§ 20. Нематываваныя адхіленні ад нормы
Каб мова як найважнейшы сродак зносін магла найлепшым чынам ажыццяўляць свае функцыі, яна павінна быць унармаванай. Паняцце нормы слушна лічаць цэнтральным у азначэнні літаратурнай мовы.
Норма — гэта сукупнасць правіл, прынятых у дадзены перыяд моўным калектывам i ўсвядомленых iм як правільнае i ўзорнае ўжыванне моўных сродкаў. Ёсць нормы арфаэпічныя, акцэнталагічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя, прыказкавыя, лексіка-семантычныя, фразеалагічна-семантычныя, стылістычныя, а таксама ўласцівыя толькі пісьмоваму маўленню арфаграфічныя i пунктуацыйныя. Моўныя нормы ўтвараюцца самой маўленчай практыкай, «куюцца і назапашваюцца ў кузні гутарковага маўлення» (Л.У. Шчэрба) i спачатку існуюць як «няпісаныя правілы», якія рэгулююць вымаўленне, націск, утварэнне слоў i ix формаў, ужыванне слоў i фразеалагізмаў, пабудову словазлучэнняў i сказаў. Афіцыйнае прызнанне нормы называецца яе кадыфікацыяй. Кадыфікацыя — гэта «пісанае правіла», пісьмовая фіксацыя моўнай нормы ў нарматыўных граматыках, даведніках i слоўніках. Кадыфікаваная, узаконеная норма становіцца абавязковай для ўcix носьбітаў мовы.
У мастацкіх жа творах ix аўтары, як ужо было паказана на шматлікіх прыкладах, даволі часта з пэўнай стылістычнай устаноўкай, унутрана апраўдана i матывавана адхіляюцца ад нормаў. Паўторым словы Л. У. Шчэрбы, што «аўтараў, якія зусім не адступаюць ад нормы, канешне, не icнуе — яны былі б нясцерпна нудныя» [109, с. 10].
Са сказанага відаць, што паміж літаратурнай мовай i мовай мастацкіх тэкстаў не заўсёды можна ставіць знак роўнасці. Таму ў школе «не павінна змешвацца вывучэнне нормаў літаратурнай мовы... i вывучэнне мовы мастацкай літаратуры з яе найвышэйшай нормай — эстэтычнай матываванасцю. Трэба, каб вучні выразна разумелі, з аднаго боку, неабходнасць прытрымлівацца нормаў у літаратурнай мове i, з другога боку, магчымасць эстэтычна абумоўленых адхіленняў ад нормаў у мове мастацкай літаратуры» [66, с. 20].
Пры лінгвістычным аналізе мастацкага тэксту, несумненна, патрэбна заўважаць i адзначаць усе адступленні ад нормы, прычым не толькі матываваныя, але i нематываваныя.
З песні, як гаворыцца, слова не выкінеш. Асобныя недакладнасці, хоць i досыць рэдкія, можна напаткаць нават у некаторых творах нашых класікаў. Захапляючыся таленавітасцю, мудрасцю, высокаадукаванасцю васемнаццацігадовага М. Багдановіча, Я. Брыль, прачытаўшы паэтавы радкі Упалі з грудзей пана бога, парваўшыся, пацеркі зор, робіць заўвагу: «Ніяк не ўяўляю зорак на... «грудзях пана бога»! Хоць бы ўжо яны ўпалі з грудзей пані багіні. А то ж барада Саваофа перашкаджае такое уявіць». I далей: «Шкада, што для такога таленту, як Багдановічаў, наша літаратурная мова была яшчэ замала апрацаваная. Дарэчы, тое самае адчуваеш, чытаючы ранняга — самага моцнага — Купалу».
Выраз кідаць (кінуць) каменем нарматыўна дапаўняецца назвай асобы ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у (у каго). А ў паэме «Maгілa льва» Я. Купалы чытаем:
На беларускую дзяўчыну,
Kaлi тут праўду ёй аддаць,
Hixтo йшчэ каменем не кінуў
I не паважыцца кідаць.
