§ 11. Фразеалагізмы
^ Вверх

§ 11. Фразеалагізмы

 

Пісьменнік, ствараючы мастацкі вобраз, раскрывае яго не толькі праз дзеянні i ўчынкі, але i праз яго мову. Кожны персанаж павінен гаварыць «сваёй, уласцівай яго характару мовай» (Л. Талстой). Сярод моўных сродкаў, з дапамогай якіх ствараюцца вобразы герояў літаратурных твораў, icтотнae месца займаюць фразеалагізмы. Яны індывідуалізуюць маўленне герояў, выступаюць своеасаблівым знакам прыналежнасці пер-санажа да пэўнага грамадскага асяроддзя.

Фразеалагізмы, як правіла, неаднолькава актыўныя ў маўленні розных персанажаў. Ёсць у маўленні таго ці iншara героя фразеалагізмы i якія яны або ix вельмі мала ці зусім няма — гэта гаворыць пра многае з характарыстычнага пункту гледжання.

Супаставім маўленне  Паўлінкі i Быкоўскага з камедыі Я. Купалы «Паўлінка».

Як i Якім Сарока, Паўлінка ўвасабляе перадавую моладзь свайго часу, якая змагаецца супраць старых, дамастроеўскіх поглядаў на жыццё, на сям’ю. Паўлінка вострая на язык, з развітым пачуццём гумару, умее гаварыць трапна i, калі трэба, з’едліва, можа выставіць свайго праціўніка ў камічным выглядзе. Яе маўленне насычана фразеалагізмамі, на долю Паўлінкі прыпадае 62 ix ўжыванні (амаль трэцяя частка з выкарыстаных у камедыі). Адзін прыклад: «Задасць такога пытлю i табе, i мне, што i жаніцьба ў галаву не палезе».

«Голы, як бізун», але фанабэрысты i напышлівы, Быкоўскі, гэты «хлопец шляхоцкага заводу, з рызыкай, з усякай далікатнасцяй i ўсё такое», зняважліва ставіцца да народных звычаяў, да простых людзей i ix мовы. Сам ён карыстаецца жаргонам засцянковай шляхты, сумессю беларускіх i польскіх слоў. У выказваннях гэтага персанажа, што адарваўся ад народнай мовы, толькі 6 фразеалагізмаў: адным словам, на самае вушка, на ўсе лады, ненарматыўна, памылкова ўжытыя па самую шыю, на ўсе бакі, так сабе. Aпошнi з выразаў заслугоўвае асобнай гаворкі. Быкоўскі не заўсёды заўважае, што часам з яго смяюцца, i ўсё прымае, як кажуць, за чыстую манету. КаліПаўлінка не без іроніi просіць яго праспяваць «што-колечы», бо нібыта чула, што ён мае «вельмі пекны голас», Быкоўскі адказвае: «Э-э! якітам пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых». Як бачым, гэтым дадаткам — ацэнкай свайго голасу параўнальна з іншымі  — Быкоўскi нібы ўносіць істотную папраўку ў звычайны сэнс выразу так сабе ‘нi кепскi i нi добры, пасрэдны, сярэдні’. Сэнсавая супярэчнасць у выказванні (так сабе — i раптам лепшы, як у іншых) камічнa характарызуе шляхціца-задаваку.

У некаторых мастацкіх творах асобны фразеалагізм становіцца своеасаблівым моўным пашпартам персанажа i неаднаразова паўтараецца. Відаць, клaciчным прыкладам у гэтых адносінах з’яўляецца вобраз Мікіты Зноска з трагікамедыі Я. Купалы «Тутэйшыя». Пастаянным спадарожнікам амаль кожнай рэплікі Зноска выступае выраз меджду протчым (скажоны, «скалечаны», з рускага — «между прочим»), ужыты больш як 250 разоў i звычайна недарэчна, без пэўнай сэнсавай i мадальнай нагрузкі: «Дзень добры, мамзэль, меджду протчым!»; «Я заўсёды схіляю перад iмi сваю, меджду протчым, галаву». У гэтай жа п’есе i яшчэ некаторыя фразеалагізмы выкарыстоўваюцца для індывідуальнай маўленчай характарыстыкі. Так, Спічыні паўтарае чорнае па белым, Усходні вучоны — чорт падзяры, Заходні вучоны — пся крэў, Зносак, — апрача памянёнага знакамітагa «меджду протчым», яшчэ i маё шанаванне, к чорту.

