, семантычных зрухаў у слове, пазнанне самой механікі словапераўтварэння ўваходзіць у задачу лінгвістычнага аналізу.

Цікавы ў адносінах прырашчэння сэнсу ўрывак з верша А. Куляшова «Я хаце абавязаны прапіскаю...»:

 

Я – матчын спеў, я – матчыны трывогі,

Я – матчын гнеў, які ўставаў на ногі,

Гнаў смерць на Захад – у нару з нары –

Трацілаваю пугай перамогі.

 

Тут, перш за ўсё, слова матчын у спалучэнні са словам спеў рэалізуе прамое значэнне, а ў выразе матчын гнеў абазначае ‘ўсенародны’. Незвычайная спалучальнасць слоў («гнеў, які ўставаў на ногі», «трацілаваю пугай перамогі») выклікае рой вобразных асацыяцый сацыяльнага і эмацыянальнага характару. Звычайныя словы паводзяць сябе незвычайна. Адны з іх пад уплывам метафарычнага кантэксту атрымліваюць зусім іншае значэнне: смерць — гэта ‘фашысты; тыя, хто нёс пагібель іншым’, нара — гэта не ‘заглыбленне пад зямлёй, вырытае жывёлінай для жылля’, а ‘рубеж, сховішча’. Пры гэтым вобразнае значэнне слова нара ўзнікае на аснове канкрэтнага ўяўлення, прамога значэння гэтага слова, якое, як і словазлучэнне гнаць пугай, дастасоўваецца звычайна да жывёлы, а таму выклікае выразны намёк — параўнанне тых, каго гналі на Захад, з жывёлай. Вобразныя значэнні другіх слоў (трацілаваю і пугай), не страчваючы жывой сувязі з прамымі значэннямі гэтых слоў, ствараюць нерасчлянёнае ўяўленне. Паасобку іх значэнні цяжка перадаць якімі-небудзь дакладнымі сэнсавымі адпаведнікамі: трацілаваю пугай у празаічным перакладзе прыкладна абазначае ‘знішчальнай зброяй’.

Нярэдка адно метафарычна выкарыстанае слова ўздзейнічае на семантыку іншых слоў кантэксту, выклікаючы да жыцця цэлы ланцужок метафар. Напрыклад, у апавяданні З. Бядулі «У шалашы»: «З недалёкага ўзмор’я брыло з вадапою блакітнае с т а д а паўночных вятроў. Па дарозе гэтае с т а д а таптала зялёную шчэць балотнай травы, скубла стагі і навальвалася грудзьмі на стары рыбацкі шалаш». Або ў «Пінскай шляхце» В. Дуніна-Марцінкевіча: «Каб сарваць такую прыгожую і багатую кветку, не шкода і ў балоце пакачацца», — гаворыць стары шляхціц Куторга, маючы на ўвазе 17-гадовую Марысю і сваю місію «пакрывіць душой», стаўшы за сведку супраць Ліпскага.

Шмат гадоў назад супрацоўнікі былога рэспубліканскага інстытута педагогікі (цяпер гэта Нацыянальны інстытут адукацыі) аднойчы наведалі экзамены па беларускай літаратуры ў выпускных класах некалькіх сярэдніх школ. Пасля пра некаторыя вынікі праверкі «Настаўніцкая газета» (1977. 25 чэрв.), у прыватнасці, пісала, што амаль ніхто з вучняў не змог толкам адказаць, «хто такі лахматы капітан, што вязе бухматы воз у байцы Кандрата Крапівы «Жаба ў каляіне». А байку ж вучні ведаюць на памяць! Завучылі, выходзіць, не зразумеўшы. Дасціпны гумар, асацыятыўнасць вобраза да ix так i не дайшлі». Toe самае назіраецца i цяпер. Напрыклад, далёка не ўсе васьмікласнікі растлумачаць, што такое вандол у вывучаным на памяць вершы Я. Купалы «Спадчына» (скарб «сярод цемры i глушы мне свеціць між вандоламі»).

Падобныя нярэдкія выпадкі з’яўляюцца вынікам таго, што найчасцей у школе пры вывучэнні мастацкага твора абмяжоўваюцца толькі літаратуразнаўчым аналізам, не звяртаюцца да такіх відаў аналізу, як лінгвістычны, стылістычны, тэксталагічны, i, значыць, выпускаюць з-пад yвагі вельмі важнае, спецыфічнае, менавіта тое, што літаратура — мастацтва слова, а мова — яе першаэлемент. «Мова — гэта аснова літаратуры», — пісаў К. Чорны ў лісце да І. Мележа.