К. Крапіва ў байцы «Мандат» дапускае акцэнталагічнае парушэнне нормы пры ўжыванні фразеалагізма галава пайшла кругам: «Ад шчасця гэтага ў Асла аж галава кругом пайшла».
Выраз чыстай вады мае значэнне ‘самы сапраўдны’, а высокай пробы —‘выключнай вартасці, якасці, дасканаласці’. Яны несінанімічныя. Другі з гэтых выразаў у артыкуле Р. Барадуліна «Апостал нацыі» ўжыты з парушэннем i формы, i зместу: «Геаграфічна i менталітэтна беларусы — еўрапейцы чыстае вады ці чыстае пробы».
Моўная норма — гістарычна зменлівая катэгорыя. Напрыклад, у пачатку XX стагоддзя слова клімат, запазычанае з французскай мовы, яшчэ вымаўлялі з націскам на апошнім складзе. У камедыі К. Крапівы «Хто смяецца апошнім» цёця Каця гаворыць: «Taкi ўжо клімáт у нас», а яе суразмоўніца Вера адказвае: «Добры клíмат, цёця Каця!»
У паэме «Тарас на Парнасе» чытаем: «Крупені ўволю я паеўшы, ycix падзякаваў багоў». Каліразглядаць гэты сказ з пазіцый сучаснай беларускай літаратурнай мовы, то выяўляюцца два адхіленні ад граматычных нормаў. Па-першае, дзеяслоў падзякаваць у нашай літаратурнай мове кipye не вінавальным, як тут, а давальным склонам (нарматыўна: усім падзякаваў багам). Па-другое, уключэнне дзейніка я ў склад дзеепрыслоўнага словазлучэння — архаічная з’ява, характэрная для мінулых эпох. Два прыклады з твораў канца XIX стагоддзя: «Мінуўшы я млын той, еду ўжо лесам» (Ф. Багушэвіч); «А хлопчык маленькі над кніжкай сядзіць. Яе ён раскрыўшы, на вершы глядзіць» (А. Гурыновіч). Канструкцыі з дзейнікам у сярэдзіне дзеепрыслоўнага словазлучэння сустракаюцца i ў вершаваных творах Я. Купалы: «Звесіўшы людзі галовы, слухаюць, думкі снуюць»; «Захапіўшы у першай пары Янка Майку, Юрка Раю, даюць дыхту, даюць жару, «Сербіянку», «Польку» шпараць, а гармонік грае, грае».
Калі граматычныя памылкі сустракаюцца ў хрэстаматыйных творах сучасных аўтараў, то яны i павінны характарызавацца як нематываванае адхіленне ад нормы.
Вядома, напрыклад, што дзеясловы смяяцца, кпіць, здзекавацца, глуміцца, насміхацца, жартаваць, рагатаць, цешыцца, дзівіцца ў беларускай мове кіруюць родным склонам з прыназоўнікам з: «Вось і пасмейся з сябе крыху. А то ўсе мы ахвотнікі з другіх смяяцца, а з сябе не любім». Гэта ілюстрацыя з рамана «Векапомныя дні» М. Лынькова. У некаторых жа творах гэтага аўтара трапляюцца і адхіленні ад названай нормы: «Нехта паспрабаваў пакпіць над ім» («Васількі»); «Памятаю, жартаваў з Петрусём я, кпіў над ім –– ці хутка на вяселле пакліча і чаму так марудзіць» («Андрэй Лятун»).