Занадта частае ўжыванне якога-небудзь фразеалагізма служыць для іранічнай абмалёўкі персанажа. У «Паўлінцы» Пранцісь i Агата маюць свае «стылістычныя пашпарты» — індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні: вось-цо-да (на аснове рускага выразу вот это да), тудэма-сюдэма (на аснове туды-сюды). У гэтых выразах няма сталага фразеалагічнага значэння. Яны ўжываюцца персанажамі як выказванне i абурэння, i прыкрасці, i здзіўлення, i захаплення, i згоды, i любых іншых пачуццяў. Амаль у кожнай рэпліцы Пранціся чуваць вось-цо-да, а таксама собственно i пане дабрудзею (апошняе — нязменнае пры размове i з мужчынамі, i з жанчынамі). Ён мае асаблівую прыхільнасць да гэтых слоў i выразаў, «аздабляе» iмі амаль кожны сказ, ужывае ix аўтаматычна i часцей за ўсё недарэчна. Мінімальнае паведамленне ў яго абрастае гэтымі спустошанымі словамі-паразітамі: «Собственно, вось-цо-да, кабыла заблудзіла, пане дабрудзею». Некаторыя персанажы востра рэагуюць на слоўнае шалупінне Пранціся, асабліва на вось-цо-да, дражняць Пранціся гэтым выразам. Дражніць i жонка Агата, хоць i сама не абыходзіцца без выразу-фаварыта тудэма-сюдэма.

Маўленчай асаблівасцю Фядоса Хадыкі з паэмы Я. Коласа «Новая зямля» з’яўляецца выраз ядзяць ix (вас) мухі з камарамі, выкарыстаны 10 разоў як выказванне то непрыемнасці («Пакрыўдзіў бог мяне сынамі, ядзяць ix мyxi з камарамі!»), то захаплення («Жывуць тут людзі багачамі — ядзяць ix мyxi з камарамі!»), то зачараванасці («Пасябраваць хачу я з вaмi, ядзяць вас мyxi з камарамі!»), то прыкрасці («Вашы мінскія пясочкі знаёмы добра мне, браточкі, — мяciў уласнымі нагамі, ядзяць ix мyxi з камарамі!»). Адзін з суразмоўцаў Фядоса, успомніўшы пасля пра сустрэчу з iм, «Хадыку высмее чacaмi i яго «мyxi з камарамі».

Ступень стылістычнай актыўнасці фразеалагізмаў у мастацкіх творах розных аўтараў залежыць ад індывідуальнай схільнасці таго ці іншага пісьменніка, ад яго прыналежнасці да пэўнага літаратурнага напрамку, ад таго, як добра валодае пісьменнік фразеалогіяй, ад яго фразеалагічнага запасу. Функцыянальная вага фразеалагізмаў звычайна неаднолькавая ў роз­ных літаратурных жанрах нават у аднаго i таго пісьменніка. Напрыклад, у драматычных творах, асабліва камедыях, фразеалагізмаў, як правіла, куды больш, чым у мастацкай прозе, бо п’есы будуюцца ў форме дыялогу i адлюстроўваюць, iмітуюць непасрэднае вуснае маўленне. Вось колькасныя паказчыкі фразеалагізмаўжыванняў у хрэстаматыйных камедыях (праўда, яны неаднолькавага памеру): «Тутэйшыя» Я. Купалы — 251 (без уліку 258 паўтораных «меджду протчым»), «Паўлінка» — 170, «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы — 242, «Выбачайце, калі ласка» А. Макаёнка — 220. Вельмі часта выкарыстоўваюцца фразеалагізмы ў творах на грамадска-палітычныя тэмы. Напрыклад, у байцы К. Крапівы «Дзед i Баба» 7 фразеалагізмаў (з выгляду, сама меней, як хворобе кашаль, бяда малая, як чорт панёс, дзе ўзяліся й ногi i, у аўтарскай варыяцыі, як мае сілы).

Зразумела, ніякай меркі, што акрэслівае, кoлькi фразеалагізмаў можна ўжываць, няма i не павінна быць. Тут самае галоўнае, з якой натуральнасцю i ідэйна-мастацкай матываванасцю яны ўводзяцца ў тэкст. Пры ўжыванні гэтых моўных самацветаў нельга, аднак, кіравацца вядомай прыказкай Кашу маслам не сапсуеш, бо фразеалагічная перанасычанасць твора не павялічвае яго мастацка-выяўленчай вартасці.

3 другога боку, адсутнасць у творы фразеалагізмаў ці слабае выкарыстанне гэтага найбагацейшага сродку мастацкай выразнасці пазбаўляе мову нацыянальнага каларыту, часам робіць яе бледнай i бясколернай, падобнай на няўдалы пераклад з чужой мовы.

Майстры слова пры выбары фразеалагізма кіруюцца не толькі крытэрыем яго мэтазгоднасці ў пэўным кантэксце, але i імкненнем не паўтараць самога сябе. Хоць фразеалагізмы з’яўляюцца гатовымі агульнанароднымі сродкамі выразнасці, але калі той ці іншы з ix (за выключэннем некаторых тыпу ўсё роўна) неаднаразова сустракаецца ў адным творы, то гэта не можа не кідацца ў вочы, не ствараць уражання стандартнага выказвання. Таму многія мастакі слова (напрыклад, Я. Купала, K. Kpaпівa, Я. Брыль, М. Лобан), паслядоўна прытрымліваючыся «няпісанага правіла», з належным пачуццём меры выкарыстоўваюць фразеалагізмы, не паўтараючы ніводнага з ix без пэўнай стылістычнай матывацыі ў адным i тым жа творы. Напрыклад, у камедыі Я. Купалы «Паўлінка» са 143 ужытых фразеалагізмаў 128 — адначастотныя, паўтарэнні астатніх матываваныя, стылістычна апраўданыя (як сродак маў­ленчай характарыстыкі персанажа, у дзвюх суседніх рэпліках як рэакцыя суразмоўніка на пачуты фразеалагізм i г.д.).