Адзначым, дарэчы, што ў байцы «Жаба ў каляіне», як і ў прыкладах, пададзеных вышэй, многія словы і словазлучэнні, «намагнічаныя» двума параўнальнымі зваротамі, атрымалі вобразнае пераасэнсаванне, няслоўнікавыя значэні, асацыятыўна звязаныя з зыходнымі значэннямі і вобразнай сістэмай усяго твора. Тут ланцужок метафар выступае сродкам мяккага гумару пры апісанні селяніна з яго «бухматым возам», які не едзе, а, «нібы ў зялёным моры, плыве». Ужыўшы такое параўнанне, аўтар разгортвае яго ў цэласную карціну: воз, што плыве, «як паміж рыфаў, паміж коп», параўноўваецца з параходам, конь становіцца рухавіком з «адзінай конскай сілай», селянін — «лахматым капітанам», які «важнасць твару надае»:

 

I, каб не стала, загадзе

Сваёй адзінай «конскай сіле»,

Якая й так напружвае ўсё жылле,

Ён пугай пары паддае.

 

Тут тэхнічны тэрмін конская сіла трапляе ў нязвычнае акружэнне, напаўняецца новым сэнсам, служыць сінонімам да слова конь (з яго «адзінай «конскай сілай»), а фразеалагізм пары паддае, на фоне параўнання з параходам, набывае адначасова і канкрэтны сэнс.

Іншы раз фразеалагізм уздзейнічае на суседнія словы. На яго аснове нярэдка разгортваецца цэлы малюнак у напрамку, які задаецца метафарычным сэнсам фразеалагізма. Вось, напрыклад, якая сістэма вобразаў будуецца на метафарычнай аснове фразеалагізма таптаць у гразь: «Ды няўжо ж так заўсёды і будуць ірваць адзін у другога з зубоў, таптаць другога ў гразь, каб самому вылезці з балота, стаўшы на спіну суседа?» (К. Крапіва. Мядзведзічы).

Метафары, метаніміі і іншыя тропы пры стылістычным аналізе толькі называюцца або прыводзяцца як ілюстрацыі пэўнай думкі. Пры лінгвістычным жа аналізе разглядаюцца не ўсе тропы, а толькі арыгінальныя, упершыню выкарыстаныя. Напрыклад, вельмі многа нетрадыцыйных, аказіянальных азначэнняў знаходзім у творах Я. Брыля: капронавая смерць — у дачыненні да рыбацкай сеткі, бясстрашныя боты, нішчымная паўза, маладзенькая сцежка, сцюдзёная праўда, нахабны пах. Усё гэта прыклады мастацкага ўспрымання рэчаіснасці, хоць на першы погляд перад намі лагічна неспалучальныя канструкцыі. Пры лінгвістычным аналізе такіх моўных фактаў вызначаецца семантычная аснова тропаў, знешне нябачныя аналогіі паміж з’явамі, суадносіны паміж вобразнай і нарматыўнай семантыкай, вывучаецца моўны механізм пераноснага ўжывання слова, мастацкага пераўтварэння.

У апавяданні Я. Брыля «Галя» пра малую старасвецкую хату і яе гаспадара гаворыцца: «Без шчыта яна, наўкруг пакрытая саломай, зялёнай ад моху, нізка насунутай на малыя прыплюшчаныя вокны. Так і глядзела на свет, як сам гаспадар, заўсёды зажмураны Данька, стары Хамёнак, бязлобая галава якога нібы ўрасла ў зімовую шапку». Словазлучэнне бязлобая галава адрозніваецца ад ранейшых алагічных канструкцый тым, што слова бязлобая наогул няма ў нашай мове, як і ў іншых мовах. Але ў гэтым кантэксце яно вельмі дарэчы і мае свой вобразны сэнс, што ўдакладняецца словамі «галава якога нібы ўрасла ў зімовую шапку». Зрэшты, зазначым, што складальнікі 1-га тома ТСБМ беспадстаўна падалі (с. 439) прыметнік бязлобы як нібыта звычайнае слова са значэннем ‘пра чалавека з малым ілбом’, праілюстравалі прыведзенай вышэй цытатай з «Галі» Я. Брыля, хоць, як відаць з кантэксту, гэта адзіная цытата (другіх у фундаментальнай картатэцы няма) нічуць не пацвярджае надуманую дэфініцыю неіснуючага слова.