Дзеяслоў у беларускай мове мае дзве формы прошлага часу: простую (пайшоў) i складаную (пайшоў быў). У складаную форму уваходзіць асноўны дзеяслоў у спалучэнні з дапаможным дзеясловам быць, які ставіцца ў той жа родавай i лікавай форме, што i асноўны (пайшла была, пайшло было, пайшлі былі). Гэта форма прошлага часу павінна кваліфікавацца як нарматыўная для ўcix стыляў мовы: «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1, с. 432) падае ўжыванне дзеяслова быць у складаным прошлым часе як норму літаратурнай мовы (без стылістычна абмежаваных памет). Аднак у падручніках-хрэстаматыях зрэдку сустракаюцца напісанні гэтай формы на рускі лад: «Стараста хацеў было сабраць дзяцей, ды хутка мyciў адмовіцца ад сваёй задумы» (І. Чыгрынаў). Або: «Мядзведзь устрывожыўся было, калі затурчаў матор» (У. Караткевіч). Параўн. правільнае ў іншым творы таго ж аўтара: «Каб мip зберагчы, мы згадзіліся былі на унію». Яшчэ прыклады з адхіленнем ад нормы: «Сымон ірвануўся было ратаваць кабету» (З. Бядуля); «Неветла было я сустрэў цябе некалі» (У. Краўчанка).
«Алена Васілевіч і Уладзімір Карпаў, –– адзначае К. Крапіва, –– злоўжываюць неўласцівымі беларускай мове дзеепрыметнікавымі формамі тыпу «трымаўшаеся за жыццё дрэва», «плач прачнуўшагася малога сына», «заіскрыўшыміся вачыма», «трэск ламаемых галінак» [45, с. 164]. Ёсць такія нематываваныя парушэнні граматычнай нормы і ў творах, што вывучаюцца ў школе ці рэкамендуюцца для пазакласнага чытання (напрыклад, у апавяданні М. Лынькова «Ірына»: зліпшыяся светлыя валосікі, закаціўшыяся дзіцячыя вочы).
У паэме М. Танка «Люцыян Таполя» знаходзім адхіленне ад нормаў ужывання дзеепрыслоўных словазлучэнняў:
Быццам Песню Песняў ––
Кнігу дзіўную раскрыў перад вачыма,
Быццам, творачы сваёй дзяўчыны вобраз,
Побач з ім было яе юнацтва.
Mікітa Зносак — адзін з персанажаў Купалавай трагікамедыі. Яго прозвішча скланяецца, як i адпаведны агульны назоўнік зносак (са знікненнем, «выпадзеннем» беглага галоснага ва ўскосных склонах): Зноска, Зноску i г.д. У падручніку ж для 10 класа «Беларуская літаратура» (пад рэд. В. Я. Ляшук. Мінск, 1997. С. 286 — 291) гэта прозвішча аж 10 разоў ужыта ва ўскосных склонах з захаваннем у iм суфіксальнага «а»: Зносака, Зносаку... У самой п’есе Я. Купалы прозвішча фігуруе толькі ў форме назоўнага склону, але ёсць i вытворнае ад яго — Гануля Зношчыха (а не Зносачыха). Зносака, Зносаку — гэта несумненная граматычная памылка, якую могуць пераняць i школьнікі, настаўнікі, студэнты.
Сустракаюцца і арфаэпічныя парушэнні нормы, але, зразумела, выявіць іх можна толькі ў вершаваных тэкстах, дзе разнастайныя адступленні ад нормы, як ужо гаварылася, звязаны з версіфікацыяй. У школьнай практыцы, асабліва калі завучваецца на памяць твор, у якім ёсць такія адхіленні, трэба папярэджваць школьнікаў, каб ненарматыўнае ўжыванне слова не стала для іх нормай. К. Крапіва піша: «Вельмі прыкра слухаць, калі гавораць беларусы', таварышы', у той час, калі трэба гаварыць беларýсы, тавáрышы. Гавораць здары'лася замест здáрылася...». Дарэчы, словы таварышы і здарылася выкарыстаны ў паэме А. Куляшова «Сцяг брыгады» з перастаноўкай націску:
У суровай цішы
Абняла па чарзе нас Праскоўя:
–– Праважаю вас, таварышы,
Нібы родных сыноў я...
Што з ватоўкай? Дзе Ворчык? Дзе сцяг?
Што здарылася? Не разумею.