Пры вывучэнні мастацкага твора аб’ектам лінгвістычнага аналізу павінны быць, зразумела, не ўсе фразеалагізмы, а тoлькi, па-першае, рэдкаўжывальныя, якіявыклікаюць пэўныя цяжкасці пры ix успрыманні, па-другое, выкарыстаныя ў тэксце са змяненнем ix формы або зместу. Да ліку рэдкаўжывальных, якія не сустракаліся ў раней вывучаных хрэстаматыйных тэкстах, можна аднесці, напрыклад, некаторыя выразы з твораў М. Га-рэцкага. У апавяданні «У чым яго крыўда?» i аповесці «Ціхая плынь» неаднойчы знаходзім дзеля гадзіся («Сам толькі паядаў — дзеля гадзіся»). Гэта тое самае, што для відy, для прыліку. Каланіца носіць (каго) — тое, што i ліха носіць (каго). Aні з тога aні з сёга — дыялектны выраз, аналагічны з літаратурным нi з таго ні з сяго.

Патрабуе каментарыя сказ з верша П. Броўкі «Кастусь Каліноўскі»: «Ён сэрцам вялікім Кастусь Каліноўскі»; тут сэрцам вялікім –– ‘гарачым пачуццем, здольнасцю быць добрым, чулым, спагадлівым’. Або ў паэме П. Глебкі «Мужнасць»: «У падшытых вятрамі намітках –– мы ідзём да ягонай труны»; падшытыя вятрамі – ‘якія не засцерагаюць ад холаду’.

Ёсць два віды стылістычнага выкарыстання фразеалагізмаў: а) ужыванне ў нязменным выглядзе; б) ужыванне са змяненнем разнастайнага характару. Хоць фразеалагізмы i пры звычайным, нарматыўным ужыванні выконваюць у маўленні шматлікія стылістычныя функцыі i з’яўляюцца яркім сродкам выразнасці, аднак ix стылістычная роля як бы падвойваецца, калі ix «амалоджваюць», абнаўляюць, творча выкарыстоўваюць са змяненнем традыцыйнай формы ці з абыгрываннем ix зместу. Такое абнаўленне Б. А. Ларын ахарактарызаваў як «артыстычны спосаб». Усе шматлікія стылістычныя прыёмы інвідуальна-аўтарскага ўжывання фразеалагізмаў можна аб’яднаць у дзве групы. Першая група — структурна-семантычныя змяненні, калі знарок парушаецца форма фразеалагізма i гэтым самым закранаецца яго змест. Другая група — семантычныя змяненні, пры якix кампанентны склад фразеалагізма застаецца непарушным, а сэнсавае прырашчэнне адбываецца за кошт спецыяльна створанага кантэксту.

Разгледзім на прыкладах з твораў, пераважна хрэстаматыйных,  прыёмы эфектыўнага выкарыс­тання фразеалагізмаў. Спачатку — некаторыя прыёмы структурна-семантычных змяненняў (першая група). Замена кампанента іншым словам – найбольш пашыраны прыём гэтай групы. 

Сустрэўшыся з Якімам, гераіня п’есы «Паўлінка» гаворыць з жартам, з гумарам, што Якіму няма чаго баяцца, бо бацькі паехалі на торг i, пэўна, позна вернуцца: «Смелы будзь, як у бога пад прыпечкам». Ужыванне пад прыпечкам замест звычайнага за пазухай узмацняе гумарыстычную афарбоўку выказвання, адметна характарызуе хітраватую гарэзлівасць Паўлінкі. У трагікамедыі «Тутэйшыя» выраз уставіць палку ў кола выкарыстаны з заменай трох апошніх кампанентаў сло­вам спіцы (у родным склоне — спіц). Такая замена выклікаецца пэўнай сітуацыяй, прадвызначаецца папярэднім кантэкстам, дзе гаворка вядзецца пра Cпічыні — Зноскавага настаўніка: «Глядзеце толькі, каб гэты гэр Спічыні вам не ўcmaвiў i тут спіц, як i перад нямецкай сітуацыяй». Як бачым, аналіз гэтага i іншых прыкладаў дапамагае не толькі паказаць майстэрства пісьменніка, але i правільна зразумець пэўную частку твора.

Нярэдка пісьменнікi свядома пашыраюць семантыка-спалучальныя cyвязi фразеалагізма са словамі, шляхам замены кампанента прыстасоўваюць фразеалагізм да незвычайнага для яго кантэксту i гэтым дасягаюць пэўнага стылістычнага эфекту. Так, фразеалагізм галавой налажыць ‘загінуць’ нарматыўна ўжываецца толькі пры дзейніку са значэннем асобы. У бай­цы К. Крапівы «Вараны» гаворыцца пра «сумленнага каня», якога «ў адной камуне ці арцелі» зусім не шанавалi i ўшчэнт заездзілі. «Ён доўга не пажыў: не выцерпеў нарэшце i... капытамі налажыў». Тут эфектыўна замяняецца кампанент галавой ­ словам са сферы жывёльнага свету.