Слова ў «творчым кантэксце» часам страчвае сваю звычайную назыўную функцыю, і яго новы сэнс, што ўзнік як вобразны ў выніку індывідуальных асацыяцый, выяўляецца толькі ў больш шырокім слоўным акружэнні. Напрыклад, слова прапіска ў вершы А. Куляшова «Я хаце абавязаны прапіскаю...» атрымала значэнне ‘жыццё’: «...мільярд прапісак — у маўклівы прысак». Слова пасаг у паэме Я. Коласа «Новая зямля» («...мужчыны... сцісла бралі пад увагу, як многа дасць зямля пасагу») не ‘маёмасць ці грошы, што даваліся нявесце бацькамі’, а ‘прыбытак’. Слова прадмова ў трылогіі «На ростанях» Я. Коласа выкарыстана са значэннем ‘непрыемны пачатак’: «Перад тым, як адбіць гадзіны, гадзіннік колькі хвілін трашчаў, рыпеў, як калодзежны журавель на марозе, і пасля такой прадмовы званіў прыемным металічным звонам».

Вызначэнне такіх сэнсавых абертонаў, ці «ўжыванняў», а таксама пазнанне лінгвістычнага механізма такіх словапераўтварэнняў – адна з задач лінгвістычнага аналізу. «Сэнсавыя абертоны» тое самае, што і «ўжыванні». Абодва гэтыя тэрміны-сінонімы шырока выкарыстоўваюцца ў мовазнаўстве. Першы ўвёў Б. А. Ларын, назваўшы ім семантычныя зрухі ў слове. Другі ўпершыню выкарыстаў В. У. Вінаградаў. Дарэчы, «сэнсавыя абертоны», ці «ўжыванні», знайшлі адлюстраванне ў 17-томным слоўніку рускай мовы, дзе пад знакам зорачкі прыводзяцца цытаты з новай, незвычайнай семантыкай слова. Гэта патэнцыяльныя словы ці значэнні слоў. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы ў пяці тамах» таксама вылучае «найбольш аўтарытэтныя ўжыванні» і падае іх за знакам рысачкі пад адным з нарматыўных значэнняў.

Асабліва часта словы атрымліваюць «сэнсавыя абертоны» ў вершаваным маўленні Р. Барадуліна. Гэта дасягаецца разнастайнымі шляхамі: выкарыстаннем агульнанароднага слова ў незвычайным, нехарактэрным для яго акружэнні, у спецыфічнай маўленчай сітуацыі i г. д. Так, у літаратурнай мове дзеяслоў адпяваць мае адзінае значэнне ‘спраўляць над нябожчыкам абрад адпявання’, а ў Р. Барадуліна — свежае, арыгінальнае ўжыванне гэтага слова: «Адпяваюць паяльнай лямпай чорнага вепрука» («Hяcвiж па-восеньску»). I яшчэ: «Пераспелае бабіна лета адпяваюць манахі-гракі» («Лінія перамены дат»). У першым прыкладзе адпяваюць — ‘смаляць (тoлькi што заколатага вепрука)’; у другім — праз параўнанне гракоў з манахамі — гэта ‘развітваюцца (з бабіным летам)’.

У 10 класе цяпер разглядаецца вельмі ж актуальны верш П. Панчанкі «Беларуская мова». Пачынаецца гэты крык душы радкамі: «Ільняная i жытнёвая. Сялянская. Баравая ў казачнай красе. Старажытная. Ты самая славянская. Светлая, як травы ў расе». Тут — незвычайныя эпітэты ў дачыненні да мовы. Iльняная i жытнёвая — гэта словы з сэнсавым прырашчэннем. За iмi — багатая прастора для думкі i пачуццяў. Паэт гэтымі эпітэтамі хоча сказаць, што наша мова склалася не на базе царкоўнаславянскай i не ў выніку зліцця якіх-небудзь двух дыялектаў, а мае глыбокія народныя каранi, народную аснову, нарадзілася i сфарміравалася непасрэдна ў нетрах народа, у асяроддзі сялян, якія спрадвеку сеялі лён ды жыта, жылі ў атачэнні бароў казачнай прыгажосці. У гэтым жа вершы ёсць радок — таксама пра нашу мову, якую «дратавалі, здзекваліся, мучылі». Дзеяслоў дратавалі — у коле сэнсава блізкіх, суседніх з iм дзеясловаў здзекваліся, мучылі.