Ахапіў, мяне холад і жах,
Сэрца раптам нямее.
Тут можна было б падаць нямала прыкладаў, асабліва з твораў маладых паэтаў, калі дзеля рытму і рыфмы «ламаюцца», «калечацца» словы. Р. Барадулін, гаворачы пра культуру творчасці, адзначае, што «нават некаторыя сталыя майстры дазваляюць сабе неахайнасць у словаўжыванні: прыстасоўваюць да беларускага тэксту рускія словы, перастаўляюць націск і г. д.» [59].
Арфаграфічныя i пунктуацыйныя навыкі выпрацоўваюцца не толькі, а можа, i не столькі пры вывучэнні граматыкі, колькі пры чытанні кніг, газет. Ад частага бачання надрукаванага слова ствараецца яго зрокавы вобраз i імгненна ўсплывае пры пісьме. Калі ж у друкаваных тэкстах трапляюць няправільныя напісаннi, то навык можа пахіснуцца. Асабліва ў вучняў. У хрэстаматыйных жа творах не-не ды i сустракаем арфаграфічныя памылкі, з чым ужо ніяк нельга змірыцца, бо ў школьных хрэстаматыях i серыйных выданнях тыпу «Школьная бібліятэка», незалежна ад таго, як напісана ў аўтара, правапіс павінен давацца, — чытаем мы ў «Асновах тэксталогіі» (М., 1962. С. 357), — «цалкам па сучасных нормах».
Вось толькі некаторыя арфаграфічныя xiбы. У хрэстаматыі (аповесць М. Гарэцкага «Ціхая плынь») двойчы бачым раз по разу замест раз-пораз (поразу); параўн. у гэтай жа хрэстаматыі («Трэцяе пакаленне» К. Чорнага) нарматыўнае: раз-пораз. Тут жа («Вараны» К. Крапівы): не на ўме замест не наўме; запазуху («Аблава» В. Быкава) замест за пазуху. У падручніку-хрэстаматыі для 5 класа (аповесць М. Лынькова «Пра смелага ваяку Мішку...»): недаспадобы замест не даспадобы. У хрэстаматыі для 10 класа («Трахім — штучны чалавек» Л. Калюгі): начорта (трэба: на чорта).
У нас ёсць амаль сотня слоў, i складаных у тым ліку, з коранем пяць: пяцёрка, пяцярня, пяцярны, пяцігоддзе, пяцізначны i г.д. I ўсе яны захоўваюць каранёвую літару я. Здаецца, ні ў кога не павінна выклікаць сумнення, што i пяцёра ва ўcix ускосных склонах трэба пісаць з захаваннем я. Але ў «Слоўніку беларускай мовы» (1987. С. 663) памылкова даюць так: пяцёра... пецярых, -ым, -ымі, аднак параўн.: упяцярых (с. 825). I вось промах гэтага нарматыўнага слоўніка набывае сілу аўтарытэту i ўкараняецца ў практыку. Карэктары ўжо ўсюды папраўляюць пяцярых на пецярых (гл., напрыклад: Полымя. 1998. №12. С. 30). I ў падручніку-хрэстаматыі для 7 класа («Жураўліны крык» В.Быкава) чатыры разы даецца пецярых. Цяпер ўжо, калі сямікласнік у пераказе ці сачыненні напіша, як i трэба, пяцярых, пяцярым, пяцярымі, настаўнік, відаць, мусіць папраўляць так, як пададзена ў хрэстаматыі.
Лексічны склад літаратурнай мовы ўвесь час развіваецца, папаўняецца новымі словамі. «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996) aпіcaў больш за сотню нядаўна ўзніклых ці запазычаных слоў: вернік, спонсар, святар, спадар i г.д. Пакуль што не увайшоў у акадэмічныя слоўнікі i з’яўляецца неалагізмам назоўнік аповед (‘славеснае паведамленне пра якія-небудзь падзеі; расказ’). Гэта слова, як i аповесць, распавесці, трэба пісаць з галоснай е. Аў назве першага раздзела падручніка-хрэстаматыі для 7 класа вялікімі літарамі пададзена: «Павольная плынь аповяду». Аповяд знаходзім i ў падручніку-хрэстаматыі для 6 класа («Aпошнi гусляр» Я. Пархуты).