А вось як В. Быкаў у аповесці «Аблава» выкарыстаў фразеалагізм адной нагой стаяць у магіле: «Угледзеўшыся ў чалавека, Хведар зразумеў, што не жылец на гэтым свеце Зыркаш. Адной нагою ён ужо там».

Як і ў папярэднім прыкладзе, часта пад замену падпадае не адзін, а некалькі кампанентаў. У такім разе адчуць прататып-выраз можна толькі пры добрым веданні агульнамоўнага фразеалагічнага багацця. Так, вучні сустракаюцца з арыгінальным выпадкам сатырычнага падтэксту, калі чытаюць камедыю К. Крапівы «Хто смяецца апошнім», дзе прайдзісвет Гарлахвацкі намерваецца: «Зрабіць так, каб Туляга і нават сам Чарнавус былі тут у мяне на паслугах... на іх спінах у вялікія вучоныя ўехаць». Сатырычны эфект тут якраз і ствараецца самахарактарыстыкай невука, які хоча на чужым карку ў рай уехаць, але гаворыць пра сваё жаданне крыху іншымі словамі.

Звычайна замена кампанента абумоўлена імкненнем прыстасаваць фразеалагізм да кантэксту. Пра Алеся Рыбку (А. Куляшоў. Сцяг брыгады), прызванага ў армію ў цяжкія дні адступлення, гаворыцца:

 

Стаў я іншым, суровым,

Стаў новым ад ног да пілоткі,

Чалавекам вайсковым,–

Былой не пазнаеш паходкі.

 

Ад ног да пілоткі –– аўтарская варыяцыя агульнанароднага фразеалагізма з галавы да ног. На яго абагульненае значэнне ‘ва ўсім –– у думках, паводзінах і г. д.’ накладваецца і канкрэтнае, сітуацыйнае, выкліканае ўключэннем у выраз слова пілотка.

Фразеалагізм праваліцца скрозь зямлю ў аповесці I. Шамякіна «Агонь і снег» ужыты з заменай назоўнікавага кампанента: «Зрабілася так сорамна за Кідалу, так страшэнна сорамна, што хацелася праваліцца скрозь гару». Матываванасць замены ўсведамляецца выразна: дзеянне адбываецца сярод карэльскіх сопак, у гарыстых мясцінах.

У вершаваным маўленні замена фразеалагічнага кампанента часам выклікаецца рытмічнай структурай ці пошукамі патрэбнай рыфмы. У вершы Я. Купалы «Лён» фразеалагізм як сама не свая атрымаў форму бы сама не ўся (у сувязі з рыфмай Міхася). Або параўн. у вершы Я. Купалы «За ўсё»:

 

Змагаўшыся з напасцяй

За шчасце для людзей,

Не раз пісаў ў няшчасці

Крывёй з сваіх грудзей.

 

Фразеалагізм крывёй сэрца заўсёды ўжываецца пры дзеяслове пісаць і абазначае ‘з глыбокім пачуццём і перакананнем, шчыра і выпакутавана’; у прыведзеных радках выраз мае форму крывёй з сваіх грудзей (пры рыфме людзей).

Другі прыём першай групы — ускладненне фразеалагізма словам свабоднага ўжывання. Вось прыклад з п’есы «Тутэйшыя». Спрачаючыся са Здольнікам, Зносак гаворыць: «Не маючы што рабіць, інтэрнацыянальная інтэлігенцыя выдумала гэты нейкі нацыянальны беларускі язык, а вы хацелі б заставіць нас, руска-ісціную тутэйшую, меджду протчым, інтэлігенцыю, сушыць над iм свае апошнія мазгі». Тут у выраз сушыць мазгі ўключаецца прыметнік апошнія, які адносіцца да назоўнікавага кампанента i як бы паясняе яго. На абагульнена-цэласнае значэнне фpaзeaлaгiзмa ‘зняciльваць сябе разумовай працай’ наслойваюцца ўяўленні канкрэтнага плана. Укліненне прыметніка апошнія ажыўляе ўнутраную форму фразеалагізма, апрадмечвае кампанент-назоўнік i  дае дадатковую характарыстыку «мазгам». Фразеалагізм у гэтым кантэксце сатырычна завастраецца.

Урывак з апавядання К. Крапівы «Мой сусед»: «Празаічнае ўмяшанне трэцяй асобы [дзіцяці] у «вольны саюз» [з ідэяй «свабоднай любві»] вельмі не спадабалася Лукавіцыну, i ён павярнуў быў сваю шляхетную cniнy. Але дзяўчына... раптам зрабілася дзёрзкаю...» У фразеалагізм са зніжанай, неадабральнай афарбоўкай укліньваецца прыметнік з павышанай экспрэсіяй (шляхетны), якізаўсёды станоўча характарызуе прадмет. У выніку несуадноснасці рознастылёвых элементаў ствараецца камізм, падкрэсліваюцца іранічныя адносіны да персанажа. У байцы К. Крапівы «Саманадзейны Конь» фразеалагізм выгнаць з галавы (чыёй што) ускладняецца прыметнікам дурны, што ажыўляе слоўныя якасці назоўнікавага кампанента галавы: «Тут, каб Каню свайму давесці, што гэта глупства i мана, каб выгнаць, зноў жа, наравы з дурной канёвай галавы, той гаспадар i просіць фурмана, каб ён у воз вялікі запрог яго каняку».