Ёсць чатыры словы-амонімы баба. Дарэчы, баба1 i баба2 лёгка адгадваюцца ў загадцы К. Крапівы «Бабы»: «Хоць на словах i радня, баба бабе не раўня, мiж сабой яны не ладзяць: адна б’е, другая гладзіць. Тая з маху як ударыць — аж зямля калоціцца; гэта варыць, гаспадарыцъ, аб ycix клапоціцца». Баба1 (у зыходным значэнні ‘матчына або бацькава маці’) мае 4 іншыя значэнні i 2 адценні. У байцы К. Крапівы «Дзед i Баба» яно набыло яшчэ адно значэнне — у радках Ва ўстановах часам ёсць вось такія «бабы». Яно цесна звязанае з сюжэтам байкі, а яшчэ, па сутнасці, як бы дадаткова паясняецца далейшымі радкамі: гэта людзі, якія «здэцца, й робяць яны штось, але справы — слабы». У заключным радку баечнай маралі («Паспрабуйце злезці!») дзеяслоў злезці таксама мае няслоўнікавае значэнне ‘вызваліць месца на працы ва ўстанове, бескарысна занятае кім-небудзь’.

У канцоўцы хрэстаматыйнага верша К. Крапівы «Калі ў краме ёсць нястача...» набываюць сэнсавае прырашчэнне аж 3 словы: «Так двуногія з pyкамi тыя «мышы» з «пацукамі» i псуюць сабе патрошку... Трэба, трэба на ix «кошку». «Мышы» з «пацукамі» — ’раскрадальнікі дзяржаўнага дабра’, а «кошка» — ‘управа, меры ўздзеяння’.

Нельга думаць, што індывідуальна-аўтарскае пераасэнсаванне слоў бывае толькі ў вершаваных творах. Ёсць яно i ў прозе, асабліва, скажам, у Я. Брыля, В. Адамчыка. Між іншым, пададзім выказванне В. Адамчыка з яго дзённікавых старонак «Чорны адбітак на белай сцяне». Чытаючы аповесці Я. Коласа «У палескай глушы» i «У глыбі Палесся», пісьменнік «спачатку быў жахнуўся ад праставатасці ці скупасці мастацкіх сродкаў i з жалем i шкадаваннем загарнуў... I ўсё ж коласаўская проза на нейкую прыступку вышай за бясконцае, нястрыманае пісанне таго-сяго з нашых народных. У ix ці знойдзеш нават такое: «мудрая маўклівасць далечыні», «танюткая намітка сінечы», «срэбна-шэрае жыта», «вятрак з паднятымі i знямелымі ў вячэрняй цішы крыллямі».

Вернемся да раней памянёнага слова вандол. У школьных хрэстаматыях зрэдку як тлумачэнне асобных слоў даюцца зноскі. Зразумела, яны павінны быць дакладнымі. Але так бывае не заўсёды. У вершы Я. Купалы «Спадчына» ёсць страфа пра Бацькаўшчыну, як самы дарагі для паэта скарб: «Нашу яго ў жывой душы, як вечны светач-полымя, што сярод цемры i глушы мне свеціць між вандоламі». Сэнс назоўніка вандол у хрэстаматыі для дзевяцікласнікаў паясняецца так: «роў, глыбокая даліна». Але дастаткова накласці гэта тлумачэнне на слова вандол у Купалавай страфе, як адразу адчуецца недарэчнасць, бяссэнсіца.

Ёсць гэта слова i яшчэ ў адным вершы Я. Купалы — «На Даўгінаўскім гасцінцы»: «Ах вы, шляхі!.. З гары на горку кульдык-кульдык, то ўвысь, то ўдол; збярэшся з думкай на гаворку, а тут пад зад цябе вандол...» Тут вандол — ‘калдобіна, выбоіна, ухаба’. Гэта слова з польскай мовы (wąl), дзе яно мае тое самае значэнне. Між іншым, вандола (жаночы род) ужываецца са значэннем ‘выбоіна’ i ў гаворках Дзятлаўскага раёна (засведчана ў «Матэрыялах да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т.Сцяшковіч).

Што да верша «Спадчына», то тут («...мне свеціць між вандоламі») слова вандол атрымала сэнсавае прырашчэнне, выкарыстана ў індывідуальна-аўтарскім, метафарычным значэнні  ‘перашкода’.