Трагікамедыя Я. Купалы «Тутэйшыя» пасля больш як 60-гадовага замоўчвання зноў была апублікаваная часопісам «Полымя» у 1988 г., выдавалася i паўторна. Сённяшні чытач сустрэне ў гэтай п’есе больш за дзве сотні слоў іншамоўнага паходжання, надрукаваных у адпаведнасці з арфаграфічнымі нормамі 20-х гадоў: губарнатар, профэсар, цэрамонія, клясавы, сэзонны, організм, пэрсона, унівэрсытэт, камэдыя, сэанс, сымпатычны, экспёатаваць, лёгічны, спэц, плянэта, орыгінальны... Характэрна, што пры публікацыі «Тутэйшых» у 1988 г. мяккі знак для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных у словах тыпу дзьве, пайсьці, вясельле ўсюды быў зняты, апушчаны, а напісанне іншамоўных слоў засталося ранейшым. А між тым у тэкстолагаў icнye агульнапрынятае правіла, зафіксаванае ў адпаведных інструкцыях: друкаваць тэксты па сучасных арфаграфічных нормах, захоўваючы толькі асобныя напісанні, знарок уведзеныя аўтарам.
Прыгадаем у гэтай сувязі публікацыю «Пінскай шляхты» ў акадэмічным выданні «Творы» В. Дуніна-Марцінкевіча ці вершаў i публіцыстычных артыкулаў Я. Купалы, напісаных у 1917 — 1920 гг. i апублікаваных у зборніку «Жыве Беларусь» (1993). Або яшчэ прыклад: М. Гарэцкі закончыў раман «Віленскія камунары» у 1932 г. (яшчэ да вядомай арфаграфічнай рэформы 1933 г.), а ўпершыню выдалі гэты твор у 1963 г. і, зразумела, згодна з правіламi сучаснай арфаграфіі i пунктуацыі. Таму пры перавыданні «Тутэйшых» трэба уніфікаваць напісанні чужаземных слоў. Што да марфалагічных нормаў, звязаных з канчаткамі назоўнікаў у давальным i месным склоне множнага ліку, то ix неабходна перадаваць у адпаведнасці з тагачаснымі правіламі марфалогіі: не заміналі важным гасцём; нам, бацьком, галава баліць; жыў пры бацькох; у іншых мясцох i пад.
Уніфікаваць трэба i напісанні тыпу самаўладзтва (у «Тутэйшых» ). Яны, між іншым, i сёння сістэматычна выкарыстоўваюцца ў некаторых выданнях («Спадчына», «Наша ніва»), напрыклад: гарадзкі, грамадзкі. Паяснім больш дэталёва, чаму уніфікацыя i тут неабходная.
Кола гэтых слоў параўнальна невялікае i звязана з правапісам зычных на стыку кораня i суфікса. Гэта, напрыклад, такія словы: людскі, cyceдскi, па-людску, грамадскі, грамадства, параходства, навагрудскі, самаўладства, самаедства. Як вядома, наша арфаграфія, а дакладней, толькі першая група правілаў, звязаная з напісаннем літар у словах або ix частках, засноўваецца на фанетычным ці марфалагічным прынцыпах. Кіруючыся фанетычным прынцыпам, мы пішам слова або яго пэўную частку так, як вымаўляем. Пры марфалагічным прынцыпе пэўная марфема пішацца нязменна, незалежна ад таго, як яна вымаўляецца. Спалучэнне дс у словах людскі i пад. вымаўляецца як ц: люцкі. І калі б напісанне такіх слоў засноўвалася на фанетычным прынцыпе, то ix i трэба было б пісаць праз ц. Калі ж кіравацца марфалагічным прынцыпам, то тут трэба захоўваць дс. Значыць, або фанетычныя напісанні праз ц, або марфалагічныя — праз дс. Трэцяга, як кажуць, не дадзена. Але ў «Нашай ніве» за 1906 —1907 гг. назіраюцца такіятраякія напісанні: крыві люцкай, Лідскага павету, з гарадзкімі.