Фразеалагізм сыпаць соль на раны, што значыць ‘хваляваць, непакоіць напамінкам пра штосьці балючае, непрыемнае’, выкарыстаны ў паэме А. Куляшова «Сцяг брыгады» з пашырэннем сваёй структурнай мадэлі –– у форме сыпаць горкую соль успамінаў на свежыя раны:

 

А навошта трывожыць ім боль,––

Родны іх пахаваны,––

Сыпаць горкую соль

Успамінаў на свежыя раны?

 

Калі форма фразеалагізма парушана, то выявіць такі дэфармаваны, а таму і «прыхаваны» выраз можна толькі пры асаблівай уважлівасці. Любыя змяненні фразеалагізма так ці інакш кранаюць яго сэнс. Найчасцей фразеалагізмы атрымліваюць у такіх выпадках семантычнае прырашчэнне, узбагачаюцца дадатковымі асацыятыўнымі ўяўленнямі. Пры лінгвістычным аналізе такіх моўных фактаў неабходна не толькі выявіць змяненні формы або зместу фразеалагізма, але і зразумець, дзеля чаго зрабіў гэта пісьменнік.

Фразеалагізм пусціць з дымам у п’есе К. Крапівы «Партызаны» ўжываецца з дадаткам да бога і з’яўляецца сродкам сатырычнага развенчвання пана Яндрыхоўскага, які, не змогшы выбіць з сялян бальшавіцкі дух і навучыць іх «шанаваць бога, пана і польскую ўладу», сагнаў усіх сваякоў партызан у адну хату і аддае каманду сяржанту: «Па майму загаду пусціць з дымам... да бога». Гэты дадатак (да бога), аддзелены ад фразеалагізма шматкроп’ем, у вуснах набожнага пана гучыць, супраць яго волі, як кашчунства, бо намеры Яндрыхоўскага ніяк нельга назваць боскімі. Праз некалькі хвілін пасля першай каманды пан аддае новы загад, ужываючы для гэтага толькі дадатак да фразеалагізма: «Зялёную ракету... да бога!» І гэта каманда, пададзеная ў прысутнасці ксяндза, з якім капітан Яндрыхоўскі толькі што вёў гутарку на розныя боскія і нябоскія тэмы, «працуе» на раскрыццё сапраўднага нутра паноў і іх боскіх служак. Дарэчы, гэты абноўлены крапівоўскі выраз стаў ужывацца іншымі аўтарамі, набыў крылатасць, уключаны ў фразеалагічны слоўнік.

Трэці прыём першай групы — фразеалагічная зеўгма, або аб’яднанне фразеалагізма i слова ў адной сінтаксічнай канструкцыі з фармальна аднароднымі, але лагічна неспалучальнымі, разнароднымі членамі. Ёсць некалькі разнавіднасцей фразеалагічнай зеўгмы. З двума выпадкамі аднатыпнай зеўгмы сустракаемся ў камедыі А. Макаёнка «Выбачайце, калі ласка». У адным выпадку першы кампанент фразеалагізма камень за пазухай ‘затоеная злосць, нядобры намер’ адначасова выступае i як частка свабоднага словазлучэння камень у пячонках: «— У яго ж камень у пячонках!.. — За пазухай у яго камень, а не ў пячонках». Кантраст паміж фразеалагічным кампанентам ка­мень, пазбаўленым семантычнай самастойнасці, i аднагучным словам камень у значэнні ‘салявое ўтварэнне (у пячонках)’ выклікае нечаканыя асацыяцыі з нібыта прадметным значэннем фразеалагічных кампанентаў, у выніку ствараецца камічны эфект, як гэта бывае заўсёды пры дасціпным алагізме. Прыкладна аднолькава будуецца i зеўгматычная канструкцыя з удзелам фразеалагізма галава на плячах ‘хто-небудзь дастаткова разумны, кемлівы’ ў наступнай рэпліцы з той жа п’есы А. Ма­каёнка: «Не такая складаная справа, калі галава на плячах, а не макацёр».

У паэме «Сцяг брыгады» А. Куляшова знаходзім расчляненне фразеалагізма пусціць чырвонага пеўня і своеасаблівую кантамінацыю (зліццё, аб’яднанне) яго назоўнікавага кампанента з другім фразеалагізмам-сінонімам –– пусціць з дымам. У выніку сэнсаўтваральны элемент выразу становіцца нібы ўмоўным знакам фразеалагічнага цэлага і адначасова рэалізуе кантэкстуальнае значэнне ‘падпал’:

 

Пеўні тыя, што з дымам пусціў,

Мяне вывелі ў людзі!

 

У асобных выпадках пры аналізе фразеалагізмаў узнікае патрэба даваць кароткія этымалагічныя экскурсы. Так, кажучы, што значэнне ўсяго выразу часам можа канцэнтраваць у сабе адзін кампанент, але абавязкова сэнсаўтваральны, семантычна апорны, варта падмацаваць паняцце «сэнсаўтваральны элемент» этымалагічнай даведкай да фразеалагізма пусціць чырвонага пеўня. Узнікненне выразу звязваецца з тым, што ў славян сімвалам бога агню быў певень. Быў і звычай прынашэння ахвяры –– пеўня, каб залагодзіць, зрабіць літасцівым бога агню. Фразеалагізм ужываецца ва ўсходнеславянскіх і польскай мовах. Вобраз чырвонага пеўня лёг у аснову сэнсава адпаведных выразаў у чэшскай мове (posadit červenegokohoutanastŕechu) і ў нямецкай (denrotenHahnaufsDachsetzen).

Яшчэ адзін прыём першай групы –– аб’яднанне слова свабоднага ўжывання з часткай фразеалагізма. Гэты прыём назіраецца, у прыватнасці, на стыку дзвюх рэплік. Фразеалагізм ствараецца як бы «намаганнем» дзвюх дзеючых асоб: другі суразмоўнік падхоплівае слова, ужытае першым з прамым значэннем і, пераключыўшы ў іншы семантычны план, далучае да яго кампанент фразеалагізма. Гэтак пры дапамозе рэплікі- падхвату на значэнне рэалізаванага спачатку словазлучэння рыбку лавіць накладваецца значэнне фразеалагізма рыбку лавіць у каламутнай вадзе, што значыць ‘з выгадай для сябе выкарыстоўваць чые-небудзь цяжкасці, няўдачы і пад.’; напрыклад: «Лянуешся рабіць, ды ўсё сабе рыбку ловіш... ты гатоў усякае паскудства далонямі мясіць. Не ідзеш ты ў вялікую добрую работу, а ўсё нюхаеш, рыбку ловіш ... –– У каламутнай вадзе, –– уставіў слова Сяргей» (К. Чорны. «Звяга»).

Значны сатырычны эфект дае двухсэнсавае выкарыстанне слова дзіравая ў аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз». Убачыўшы намаляванага на вагоне двухгаловага арла з царскай каронай, Міколка цікавіцца: «А чаму ў арла дзве галавы?» Бацька «тлумачыць»; «Таму што адной не хапае, дзіравая... Таму, бачыш, і каронай накрытая...» Тут дзіравая выступае адначасова як слова са значэннем ‘з дзіркай’ і як частка фразеалагізма дзіравая галава з яго непадзельным абагульненым сэнсам ‘тупіца, бесталковы’ –– у дачыненні не столькі да арла, як да цара і яго рэжыму.

Другая група «амалоджвання» фразеалагізмаў –– гэта, як ужо гаварылася, іх семантычнае змяненне пры непарушнасці іх традыцыйнай формы.

Супярэчнасць паміж сэнсавай непадзельнасцю фразеалагізма і яго расчлянёнай формай стварае спрыяльныя ўмовы для рознага тыпу пераасэнсаванняў, для так званых абыгрыванняў, калі той ці іншы выраз успрымаецца двухпланава. Лінгвістычны аналіз хрэстаматыйных тэкстаў паказвае, што мастакі слова нярэдка выкарыстоўваюць гэту патэнцыяльную магчымасць вобразных выразаў, асвяжаюць фразеалагізм, не парушаючы яго формы.

Адзін з прыёмаў другой групы –– стварэнне семантычнага паралелізму, калі фразеалагізм адначасова ўспрымаецца двухпланава: як фразеалагізм i як такое ж пераменнае словазлучэнне. У «Тутэйшых» падчас імянінаў Зноска госці захацелі патанцаваць i папрасілі Здольніка пайграць iм на балалайцы. Той згаджаецца i дадае: «Хоць раз паскачаце i вы пад маю дудку». Выраз паскакаць пад дудку (чыю) у гэтым кантэксце адначасова асэнсоўваецца i як свабоднае словазлучэнне эквівалентнага складу.

Адначасовае перапляценне двух планаў назіраецца i пры выкарыстанні І. Шамякіным у аповесці «Ахвяры» выразу (адчуваць сябе) на кані ‘(адчуваць сябе) у прыемным, выгадным становішчы’. Якаў Міхайлавіч Золатаў, бясстрашны на словах i баязлівы на справе камандзір спецгрупы энкаўсаўцаў, закінутай берыеўцамі да савецкіх партызанаў, каб сачыць за iмi i вышукваць ворагаў сярод ix, трапляе аднойчы ў невыкрутлівую сітуацыю. Яго выратоўваюць два конныя партызаны (камандзір i баец), даюць яму каня. «Ман памог Золатаву ўзлезці ў сядло. I тады ён сапраўды зноў адчуў сябе на кані. Страсянуў страх, набыў моц».