Чаму ж тады да рэформы 1933 г. пісалі ў словах тыпу самаўладства не ц i не дс, а дз? Адкуль узяліся такія напісанні?
Думаецца, гэта ўплыў польскай арфаграфіі (між іншым, «Наша ніва» да 1913 г. выдавалася двума шрыфтамі — лацінкай i «грамадзянкай»). Apфaгpaфiчнaй нормай у польскай мове з’яўляецца, напрыклад: ludzki, ludzkość. Але ў палякаў няма асіміляцыізычных па глухасці-звонкасці, у іхнім літаратурным вымаўленні звонкія перад глухімі не аглушаюцца. Таму там i вымаўляюць людзкі, i пішуць у адпаведнасці з вымаўленнем. Kaлi зрабіць экскурс ва ўкраінскую мову, то там звонкія перад глухімі i ў абсалютным канцы слова захоўваюцца: казка, рыбка, хліб, сад. Арфаграфія слоў са спалучэннямі дс ва ўкраінскай мове грунтуецца на марфалагічным прынцыпе: людський, громадський.
Цяпер звернемся да беларускай мовы. Паводле «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы», на большай частцы нашай краіны, а менавіта на поўнач ад лініі Пружаны — Ружаны — Івацэвічы — Слуцк — Бабруйск — Бялынічы — Орша — Дуброўна, паслядоўна адбываецца рэгрэсіўная асіміляцыя гукаў па глухасці-звонкасці. Звонкія зычныя ў пазіцыі перад глухімi аглушаюцца: бапка, лышка, бліска, люцкі, па-люцку. У беларускіх жа гаворках, размешчаных на поўдзень ад памянёнай лініі, звонкія перад глухімі не аглушаюцца. Тут вымаўляюць: нізка, лодка, гарадзкі, суседзкі.
Асновай нашага правапісу i арфаграфічных нормаў, як вядома, з’яўляецца дыялектная мова цэнтральнай зоны. Гэта галоўная апора i база сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Тут спалучэнне дс вымаўляецца як ц (гарацкі, сусецкі). А на пісьме гэта спалучэнне найбольш лагічна перадаваць з захаваннем марфемных частак слова, г. зн. пісаць: грамад-ск-i, сусед-ск-i. У шмат якіх працах, звязаных з беларускім правапісам ці арфаэпіяй, гаворыцца пра негатыўны ўплыў арфаграфіі на вымаўленне. Прыводзяцца, скажам, такія прыклады: у апошнія дзесяцігоддзі, пасля таго як памягчэнне зычных перад мяккімі зычнымі перастала абазначацца мяккім знакам, некаторыя маладыя носьбіты мовы вымаўляюць гэтыя зычныя цвёрда: з’езд, снег, насенне. Аналагічная з’ява магла б здарыцца, калі б мы ўзаконілі, напісанні дс праз дз, г. зн. сталі б пісаць, а пасля i гаварыць: грамадзкі, грамадзтва. Дык ці варта гэта рабіць? Думаецца, не варта, калітрымацца логікі, а не чагосьці іншага.
У праграмных творах («Зaпіскi Самсона Самасуя» А. Мрыя, «Мілы чалавек» К. Крапівы), у творах іншых аўтараў i ў жывой народнай мове шырока выкарыстоўваецца фразеалагізм (выскачыць) як піліп з канапель, абазначаючы ‘(выскачыць) зусім нечакана, раптоўна’. Паводле паходжання гэта, хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай мовы (jak filip z konopi), дзе i сёння filip — другая, народная назва зайца. Выраз склаўся ў асяроддзі паляўнічых, якія не раз бачылі ў часе палявання, як, забегшы ў каноплі ў перыяд ix цвіцення, заяц-піліп не вытрымліваў ix цяжкага, дурманнага, ап’яняльнага паху i стрымгалоў выскокваў адтуль. Забыццё першапачатковай вобразнасці прывяло да пераасэнсавання слова піліп, якое нярэдка ўспрымаецца як ўласнае імя i беспадстаўна пішацца з вялікай літары. I ў ТСБМ (Т. 2, с. 616) чытаем: як Піліп з канапель.