Другі прыём другой групы –– пераасэнсаванне фразеалагізма ў дыялагічным маўленні. Сэнсавае непаразуменне паміж суразмоўнікамі ўзнікае, калі адзін з іх ужывае фразеалагізм як непадзельны выраз, а другі ўспрымае пачутае літаральна, як свабоднае словазлучэнне. Так, у апавяданні Я. Брыля «Дзічка» дзед кажа ўнуку Уладзіку пра паноў: «Каб іх... за адзін дзень са свету счысціла, каб не сядзелі на мужыцкім карку». Малы не разумее: «А як яны, дзеду, сядзяць на карку, га?» А калі стары сказаў, што, можа, унуку змалку пашанцуе, што, можа, прыйдуць з усходу таварышы і прагоняць паноў, Уладзік уяўляе, як «паны пазлазяць з мужыцкага карку і пачнуць уцякаць, а мы тады іх каменнем!..»

Літаральнае ўспрыманне фразеалагізмаў асабліва натуральнае, калі суразмоўнік –– дзіця, якое яшчэ не ведае, што абазначае ўпершыню пачуты выраз, і звычайна апрадмечвае яго састаўныя часткі. Гераіня аповесці Г. Васілевіч «Расці, Ганька» ведае, што бацька пакінуў яе і маці, калі Ганьцы не было яшчэ і двух гадоў. «І цяпер усе на вёсцы, абы размова зайшла пра Ганьчынага бацьку, кажуць, што ён сабакам сена косіць... Ганька не можа зразумець, чыім сабакам спатрэбілася столькі сена, што бацька так доўга косіць і ўсё не вяртаецца. І наогул, чаму сена –– сабакам? У іх вёсцы ні адзін сабака сена не есць...»

Рознымі абыгрываннямі фразеалагізмаў пісьменнікі звычайна дасягаюць пэўных стылістычных эфектаў, пераважна гумару і сатыры. Нярэдка выкарыстоўваецца прыём агалення ўнутранай формы параўнальным зваротам. Так, у апавяданні Я. Коласа «Соцкі падвёў» двухпланавае выкарыстанне фразеалагізма пайсці ўгору служыць сродкам асмяяння ўрадніка-кар’ерыста, які марыць, што за выкрыццё «праступнага саобшчаства» яму «даюць павышэнне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным, потым прыставам, а потым... і пайшоў наш ураднік угору, як цыган па драбінах на неба». Фразеалагізм пайсці ўгору пры яго звычайным ужыванні мае значэнне ‘зрабіць кар’еру, набыць вагу’. У пададзеным урыўку побач з фразеалагізмам стаіць параўнанне, якое агаляе ўнутраную форму выразу, ажыўляе семантычны вобраз, прыхаваны ў фразеалагічнай адзінцы, і яна спачатку ўспрымаецца з метафарычным сэнсам, а пасля, пад уплывам параўнальнага звароту, з прамым значэннем слоў пайсці і ўгору. Дарэчы, пры лінгвістычным аналізе гэтага ўрыўка нельга абысці і сам параўнальны зварот як цыган па драбінах на неба: ён узнік пад пяром пісьменніка на аснове народнай казкі «Мужык і цыган», якая, у мастацкай апрацоўцы Я. Коласа, упершыню надрукавана ў «Другім чытанні для дзяцей беларусаў» (1909) і змешчана ў 14-томным Зборы твораў Я. Коласа (1973, т. 4, с. 276 –– 277).

Параўнаем аналагічны прыём у п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія»: «Ты, як п’яўка, усю б кроў з нас выссаў

Яшчэ адзін прыём другой групы — канкрэтызацыя значэння фразеалагічнага кампанента. Словы, з якіх складаецца фразеалагізм, дэактуалізаваліся, ix значэнні растварыліся  ў  значэнні цэлага. I калі пісьменнік канкрэтызуе семантыку фразеалагічных кампанентаў, вяртаючы iм першапачатковае значэнне або пераасэнсоўваючы ix, то гэтым заўсёды дасягаецца пэўны стылістычны эфект, найчасцей камізм, які будуецца на суіснаванні цэласнага значэння выразу i яго апрадмечанай часткі. Прыём звычайна выкарыстоўваецца ў дыялогу, калі першае выказванне арыентуецца на фразеалагічнае значэнне, а другое канкрэтызуе частку фразеалагізма. Апрадмечванне кампанента выступае як рэакцыя суразмоўніка на папярэдняе выказванне, на фразеалагізм. Прыклад з камедыі А. Макаёнка «Выбачайце, калі ласка»: «— Без мужа гадую [дзяцей]. — А дзе ж ён? — Сабакам сена косіцъ. Сабакам? — А можа, i кошкам, хто яго ведае».

У «Паўлінцы» ёсць цікавы выпадак узаемадзеяння паміж словам i фразеалагізмам, калі папярэдняе слова, адначасова выкарыстанае з двума значэннямі (адно з ix — кантэкстуальнае, пераноснае), выклікае з’яўленне фразеалагізма, галоўны кампанент якога ўступае ў сэнсавую сувязь з зыходным, прамым значэннем папярэдняга, двойчы актуалізаванага слова: «Усе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыну ў свае pyкi, а як убярэ, тады на іншы лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты танцуй пад яго дудку». У другім выпадку адзін фразеалагізм (не туды заехаць) як бы дае штуршок для разгортвання вобразных асацыяцый, выклікаючы яшчэ адзін выраз (крыху дэфармаваны) — трапіць (улезці) у нерат <ні ўзад нi ўперад>. Якім раіць Паўлінцы разам пайсці да яе бацькоў i прасіць даць «пазваленне... ды пажаніцеся». Паўлінка адказвае: «Э-э!!! Не туды, мой дурненькі, паехаў! Уедзеш гэтак у нерат, што нi ўзад нi ўперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно так-сяк, але са старым, дык чыстая бяда, настаяшчае гора...»

Даволі часта выступае прыём каламбурнага сутыкнення фразеалагізма i сугучнага з яго кам­панентам слова. У камедыі «Паўлінка» фразеалагізм не ўсе дома выкарыстаны двойчы, але абодва разы своеасабліва i непаўторна. У мове Паўлінкі гэты выраз каламбурна сутыкаецца са словамі свабоднага ўжывання, сугучнымі з двума фразеалагічнымі кампанентамі, i характарызуе дасціпнасць галоўнай гераіні твора. На пытанне Якіма: «А ці нікога няма?» — Паў­лінка адказвае жартам: «Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма не ўсе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат». Яшчэ адно выкарыстанне гэтага фразеалагізма знаходзім у мове п’янаватага Сцяпана, які, калі жонка запытала, з кім ён «гэтак намурзаўся», гаворыць: «Ці ж не казаў, што ў цябе тут (торкаючы сабе пальцам у лоб) не ўсе дома! Але слухай: з зяцем!» Як бачым, у гэтым выпадку пашыраецца кампанентны склад  фразеалагізма далучэннем слова тут, канкрэтны сэнс якога паясняецца адпаведным жэстам.

У трагікамедыі «Тутэйшыя» выраз стаяць на варце (чаго), што значыць ‘ахоўваць, абараняць што-небудзь’, ставіцца ў каламбурную сувязь з сугучным дзеяслоўнаму кампаненту сло­вам стаяць (у яго кантэкстуальным значэнні ‘займаць чыноўніцкае становішча’). Здольнік з непрыхаванай насмешкай пытаецца ў Зноска: «Дык каму, якую карысць вы прыносілі, як яшчэ стаялі?» Зносак адказвае: «Мы цвёрда стаялі на варце святога расійскага самаўладства i баранілі тутэйшую рускую народнасць ад «інародчаскага засілля». Во яно што, меджду протчым!» Тут, дзякуючы сутыкненню супрацьлеглых асацыяцый, адбываецца своеасаблівае перапляценне лексічнага i фразеалагічнага значэнняў.

Іншы раз сутыкаюцца фразеалагізм i часткова сугучнае з яго кампанентам аднакаранёвае слова. Так, у п’есе В. Вольскага «Несцерка» Мацей, бачачы, што Антон узяў у шляхціца грошы, ускліквае: «Прап’е! Як піць даць, прап’е!»

Вось яшчэ прыклады, дзе побач з фразеалагізмам ставіцца аднагучнае з яго кампанентам слова. Як вынік гэтага, ствараецца каламбур, заўсёды разлічаны на нечаканасць успрымання, на сутыкненне супрацьлеглых асацыяцый. Некалькі прыкладаў (без каментарыяў): «Няхай цябе водзяць сляпога, як водзіш ты за нос другога!» (Я. Колас. Новая зямля); «А было ж раней –– Гарлахвацкаму банкеты, Гарлахвацкаму авацыі, Гарлахвацкі мог любога ў бараноў рог скруціць. І раптам –– косткі! Скруці яе, праклятую, калі хочаш» (К. Крапіва. Хто смяецца апошнім); «–– Вось вы не верыце, таварышы... –– Ды што нам верыць –– мы бачым... Бачым цябе наскрозь» (Я. Брыль. Галя).

Чытаючы «Новую зямлю» Я. Коласа, зусім недастаткова толькі заўважыць у маўленні Міхала зменены фразеалагізм паказаць, дзе ракі зімуюць, але не адзначыць каламбура, створанага сутыкненнем фразеалагічнага кампанента рак з прозвішчам звераватага і надзіманага новага ляснічага пана Ракоўскага, якога леснікі паміж сабой празываюць «Рак», «Рачок»:

 

–– Дык пан Ракоўскі! Ну, віншую!

Пакажа нам, дзе рак зімуе!

 

На заканчэнне можна зазначыць, што на абыгрыванні фразеалагізмаў грунтуюцца сотні народных гумарэсак, жартаў, анекдотаў. Вось толькі некаторыя з ix, апублікаваныя ў свой час на старонках газет ці часопісаў: 1) — Хто такi: скура ды косці ды хвост? — Студэнт, які вяртаецца з летняй cecii дамоў; 2) I атэісты богу душу аддаюць; 3) Ён смела браў быка за pогi, калі той... не ўставаў на ногі; 4) На першае ў сталоўцы падалі суп што з гусі вада, на другое — нi рыба ні мяса, на трэцяе — сёмая вада на кісялі; 5) У Грузіі камунізму не будзе, бо Хрушчоў сказаў, што камунізм не за гapaмi, а Грузія — за гарамі...