На працягу больш за паўстагоддзя нi рэдактары, нi карэктары ніяк не могуць выправіць пунктуацыйную памылку ў паэме А. Куляшова «Сцяг брыгады», узяць у двукоссе назву камуністычнага гімна: Спаць кладзёмся пад гукі Інтэрнацыянала.
Варта адзначыць i адзін моўны недахоп, ці моўную памылку, звязаную з парушэннем такой камунікатыўнай якасці, як дарэчнасць маўлення. У нашай мове назвы маладых icтот нарматыўна ўжываюцца ў двух раўнапраўных варыянтах: дзіця (дзіцё), птушаня (птушанё), ягня (ягнё), парася (парасё), цяля (цялё) i інш. Аднак у межах аднаго сказа недарэчна выкарыстоўваць неаднастайныя варыянты такіх слоў. Працытуем Ф. Янкоўскага: «Рэдактар аддзела паэзіі кажа аўтару паэтычнага рукапіснага зборніка: — На адной старонцы пішаце вышэй, бліжэй, далей, на другой — бліжай, далей... Xiбa можна? Каб у адной кнізе, нават у адным вершы, было i так, i гэтак?» Падобнае знаходзім i ў хрэстаматыі для 9 класа («Выбачайце, каліласка» А. Макаёнка): «Вось паглядзіце на яго. Здаецца, цяля, ягнё. А ў душы ён воўк, воўк у авечай скуры».
Лінгвістычны аналіз прывучае чытача з увагай ставіцца да кожнага элемента тэксту. І не толькі да слоў, фразеалагізмаў, прыказак, але і да знакаў прыпынку, якія служаць, як трапна зазначыў А. П. Чэхаў, «нотамі пры чытанні». Агульнавядома, як часам можна змяніць сэнс сказа, ужыўшы ў ім іншы знак прыпынку.
Калі чытаць «пад лінгвістычным мікраскопам» паэму «Тарас на Парнасе», можна выявіць памылку, якая, нікім дагэтуль не заўважаная, жыве вось ужо больш як сто гадоў у такіх радках:
Гляджу –– аж вось з-за елі валіць
Як ёсць хароміна-мядзведзь!
Пры аналізе радкоў перш за ўсё адзначаецца, што ель –– дыялектызм са значэннем ‘елка’, хароміна –– архаізм са значэннем ‘вялікі палац’, суфіксальнае ўтварэнне (пры дапамозе павелічальнага суфікса –ін-а) ад харом –– ‘палац’.
Наяўнасць злучка паміж хароміна і мядзведзь паказвае, што слова хароміна трэба ўспрымаць як прыдатак да слова мядзведзь. Як вядома, прыдатак заўсёды можна апусціць без парушэння структуры сказа. Паспрабуем: «Гляджу –– аж вось з-за елі валіць як ёсць мядзведзь!» У такім разе лішнім становіцца фразеалагізм як ёсць. Значыць, ён адносіцца не да хароміна-мядзведзь, а толькі да хароміна, і калі апускаць хароміна, то трэба апусціць і як ёсць. Правяраем: «Гляджу –– аж вось з-за елі валіць мядзведзь!» Аднак у кантэксце фразеалагізм як ёсць не лішні. Гэты выраз мае два значэнні: 1) пры словах усе, усё, нічога ён абазначае ‘зусім, абсалютна’: «Пот горкі вочы залівае, змачыў кашулю ўсю як ёсць» (Я. Купала); 2) калі ж гаворыцца пра абсалютнае падабенства паміж кім-небудзь ці чым-небудзь, тады фразеалагізм мае значэнне ‘сапраўдны, якраз такі, як хто-небудзь, што-небудзь’: «Па становішчу свайму, я так скажу, ён, безумоўна, не кулак, а па прагнасці да хутара як ёсць кулак» (П. Галавач). Менавіта з гэтым, другім значэннем скарыстоўваецца фразеалагізм як ёсць у тэксце паэмы «Тарас на Парнасе», што лёгка праверыць прыёмам накладання на фразеалагізм яго значэння: «валіць як ёсць (‘сапраўдная, якраз такі, як...’) хароміна мядзведзь!» Адсюль злучок паміж двума назоўнікамі парушае правільнае ўспрыманне тэксту: ён непатрэбны, лішні, не выпраўленая да сённяшняга дня памылка выдаўцоў паэмы, арыгінал якой, як вядома, не захаваўся і якая, пакуль трапіла ў друк, каля 50 гадоў перадавалася вусна ці рукапісным спосабам. Найбольш адпаведнае пунктуацыйнае афармленне гэтых радкоў такое: «валіць, як ёсць хароміна, мядзведзь!» Або: «валіць як ёсць хароміна мядзведзь!» Апошні варыянт і быў выкарыстаны ў адным з выданняў паэмы [6, с. 15].
Наўрад ці можна згадзіцца з даволі пашыраным сцвярджэннем, што паэма «Тарас на Парнасе» напісана «ў форме апавядання селяніна-палясоўшчыка», што ў ёй «ад яго асобы вядзецца апавяданне» [99, с. 199; 5, с. 33; 21, с. 25]. Не пераконвае чытача і двукоссе, пастаўленае на пачатку II раздзела і закрытае ў XV раздзеле[1]. Як жа можа апавядальнік (Тарас) сам пра сябе гаварыць у 3-й асобе? Напрыклад, у IX раздзеле: «Тарасу ліха што здаецца», «Глядзіць ён, аж на лаўцы шыюць»; у XII раздзеле: «Аж слінкі пацяклі ў Тараса»; у XIV раздзеле: «Ніяк Тарас наш не ўцярпеў, і з лавы ён, што меўшы духу, скакаць на хату паляцеў». Або: Юпітэр
Ў канцы к Тарасу прыбліжыўся
І так яго перапыніў:
«А ты адкулечка, прыяцель?
Зачым прыйшоў ты на Парнас?
Ты хто такі? Ты не пісацель?»
«Не, мой панок!» –– сказаў Тарас...
На самай справе I, IX –– XIV раздзелы і 8 апошніх радкоў паэмы –– гэта строфы ад імя аўтара, а астатнія –– ад імя Тараса. Там, дзе апавядальнікам выступае Тарас, апісанне падаецца праз успрыманне гэтага простага селяніна-палясоўшчыка, які, зразумела, не мог ведаць імён парнаскіх насельнікаў. Таму першы сустрэты бог для Тараса не Купідон, а «хлапчына нейкі, круглалікі, увесь кудравы, як баран». І ў наступнай сцэнцы, дзе гаворыцца пра Булгарына і Грэча, іх імёны не называюцца, селянін Тарас не ведае іх. Але ўжо ў гэтым раздзеле «аўтар і герой амаль зліваюцца, тут ужо мы бачым не столькі Тараса, колькі самога аўтара і яго погляды на літаратуру»[49, с. 181]. Калі затым ідзе гаворка пра багоў (Зеўс, Геркулес, німфы, Геба, Бах – з грэчаскай міфалогіі; Нептун, Венера, Сатурн, Марс, Амур, Юпітэр, Веста –– з рымскай міфалогіі), то кожны з іх называецца і атрымлівае дакладную і трапную характарыстыку, бо пры абмалёўцы багоў «слова бярэ» сам аўтар, які добра ведаў грэчаскую і рымскую міфалогію.